Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Стома ўсё навальвалася, але ён не наракаў, як i на камароў, што назольна віліся, упіваліся ў твар, у шыю. Як няма балота без камароў, так i праца, ведаў ён, заўсёды ca стомаю. Калі робіш, стома — так i трэба; інакш i быць не можа. Калі робіш, у тым i задача ўся — каб не паддавацца стоме, адужваць яе i наперакор ёй ісці i ісці. Звыклы цярпець, захоплены наступальнасцю, рытмам касьбы, ён як бы неахвотна спыняўся, выпростваўся, каб памянташыць касу. Хвіліну стаяў, уткнуўшы кассе ў балота, няўпэўнена, гарачымі, дрыготкімі рукамі шаргаў па касе мянташкай, тады зноў апускаў касу i зноў шырока, мерна, як заведзены, вёў яе — справа налева, справа налева. Трохі нахіліўшыся ўперад, з чырвонай шыяю, на якую лезлі даўно не стрыжаныя рудаватыя пасмы, з

якіх цёк пот, з сутулаватымі плячыма, з упартым, цяпер тупаватым позіркам розных вачэй — аднаго празрыстага, як вада, a другога — цёмнага, хмурнага, ён ішоў i ішоў, мах за махам, лапаць за лапцем, роўна, зацята, настойліва. Клаў траву ў свежы, акуратны радок, што ўсё даўжэў, адужваў цяжар у нагах, у спіне, у руках — ішоў i ішоў. Помніў, што да канца няблізка.

Нядобра, што ўсё гарачэй пякло сонца. Ад гэтага, здавалася, найбольш i лезла млоснасць, усё больш аслабляла рукі i ногі. Рукі рабіліся ўсё менш спрытныя, каса ішла няўмела; усё часцей пакідала кусцікі травы, якія трэба было падкошваць другім махам. Ад знямогі рукі квола дрыжалі, ногі падгіналіся так, што хацелася сесці проста ў ваду.

Ён адужваў кволасць, адужваў сябе; касіў, пакуль не знясіліўся дарэшты. Пакуль ужо не змог узняць касу. Тады павярнуўся, грузнучы па калена, распырскваючы гарачую ваду, ледзь цягнучы ногі, усё сваё здранцвелае цела, павалокся назад. Дашаргаў пасталамі да воза, паставіў касу i, не здымаючы з рукі мянташкі, падрэзаным дрэвам зваліўся на траву.

— Пад’еў бы, можа, — пачуў, як здалёк, клапатлівае, матчынае: матка глядзела, як i тады, тры гады назад, нібы на малога.

Ён не адазваўся. Паляжаць бы, паляжаць бы раней! Чуў — нібы здалёк — матка падгарнула пад галаву світу, — у звонкім, чыстым цяньку адразу ж забыўся дрымотаю.

Драмаў ён нядоўга; абудзіўшыся, размораны ляжаў, заплюшчыўшы вочы, i нічога не думаў. Калi пад’еў, паплёўся да каня: хацелася пабыць на адзіноце. Ляжаў зноў у цяньку, слухаў, як шапоча малады асіннік, i стомлена, раскідана думаў. Думаў пра новую хату, ад якой прыйшлося адарвацца з-за касавіцы; чуў пры гэтым пах свежага, смалістага дрэва, чуў, як трашчаць пад нагамі белыя трэскі. Было шкадаванне: не кончыў; i нецярплівае жаданне: кончыць бы, улезці скарэй. І турботнасць: не так скора ўдасца ўлезці — багата яшчэ рабіць. Страха, столь, вокны, падлога… Прыплыло ў думкі, што непагана бульба ідзе ля цагельні, на палосцы, вытаргаванай у Манінага бацькі. «Картопля будзе, як надвор’е не падвядзе…» Улезла зноў згадка пра тое, як абганяў Ганну; за ёй — згадка пра далёкія агеньчык i ноч, i ён нахмурыўся. От жа прычапілася! Зноў загадаў сабе жорстка: «Няма чаго!..» Знарок стаў цешыць сябе, што от недарэмна трапятаўся тры гады — дабіўся, можна сказаць, таго, чаго хацеў. Зямля добрая ёсць, конь надзейны, хата новая. Гаспадарка не горш, як у людзей!.. Але як ні цешыў сябе, з душы не сыходзіла жывая маркота, нездавальненне. Адчуванне якойсьці крыўднай няскладнасці, несправядлівасці жыцця.

4

Ускрай Глушаковага надзелу стаяў малады, ужо моцны дубок. Спыніліся каля дубка.

Неўзабаве Яўхім i Сцяпан з косамі цераз плячо чоўгалі лапцямі к ражку, ад якога меліся пачынаць касіць. Глушак адвёў коней, спутаў, вярнуўся i сказаў старой, каб наглядала.

— Ды біклагу ўкапай у землю. У день, — кінуў ён. Зірнуў на Ганну, як бы хацеў i ёй даць работу, але не прамовіў нічога, з касой падаўся да сыноў.

Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Малая ляжала разгорнутая, радавалася волі — моманту не магла паляжаць ціха, стрыгла ручкамі, ножкамі, мыляла ружовымі губкамі — штосьці сказаць хацела!

— Ну, што? Ну, што?!. — смяялася, нагінала да яе галаву Ганна. — Што? Ну, скажы!.. Ну, скажы, Верачка!.. А!.. Знаю! Хораша, кажаш!.. Хорашанько!.. Цёпленько! Сонейко! Птушачкі цілікаюць! Цілік, цілік!.. Камарыкі толькі нядобрыя! Укусіць хочуць! А мы ix адгонім! Ідзіце, ідзіце адсюль! Не чапайце Верачку!.. — Зноў смяялася, цешылася: — Хорашанько!

Матылькі лятаюць! Жучкі гуцуць! Гу-гу-гу!.. Спяваюць Верачцы! Усе спяваюць Верачцы!..

— Агу-агу! — падышла, тыцнула чорным парэпаным пальцам Глушачыха. Паказытала Верчыну грудку. — Агу-агу!.. — прамовіла, як бы хвалячы: — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна!

Малая хутка-хутка застрыгла ножкамi.

— Ну, што? — зноў схілілася да малой Ганна. — Рада?! Пабегаць захацелася!.. Ну, ну, пабегай! Пабегай!.. У, як хутка! Як хутка! А я — даганю! А я — даганю! Даганю!!. Не, не магу! Верачка хутка бегае! Хутка!.. Ніхто Верачку не дагоніць.

Хуткая Верачка схапіла ручкай наіў, пацягнула да рота.

— От, i Яўхім усе браў у рот…

— Ну, куды ты! Куды ты! — не слухала старую, смяялася Ганна. — Бе! Ножку нядобра ссаць! Нядобра!.. Ну, куды ты?!.

Забаўлялася б, дурэла б Ганна з малою цэлы дзень, каб скрыпучы юлас старога Глушака не пазваў грэбці. Загарнула, стала спавіваць малую. Верачка не давалася, усё катурхала спавіўку — не хацела няволі; але што ты зробіш: не спаўеш — выкаціцца, не дай Бог, з калыскі, грымнецца на зямлю. Ганна, шкадуючы малую, адно старалася спавіваць лёітса: няхай усё ж буцзе дачушцы вальней!

— Не плач, не сумуй тут адна! Я скоранько вярнуся! Скоранько!..

Акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі i хутчэй падалася да пракосаў.

Пераварочвала граблямі сена, a думкі, а душа былі ўсё каля дуба, каля дачушкі: ці не захацела есці, ці не мокранькая, ці не кусаюць камары. Пераставала грэбці, пільна ўслухоўвалася — ці не чуваць плачу.

Плачу не было, шыркалі адно косы наводдаль ды звінела, стрыкала балотная драбната.

Усё ж трывала неспакой нядоўга: уткнуўшы канец фабель у балота, подбегам падалася зноў да дубка.

У калысцы было ціха. Верачка спала. Адно некалькі камароў зашылася пад полаг, адзін — пачырванелы ўжо — сядзеў на шчочцы.

Сагнала, забіла камара, выгнала іншых — супакоеная пабегла да грабель.

Так было ўвесь дзень. То шастала сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала, супакойвала, прысынала. Стары Глушак, бачачы гэтае бясконцае беганне, зазлаваў, прасіпеў з папрокам:

— Што ты ето ўсё бегаеш туды! Ляжыць — i няхай ляжыць! Не зробіцца нічого!..

Нарабілася, набегалася за дзень так, што ўвечары, даючы грудзей малой, каб хацела, не магла б стаяць. Сядзела, прытуліўшыся да дубка. Усё ж i ў зморы тлела, жыла пяшчота, радасць. Ціха, санліва, лагодна вяла:

Люлі, люлі, Верачка, Люлі, люлі, маленькая…

5

Вечарам на балоце то там, то тут пачалі збірацца купкі: дробныя, большыя, мужчынскія, жаночыя, мяшаныя. Ля калёс, каля вогнішчаў, пад якім-небудзь дубком.

Некалькі жанок сышлося да агеньчыка, ля якога корпалася Дзятліха. Пачалося з таго, што па дарозе аднекуль забегла Сарока, яна i прывабіла да Дзятлішынага агеньчыка цікавасць. Не прайшло i некалькі хвілін, як каля Дзятліхі, што варыла картоплю ў казане, растарэквалі з Сарокаю ўжо Нібыта-Ігнаціха, Чарнушкаў мачыха, Дзятлікавых нявестка Маня, яшчэ некалькі суседак. Захопленыя гамонкаю, яны не зважалі на малога Дзятліхі — Валодзьку, тым больш што гаспадара — Васіля — ля агню не было: ён недзе паіў каня.

Нібыта-Ігнаціха пры спачувальным маўчанні жанок іірамовіла, што, можа, яшчэ нічога такога i не будзе, што, можа, страхі тыя людскія — пустое, i ўсе, хто быў пры агні, зразумелі, аб чым яна. Дзятліха ахвотна падтрымала: добра было б, каб пустое было, каб адумапіся, адступіліся…

Сарока нібы чакала гэтага, рынулася адразу:

— Не адступяцца! Не адступяцца, i не думайце! — Яна ўпэўнена напрарочыла: — От толькі вернемся ў хаты! Пабачыце! Пачуеце, як дома пераначуеце!

— Пэўне, што не адступяцца так, — разважліва згадзілася Васілёва маці.

Поделиться с друзьями: