Міколка-паравоз
Шрифт:
— Пастой жа, я цябе ўчастую, пазнаеш ты ў мяне Багародзіцу!
— А няхай яна згарыць, твая Багародзіца! — лямантуе пад тапчаном Міколка, забіраючыся ў самы куток за розныя скрынкі, клумкі з лахманамі.
— Пастой жа, паспытаеш ты ў мяне благадаці… — рашуча бярэцца маці за качаргу, і пачынаецца, як кажа дзед, баталія-вайна. Праўда, выпараць Міколку з-пад тапчана — не такая-то лёгкая справа. Ды і дзед прыходзіць на дапамогу Міколку. Ён асцярожна падыходзіць да дзвярэй і пачынае ўшчуваць маці:
— Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці… Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача… — і дзед урачыста
А дзед ужо ідзе з Міколкам да дэпо і павучае ўнука:
— Ты, браце, заўсёды, калі туга табе давядзецца з Багародзіцай, дык імчы ў дэпо. У нас, браце, багі не ў пашане, ураз ім крыллі абскубуць.
І сапраўды, хоць і віселі ў дэпо сям-там абразы, але не бачыў Міколка, каб дужа маліліся перад імі, шапкі скідалі. Усё больш завіхаліся ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалі паравозныя печы, расточвалі цыліндры. І такі грукат стаяў там, што любы Бог, як думаў Міколка, адразу павінен быў аглухнуць. А якая пашана ім, глухім. Вісяць вось на сценах, копаці набіраюцца. І не дзіва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось і Міколкаў бацька, калі надакучала маці яму сваімі жалобамі на сынава бязбожніцтва, звычайна агрызаўся:
— А кінь ты са сваім дурным Богам!
Дзівіўся тады Міколка: у маці Бог разумны, у бацькі ж ён выходзіць дурным. Каму ж верыць? Відаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб’ехаў на паравозе. І ўсё большае непавагі набіраўся Міколка да багоў, хоць і цярпеў за гэта не раз вялікія непрыемнасці. І не толькі ад маткі, але асабліва ў школе, куды давялося яму ў хуткім часе патрапіць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусію з папом, не ведаючы спачатку, што такія дыскусіі заўсёды канчаюцца для вучняў вельмі кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Міколку:
— Хто ты такі?
— Міколка… — крыху нерашуча адказаў ён.
— Дурань! — накінуўся чамусьці поп. — Перш за ўсё ты раб Божы…
— Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, — набраўся смеласці Міколка. — А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы…
Чуў Міколка пра рабочых, а пра нейкіх рабоў яму чуць не даводзілася. Тут і ўсхадзіўся поп.
— Хто, хто? — перапытаў ён, набіраючыся злосці, і ўжо запусціў свае пальцы ў Міколкаў віхор.
— Паравознікі мы, во хто мы… — пераказаў яшчэ раз Міколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.
А другі раз такая дыскусія закончылася яшчэ горш для Міколкі. Расказваў поп, як Бог займаўся будаўніцтвам, як будаваў і стварыў свет, неба, зямлю, расліны і жывёлу і як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Міколка ды — у рогат. Так і пусціўся ў смехі, аж да скамейкі прысядае. Раз’ярыўся поп, наступае грозна на Міколку:
— Ты чаго, ірад, з Божага слова смяешся?
А Міколка не сціхае, рагоча, заліваецца. І як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама і Еву. Не пра тых, з
якімі Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачніка Адама і прыбіральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькі рэбры ды косці. А «буржуй» вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазіць, калі ходзіць па складу. А поп ужо за вуха Міколкава ўзяўся:— Кінь смяяцца, кажу!
— То як жа кінуць, калі смешна… Калі Адам і Ева ў нас такія хударлявыя, што Богу і клопату не было з імі, ці доўга іх стварыць… А вось як гэта Бог «буржуя» стварыў, няйначай тры дні пацеў.
— Якога «буржуя»? — вытарашчыў поп вочы.
— Ды нашага, што складам пры дэпо і нашымі вагонамі, дзе мы жывём, загадвае… Такі ж таўшчэзны. І злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.
Поп учапіўся, як абцугамі, за вуха і пацёг Міколку ў кут на калені.
— Станавіся тут і не варушыся! — і як бразне Міколку аб падлогу, у таго аж іскры пасыпаліся з вачэй.
— А ты не біся, чорт кудлаты! — не сцярпеў тут Міколка ды як хопіць зубамі за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.
І чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Міколку гэты «буржуй». Пацярпеў і чуб, і вушы, і калені, хапіла яшчэ і па патыліцы. А ў дадатак да ўсяго загадалі бацьку паклікаць у школу. І доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзіця, якое нічога не разумее і вярзе часам тое, у чым само добра не разбіраецца. І калі ішлі са школы, бацька ўгаворваў Міколку:
— Ты ўсё ж дужа не задзірайся з папом… Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна і будзеш зусім ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай і маўчы, ліха з ім.
— Калі ж гэты «буржуй» дужа смешны… Каб Бог ды стварыў яго.
І рашыў Міколка адпомсціць калі-небудзь «буржую» за ўсе непрыемнасці, панесеныя праз яго. А тут яшчэ і прычыны былі новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. І колькі ні прасіў бацька «буржуя», каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправіць, «буржуй» заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:
— Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае…
Адмаўляў.
А зрабіць ён быў павінен. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкі — аліву, фарбу, скрынкі цвікоў, шкло, жалеза, — што ні трапіць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое і дом, які будаваў сабе за крадзеныя грошы, — палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросішся ў яго?!
— Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай ці з фарбай… Ведаў бы тады ён.
А што ён ведаў, Міколка і сам добра не разумеў.
Але ў хуткім часе Міколка сапраўды адпомсціў «буржую». І хоць помста была і нядужа вялікай, але давялося ўсё ж «буржую» перажыць некалькі непрыемных хвілін. Было гэта тады, калі «буржуй» скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялі толькі некалькі сарайчыкаў з рознымі матэрыяламі, і, як падгледзеў Міколка з групай сваіх дружбакоў, былі там і бочкі з фарбай. З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Госці весяліліся ў невялікім садку, выпівалі, закусвалі. Тут жа круціўся ля стала і вялікі пушысты кот, любімец «буржуя». Міколкава кампанія доўга завіхалася ля садка, пакуль ім не ўдалося заманіць ката да сябе і злавіць яго.