Уліс з Прускі
Шрифт:
Выблытаўшыся з Гудзонавага заліва, «California» ўзяла курс у Еўропу. Абрысы амерыканскага берага аддаляліся і раставалі ў блакітнай імгле. Нарэшце знікла і статуя Свабоды, а за ёю і чайкі. Вакол, як і тады, сем гадоў назад, ізноў закалыхалася акіянская далячынь.
Публіка, якая вярталася назад, у Еўропу, выглядала куды больш чыстай
Вяртаўся іншым чалавекам. Калі падумаць, то вяртаўся з багаццем — вёз энергію новага вопыту, мыслення. Цімоша ўжо вярнуўся. А цяпер і ён вось едзе. А Піліпко, напэўна, застаўся. Жаніўся, мусіць, прыжыўся… Цікава, дзе зараз Андрэй Кляновік. У Амерыцы ці, можа, ужо ў Расіі?
Новы год сустракаў на караблі. 1914-ы. Восьмы з сустрэтых у Амерыцы. Сусед па каюце — мужчына з рудымі абвіслымі вусамі — прапанаваў выпіць віскі.
— Адкуль вы?
— Russian.
— O-o!
Каюту асвятляла слабенькая электрычная лямпачка — начнічок. Сусед быў гандлёвым агентам — вёз у Лібаву ўзоры прадукцыі сваёй фірмы — пальчаткі, дамскія сумачкі і парасоны. Пілі віскі, гутарылі.
Пад раніцу выйшлі на палубу. Дзьмуў вецер. Хвалі нагадвалі вадзяныя горы, паміж якімі карабель мог, калі б раптам не пашанцавала, перавярнуцца і пайсці на дно. Вецер злымі похапкамі зрываў з гэтых вадзяных гор пену і, тут жа, расціскаючы яе на пыл, кідаў на палубу Але «California», здавалася, плыла марудна, і Лявонка губляў цярпенне. Ахмялелы ад віскі і свежага ветру, ірвануў гузікі і зняў з сябе кашулю, добра-такі паношаную, размахнуўся
і кінуў яе ў акіян.Новы знаёмы засмяяўся:
— Новы год! Старыя рэчы далоў!
Кінуўшы, аднак, Лявонка ўспомніў, што ў кішэні яшчэ знаходзілася колькі даляраў. Стала шкада, але махнуў рукой — не кідацца ж за імі ў акіян. А хвалі, як ашалелыя, усё біліся аб борт, абдаючы зявак пырскамі пены.
Новы знаёмы, які стаяў побач і, абапёршыся на жалезную загародку, глядзеў у мора, сказаў:
— Недзе пад намі ляжыць «Тытанік». Аграмадны карабель! Колькі тысяч людзей на ім плыло…
Лявонка ўспомніў, што ён чытаў пра гэтае трагічнае здарэнне ў газетах.
— Гэта ж было ў мінулым годзе?
— У мінулым.
— І ніхто не выратаваўся?
— Ніхто.
Яны надоўга замаўчалі — кожны, мусіць, думаў пра сваё.
Падарожнік з Прускі зноў пачаў перабіраць у памяці ўбачанае і напатканае ў чужым краі. Розныя моманты давялося перажыць, нават і вельмі цяжкія, усяго паспытаць, але, можа, самае галоўнае — яму ўдалося глытнуць і адчуць смак свабоды. Моцны напітак! Можна сказаць, лекавы, здольны абудзіць у чалавеку веру ва ўласныя сілы, годнасць і незалежнасць. Галоўнае — незалежнасць. Каб ні ад кога не залежаць, кіравацца сваім розумам! Цяпер ён быў упэўнены, што чалавек павінен жыць так, як ён хоча, як лічыць патрэбным. Ён нават пасміхнуўся. Лічыш сябе прускаўцам, а ў табе ўжо жыве амерыканец. Ад гэтых думак станавілася нават весела. Аднак разам з тым прабівалася і іншае адчуванне: «Адзін, без людзей, ты таксама слабак. Калі б не паверылі, не пазычылі грошы на дарогу, не дапамаглі, нічога б не было. І Амэрыкі б не ўбачыў…»
…Праз тыдзень які ці крыху больш падплывалі да Еўропы. Вецер даносіў пах зямлі. А можа, яму так здавалася? У марской прасторы пачалі з'яўляцца чайкі. Яшчэ праз колькі дзён — Лібава. Усё больш узрастала трывога…