Міколка-паравоз
Шрифт:
Раскажам цяпер пра вужа.
Вольнымі днямі, калі Міколкаў бацька адпачываў і не ездзіў на паравозе, Міколка з бацькам ішлі на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыі. Тут лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавіліся плоткі. Цэлымі стайкамі хадзілі яны пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькі знай закідвай вудачку.
Акрамя рыбы ў рэчцы было багата ракаў. Яны масціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Сагнешся як мага болей, каб толькі ў вушы вада не трапіла,
Дзед Астап быў старым мікалаеўскім салдатам, служыў вартаўніком у дэпо, меў два срэбныя медалі за турэцкую вайну. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, павесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю, каб людзям сябе паказаць, як казаў ён, і на людзей падзівіцца. Прыйшоўшы са станцыі, дзед звычайна хваліўся:
— Іду гэта я аж каля самага жандара, а ён перада мной у струнку так і выцягнуўся… Бача, значыць, герой ідзе. А то яшчэ генерал мне насустрач… старэнькі такі… Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як відаць, стаў ва фрунт ды на ўсю станцыю: «Здравія жалаем, ваша высокаправасхадзіцельства». Вось яно як! Відаць, падумаў, што я яшчэ вышэйшы генерал… Ды перад усімі людзьмі, перад усёй станцыяй. Вось што знача мікалаеўскі салдат! Вось што знача — медалі!
Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалі медалі, каб відаць было, які ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары і генералы баяцца, пад казырок бяруць.
Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Але Міколка кідаўся ў спрэчкі, сумняваўся.
— Ты, дзед, вялікі манюка!
— Як то манюка? — аж садзіўся ад злосці дзед.
— А так! Маніш усё… Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў і аж крактаў, нізка кланяючыся. А яшчэ перад начальнікам дэпо ты зусім без шапкі ходзіш… Вунь, калі дождж быў, дык хадзіў ты перад ім без шапкі, аж з лысіны цякло.
Дзед не мог уседзець ад знявагі. Ён таропка хапаўся за папружку, знімаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалі без папружкі, ён грозна размахваў другой рукой і наступаў на Міколку:
— Я табе пакажу, як дзеда ў манюкі залічваць! Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў.
— А ты ж казаў, дзеду, дывізіі, а не батальёны! — кідаў Міколка і спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блізкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкі, ды і небяспечна для адзення, яшчэ згубіш без папружкі. Таму дзед станавіўся звычайна ў дзвярах вагона і, патрасаючы кулаком, заводзіў доўгую дыскусію з Міколкам. Міколка агрызаўся:
— Ты, дзед, камара не заб’еш, не толькі што турка!
— А за што медалі мне дадзены?
— Як за што? А за лягушак…
— За якіх гэта лягушак? — здзіўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над ім.
— А за тых лягушак, якіх ты ганяў з-пад пушак…
Сказаўшы гэта, Міколка лічыў за лепшае адступіць яшчэ на адну пазіцыю, падалей ад вагона.
«Хоць дзед звычайна і не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, — думае Міколка, адыходзячы далей і ўжо шкадуючы дзеда. — Відаць, перабаршчыў
я крыху… Угневаецца цяпер дзед не на жарт…»І сапраўды, дзед набіраўся вялікага гневу. Гэта ж жартачкі, усумніцца ў яго былой храбрасці. І хітры дзед мяняў тактыку. Ён і віду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завіхаўся ля чыгуннай печкі, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мірнымі гаспадарчымі справамі. Але тым часам не зводзіў вока з падшыванца Міколкі. І калі той з’яўляўся дзе поблізу, дзед, быццам бы нічога не было між імі, клікаў Міколку:
— Унучак!
— Што?
— А ці не вып’ем мы з табой чаю?
Міколка думае з хвіліну. Як-ніяк чай вялікая спакуса. А дзед ізноў:
— Абаранкі ў мяне ёсць… Свежыя… А пахнуць жа, пахнуць.
— Ну! — здзіўляецца ў сваю чаргу Міколка. — Няўжо з макам?
— З макам, унучак, з макам! Ну і абаранкі! Дык вып’ем, кажаш?
— А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып’ем…
І Міколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамі, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калі на тое пайшло, смачней за «зайцаў хлеб», смачней за ўсякія прысмакі.
І тут пачынаюцца гэтыя абаранкі, ды яшчэ з якім макам.
— Хадзі, хадзі, каток мой, паласуйся!
І дзедавы рукі нечакана спрытна ловяць Міколку за віхор. Тут толькі схамянецца Міколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукі моцныя, з іх віхор не вызваліш. А дзед круціць віхор ды прыгаворвае:
— Гэта табе за лягушкі! А гэта за пушкі! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабі над старым надругі! А не здзекуйся над старым мікалаеўскім артылерыстам!
Ужо Міколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго маці:
— Кінь ты, чалавеча, над дзіцем здзекавацца!
Але гэта толькі падлівае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:
— Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б’юць… Я вам пакажу, як пушкі зараджаюць… Распатрашу пад карцеч!
Так асвойваў Міколка артылерыйскую справу. І бачачы, што не паласа, пачынаў ісці на міравую:
— Даруй, дзеду, здаюся!
— А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такі я ёсць?
— Герой турэцкай вайны…
— Ну?
— І імператарскіх ордэнаў…
— Ну?
— Смешна, дзеду!
— Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?
— Ну, кавалер… ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнікавай Зоські ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед — ды кавалер. Смешна!
— Усё табе смешна… — ужо мякка крыўдуе дзед і кідаецца ў сумныя развагі: — Малы ты, не разумееш нічога, які кавалер і да чаго. Як бачыш, з’яўляюся я ўласнікам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, і ёсць па-імператарску кавалер… А медалі гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.
— А хто кажа, што не? — угаворвае і Міколка. — Вядома, за храбрасць… Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусіць, на ўсім свеце? — падлабуньваецца Міколка да дзеда.
А гэта дзеду, што лыжка мёду. Аж сядзе на зэдлік і важна сівую бараду разгладжвае. Трохі яна няроўная ў яго — адна палавіна густая, другая — рэдкая. І медалі выне са скрынкі, унуку пакажа:
— Бачыш, гэта цар Мікалай… А тут вось і напісана: «За храбрасць!»
— А чаму ў цара барада смешная, на шчацэ канчаецца?
— Гэта не барада, дурань, а бакі.
— А чаму бакі?
— «Чаму, чаму»… Таму… У мужыка барада, а ў пана бакі. Усе генералы і афіцэры такія бакі насілі. Некаторыя і салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакі насілі. Ну, а каторы не спрытны, таму з такімі бакамі нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афіцэру ўчапіцца, да апошняга валаска выскубалі… Вось і мая барада калісь пацярпела, аж напалавіну выскублі.