Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

У той дзень, калі збялелую, спакутаваную Хадоську бацька павёз у бальніцу, бяда яе не асталася ў Куранях. У чыстай баковачцы юравіцкай бальніцы Хадосьцы не стала весялей, сорам, адчай пяклі, тачылі Хадоську ў ціхай бальнічнай баковачцы яшчэ горш.

У першы ж дзень у бальніцы, бы знарок, узяліся нагадваць ёй тое, што так хацелася забыць; ледзь унеслі Хадоську на насілках у доктарскі пакой, доктарка стала выпытваць, пра што i думаць было страшна; i была доктарка не адна, акрамя яе яшчэ дзве ў белым стаялі побач, хацелі ведаць, бачыць Хадосьчыну ганьбу. Не расчапіла Хадоська губ, як увайшоў нейкі дзядзька ў белым, намерыўся, здалося, таксама слухаць, глядзець; Хадоська, амаль непрытомная, бы ажыла, заматала галавою, дзіка закрычала: "Не, не!.." Яна ўсё крычала, ірвалася ўстаць з насілак i калі дзядзька пайшоў, i калі доктарка штосьці гаварыла супакойліва — крычала, пакуль зусім не аслабела ў моцных руках жанок у белым, страціла прытомнасць.

Нямілае, ненавіснае было з таго дня Хадосьцы ўсё — i белыя дактары, i гаваркія, назойлівыя жанкі-суседкі, i блізкі ельнічак за акном. Ёй чулася, што ўсе ведаюць пра яе, здавалася, што i глядзяць не абы-як,

а з патайным! нядобрымі думкамі, як бы смеючыся з бяды яе, з яе сораму. Асабліва ненавідзела яна таго дужага, нахабнага дзядзьку ў белым, пра якога казалі — галоўны ўрач i які ледзь не кожны дзень абыходзіў усіх, пасміхваючыся, распытваў, аглядаў. Спачатку хацеў ён падысці i да Хадоські, але Хадоська ледзь убачыла гэга, яго — здалося — брыдкую ўсмешачку на сытым чырвоным твары, затрэслася, як вар’ятка, закрыла вочы рукамі, закрычала. З таго дня дзядзька не падыходзіў больш да яе, i калі быў ля суседакжанок, то трымаўся асцярожна, далікатна. Не радавалі ў тыя дні Хадоську бацькі, што часта, вельмі ж часта прыязджалі з дамашнімі гасцінцамі. Хоць ні бацька, ні матка словам не прагаварыліся, чула Хадоська, што яны ведаюць, якая бяда ў яс, гарэла ад сораму, ад вінаватасці, ад крыўды, маўчала непрыхільна, хвіліны дачакацца не магла, калі яны паедуць ад яе. Пасля сустрэч з бацькамі Хадоську асабліва даймала трывога пра тое, што, мабыць, ужо багата хто ведае ў Куранях пра яе грэх, ведаюць, можа, усе хлопцы, дзяўчаты ведаюць, смяюцца. Яна часам так ясна ўяўляла, як гавораць, як смяюцца з яе, што, здавалася, чула галасы, бачыла ўсіх увачавідкі. Хадоська камянела ад адчаю.

Доўга-доўга, шкадуючы, згадвала Хадоська бездань азярца каля Глінішчаў: чаму тады збаялася, не кінулася, не кончыла усё адразу; не адзін дзень, не адну ноч строіла думкі, як загубіць сябе. За акном гулі вятры. лютавалі сіберныя стужы — вылезь ноччу ў віхурнае поле ці ў лес, i ўсё кончыцца ўраз. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Не страшна i не балюча, i зразу стане легка. Канец усёй пакуце зразу… Пад поўнач ціха выбралася ў калідор — санітарка спала на састаўленых табурэтках; асцярожліва, на пальчыках абмінула яе — дзверы былі замкнёны, але тырчаў ключ; хапатліва крутнула ім i, нічога ўжо не цямячы, рынулася ў сенечкі, за імі — у ветраную цемень, у сівер. Санітарка потым гаварыла: бразнулі дзверы, моцна пайшоў холад; Хадоську здагналі за агародкаю, у хвойніку, у снезе — можна сказаць, у ад ной сарочцы.

На другі дзень прыехала маці, адразу ж дачулася пра Хадосьчыну ноч; i ці дзіва — уся бапьніца гула пра гэта. Чулае матчына сэрца ўміг зразумела, што задумала дачка; глядзела на Хадоську вачыма, поўнымі болю i слёз, божкала, жахалася, благала: "Рыбачко Хадосечко!.. Што ж ето ты, галовачко, удумала!.. Бацьку, матку не шкадуючы, брацікаў, сястрычак!.. Ці ж мы не глядзелі цябе, як вока сваё! Не любілі, не шкадавалі хіба?! Як жа ж ты ўдумала такое!.." Хадоська слухала, але нібы не разумела нічога; не было ў ёй ні шкадавання аб сваім учынку, ні жалю да маткі — да ўсяго яна чула, як нешта сціскае, ломіць яе, поўніць усю такім холадам, што вось-вось не ўтрываеш, закалоцішся, бы ў трасучцы. Яна заплюшчыла вочы, паказала матцы, што спіць. У нястрымнай ліхаманцы яна не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Увечары холад раптам прапаў, цела яе стала гарэць, зрабілася так душна, што не было як дыхнуць. Праз нейкі гарачы туман бачыла яна доктара, якога паднялі сярод ночы, абыякава, бы з далёкай далі, чула, як ён мацаў ёй лоб, ставіў градуснік. Доўгую, бясконцую вечнасць, у якой не было ні днёў, ні начэй, не было нічога зразумелага, кідалася яна ў нясцерпным агні, у нейкіх блытаных, жахлівых відовішчах, стагнала, мармытала, крычала нешта; дактары казалі потым, што была ўжо трохі не на тым свеце.

Апрытомнела яна сонечнай, вясёлай раніцай — на марознай шыбе зіхцелі радасныя іскрачкі-зоркі. Ачнулася з дзіўнай, нечуванай лёгкасцю, бясхмарнасцю — ляжала, здавалася самой, лёгкая, бы тая пушынка: шапні вецер — i паляціць! Яна той раз ляжала так нядоўга, бо непрыкметна ўзяў сон, такі ж лёгкі, як i ява. Наступнымі днямі тая ж лёгкасць была ў ёй, не адыходзіла: ні аб чым не думала, нічым не турбавалася. Як бы іншы свет стаў: i марознае святло праз шыбы, i белая баковачка, i дактары, нават той, галоўны, з чырвоным тварам. Інакш спаткала яна i шчаслівых бацьку i маці: пачула нешта цёплае, святочнае, мілае. Бацька больш маўчаў, адно вачэй давольных не зводзіў, a маці гаварыла-гаварыла, аж захліпалася з радасці: "Не пушчалі нас! Не можно, маўляў, к ёй! Дохтар не вялеў, каторы галоўны, маўляў. A адзін раз я ўпрасіла самого, каторы галоўны. Плачам умаліла, штоб пусцілі. Прыйшла. А ты — i спіш i не спіш, губкамі ўсё мыляеш, як бы піць хочаш. Губкі — відно — гарачыя, сухія. І так голаву павернеш, i так — бы ляжаць нядобра, нязручно. І як пабачыла я — горно мне стало так, аж глядзець не магу. Слёзы так i бягуць. "Хадосько!" — кажу ціхо так i аж заходжуся. А ты як пачула, ці што, вейкі задрыжалі, расплюшчыла трохі вочы. Глядзіш кудысь угору, а вочы — няцямныя, змучаныя. "Донечко, рыбачко мая!" — кажу. А ты — як глухая. Бы не пазнаеш, бы я чужая! Вачмі не павядзеш — няцямныя, як нежывыя! "Мамко ж я твая! — кажу. — Мамко твая, чуеш?!" — а ты хоць бы знак які! Паглядзела трохі i саўсім заплюшчылася зноў! Губкамі замыляла, як бы ў роце перасохла, бы вады табе трэба! А там раптам — як застогнеш, як загамоніш — часто-часто! Не разабраць што!.." Маці зноў зайшлася горкімі слязамі, слова не магла больш вымавіць; здалася Хадосьцы нейкай кволай, няшчаснай, аж жаль узяў. Бацька не вытрываў, папракнуў: "От завяла! Па нябожчыку — нібыто!.. Дачка паправілася, а яна!.." Маці ўраз нерастала хліпаць, ражком хусткі выцерла вочы: "Па нябожчыку! A ці ж не была — усё адно што нябожчык! Я ж, можа, i ўспамінаю, i плачу — што рада! Што дочачка усё адно як з таго свету вярнулася!.."

З ахвотаю слухала Хадоська дробныя, але, цяпер здавалася, такія цікавыя, мілыя дамашнія навіны — пра сястрычак i

брацікаў, пра матчыны клопаты, ласавалася бацькоўскімі гасцінцамі. Але калі матка з бацькам паехалі, калі падумала, як яны едуць змерзлымі санямі, як выпаўзуць з поцемкаў насустрач ім куранёўскія стрэхі, калі ўбачыла, нібы ўвачавідкі, стрэхі, вуліцу, родны двор, у Хадосьцы разам з прыціхлай радасцю шчаслівай сустрэчы стаў ныць сум. Быў гэта не толькі сум па бацьках — іншае, нядобрае аднекуль улівалася ў яго, захмарвала нядаўнюю бесклапотнасць. Нібы ажываў стары, забыты боль. У той вечар смутнае гэтае прайшло, як далёкая хмара; падступіла, прапаўзло трывожным ценем i прапала. Хадоська заснула без прыкрых думак. Але на другі дзень хмара зноў упаўзла ў яе адзіноту. Нядобрае, нежаданае, якое не хацелася i заўважаць, чаплялася за яе, брала ўсё мацней, усё назольней, нагадвала, малявала, прымушала разважаць. Зноў вярталася з небыцця Захарыха, вяртаўся сцюдзёны, страшны дзень, ажывалі, білі Яўхімавы словы. Згадкі паўзлі блытана, шматкамі, у тумане, такім халодным, пранізлівым, што ў Хадоські ўсё ледзянела, брала прыкрае бяссілле. Спачатку ёй як бы не хацелася верыць згадкам, бы нядобраму сну. Але ўспаміны, наперакор ёй, лезлі i лезлі, усё больш ярчэлі, шырэлі, усё больш хмарылі, трывожылі. Ca скрухай, праз засень неадольнай трывогі бачылася ёй зноў сонечная ядраная чырвань на шыбах, на сцяне; нярадасна, холадна глядзела ў куточку верхняй чыстай шыбы абмерзлая калючая лапа хваіны. Сумна, маўкліва назірала Хадоська за жанкамі-суседкамі, слухала ix нецікавыя гамонкі. Жанкі побач былі ўсё "новыя": тыя, што ляжалі раней, паразыходзіліся па сваіх хатах, але перамена гэтая не супакойвала Хадоську; i да гэтых была ў яе асцярога.

Цяпер Хадоська ўжо не шкадавала пра чорную процьму глінішчанскага азярца, не строіла сабе думак, як уцячы, загубіць сябе. Ёй цяпер нават успамінаць пра тое, як яна ледзь не замерзла, было страшна; немаведама куды прапала нядаўняя рашучасць.

Хадоська чула ў сабе дзіўную аслабеласць, кволасць. Ад гэтай кволасці, ад бездапаможнасці сваёй перад бядою, якая не адыходзіла i дзень i ноч сцерагла яе, Хадоську часта браў адчай: накрыўшыся з галавой коўдраю, уткнуушы твар у падушку, яна душылася ціхім, горкім плачам. Пякучымі слязамі аплаквала Хадоська бесклапотную радасць сваю i даверлівасць, сваю няўдалую маладосць, з якой яна нібы развітвалася назаўжды. У першыя дні, заўважыўшы, што яна плача, жанкі звалі яе, супакойвалі, але яна не адгукалася; тады яе перасталі чапаць, не гаварылі пустых слоў, не назалялі, далікатна, разумна маўчалі. Выплакаўшыся ўволю, яна звычайна спакайнела сама i засынала пад коўдрай.

3

У гэтыя дні апанавала Хадоську яшчэ мацней набожнасць. Чуючы сябе адзінокай у бядзе, трывожачыся перад невядомым, якое ўсё больш палохала думкамі пра Курані, з нязнаным яшчэ палам пацягнулася яна к Богу. Неба ёй было не проста неба, жыццё не проста жыццё; усюды быў Бог, ва ўсім быў Бог — пра што ні думала, ва ўсім згадвала Бога, малілася Яму. Адданасць Богу яе даходзіла трохі не да вар’яцтва.

Але як ні малілася, як ні адцавалася божай літасці i справядлівасці, як ні хацела верыць, што ўсясільны i справядлівы заступіцца, аберажэ, трывога ад думак пра заўтрашні дзень свой не толькі не адыходзіла, a напаўзала ўсё важчэй, усё чарней. Чым бліжэй чулася сустрэча з Куранямі, тым больш расла трывога: знаёмыя змалку агароды, двары, узболаткі не вабілі, a гразіліся. Сустрэча з Куранямі здавалася цяпер сустрэчай з бядою, з Яўхімам, з крыўднымі плёткамі, якія непакоілі яе, можа, больш за ўсё. Яна — нібы ўвачавідкі — бачыла, як будуць глядзець на яе, калі яна паедзе куранёўскай вуліцай; ад адной думкі пра гэтыя позіркі ёй, у бальнічнай баковачцы, рабілася так нядобра, што яна заплюшчвала вочы: не вяртацца б туды ніколі, не бачыць нікога!

Матцы i бацьку не заўсёды выпадала наведаць дачку: i дарога няблізкая, i дома клопату — не перадыхнуць, часта прасілі наведацца ў бальніцу, перадаць гасцінчык суседзяў, што ехалі ў Юравічы; Хадоська рэдка ўставала з ложка для бацькоўскіх пасланцоў, з-за фіранкі потым бачыла, як яны ехалі дадому. Так бачыла крывога Грыбка, старую Дамеціху з Міканорам, лесніка Міцю; выйшла ў калідор толькі, калі прыехала Пракопава Маня, гаварышка. Маня як бы вельмі ўзрадавалася Хадосьцы, але Хадоська стаяла чужаватая, насцярожаная, ураз прыкмеціла, што глядзіць Маня на яе не абыяк, не так, як некалі. Нібы здалёк чула Хадоська, што Маня гаварыла пра вячоркі, пра тое, хто да каго заляцаецца, хто з кім сп’яна пабіўся. Гаварыла i ўсё разглядала Хадоську круглымі, бляклымі, бы цялячымі, вачыма, каб потым, мусіць, расказаць на вячорках як мае быць; Хадоська ж чакала адно, калі яна змоўкне, калі здагадаецца пайсці: ні сама яна, ні яе навіны Хадоську не цікавілі. Але Маня i потым, калі гаварыць ужо не было чаго, стаяла, маўчала, льшала цялячымі вачыма, пакуль Хадоська не падалася першая ў сваю бакоўку. Пасля гэтай сустрэчы яшчэ цвярдзей думала Хадоська не вяртацца ў Курані, паехаць хоць куды, толькі б не сустракацца з бядой сваёй, з Яўхімам, са страхам.

Не першы раз шкадавала, што сваякі ўсе ці ў Куранях, ці ў сёлах поблізу. Як ні разважала, усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца: мястэчка вялікае, i куток пад страхою, i работы — абы ахвота была; яшчэ раней дазналася. У гэты вечар зноў гаманіла з местачковымі: ляжала Хадоська цяпер у вялікім пакоі, побач было багата юравіцкіх — i хату, i працу, можна сказаць, знайшла…

З нецярплівасцю, з дзелавітай заклапочанасцю выглядвала ў акно бацькавы сані, узрадавалася, замітусілася, калі убачыла знаёмага рудога коніка. Але калі матка i бацька ўвайшлі ў калідор, адкрыць жаданне сваё не зразу наважылася.

— Ой, мамко, што я вам скажу? — знарок весела, бы лашчачыся, прытулілася Хадоська да маткі, калі старыя сабраліся ўжо ехаць дадому.

— Што ж ты скажаш? — Матка гладзіла па галаве, чакала: скажа якую-небудзь дробязь.

— Толькі вы не абіжайцеся, — ужо без усмешачкі, папярэджваючы, папрасіла Хадоська. — Добра?

— Чаго ето? Што ты ўдумала?

— Удумала! Толькі я добра разважыла ўсё, мамо! Не думайце, што ето — вецер у галаве!.. Не будзеце?

Поделиться с друзьями: