Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

— Не апознімся, калі трэба будзе!

Было чуваць, стары ледзь хаваў злосць на Рудога: прыпёрся, настаўнік галапузы, уткнуў свой нос! І на Чарнушкавых глядзеў не вельмі каб ветліва, i Ганнай быў недавольны: сама рабіць не робіць ды яшчэ ўсякіх падказчыкаў водзіць!

І Чарнушкі i Руды, чуючы гэту Глушакову непрыхільнасць, хутка пачалі моўчкі, няёмка разыходзіцца. Адна Ганна не паддалася вяленню старога, як бы нават i не лічыла вяленне гэтае вартым увагі: жыла толькі сваёй трывогаю, якая была вышэй за ўсё, адна меркавала i загадвала, што рабіць.

Паспрабавала

накарміць малую, але тая грудзей не ўзяла. Захінуўшы полаг, поўнячыся неспакоем, рашучая, Ганна падалася не да грабель, а да Яўхіма, што занята вымахваў перад сабой касою. Стала перад ім, колючы сухімі, нядобрымі вачыма, выціснула, як бы патрабавала:

— Гарлянка, можа, у яе!

Яўхім стомлена павёў плячыма, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну.

— Шчэ што выдумает!..

— Пабачыў бы, якая яна!

— Бачыў ужэ… Няма ў яе ніякай гарлянкі… Застудзілася, потная — от i ўся гарлянка…

— Задыхаецца ж!

— Прастудзілася, от i дыхае так…

Ён правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Яму, бачыла Ганна, хацелася кончыць гэту гаворку. Але яна як загадала:

— К дохтару ў Юравічы трэба павезці! Там е, кажуць, добры дохтар!

— Трэба — дак трэба, — раптам згадзіўся ён. Тут жа павёў позіркам у бок старога, дадаў: — Падажджэм толькі да вечара…

— Чаго ждаць!

— Падажджэм! — цвёрда сказаў ён. — Пабачым…

Яўхім апусціў касу ў траву, як бы даў знак, што гаворка скончана. Няма калі тут растарэкваць попусту…

Вечарам дачушцы не было лягчэй і, калі пасёрбалі баршчу ўпоцемку, Яўхім сказаў старому, што трэба нешта рабіць. Сцяпан адразу ўхапіўся за Яўхімавы словы — заявіў, што трэба зараз жа ў Юравічы ці ў Загалле.

— "У Юравічы ці ў Загалле"! — Стары з крэктам падняўся, кінуў нелагодна, з папрокам: — Сено унь гніе!..

— Да ранку можно вярнуцца…

Вернешся! Пусцяць яны!.. Месяц патом дзяржаць будуць! Ды скажуць шчэ: адну малую не можам, i матку яе трэба. Штоб даглядала! А матцы, скажуць, вазіць трэ есці, кажын дзень!..

— Не скажуць! Абыдуся я, калі на тое…

— Я магу збегаць, — сказаў Сцяпан. — Дарога недалёкая!..

Бацька нават не зірнуў на яго.

— "Абыдзешся!" — У старога ўсё расло раздражненне. — Ето цяпер гаворыш: абыдзешся, a пасядзіш, выгуляешся…

— Дзе ето я выгульвацца буду?! Што вы гаворыце!

— Знаю, што кажу! "Дзе, дзе буду?" Ведамо, дзе — там, куды везці просіш! Куды ехаць саветуюць саветчыкі ўсякія…

— Божа мой, ці вы не бачыце нічого! — Ганну брала роспач. Вішнёвыя вочы сталі вільготныя. Ca страхам, з горам выпаліла: — Ці вам — усё адно, што… што будзе!

— Ето табе — усё адно! — ускіпеў Глушак. — От прыдбаў нявестку на сваю галаву. Ето ты не бачыш нічого!

— Задыхаецца ж саўсім! — трацячы рэшткі надзеі, што стары злітуецца, крыкнула Ганна.

— Не задыхнецца! — крыкнуў i стары.

— Вы ўсё як знаеце — загадзя, — запярэчыў Сцяпан.

"От жа дзіцятка: няма таго, каб шанаваць, падтрымліваць бацьку, — таксама на

бацьку кінуцца рад!"

— Знаю! — злосна зіркнуў на Сцяпана стары. Ён тут жа стрымаў сябе, з годнасцю i мудрасцю чалавека, які ведае, як усё павінна ісці, прасіпеў разважна: — Бог захоча — дак будзе жыць… А як не ўпадабаецца Богу — то ніякі дохтар не паможа…

Халімон стаў мармытаць малітву, хрысціцца. Ганна, слухаючы гэтае мармытанне, падумала са злосцю: малітва адна, пэўна, — каб пагода добрая была заўтра!..

Яна знарок не глядзела на Яўхіма, які, абапіраючыся аб калёсы, пабліскваў цыгаркаю, — паліла крыўда на яго. Хоць бы словам адгукнуўся, падтрымаў! Цяжка было загаварыць з ім, але ўсё ж не вытрывала:

— А ты, ты — што ж маўчыш? Ці табе ето… абы-што?

Ён не спяшаўся адказваць. Агеньчык цыгаркі зазырчаў i раз i другі, перш чым ён загаварыў, спакойна, роўна, як з меншаю:

— А я не люблю плясці попусту.

— Дачка… памірае, а табе ўсё — попусту!..

Цыгарка зноў зазырчала, перш чым ён прамовіў:

— Не памірае i не памрэ. І няма чаго тут — трэсціся ды кідацца на ўсіх!..

— На вас кінешся! Вельмі вы заварушыцеся! Вам — абы сено не папрэло!.. — Ганна загаварыла парывіста, рашуча: — Адна пайду! На руках панясу! І — не трэба мне нічого вашаго! Ніякіх вашых клункаў не трэба!

— Пляцеш немаведамо што! — Яўхім, недавольны, кінуў цыгарку, плюнуў.— Ужэ чорт знае чаго ўбіла ў голаву сабе! Загадзя ўжэ малое ў магілу кладзе!

— А вам i страху мало! Вам аб адном страх!.. — душачыся слязамі, напала яна зноў на Яўхіма. Не скончыла.

Глушак-стары перапыніў малітву, загадаў люта:

— Ціхо ты! Не бачыш — малюся!.. — Ён памаўчаў, прасіпеў разгублена: — Збіла саўсім, паганка! — Закрычаў: — Волі багато ўзяла!

— Aгe, "багато"! У вас возьмеш яе!..

— Як гаворыш са мной! — Глушак быў ужо, здавалася, гатоў кінуцца на яе з кулакамі.

Яна сказала зацята:

— Так, як i вы са мною.

Ён, можа б, i кінуўся, калі б за Ганну не ўступіўся Сцяпан. Гнеў старога Глушака пайшоў i ў другім кірунку: зноў гэты смаркач утыкае нос свой куды не трэба! У той жа момант Халімон учуяў нядобрае Яўхімава маўчанне: чорт яго ведае, што выкіне гэты, толькі крані яго жонку! А тут Халімоніха ўперлася ў Фудзі старога, начала вярзці штосьці супакойлівае, прымірэнчае. Глушак адно злосна ўпікнуў Яўхіма:

— Прывёў дабро ў хату! Прыдбаў роднаму бацьку!..

Усе перамаўчалі яму.

3

He далі Ганне пайсці з малой. Яўхім сілком адарваў ад калыскі, стаў на дарозе. Бачыла: не пусціць да дзіцяці, не дасць Верачкі. Зразу ж за ім Халімоніха насела на Ганну з угаворамі, з папрокамі: выдумала перціся сярод ночы ў такую далеч, цераз лясы, цераз балоты! То ж каб да Захарыхі-знахаркі дайсці, колькі папяцца трэба, а пра Загалле ці Юравічы i казаць няма чаго: ночы цэлай мала! І дужаму дзіцяці дарога такая — пакута, а як жа можна рызыкаваць хворанькай, якой i ў калысцы нядобра!..

Поделиться с друзьями: