Страчаная спадчына
Шрифт:
Пасля 1844 г. Шчорсамі валодаў брат Адама Ірынеюш, які доўгі час служыў у разнастайных расейскіх установах. Чалавек іншых культурных памкненняў, ён не падтрымліваў шматлікія папярэднія культурна-асветніцкія і гаспадарчыя пачынанні. Без асаблівай стараннасці і ўвагі кіраваў маёнткам і сын Ірынеюша — Міхал Храптовіч. Большасць свайго часу ён удзяляў дыпламатычнай працы. Бадай, адзінай яго заслугай з'явіўся капітальны рамонт палаца ў Шчорсах, ажыццёўлены ў 1877–1880 гг. Дах галоўнага корпуса быў перакрыты бляхай замест чарапіцы, галоўны ўваход аформіў крыты ганак-тэраса. Апошнія свае гады Міхал Храптовіч правёў у Парыжы, дзе і памёр у 1892 г. З яго смерцю згаснула графская лінія Храптовічаў. Спецыяльным імператарскім загадам ад 1893 г. уся яго маёмасць разам з правам насіць прозвішча і графскі тытул перайшла да пляменнікаў. Сын Марыі Храптовіч і расейскага дыпламата Апалінарыя Буцянёва стаў прадаўжальнікам рода, прадстаўнікі якога насілі падвойнае
У час першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронта. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў — у Пецярбург. Пасля 1920 г. А. Храптовіч-Буцянёў упарадкоўвае гаспадарку маёнтка. Ён рамантуе для пражывання шматлікай сям'і флігель упраўляючага маёнтка. Пасля другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Асноўныя збудаванні комплексу прышлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны.
З часам драўляныя будынкі галоўнага фальварка і невялікі драўляны палац ужо не маглі выконваць функцыі адміністрацыйна-гаспадарчага цэнтра вялізных угоддзяў маёнтка. Іаахім Літавор Храптовіч засноўвае ў 1770-ых гг. палацава-паркавы ансамбль. Праект быў заказаны італьянскаму дойліду Дж. Сака, інтэр'еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль. Фактычна менавіта І.Храптовіч «адкрыў» Дж. Сака, хаця той працаваў у Рэчы Паспалітай ужо з 1735 г., але да гэтага часу буйных заказаў не атрымліваў. Француз Я. Габрыэль — аўтар унікальнай царквы ў Шчорсах. З італьянскім архітэктарам К. Спампані — кіраўніком перабудовы езуіцкага калегіума ў Вільні ў 1772–1773 гг. І.Храптовіч знаёміцца ў ходзе работы Адукацыйнай камісіі, дзе прымае ўдзел. Такім чынам у перыяд 1770–1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу эўрапейскага ўзроўню архітэктурных садружнасцей у Рэчы Паспалітай.
Галоўны корпус палаца ўяўляў сабой простакутнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на невысокі падмурак. На трох цэнтральных восях стаяў двухпавярховы папярочны корпус, накрыты авальным усечаным зверху купалам і з галоўнага фасада расчлянёны пілястрамі карынфскага ордэра з трохкутным франтонам у завершы. У парк аб'ём выступаў моцным паўкруглым рызалітам. Па перыметры купальнай часткі ішлі авальныя люкарны. З боку ўезда гэта частка будынка была выканана ў выглядзе несапраўднага рызаліта з дзвярамі галоўнага ўвахода, высокімі арачнымі вокнамі на першым і простакутнымі на другім паверхах. У другой палове XIX ст. да дома далучыўся ганак-тэраса. Відаць, у гэты ж час на плоскасці франтона з'явіўся рэльефны надпіс на лацінскай мове «Мір і Свабода». Фасады чляніліся пілястрамі і высокімі арачнымі вокнамі ў простых ляпных ліштвах з замковым каменнем. Высокі трохсхільны, крыты чарапіцай дах аднапавярховых крылаў прарэзвалі барочныя дахавыя вокны.
З галоўным корпусам межавалі два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярхрвыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Сцены будынкаў пакрыты рустам, простакутныя вокны дэкарыраваны паўкалонамі, трохкутнымі сандрыкамі.
Аб характары ўнутранай арганізацыі палаца сведчанняў вельмі мала. На першым і на другім паверхах папярочнага аб'ёма з боку парка меліся дзве залы-ратонды, з галоўнага фасада — квадратныя вестыбюль і кулуар параднай залы. Залы-ратонды аформлены ў тэхніцы стука, расчлянёны парамі пілястраў іанічнага ордэра. Паміж пілястрамі знаходзіліся арачныя рамы, завершаныя гарызантальна падвешанымі ляпнымі гірляндамі з выкарыстаннем матываў барока і ракако. Верхні паверх папярочнага купальнага корпуса занмала бібліятэка і карцінная галерэя ў 100 палоцен.
Пасада канцлера Вялікага Княства Літоўскага, шырокія сувязі пры двары караля, удзел у арганізацыі касацыі ордэна езуітаў і пераразмеркаванні іх маёмасці, доступ да асноўных дакументаў Кароннага і Літоўскага архіваў — стварылі рэальныя магчымасці для збора ўнікальных кніг, копій з дакументаў, набыцця арыгіналаў, карцін, прадметаў даўніны. Разнастайнымі шляхамі фармавалася бібліятэка І.Храптовіча. Частка кніг, сярод якіх асабліва каштоўныя кірылічныя выданні, ён набыў за бясцэнак у час касацыі езуіцкіх кляштараў у 1773 г. у Галіцыі. Храптовічу таксама ўдалося «пазычыць» частку кніг са славутай бібліятэкі вядомага бібліяфіла Ю. Залускага, калі яе перавозілі з Варшавы ў С.
– Пецярбург праз Горадню ў 1768 г. Многія рэдкія выданні І.Храптовіч атрымаў у падарунак ад прыватных асоб. Нейкім чынам Храптовічу ўдалося выкупіць частку вельмі каштоўнага кнігазбору кардынала Джузепе Імперыалі,
Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода XVIII ст. Уязная алея падводзіла да брамы, аформленай у барочным стылі. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы простакутнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў. Аўтарам гэтых скульптурных кампазіцый з'яўляўся Карла Спампані.
Парк плошчай каля 40 га закладзены адначасова з палацам. Шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіва, які цягнуўся к захаду і паўночнаму захаду ад палаца і меў пейзажную арганізацыю вакол велізарнага партэра. Першапачатковая кампазіцыя не захавалася. Пасадкі прабіваліся каскадам сажалак з плацінамі. Зараз парк набыў рысы лесапаркавай зоны.
Палац — самая ранняя буйная работа Дж. Сака — яскравы помнік архітэктуры, які сінтэзаваў прыёмы позняга барока і ранняга класіцызму, а таксама ілюстраваў так званы стыль Станіслава Аўгуста. Палац з'яўляўся не толькі выдатным творам дойлідства, але і каштоўным помнікам культуры, цесна звязаным з гісторыка-культурным жыццём краіны.
Юсцініянаўская сядзіба
Вёска Юсцініянаў, размешчаная на правым беразе Дзвіны непадалёку ад мястэчка Дрыса (сучасны Верхнядзвінск), першапачаткова называлася Ўзняны. Пасля доўгага валодання Агінскіх гэты маёнтак трапіў да Корсакаў і Свірскіх. Ад Ежы Свірскага Ўзняны набыў полацкі падкаморы Канстанцін Шчыт-Неміровіч (пам. 1712), які жыў у суседнім маёнтку Таболькі. Ад першага шлюбу ён меў сына Антонія (пам. 1748), жанатага з Апалоніяй Ціханавецкай, якая і стала гаспадыняй Узнян і іншых маёнткаў у краі. Новую назву Юсцініянаў вёска атрымала ад імя ўнука Канстанціна Шчыт-Неміровіча. Менавіта Юсцініян фундаваў у мястэчку касцёл і капліцу. Юсцініян Шчыт (1740–1824), пісар Вялікага Княства Літоўскага, непадзельна валодаў маёнткамі Юсцініянаў, Таболькі, Дабрамысль і інш. Гэты чалавек цаніўся як пры двары караля Станіслава Аўгуста, так і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці пісара яго ўладанні, у тым ліку і Юсцініянаў, дасталіся малодшаму сыну Яну. Пасля смерці пераемніка ў 1851 г. маёнтак у 2819 дзесяцін перайшоў да яго пляменніка таксама Юсцініяна (нар. 1814), дрысенскага маршалка. Далей, верагодна, сядзібу атрымаў у спадчыну нехта з унукаў — Юсцініян Грабніцкі (нар. 1875) ці Ян (нар. 1877).
На мяжы XVIII–XIX стст. у Юсцініянаве сфармавалася вялізная сядзіба з цудоўным мураваным палацам. Праект палаца і нагляд за яго будаўніцтвам ажыццяўляў архітэктар К. Спампані. Па кантракту, заключанаму паміж ім і Юсцініянам Шчытам 28 верасня 1779 г., дойлід быў абавязаны збудаваць палац і флігелі да яго, а таксама спланаваць парк. З дагавора відаць, што фундатар унікаў ва ўсе бакі праектавання будынка, абгаварваў усе дэталі, патрабаваў, каб архітэктар узгадняў свае дзеянні з яго густам. Усе работы па кантракту мусілі быць завершаны ў тры гады, але хвароба і хуткая смерць Спампані ў 1783 г. спыняе будаўніцтва. У вядомай меры гэта пацвярджаюць мемуары Яна Вейсенгофа (1791–1878). Наведаўшы Юсцініяна Шчыта ў 1804 г., ён успамінае аб пабудаваным на беразе Дзвіны «палацы двухпавярховым з мура з вытанчанымі пакоямі і заламі з ляпнінай на сценах і плафонах у разнастайным арабескавым упрыгожванні». Верагодна, пасля смерці Спампані Шчыт не знайшоў архітэктара, які здоліў бы давесці будаўніцтва да канца.
Як выглядаў палац, бачна на акварэлі Н. Орды 1875–1876 гг. Двухпавярховы, простакутны ў плане, адзінаццацівосевы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам стаіць у атачэнні парка на даволі стромкім беразе Дзвіны. Дваровы фасад з рызалітам у цэнтры завяршаецца трохкутным франтонам. На рызаліце выступае балкон на чатырох калонах. Галоўны фасад афармляе калонны порцік, які Спампані выкарыстоўваў амаль ва ўсіх сваіх класіцыстычных будынках. Побач з палацам знаходзіцца крыты чатырохсхільным дахам свіран, а побач з ім — капліца.