Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Не, спадару, жыды менавіта найзацятшыя іхнія непрыяцелі. Расказвалі мне, што ўжо перад сянняшнім цэзарам даходзіла амаль да вайны між імі й жыдамі. Цззару Клаўдыю так абрыдлі гэныя закалоты, што выгнаў усіх жыдоў; сяння, аднак, той эдыкт скасаваны. Але хрысціяне хаваюцца ад жыдоў ды ад народу, які, як табе ведама, называе іх злыднямі й ненавідзіць.

Хвілін некалькі йшлі моўчкі, пасля Хілон, страх якога магутнеў у меру аддалення ад брамаў, адазваўся: — Вяртаючыся ад Эўрыцыя, пазычыў я ад аднаго бальмайстра парык і ў ноздры ўсадзіў сабе дзве калівы бобу. Не павінны мяне пазнаць. А каб і пазналі, дык не заб’юць. Людзі гэта не благія, люблю іх і цаню.

— Не хвалі іх перадчасна, — адказвае Вініць.

Увайшлі цяпер у вузкі роў, замкнуты з абодвух бакоў як бы акопамі, цераз якія перакінуты быў у адным мейсцы аквадукт. Месяц тым часам выглядаў з-за хмар, і ў канцы перавалу ўбачылі мур, густа аплецены зеллем. Гэта быў Острыянум.

Заскакала сэрца Вініціева.

Пры браме два фосары правяралі меты. Неўзабаўкі Вініць і ягоныя спадручнікі знайшліся ў месцы даволі прасторным, зачыненым з усіх бакоў мурам. Дзе-нідзе стаялі тут асобныя помнікі, а на сярэдзіне бачны быў гіпагеўм або крыпта, ніжэйшая частка якое ўваходзіла пад зямлю, дзе былі гробы; перад уваходам

у крыпту шумеў вадаліў. Відаць было, што сам гіпагеўм няшмат мог змясціць людзей, дык Вініць здагадаўся, што абрад адбывацімецца пад адкрытым небам на двары, дзе ўжо многа сабралося народу. Як вокам згледзець, лятарня мігацела пры лятарні, а многія з прыйшоўшых не мелі ніякага святла. Толькі некалькі галоў было раскаптураных, усе, баючыся здраднікаў ці холаду, заставаліся ўкрытымі, і малады патрыцый маркоціўся, каб не засталіся так да канца, нельга бо будзе ў такой суталоцы пры слабым асвятленні распазнаць Лігію.

Але вось пры крыпце запалілі некалькі смаловых светачаў, уложаных у малы касцёр. Сталася відней. Грамада пачала пяяць, спачатку прыцішна, пасля мацней, нейкі дзіўны гімн. Вініць ніколі ў жыцці не чуў такое песні. Тая самая туга, якую чуў ад паўгалосна пяючых, ідучы на магільнік, адазвалася і ў гэным гімне, толькі мацней і выразней, а ў канцы сталася так праймаючай і магутнай, што, здавалася, разам з людзьмі пачаў тужыць і ўвесь гэты магільнік, і акалічныя прыгоркі й даліны. Магло здавацца, бы што ўночы галосіць, прызывае ратунку заплаканы ў цемры. Галовы, паднятыя ўгару, быццам бачылі некага там у высі, а рукі малілі, каб сыйшоў. Але песня ўціхала, наставала хвіліна быццам чакання, так праймаючая, што Вініць і ягоныя таварышы мімаволі падымалі жахлівыя вочы да зораў, як бы сапраўды нехта адтуль мог зыйсці. Вініць бачыў шмат розных святынь і ў Малой Азіі, і ў Егіпце, і ў самым Рыме, пазнаў шмат вер і чуў шмат песень, тут, аднак, упершыню спаткаў людзей, узываючых песняй боства не дзеля рытуальнае фармальнасці, але з-пад сэрца, з такое праўдзівае да яго тугі, якую могуць мець толькі дзеці да маці. Сляпы толькі хіба не мог дагледзець, што гэтыя людзі не толькі аддавалі Богу шанаванне, але з цэлае душы яго мілавалі, таго Вініць не бачыў дагэтуль у ніякім краі, у ніякіх абрадах, у ніякай святыні, бо ў Рыме ды Грэцыі тыя, хто аддаваў яшчэ багом шанаванне, рабілі гэта дзеля вымалення помачы або з боязі, але нікому ў голаў не прыходзіла, каб іх мілаваць, любіць.

Хоць меў думкі занятыя Лігіяй, выглядаў яе між грамадою, не мог не бачыць тых дзіўных і незвычайных рэчаў, якія дзеяліся навакол яго. Падкінулі тым часам смалякоў у вогнішча, якое абліло чырвоным святлом магільнік, прыцьмяваючы бляск лятарняў, і ў той жа хвіліне з гіпагеўма выйшаў старац, апрануты ў доўгую сярмягу з каптуром, але з адслоненаю галавою, і стаў на калені тут жа, ля вогнішча.

Грамада захвалявалася. Вобак Вініція пачалі адзывацца галасы: «Петрусь! Петрусь!»… Адны кленчылі, другія выцягалі да яго рукі. Настала так глыбокая цішыня, што чуцён быў кожны ападаючы ў агні вугалёк, барашчанне колаў на далёкай Намэнтанскай дарозе ды шорах ветру ў суседніх пініях.

Хілон нахіліўся да Вініція й шапнуў: — Гэта ён! Той першы вучань Хрыста, рыбак!

Старац падняў руку ўгару і крыжам перажагнаў кленчачых прысутных.

Вініціевы таварышы ды ён сам, каб не здрадзіцца, укленчылі таксама. Наш юнак спершку не мог валодаць сваімі ўражаннямі, выдавалася бо яму, што тая постаць, якую бачыў перад сабою, ёсць і прастачай адначасна і незвычайнай, а тым дзіўнейшай, што незвычайнасць выплывала іменна з ягонай прастачай шчырасці. Старац не меў ані мітры на галаве, ані дубовага вянка, ані пальмы ў руцэ, ані залатое табліцы на грудзях, ані шатаў зарыстых ці белых, адным словам — ніякіх такіх адзнакаў, якія насілі ўсходнія святары, егіпскія, грэцкія або рымскія фламіны. І зноў ударыла Вініція тая самая адметнасць, якую адчуваў ужо ў песнях хрысціянскіх, бо і гэты вось рыбак выдаваўся яму не архісвятаром нейкім, арбітрам цэрэмоніяў, але простым і вельмі дастойным сведкам, прыйшоўшым здалёк, прыносячы з сабою нейкую праўду, якую сам аглядаў, дасягаў рукою, у якую ўверыў так, як у рэчаіснасць, і мілаваў іменна дзеля таго, што ўверыў. З ягонага вобліку біла такая сіла пераканання, якую можа мець толькі сама праўда. Адыж Вініць, хоць скептык, а ўсё ж такі загарэўся цікавасцяй: што скажа гэны таварыш таемнага Хрыста, і што там за навука, у якую верыць Лігія і Пампонія Грэцына.

Тым часам Пётр пачаў мову, гаварыў спачатку, як бацька, што вучыць і дакладае, як павінны жыць. Нагадваў ім, каб выракліся збыткаў, раскошы ды каб мілавалі ўбогасць, нявіннасць абычаяў, праўду, каб цярпліва зносілі крыўду й праслед, каб слухалі старшых і ўлады, каб высцерагаліся здрады, крывадушнасці й абгавору, а ў канцы — каб давалі добры прыклад і самі між сабою, і паганам. Вініція, якому добрым выдавалася толькі тое, што дапамагала здабыць Лігію, а благім — што перашкаджала гэтаму, раздражнялі і гневалі некаторыя з тых радаў, здавалася бо яму, што старац, заляцаючы нявіннасць і змаганне з похацямі, не толькі граміць ягонае каханне, але й Лігію знеахвочвае да яго ды наганяе ёй упорства. Калі яна, думаў, ёсць тут і слухае гэных слоў шчыра, дык у гэнай хвіліне прымушана думаць аб ім як аб ворагу тае навукі і нягодніку.

Думка гэта ўзбудзіла ў ім злосць: «Ну і што ж за навіну пачуў я, — вайцяў сабе. — І гэта маецца быць тая нязнаная навука? Кажны гэта ведае й не раз ужо аб гэтым чуў. Або ж не заляцаюць убоства і абмежавання патрэб цынікі, або ж не паляцаў цноты Сакрат як рэч старую, але карысную? Першы-лепшы стоік, нат такі Сэнэка, што мае пяцьсот цытрыновых сталоў, славіў сціплую памяркоўнасць, заляцаў праўду, цярплівасць у горы, сталасць у нядолі — усё гэта старое ўжо, моў прылеглае збожжа, што мышы цярэбяць, бо людзі яго есці не хочуць за тое, што ад старасці пратухла»… І разам з гневам закрадаўся ў душу знявер, спадзяваўся бо адкрыць новыя чароўныя тайніцы, а прынамсь маніўся пачуць якога парываючага вымоваю рэтора, тым часам чуў толькі дужа простыя, без ніякае прыкрасы словы. Дзіўнай яму толькі здавалася тая загадкавая цішыня і ўважлівасць слухачоў. Старац гаварыў далей да тых заслуханых людзей аб тым, як маюць быць добрымі, ціхімі, справядлівымі, убогімі й чыстымі не таму, каб у гэным жыцці толькі мець супакой, але каб па смерці жыць вечна з Хрыстом у такім вяселлі, у такой славе, росквіце і радасці, якіх ніхто ніколі на зямлі не асягне. Вось тут Вініць, паміма ўпярэджання й знеахвоты, не мог не даследзіць розніцы між навукаю старца і навукаю цынікаў, стоікаў ці іншых

філязофаў, тамтыя бо заляцалі цноты толькі як рэч разумную і практычную ў жыцці, а ён прыракаў за яе несмяротнасць, і то не абы-якую марную несмяротнасць падземную ў нудзе, нікчомнасці, процьме, але светазарную, роўную амаль несмяротнасці багоў. Пры тым гаварыў ён аб ёй, як аб рэчы зусім пэўнай, дык пры такой веры цнота набірала папросту безгранічнай цаны, а жыццёвая бяда-гора выглядала чымсь надта маленькім, сціплым, бо цярпець да часу для пазнейшага шчасця — зусім іншая рэч, чым цярпець толькі для кадука натуры. Старац талкаваў далей, што цноту і праўду трэба любіць не для іх саміх, бо найвышэйшым прадвечным дабром і цнотай ёсць сам Бог, вось жа хто мілуе іх, той мілуе Бога і праз тое сам становіцца ягоным мілым дзіцем. Вініць не цяміў гэтага добра, але ведаў ужо з гутаркі Пампоніі Грэцыны з Пятроніем, што Бог той, на думку хрысціян, ёсць адзіны і ўсёмагутны, а пачуў цяпер, што ёсць ён таксама і найвышэйшым дабром ды ўсёпраўдай, мімаволі здавалася яму, што перад такім Дэміюргам Ёвіш, Сатурн, Апалон, Юно, Веста і Венус выглядалі б моў якая разгуканая кучка, у якой буяняць усе разам і кажны на сваю руку. Але найбольш малады чалавек сумеўся, як старац пачаў навучаць аб тым, што Бог ёсць таксама і ўсёміласцяй, вось жа хто любіць людзей, той спаўняе найвышэйшае ягонае прыказанне. Але мала любіць людзей свайго народу, Бог-Чалавек за ўсіх бо праліў кроў і між паганаў знайшоў сабе выбранцаў, як, напрыклад, цэнтурыён Карнэлі, ды мала любіць тых, хто нам робіць дабро, Хрыстус бо дараваў і жыдом, што выдалі яго на смерць, і ваякам рымскім, што прыбівалі яго да крыжа, дык трэба тым, што робяць нам крыўду, не толькі прабачаць, але любіць іх і плаціць ім дабром за зло; мала любіць добрых, трэба любіць і благіх, любоўю толькі льго злосць з іх выкараніць.

Хілону зараз у думках звіўся каўтун, што быццам работа ягоная дарэмная: Урсус ні за што не адважыцца забіць Глаўка ані сёе ночы, ані якое іншае. Але пацяшаўся зараз другім выснавам з навукі старца, менавіта: што і Глаўк не заб’е яго, хоць бы яго напаткаў ды пазнаў. Вініць ужо перастаў думаць, што ў навуцы старца няма нічога новага, толькі пытаў сябе: што гэта за бог? што за навука? ды што за людзі? Усё, што чуў, не мог судумаць у сваёй галаве. Выдавалася гэта яму нечуванаю навіною. Усведаміў сабе, што калі б, напрыклад, захацеў пайсці за гэнай навукай, дык мусіў бы адрачыся сваіх думак, звычаяў, характару, цэлай дацяперашняй натуры і ўсё гэта спаліць да попелу, а выэкіпавацца зусім новым жыццём, натхніцца зусім новай душою. Навука, якая наказвала яму любіць партаў, сірыйцаў, грэкаў, егіпцян, галаў і брытанаў, выбачаць ворагаў, плаціць ім за зло дабром ды любіць іх, паказалася яму шалёнаю, адначасна, аднак, меў прачуццё, што ўсё ж у самай той адчайнасці ёсць нешта магутнейшае, чым ува ўсіх дагэтуляшніх філязофіях. Думаў: з прычыны адчайнасці ёсць яна невыканальнай, а з прычыны невыканальнасці — боскай. Ягоная душа адпіхвала яе, а почувы падказвалі яму, што расходзіцца ад яе, бы ад нівы квяцістае, нейкі ўпаяючы пах, якога даволі пакаштаваць раз, каб забыць пра ўсё ў жыцці, моў у тым краі лётафагаў, а толькі аб ім лятуцець. Здавалася яму, што няма ў ёй нічога рэчаіснага, і адначасна не менш здавалася, што рэчаіснасць без яе ёсць нечым такім кволым, што не варта нат аб ёй думаць. Разгарнуліся перад ім нейкія прасторы, аб якіх і не гадаў, нейкія хмары. Той магільнік пачаў выдавацца яму збяговішчам адчайдухаў, але таксама і мейсцам таёмным, страхотным, дзе, моў на містычным логве, родзіцца штось дасюль небывалае. Упрытамняў сабе ўсё, што ад першае хвіліны казаў старац аб жыцці, праўдзе, любові, аб Богу, і думкі ягоныя асляпляў бляск, падобна як маланка асляпляе вочы. Як усе людзі, жыццё якіх ператварылася ў адно полымя похаці, глядзеў на гэта ўсё праз спектр кахання да Лігіі, пры блісках гэнай маланкі ўбачыў ясна адну рэч: калі Лігія ёсць на магільніку, калі прызнае гэтую навуку, слухае і бярэ ў сэрца, дык ніколі не станецца ягонай каханкай.

Першы раз ад тае хвіліны, калі спаткаў яе ў Аўлаў, Вініцію прыйшла гадка, што калі б і ўдалося яе адсюль вырваць, дык і так не здабудзе ейнае душы. Нічога падобнага раней не прыходзіла яму ў голаў, дык цяперака не мог сабе ўявіць, бо гэта была думка падсведамая або хутчэй нейкае мутнае прачуццё няўдачы. Прачнулася ў ім трывога, якая воміг змянілася ў буру гневу на хрысціян агулам, а на старца ў асобнасці. Той рыбак, якога на першы пагляд лічыў прастаком, напаўняў яго цяпер жахам і прадстаўляўся яму цяпер бы які таемны фатум, рашаючы ягоную долю сурова і трагічна.

Фосар зноў падкінуў смалякоў у агонь, у пініях вецер прыціх, полымя падымалася роўным танклявым вастрыём да зорнага неба, а старац, нагадаўшы аб смерці Хрыста, пачаў далей толькі аб ім гаварыць. Прысутныя сунялі дыханне, настала яшчэ большая цішыня, чым надоечы, такая, што, здаецца, біццё сэрцаў было чуваць. Чалавек гэны відавочыў! Расказваў так, што каб і вочы закрыў, дык кожны момант жывы ў памяці бачыў бы далей. Расказваў, як, вярнуўшыся з-пад крыжа, праседзелі з Янам два дні й дзве ночы ў вячэрніку без ежы і без сну ледзь жывыя, поўныя журбы, трывогі й сумніваў, з балючымі галавамі ад думак, што ён памёр. О, цяжка было, цяжка! Настаў ужо дзень трэці, і святло абяліла муры, а яны ўсё абодва з Янам сядзелі пад сцяною без рады і надзеі. То зморыць іх сон (бо і ноч перад пакутаю таксама была бяссонная), то будзяцца зноў ды пачынаюць бедаваць нанава. Аж вось паказалася сонца, прыбягае Марыя з Магдалі — з замёршым зяханнем, з развеенымі косамі ды з крыкам: «Забралі Вучыцеля!» Яны гэта, сарваўшыся, давай бегчы на тое мейсца. Ян, як малодшы, дабег першы, убачыў гроб парожны і не смеў увайсці. Ажно як стоўпіліся ўсе трое пры ўваходзе, ён, што расказвае ім гэта, увайшоў і бачыць на камяні посцілку й абвівачы, а цела няма.

Дык апанаваў іх страх, бо думалі, што ўзялі Хрыста фарызэі, і вярнуліся дамоў з большым яшчэ сумам. Пасля прыйшлі іншыя вучні і нарабілі ляманту, то ўсе разам, каб лепей учуў іх Госпад, то па чарзе. Замёр у іх дух, спадзяваліся бо, што ён адкупіць Ізраэля, а тут вось трэці ўжо дзень, як памёр, дык не разумелі, чаму Айцец пакінуў Сына, аж горкім жыццё рабілася, так цяжкай была тая маркота.

Успамін тамтых страшных хвілін яшчэ й цяпер выціснуў дзве слязіны з вачэй старца, якія льго было выразна бачыць пры бляску агню, сцякаючыя з белай барады. Старая безвалосая галава пачала трасціся, і голас заміраў яму ў грудзях. Вініць сказаў у душы: «Гэты чалавек праўду кажа і плача над ёю», а простых слухачоў таксама хапіў жаль за сківіцы. Не раз чулі ўжо пра пакуту Хрыстову і ведалі, што радасць прыйдзе пасля слёз, адыж тое расказваў сам Апостал, навочны сведак, дык аж заломлівалі рукі, плачучы і б’ючыся ў грудзі.

Поделиться с друзьями: