Страчаная спадчына
Шрифт:
Першы ўладальнік масалянскага маёнтка Аляксандар Біспінг (нар. 1844) пасля паўстання 1863 г. памёр у Пецярбургу бяздзетным. Затым ардынацыю атрымаў у спадчыну яго старэйшы брат Ян (1842–1892), а за ім яго брат Юзаф Біспінг (1845–1897), сын якога Ян (1880–1940) быў апошнім уладальнікам масалянскага маёнтка.
Палац у стылі класіцызму пабудаваны па праекту дойліда Аляксандра Градзецкага. У архітэктуры помніка прысутнічалі элементы рэтраспектыўнай готыкі, якая ўваходзіла ў моду ў 1830-ыя гг. Аднапавярховы будынак складаўся з трох частак: простакутнага ў плане галоўнага корпуса і бакавых крылаў з карынфскай каланадай. Два перпендыкулярныя крылы стваралі тыльны курданёр. Франтальны фасад галоўнага сямівосевага корпуса меў у цэнтры паўкруглую каланаду. Восем гранёных слупоў, завершаных карынфскімі капітэлямі, падтрымлівалі гірляндавы фрыз з зубчатым парапетам. Над дахам каланады ўзнімалася невысокая шматгранная вежачка-бельведэр. Галоўны ўваход у выглядзе гатычнай стральчатай аркі размяшчаўся ў паўкруглым паглыбленні, аформленым калонамі. У выніку ўзнікла своеасаблівая ратонда. Простакутныя аконныя праёмы аздаблялі буйныя ліштвы. Галоўны фасад вянчаў прафіляваны
Палац стаяў на ўзгорку сярод парка і галоўным фасадам быў звернуты да вялізнай сажалкі. За ім у атачэнні таполяў узвышалася неагатычная капліца з мармуровай мемарыяльнай табліцай, прысвечанай памяці Наталлі Біспінг Кіцкай. Паміж домам і сажалкай пралягала шырокая дубова-кляновая ўязная алея, якая даходзіла да брамы, складзенай з дзвюх высокіх калон, завершаных вазамі. Ад акруглага порціка адыходзіла вузкая сцежка, якая перасякала вялізны газон і падводзіла да сажалкі. Перад бакавымі крыламі дома знаходзіліся два рэгулярна спланаваныя сады, абмежаваныя жалезнай агароджай і стрыжанымі кустамі. Звонку агароджы па вуглах стаялі выбітыя з вапняку сфінксы. Дом абкружалі газоны з клумбамі, рабаткамі і нізкастрыжанымі кустовымі агароджамі. Асноўная частка парку цягнулася ад тылу дома ў паўднёва-заходнім кірунку і пачыналася доўгімі, прамянёвымі грабавымі алеямі. Адну з іх закончвала мураваная скульптура першага ўладальніка Масалян Аляксандра Біспінга. На сярэдзіне алеі, накіраванай ад ганка на поўнач, знаходзіўся масток праз сажалку, а за ім скульптура святога Яна Непамука. Каля дома раслі дрэвы розных парод: бяроза, сасна, каштан, елка. На ўскраіне парку стаялі гаспадарчыя будынкі, з якіх заслугоўвае ўвагі чатырохпакаёвы флігель у духе правінцыяльнай класічнай сядзібы з калонным ганкам.
Моладаўская сядзіба
Гісторыя вёскі Моладава (Іванаўскі р-н Берасцейскай вобл.) непарыўна звязана з рэшткамі буйнога палацава-паркавага ансамбля, што захаваўся на паўднёвай ускраіне вясковай забудовы. Спрадвеку Моладава — радавое гняздо знакамітага беларускага роду Войнаў. Дачка апошняга з іх, маршалка пінскага Мацея Войны, Элеанора ў 1692 г. выйшла замуж за Казіміра Агінскага, і маёнтак перайшоў да новага славутага роду. У 1792 г. маёнтак за 468 000 злотых выкупіў маршалак берасцейскі і пінскі граф Шыман Скірмунт (1747–1835), пры якім у 1798 г. і ўзнікла гэта парадная рэзідэнцыя. Ансамбль быў спланаваны і збудаваны паводле праекта архітэктара Гроса ў стылі класіцызму. Пасля Шымана сядзіба перайшла да яго сына Аляксандра Скірмунта (1798–1870), які пабудаваў у Моладаве невялікі цукровы завод (згрэў у 1835 г.). З 1908 г. у сядзібе месцілася сельскагаспадарчая школа. Утульны архітэктурна-ландшафтны асяродак існаваў да 1939 г., калі быў зруйнаваны ў выніку ваенных дзеянняў: партызанскі атрад Г.Сіткаўца акружыў сядзібу графа Скірмунта, у якой знаходзілася вялікая група паліцэйскіх, асаднікаў і польскіх афіцэраў. Пасланага з ультыматумам аб здачы парламенцёра А. Дзямковіча абаронцы закатавалі. Маёнтак быў узяты штурмам, а яго ўладальнік — пасол польскага ўрада ў Англіі Р. Скірмунт — расстраляны. Гэтая ваенная акалічнасць, а потым 1943 г. загубілі і маўклівыя, звыклыя да чалавечай бойкі муры палаца, архітэктурныя формы якога былі закліканы ўвасабляць прынцыпы антычнай дэмакратыі.
Архітэктурна-паркавае атачэнне графскай рэзідэнцыі фармавалася вакол мураванага палаца. Яго аднапавярховы, працяглы па фронту будынак быў узняты на паўпадвальны паверх і ззяў белакаменнымі фасадамі, прыкрытымі ад непагадзі высокім гонтавым дахам. Тры класічныя, сіметрычна размешчаныя порцікі дарычнага ордэра стваралі палацавы выгляд будынка. Цэнтральны з іх урачыста і гасцінна запрашаў наведвальнікаў, якія па пакатых пандусах у конным экіпажы ці пешшу пад'язджалі да яго. Такая ж строгая і ўрачыстая архітэктурная класіка афармляла тыльны фасад. Яго бакавыя порцікі былі звернуты да пейзажнага паркавага асяроддзя з сістэмай сажалак, пратокаў, каналаў з маляўнічымі масткамі. Для стварэння на Палессі «антычных Афін» з архітэктурнай класікі старажытнасці было прыцягнута ўсё, на што аказаліся здольныя правінцыйны арыстакрат і мясцовыя муляры: расшыўка сцен гарызантальным рустам, завяршальны магутны антаблемент з фрызам з трыгліфаў і дэнтыкул, аздабленне высокіх вокнаў франтончыкамі і гірляндамі. Парадная бальная зала палаца гранёным рызалітам выходзіла ў парк, каб большай колькасцю вокнаў пашырыць яго агляд. Інтэр'ер упрыгожвалі фамільныя партрэты пэндзля славутага мастака В. Ваньковіча.
У 1908 г. перад уездам да сядзібы паводле праекта архітэктара Т. Раствароўскага пабудавана
капліца, якая і зараз можа нагадаць аб архітэктурна-стылёвым абліччы самога палаца, таму што выканана ў яго архітэктурна-стылёвай класіцыстычнай трактоўцы. Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Па трох яго баках — тыя ж дарычныя порцікі, руставаныя сцены завершаны шырокім фрызам з ляпнымі гірляндамі. Франтоны порцікаў і ліштвы акон аздоблены арнаментальнай лепкай. У інтэр'еры сцены рытмічна раскрапаваны пілястрамі і завершаны карнізам, у дэкоры быў выкарыстаны белы і ружовы мармур. У алтары стаяла беламармуровая скульптура Хрыста, выкананая скульптарам Бродзкім.Мосарская сядзіба
Маёнтак Мосар (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.) перайшоў да віленскага земскага пісара Марціна Валовіча ад Крыштафа Зяновіча. Дачка жонкі Валовіча Ганны Пац (пам. 1649) аддала сядзібу як пасаг свайму мужу Пятру Карлу Далмат-Ісакоўскаму, лоўчаму Вялікага Княства Літоўскага. Іх дачка (нар. 1640) Сафія ў 1657 г. выйшла замуж за Віктара Канстанціна Млечку, старосту і генерала жмудскага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Канстанцыя, якая выйшла замуж за Ўладзіслава Бжастоўскага (1646–1710), кашталяна троцкага, і атрымала Мосар у пасаг. З той пары на працягу каля 200 гадоў Мосар належаў роду Бжастоўскіх. Толькі ў другой палове XIX ст. пасля шлюбу Н. Бжастоўскай з Эдмундам Пілсудскім два пакаленні Пілсудскіх валодалі Мосарам. Сын Эдварда — Калікст Пілсудскі стаў апошнім уладальнікам маёнтка. Сядзіба зруйнавана ў гады першай сусветнай вайны.
Пры Бжастоўскіх тут існавала сядзіба ці невялікі замак. Вядомай рэзідэнцыяй Мосар стаў у другой палове XVIII ст., пры ўладальніку Раберту Бжастоўскім (нар. 1748), полацкім кашталяну. Фундатары палаца ў 1775–1790 гг. Роберт і Ганна Бжастоўскія запрасілі для будаўніцтва італьянскіх дойлідаў. Двухпавярховы на высокім падмурку палац быў узведзены на плане выцягнутага простакутніка, накрыты чатырохсхільным гонтавым дахам. У адрозненне ад палацаў XVIII ст. будынак меў рэпрэзентацыйную парадную частку не на другім, а на першым паверсе, чаму адпавядала і форма вокнаў, высокіх унізе і значна меншых у завершы. Франтальныя фасады рытмічна крапаваліся канеліраванымі пілястрамі, якія неслі магутны гарызантальны пояс і прафіляваны карніз. У сярэдняй трохвосевай частцы галоўнага фасада выступаў высокі чатырохкалонны порцік, які падтрымліваў балкон, гладкі антаблемент і трохкутны франтон. Ідэнтычна трактаваўся і тыльны паркавы фасад, дзе порцік замяняла высокая тэраса са сходамі ў парк.
У адрозненне ад сціплага знешняга вобліку інтэр'еры дома ўражвалі багаццем дэкаратыўнага аздаблення, выкананага ў тэхніцы стука. У парадных апартаментах ганаровае месца займала каралеўская зала. Яе сцены і плафон пакрываў плотны слой гіпсавай арнаментыкі. Верхняя частка сцен, афарбаваная ў светла-блакітны колер, члянілася квадратнымі панелямі, якія ўключалі авальныя медальёны з выявамі ўсіх каралёў і каралеў Рэчы Паспалітай. Медальёны аб'ядноўваліся стылізаваным генеалагічным дрэвам. Простакутныя супрапорты запаўняліся батальнымі сцэнамі, а ўсю дэкаратыўную кампазіцыю завяршаў антычны фрыз. У кутку каралеўскай залы стаяла арыгінальная печ у выглядзе піраміды, падножжа якой складалі пяць шароў. У верхняй частцы печы ў медальёне, упрыгожаным булавой і перакрыжаванымі рэгаліямі, знаходзіўся барэльеф сімвала «Пагоні», а ў завершы — каралеўская карона. Побач з печчу са сцяной зліваўся барэльеф арла, які трымаў у кіпцюрах аліўкавую галінку. У зале меўся французскі класіцыстычны камін, над якім змяшчаўся бюст караля Станіслава Аўгуста. Прыгожым дэкорам быў надзелены плафон залы. Авальная рама з раслінным арнаментам і барэльефам арла займала цэнтр плафона. Па вуглах плафона з чатырох круглых медальёнаў звісалі люстры.
Бальная зала ацяплялася барочным камінам чорнага мармуру, над якім у простакутнай арнаментальнай раме з авалам намалявана антычная сцэна з дзвюма німфамі. Камін люстэркавай залы, трактаваны ў ампірным стылі, меў фрыз з фігурнымі сценкамі, а над карнізам аж да столі цягнуўся барэльеф з выявай Самсона. Простакутныя панелі залы запаўнялі люстры. Адзін пакой вылучаўся сваім дэкорам у модным у XVIII ст. кітайскім стылі: над мармуровым камінам плошчу, акантаваную простакутнай рамай, запаўняла стукавая кампазіцыя з мужчынам у будзійскай позе з перакрыжаванымі нагамі, абкружаным чатырма мужчынскімі фігурамі. Верагодна, гэта была выява Канфуцыя з вучнямі, аб чым нагадвала сентэнцыя філосафа на цокалі каміна:
«Le sage est Son censeur Le plus severe. Il est son accu-sateur, son te-moin et son juge. Conf» [1]Усе памяшканні ніжняга паверха мелі барочную стылёвую апрацоўку. У простакутных і авальных супрапортах змяшчаліся барэльефы батальных сцэн на гістарычныя і біблейскія тэмы. У арнаментальных кампазіцыях у гратэскных спляценнях аб'ядналіся элементы расліннага і жывёльнага свету. Невялікія нішы ўмяшчалі ўсялякія алегарычныя фігуры. У стылёвай трактоўцы шэрага апартаментаў другога паверха панаваў стыль класіцызму.
1
Мудрэц для сябе самы строгі крытык. Ён сам абвінаваўца, сведка і суддзя. Канфуцый.
Палац абкружаў пейзажны парк, асноўным акцэнтам якога з'яўлялася дубовая алея. 24 лістапада 1918 г. палац згарэў. Заваліліся не толькі ўсе перакрыцці, але зніклі бясследна дэкарацыі, каміны, паркет. У міжваенны перыяд захоўваліся толькі рэшткі сцен з умураванай у сцяну фасада шыльдай, якая сведчыла аб тым, што Стэфан Баторый, калі ішоў на Пскоў, начаваў у гэтым доме. Побач з класіцыстычным палацам Бжастоўскіх існавала другая сядзіба ці невялікі замак, з якога і была знята мемарыяльная пліта і ўмуравана ў сцены новага палаца.