Уліс з Прускі
Шрифт:
Падышоў шумлівы Трахімка. У начным сутонні віднеліся яго белыя зубы.
— Ну што, браце, у машонцы кіпіць?
— Гэта, можа, у цябе, а ў мяне — не, — жартам на жарт адказаў Лявонка.
Пасля вяселля, якое зацягнулася далёка за поўнач, цыганы, змарыўшыся, пападалі хто дзе, паснулі.
Пачала разыходзіцца і моладзь.
— Дзяўчаты! Каторая ў клуню возьме? — жартаваў Трахімка.
Усе дружна зарагаталі.
VIII
Лявонка праводзіў Ганну. Дзяўчына не ўтрымалася і ціха спытала:
— А ты кахаеш мяне?
Замест адказу ён абняў яе і пяшчотна прытуліў да сябе. Яна, мусіць, адчувала і ведала,
— Ой, не ведаю нават, верыць табе ці не.
Не змаўляючыся, яны падышлі да Васілёвай клуні, што высокай гарой узвышалася на фоне начнога неба. І ён адважыўся. Ціха дакрануўся да засаўкі, і дзверы пачалі павольна расчыняцца, але раптам зарыпелі так гучна, што, здалося, пачула ўся Пруска. І ён, і яна застыглі ў здранцвенні. Запахла свежым сенам…
Жыццё цялеснага, плоцевага «нізу» ў прускаўцаў было ахутана маўчаннем. Аб палавым жыцці больш думалі, чым гаварылі. Хіба што ў мужчынскай кампаніі які-небудзь дурань пахваляўся сваімі перамогамі. Часцей пра жанчыну можна было пачуць сярод падлеткаў-пастушкоў, зрэдку — у кампаніі больш дарослых хлопцаў. Прыродная чалавечая сарамлівасць брала верх над спакусай пажадлівасці. І ўсё ж такі прускаўцы, назіраючы за акаляючай прыродай і знаходзячыся з ёю ў глыбокім адзінстве і сувязі, з нейкай затоенай самапавагай адчувалі свой пол. Па меры прыходу сталасці абуджаўся старадаўні інстынкт і няўтольная прага засяваць, апладняць, зачынаць, раджаць. Выпадкі нараджэння дзяцей па-за шлюбам былі не такія ўжо рэдкія. Да нявесты, якая да замуства паспела страціць нявіннасць, адносіліся даволі цярпіма. Асабліва моладзь, якая адчувала сябе ў гэтых адносінах больш свабодна. Але неабходныя перашкоды цялесным страсцям і патрэбам заставаліся. Кожны старанна таіў той пахатлівы агонь, які ў ім палаў, робячы пры гэтым выгляд, што нічога такога няма і не адбываецца. Прускаўскія дзяўчаты саромеліся распранацца дагала нават у сваім жаночым асяроддзі. Нярэдка здаралася нават так, што муж і жонка за ўсё жыццё ні разу не бачылі адно аднаго голымі. Пачынаючы з вяселля, клаліся ў пасцель у начной бялізне і абавязкова гасілі святло…
Ганна пайшла ў цемрадзь клуні першая. Счакаўшы крыху, за ёю падаўся Лявонка. Яшчэ мацней запахла маладое духмянае сена. Водар быў такі, што ажно заказытала ў носе. «Гэта тое, што дзядзька Васіль нядаўна вазіў,— падумаў хлопец, — уперамешку з рачным аерам». І яшчэ запахла яблыкамі. Пэўна, ляжалі недзе ў сене. Пачуўся пошчак салаўя: «Цёх-цёх-цёх!» Яму азваўся другі — танчэйшы: «Фю-фю-фю!»
— Хадзі бліжэй, а то страшна…
— Дзе ты? — Ён пайшоў на голас і ўбачыў яе толькі тады, калі апынуўся побач.
Ганна стаяла ў глыбіні клуні, стаіўшыся за шулам і трывожна прыслухваючыся, як шалясціць пад яго нагамі сена. Здавалася, што гэта не сена, а лёс, наканаванасць, тое, чаго ёй, дзяўчыне, не пазбегчы. Ён абняў яе і прыгарнуў да сябе. Яна паслухмяна прыльнула да яго, прыціснулася ўсім целам. І тут ён адчуў прыліў пажадлівасці. Ганна, відаць, зразумела і ціха засмяялася.
— Хочаш? — і зноў ледзь чутна засмяялася.
Ён пяшчотна туліў яе да сябе.
— Ой, Лявонка, нельга…
— Нічога, усе так робяць! Што тут такога… Давай прысядзем…
Яны апусціліся на сена, і ён лагодна правёў рукою па яе грудзях, пагладзіў калені, зноў абняў за шыю, адчуўшы мяккасць вільготных і зблытаных валасоў, прынік да вуснаў. Спрактыкаванасці — ніякай, рухамі кіравала каханне і спрадвечны прыродны інстынкт.
— Ой,
не трэба! Што маці скажа…Яна спрабавала мякка адштурхнуцца ад хлопца, але ўжо з той хвіліны, як адчула яго побач з сабою, салодкая стома аднекуль знутры накацілася і на яе. Гэта была нейкая гарачая хваля, што ўзнялася знізу, пачала расці і вось ужо дасягнула грудзей, ударыла ў галаву. «Будзь — што будзе!» Кроў запульсавала ў скронях так моцна, што падалося, быццам нехта ходзіць вакол клуні, тупаючы цяжкімі ботамі. Зашамацела прымятае сена.
— Ой, што ты робіш, Лявонка?
Але ён і сам не ведаў, што робіць і што робіцца з ім самім. Губы яе здаліся горкімі, але ён прагна цалаваў іх, шыю, грудзі. Цалуючыся, яны моцна стукнуліся зубамі, ажно зазвінела ўвушшу.
— Ой, любы ты мой!.. — выдыхнула яна і горача аддалася абдымкам, адчуўшы ў сабе нешта пругкае, што паступова і неадольна ўваходзіла ў яе нутрыню, шчыльна запаўняючы яе чымсьці чужым і нязвычным. — Ты не забудзеш мяне, ты не забудзеш мяне? — страсна, з нейкім хрыпам шаптала яму каля вуха, нібыта жадаючы яшчэ раз, нават пры такіх вось інтымных абставінах, упэўніцца ў яго каханні.
Ён не адказваў, бо, мусіць, нічога і не чуў, і не цяміў — усё навокал нібы перастала для яго існаваць. Не пачуў і таго, як яна ціха, адначасова як бы ад болю і асалоды глуха застагнала. Кроў біла ў галаву, засціла вочы. Цалуючы, мусіць, ад хвалявання, незнарок укусіў за губу, але Ганна гэтага нават не заўважыла. Яна забылася на ўсё і ўсёй істотай адклікалася на яго ласкі. Асалода ад кахання і захапленне ім спалучыліся ў адно непадзельнае адчуванне. Час, здавалася, спыніў сваю хаду і цешыўся разам з імі.
Зноў пачулася салаўінае: «Цёх-цёх-цёх!», вярнуўшы хлопца да свядомасці. Толькі цяпер ён заўважыў той мяккі рытмічны рух, які валодаў іх целамі і спалучаў іх у адну істоту. Здалося, што пад імі гайдаецца сама зямля, падкідваючы разам з клуняй і ўсім наваколлем у вышыню цёмнай ночы да месяца і зор. Летняя ноч купала іх у сваіх цёплых наплыўных хвалях. Нарэшце, знямогшыся і стаміўшыся ад гэтай салодкай працы, і хваляванняў, ён асунуўся побач з ёю. Яна, таксама знясіленая, ляжала з распушчанай касой.
— Ну як, спадабалася?
— Каб так было заўсёды! — прашаптаў ён.
— Ах, мой ты Кужалёк!..
Праз дзірку ў страсе на іх пазірала начная зорка.
— Бачыш, якая я ў цябе…
Ён, нічога не адказаўшы, ізноў пацягнуўся да яе.
— Давай паспім з паўгадзіны, — прапанавала яна.
Аднак Лявонка не мог заснуць, усю ноч яго будзіў пах яе цела. Ганна, амаль раскрытая, спала побач. У клуні пачало святлець, і толькі цяпер ён угледзеў яе цёмна-ружовыя саскі і пяшчотны пух на ўлонні. Ужо пад ранак ён таксама заснуў ды так моцна, быццам у яму праваліўся. Але толькі на некалькі хвілін, бо тут жа ўсхапіўся, узняў галаву. У некага ў вёсцы закукарэкаў певень. Лявонка прыўстаў на локаць. Ганна пяшчотна прыхінулася да яго, дакранулася вуснамі да яго вуснаў. Не пацалавала, а толькі дакранулася. Ён успомніў, як некалі, у вучылішчы, чытаў Фарэля, але тут, у сапраўднасці, было нешта зусім іншае.
— Ты будзеш маім, — сказала Ганна з жаночай рашучасцю, мякка, але неадступна.
Ён нічога не адказаў і зноў раптоўна праваліўся ў сон.
— Не спі! Ісці трэба…
Лявонка падняў галаву. Ганна сядзела каля яго ўжо апранутая. Прыгладзіла непакорлівую пасмачку валасоў, што віхурыліся над яго лбом.
— Пайду я, а ты па-за клунямі ідзі, каб, крый божа, ніхто не ўбачыў!
— Не бойся, не ўбачаць…
— Ой, любы ты мой…
Ганна знікла за шырокімі дзвярыма клуні, і праз колькі хвілін Лявонка пачуў, як яна загрукала ў акно, просячы маці адчыніць дзверы. Трэба збірацца і самому.