Міколка-паравоз
Шрифт:
— Хопіць ужо, нагледзеўся…
Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.
— Яшчэ, чаго добрага, і адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую…
А дзед толькі гаварыў:
— Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсіх гэтых прыгод з дзедавым ракам і ментузом кончыліся і ранейшыя дыскусіі дзеда з Міколкам, хто з іх храбрэйшы. Абодва прыйшлі да таго вываду, што храбрасці хапае ў іх абодвух… Нават сталі яны блізкімі дружбакамі і зімнімі вечарамі вялі доўгія размовы аб тым, як бы гэта агульнымі сіламі адпомсціць «буржую» за Міколкаву карцінную галерэю.
І парашылі ў адзін голас — будуць яны ў вольныя ад работы дні заўзятымі паляўнічымі, будуць качак біць і ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вісела без усякай карысці пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, і парадкам заржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Але як-ніяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Прызнацца, і цяпер яна вісела набітая, бо колькі ні намагаўся дзед, каб разрадзіць яе, яму ніяк гэта не ўдавалася. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такія падшывальцы, як Міколка, не нарабілі б часам бяды са стрэльбай.
Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. І не дзіва, што Міколка, седзячы зімой у халодным вагоне, так нецярпліва чакаў вясны. І цёпла тады. І качкі тады лятаюць. І ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.
Вось слаўная пара настане!
Гісторыя з дзедавай «арудзіяй»
Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелі чыгуначныя пуці і курыліся парнасцю пад сонцам. А вечарамі храбусцелі льдзінкі ў лужынах і востра пахла зямлёй, мазутам і каменным вугалем. Гучна гудзелі паравозы, і ліхтары гарэлі ў іх па-новаму, па-веснавому. І самі паравозы рабіліся куды прыгажэйшымі. Не было тых іржавых лядовых сасулек, што віселі зімой пад дышламі, пад цыліндрамі, не было намёрзлага бруду, копаці. Паравозныя бакі льсніліся на сонцы і дрыжалі, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цыліндраў і панесціся ўдалячынь хутчэй ветру і птушкі.
А ў небе курлыкалі журавы і паблісквалі на сонцы, нібы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нізку фарфоравых ізалятараў і кінуў іх высока-высока ў блакітныя бездані неба.
Хораша вясной! І дыхаць лягчэй, і на нагах неяк цвярдзей становішся. І цяплей куды робіцца. І не трэба дзень пры дні сядзець у цесным вагоне і дыхаць цяжкім смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. І дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размінае пад сонцам старыя косці і турэцкую вайну ўспамінае. А калі дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго і Міколка аціраецца.
— Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!
— А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады і пойдзем…
Прыйшоў і доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброіўся абцугамі і доўга раскручваў дрот, не падпускаючы ні на крок Міколку.
— Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзіся!
Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Гукнулі з сабой і невялічкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку і, наставіўшы хвост пісталетам, важнецка бег перад паляўнічымі, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хваліў такіх паводзін і штохвіліны падганяў «ганчака»:
— Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!
Але відаць было, што асаблівага спрыту ў паляўнічых
справах Жэўжык не меў і толькі кідаўся ў розныя бакі, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка і зусім знік, сігаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі намачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Ні заяц не набягаў, ні дробная птушка не пралятала паблізу. Толькі і заўважылі каршука, які лятаў кругамі над ляском, апускаючыся ніжэй і ніжэй. І ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.— Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлім!
— А што ты думаеш? Пеканём!
Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пістон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам, як Міколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусію распачаў:
— Не павінен ты, дзед, першы страляць!
— Як гэта так?
— А так… Ты вунь колькі настраляўся за сваё жыццё: і з стрэльбы страляў, і з гармат смаліў… Сам жа казаў, колькі ты дывізій турэцкіх палажыў… Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю…
Дзед падумаў з хвіліну, патыліцу пачухаў:
— Наконт турак ты гэта правільна… Ну што ж, страляй… Толькі глядзі, станавіся моцна, а то паваліцца можаш ад аддачы.
— Нічога, вытрымаю…
Міколка ўпёрся нагой у купіну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэліўся ў каршука, аж руля захадзіла ходырам, да таго рукі дрыжалі.
— А ты не хвалюйся! Вытрымку дай! — раіў дзед, стоячы збоку.
Прыжмурыў вока Міколка, на курок націснуў. І што адбылося тут, дык і сам дзед спачатку нічога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку, мякка ахінаючы кусты і дрэвы. У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць.
— Дзе ты, Міколка? — запытаўся, ачухаўшыся, дзед.
Ніхто не адказаў, і дзед яшчэ раз запытаўся. Ізноў маўчанне. Тады дзед спалохаўся не на жарты і пачаў на ўвесь голас клікаць унука. Урэшце, як з-пад зямлі, раздаўся ціхі, прыглушаны голас:
— Я тут, дзеду, а што з каршуком?
— А ліха з ім, з каршуком. Скажы лепей, што з табой?
Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Той ляжаў на зямлі, перакінуўшы праз купіну ногі, і цёр то плячо, то шчаку. На шчацэ была кроў. Дзед зусім перапалохаўся.
— Ці жыў ты хаця?
— Жыў! А ты, дзеду?
— Як бачыш, варушуся…
З дзедавай дапамогай Міколка ўстаў на ногі. І тут толькі яны заўважылі, што ад слаўнай дзедавай стрэльбы засталіся адны толькі ўспаміны. І каб сказаць прыемныя — дык не: адна толькі пашчапаная ложа ды перагнуты курок. Ні рулі, ні шомпала нідзе паблізу не аказалася, колькі ні шукаў іх збянтэжаны дзед, адразу застаўшыся без такой слаўнай «арудзіі», як часам называў ён сваю стрэльбу.
— Лоўка ж пекануў! — здзівіўся дзед. — Каб з кожнага стрэлу ды стрэльбу ў паветра, што б тады зайцы выраблялі: засмяялі б яны тут нас…
І як ні шкадаваў дзед стрэльбы, але, каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо і вельмі садніла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам і не паказаць віду, што яму дужа баліць, што ён вельмі напалохаўся, Міколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны «арудзія» разляцелася на кавалкі.
— Відаць, што заржавела стрэльба… Ды і набой быў моцны, праз меру… бадай з паўхунта пораху заправіў я калісьці ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам… Магло б быць, унучак, трохі горай…