Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Хілон даў чосу да рову найбліжэйшае вуліцы і давай вызіраць з-за вугла, чакаючы, што будзе.

XXII

Вініць толькі ў сенях зразумеў усю цяжкасць справы. Дом быў абшырны, колькіпаверхавы, адзін з такіх, якіх тысячы будавана ў Рыме дзеля даходнасці з памешканняў, і звычайна будавана з такім поспехам і неакуратнасцю, што не было амаль году, каб некалькі з іх не заваліліся на галовы кватарантам. Гэта былі сапраўдныя вуллі, надта высокія і надта вузкія, поўныя каморак і закамаркаў, у якіх гняздзілася ўбогая маса. У горадзе, у якім шмат якія вуліцы не мелі назову, дамы такія не мелі нумароў; собснікі паборы належнасці павяралі нявольнікам, каторыя, не маючы ад гарадскіх уладаў загаду падаваць прозвішчы

лакатараў, часта не ведалі іх самі. Дапытацца каго ў такім доме было не раз вельмі цяжка, асабліва калі пры браме не было стоража.

Вініць з Кратонам праз доўгія, падобныя да калідору, сенцы ўвайшлі на вузкі, забудаваны з чатырох бакоў, панадворак, моў супольны для ўсяго дому атрыюм з вадалівам пасярэдзіне, струмень якога спадаў у каменную місу, умураваную ў зямлю. Пры ўсіх сценах беглі ўгару вонкавыя сходы, часткова каменныя, часткова драўляныя, вядучыя на галярэю, з якое ўваходзілася ў памяшканні. Унізе былі таксама кватэры, некаторыя зачыняліся драўлянымі дзвярыма, іншыя толькі ваўнянымі, па большай частцы павытрапанымі, падзёртымі ці палапленымі занавесямі.

Было заранне, і на панадворку ані жывое душы. Відаць, у цэлым доме йшчэ ўсе спалі, з выключэннем тых, што нядаўна вярнуліся з Острыянума.

— Што рабіцімем, спадару? — спытаў, затрымоўваючыся, Кратон.

— Чакайма тут: можа, хто з’явіцца, — адказаў Вініць. — Не трэ, каб нас бачылі на надворку.

Тут здагадаўся, што рада Хілона была практычная. Каб меў з сабою колькідзесят нявольнікаў, можна было б абсадзіць браму, якая, здэцца, была адзіным выхадам, і ператрэсці ўсе кватэры, а так трэба адразу трапіць у памешканне Лігіі, бо інакш хрысціяне, якіх напэўна ў гэтым доме было шмат, магчымуць упярэдзіць, што яе шукаюць. Дзеля таго было таксама небяспечным і распытвацца незнаёмых асоб. Вініць праз хвіліну надумоўваўся, ці не вярнуцца па нявольнікаў, ажно воміг з-за аднае занавесі выходзіць чалавек з сітам у руцэ ды йдзе да вадаліву.

Юнак на першы пагляд пазнаў Урсуса.

— Гэта ліг, — шапнуў Вініць.

— Ці зараз паламаць яму косці?

— Чакай.

Урсус не дагледзеў іх, бо стаялі ў змроку сеняў, і пачаў спакойна паласкаць у вадзе агародніну, што была ў сіце. Пасля доўгае, бач, ночы, збаўленае на магільніку, маніўся прыгатаваць з яе снеданне. Па хвіліне, скончыўшы работу, узяў мокрае сіта й знік за заслонаю. Кратон і Вініць лучылі за ім, думаючы, што патрапяць проста ў памешканне Лігіі.

Але, надзіва, заслона зачыняла ад надворку не памяшканне, а другі цёмны калідор, на канцы якога відзён быў агародчык з некалькімі цыпрысамі і міртавымі кустамі, за ім дамок, прылеплены да глухое задняе сцяны суседняе камяніцы. Абодва скемілі нараз, што гэтая абставіна для іх памысная. На двары бо магло зрабіцца збяговішча ўсіх жыхароў, а наўзбочча дамку аблягчала сітуацыю. Хутка ўвінуцца з абаронцамі, а злашча з Урсусам, ды з ухопленай Лігіяй таксама хутка выдабыцца на вуліцу, а там ужо дадуць сабе рады. А можа, ніхто іх і не зачэпіць; калі зачэпяць, скажуць, што расходзіцца пра цэзараву закладнічку; а ў незвычайным выпадку Вініць звернецца да вігілаў.

Урсус ужо бадай уваходзіў у дамок, ажно шорах нечых крокаў закрануў ягоную ўвагу, затрымаўся і, угледзеўшы двух чалавек, палажыў сіта на балюстрадзе ды завярнуўся да іх.

— А чаго тут шукаеце? — спытаў.

— Цябе! — адсек Вініць.

Па чым, кіўнуўшы Кратону, загадаў рэзкім прыцішным голасам: — Бі!

Кратон кінуўся бы тыгрыс і ў адной хвіліне, перш, чым ліг змеркаваўся, хапіў яго ў свае сталёвыя рукі.

Вініць надта быў пэўны ягонай надлюдскае сілы, дык не чакаў выніку барацьбы, а, мінуўшы іх, падскочыў да дзвярэй дамка, піхнуў іх і ўвайшоў у цёмную камору, рассветленую, аднак, распаленым камінкам. Бляск гэтага камінку падаў проcта на твар Лігіі. Другою асобай, што сядзела пры камінку, быў той старац, спадарожнік Лігіі і Урсуса з Острыянума.

Вініць ускочыў так раптоўна неспадзявана, што Лігія й не паспела агледзецца, як схапіў яе ўполкі і, падняўшы ўгару, кінуўся назад да дзвярэй. Старац паспеў, праўда, яму заступіць дзверы, але ён, прыціснуўшы

дзяўчыну адною рукою, другою адапхнуў яго. Каптур асунуўся з ягонай галавы, і тады ў абліччы гэнага знаёмага а страшнага твару сэрца Лігіі замерла ад жаху і спаралізавала голас. Хацела крычаць ратунку й не магла. Таксама надарэмна спрабавала ўхапіць за раму дзвярэй, упірацца. Пальцы ейныя слізганулі па камяні, і была б згубіла прытомнасць, каб не ўдарыла ейных вачэй жахлівае відовішча, калі выскачыў з ёю Вініць у вагарод.

Урсус трымаў у руках нейкага чалавека, цалкам перагнутага ўзад, з абвісшаю галавою ды акрываўленымі вуснамі. Угледзеўшы іх, яшчэ ўдарыў кулаком па той галаве і вокамгненна прыскочыў, бы раз’юшаны звер, да Вініція.

— Смерць! — падумаў малады патрыцый.

Нараз чуе, бы праз сон, крык Лігіі: «Не бі!» Пасля адчуў, як, моў пярун, развязала яму нешта рукі, якімі яе абнімаў, урэшце зямля пад ім закружылася, і дзённае святло згасла ўваччу…

Хілон, схаваны за вуглом нарожнага дому, чакаў, што станецца, цікавасць змагалася ў ім са страхам. Гадаў сабе: калі ўдасца ім схапіць Лігію, дык добра будзе быць пры Вініцію. Урбана не баяўся ўжо, бо быў таксама пэўны, што Кратон адолее яго. Затое ўважаў, што калі б на пустых дагэтуль вуліцах пачалася суталака, калі б хрысціяне ці іншыя людзі жадалі ставіць супраціў Вініцію, тады ён кінецца да іх як прадстаўнік улады, як выканаўца волі цэзара, а ў скрайнім выпадку пакліча вігілаў на помач маладому патрыцыю проці вулічнай галайстры і тым прыдбае сабе новыя ласкі. У душы думаў, што ўчынак Вініція ёсць неразважны, аднак, зважаючы на страшэнную моц Кратона, можа ўдасца. «Калі б прыйшло крута, сам трыбун нясціме дзяўчыну, а Кратон расчышчаціме дарогу». Час, аднак жа, яму надта доўжыўся: карціла яму тая цішыня ў сенях, на якія здалёк зорыў вокам. «Калі не трапяць у ейную крыёўку, а наробяць галасу, дык спалохаюць яе».

Думка гэтая не надта яго й засмуціла, бо разумеў, што ў такім выпадку зноў будзе патрэбен Вініцію ды зноў патрапіць з яго выціснуць значную колькасць сэстэрцыяў.

— Што б ні зрабілі, — гадаў сабе, — для мяне зробяць, хоць ніводзін з іх да гэтага не дадумоўваецца… Багі, багі, дазвольце мне толькі… І нагла абарваўся, здавалася бо яму, быццам нешта выхілілася з сяней, дык, прыціснуўшыся да сцяны, цікаваў, стрымліваючы оддых у грудзях.

І не памыліўся, бо з сяней высунулася паўгалавы нейкае і пачала разглядацца навокал.

Па хвіліне, аднак, знікла.

— Гэта няйначай Вініць або Кратон, — падумаў Хілон, — але калі схапілі дзеўку, чаму яна не крычыць ды чаго выглядаюць на вуліцу? Людзей і так напаткаюць, пакуль бо да Карынаў дойдуць, рух зробіцца на горадзе. Што гэта? На ўсенькія багі несмяротныя!..

І нагла астанкі валасоў вожыкам сталі яму на галаве. У дзвярах паказаўся Урсус з абвісаючым на плечуку целам Кратона і, з’арыентаваўшыся яшчэ раз, пачаў з ім бегчы пустою вуліцаю да рэчкі.

Хілон пры сцяне зрабіўся так пласкі, як кавалак тынку.

— Згіну, калі мяне ззорыць, — падумаў.

Але Урсус борзда прабег каля нарожнага дому і знік за наступным будынкам, а Хілон, доўга не чакаючы, сунуў у глыб папярэчнае вулачкі, звонячы сопалаху зубамі і з вёрткасцю, якою, бадай, і юнак не задзівіў бы.

— Як спанатрыць мяне здалёк, варочаючыся, дык дагоніць і заб’е, — талкаваў сабе. — Ратуй мяне, Зэўсе, ратуй, Апола, ратуй, Гермесе, ратуй, Божа хрысціян!

Уцяку з Рыму, вярнуся ў Мэзамбрыю, выбаўце мяне толькі з рук гэтага дэмана!

І той ліг, што задушыў Кратона, выдаваўся ў гэнай хвіліне сапраўды нейкаю надлюдскаю істотаю. Бегучы, думаў, мо гэта які бог у постаці барбара. У той хвіліне верыў ува ўсіх багоў цэлага свету, ува ўсе німфы, з якіх звычайна кпіў. Марочылася яму таксама ў галаве, што Кратона мог забіць хрысціянскі Бог, і валасы зноў дубам сталі на галаве, як падумаў: нашто заводзіўся з такою магутнасцю.

Аж, прабегшы некалькі завулкаў і спаткаўшы нейкіх работнікаў, воддаль насупраць ідучых, крыху супакоіўся. У грудзях не хапала ўжо й паветра, дык сеў на парозе дому і пачаў рогам сярмягі выціраць на лбе пот.

Поделиться с друзьями: