Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мая Іліяда

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"Я чакаў цябе тысячы год..."

Я чакаў цябе тысячы год, І ўрэшце прыйшла ты, прыйшла... А ў вачах тваіх - холад і лёд, А сэрца тваё - скала. Неласкавая ты са мной, Як зімовага мора валы, Як пілы скал пада мной І як снег на схілах Яйлы. І калі я цалую цябе - Так сціскаеш ты гожы свой рот, Быццам я катую цябе, Быццам я - канец і сыход. Растаплю я твае снягі, А іначай - лёс, як свінец, Сконы радасці і тугі, І канец. Сапраўды... канец. 

"Мора гранiтныя хвалi..." 

Мора гранітныя хвалі, Ад ветру чырвоныя людзі, І ты, што мяне кахала І болей кахаць не будзеш. Даўнія вежы суровыя З сухім палыном і ўзлётам, Сатканыя з нашай любові, Са скалаў, тугі і журботы. Якая
бязглуздая сіла
Якім акрываўленым раннем Грані ў іх разбурыла Разам з нашым каханнем? А я застаюся, як з богам, Навекі, навекі закуты Ў твае пяшчотныя ногі, Ў гняздо маё, месу, пакуту. І я ўспамінаю, як кляты, Скалы колеру перца, Вуснаў тваіх гранаты, Сэрца біццё пад сэрцам, На скуры кропляў каралі, Ад сонца медныя грудзі... Кахала мяне ты, кахала... Не будзеш, не будзеш, не будзеш. 

"I бывай. Не трэба шкадаванняў..." 

І бывай. Не трэба шкадаванняў. Што мне ў іх, калі, на боль і зло, Свеціць з неба мне тваё каханне, Быццам месяц, не сваім святлом. Рукі твае - сонечныя соты, Але што заменіць дабрыню? Што мне ў сонцы - без яго пяшчоты? Што мне ў любых вуснах - без агню? 

"Са стэпавымi вятрамi..." 

Са стэпавымі вятрамі, З сухою спявучай травой - Пайшла. І сэрца начамі Нясцерпна плача крывёй. Па той, з душою як камень, Па той, забытай, другой. Няхай. Ўсё было: і вецер, І скалы, і караблі, І мы кахалі, як дзеці, І мы сапраўды жылі Пад сонцам гэтага свету, Ў шалёным бэзавым свеце, На самым краі зямлі. 

Кінааслы 

Пад стромай эфемерныя кварталы, Б'е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос. Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах Я еду на асле, нібы Хрыстос. І на шырокіх ветраных палянах, Дзе адступаюць дубнякі і глог, Махаюць лаўры мне галлём "асанну"... Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог? За гэты горад?.. То не горад - гора... Ўся гэта фальш з павапленай сцяной І я, што дурам на асла успёрся, - Ўсё гэта называецца - кіно. І помніце, што маскі і катурны Не ўсё ў жыцці, - паверце мне, не ўсё, - А на аслах часцей бывалі дурні, І не адзнака для Хрыста - асёл, Нашто "асанну" ліць бяззменнай хваляй? Глядзіце лепш, як на мяжы імглы Над безданню вячэрняй, над правалам Па сцежцы едуць два кінааслы. 

Шайтан-Мярдвень 

Чортавы сходы, Шайтан-Мярдвень, Вымерлых таўраў спаруда. Ледзьве ляплюся... Ой, справы дрэнь!.. Людзі! Ратуйце, людзі! Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул, Асёл або хто заўгодна, - Я б ухапіўся за хвост яму, Нібы за маму родную. Тытанаў шлях паўтарыць захацеў - Ляцець, як арол, над абвалам... Арол, ён ляціць, а вось ты каб зляцеў? Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!! Строма - семдзесят градусаў. Ў прорве цень. І з-пад ног туды камні прамуюць. Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень! Каго хочаш на морд замардуе. Вецер і сцюжа ў кішках аж да дна. Сцяна, і канца ёй не будзе. Дамоў бы зараз, ды шклянку віна... Людзі! Ратуйце, людзі! 

Таўры 

В. Б. В-ч

Таўры жылі, як і ўсе народы: Ваявалі, Кахалі, Гарэлку пілі. Мудравалі, Зліваліся з маці-прыродай... Насваволілі, Навершавалі, Пайшлі. Але так, Без слядоў, Нішто не знікае. І дасюль, Па абшарах сваёй стараны, Між людзей, Непазнаныя, таўры блукаюць І не ведаюць самі, А хто яны? На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены, Пазіраюць, як козы на новы плот: "Ані д'ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем. Што вас несла ў горы? Унізе ж - цяпло!" Дрэмле Кошка-гара, Дрэмлюць таўраў руіны. Я стаю і ўяўляю, Што я не ізгой, Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх, А апошні таўр Народа свайго. О, якая ганебнасць у гэтых згадках! О, які атрутны бяспамяцтва дым!.. Крый нас божа, калі і на нас Нашчадкі Паглядзяць, Як мы На таўраў Глядзім. 

Песня Мехмета 

Ўсё набегі, войны, пажары. Ўсё наперад - ханскі загад. Не было такога абшару, Дзе не стала б наша нага. Хан сказаў! Іначай - магіла. І вялі мы няшчасны палон, І чужыя аулы палілі На вуголле, на попел, на тло. Мы забылі сябе і бога, Разлілі
акіяны зла.
Не хацеў я крыўдзіць нікога, Ды заложніцай - ты была. І было мне адзінаю ўцехай На няшчаснай чужой старане Чуць твой голас - далёкае рэха, Ведаць - ты чакаеш мяне. Верыў, ведаў хвілінай кожнай, Што калісь прыскачу ў Кок-Цюбе, І, як меч спачывае ў ножнах, Так і я адпачну ў табе. Мёртва ў саклі... Хочаш - паслухай? Толькі стогн мой ды храп каня. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? І нашто былі нашы пакуты І пакуты вакольных людзей? Справядлівасць і вера стаптаныя! Хай ў крыві пад васкрылляў звон - Не на простых - на голаў хана Цяжка рухне народаў праклён!
Голых, бедных, палонных, без хлеба... Вось крычыць вязь на ножнах крывых: "Не вымай без вялікай патрэбы, Не хавай без вялікай крыві!" І, жыццё за сабой адсякаючы, З сілай кідаю ножны ў дрок, І ў руках, як змяя крывая, Ртуццю ззяе стары мой клінок. Сцеражыся, палац бязбожны. Я іду. І праўда - мой шчыт. Што мне гэты клінок без ножнаў? Не схаваеш - то трэба сячы! 

Чуфут-Кале 

Быццам толькі што вось адбылася Галгофа. Свет трывожна заціх у барвянай імгле, І зрываюцца ў бездань, у катастрофу Нашы сэрцы: маё і Чуфут-Кале. Абрываюцца сэрцы, схілы, тэрасы, І спакой паўстае чыгуннай сцяной. Быццам толькі што вось яна адбылася... Быццам толькі што вось... А над кім - ўсё адно. Над любым, хто ўзяты сілком ад свабоды, Хто ўтаптаны атамам ў попел і глей, Над маім народам, над іншым народам, Над тваім народам, Чуфут-Кале. Не зямля, а біблія: скалы, каменні, Каляіны ў скале і руінаў іржа. Не хапае толькі авечых ценяў, Не хапае заранкі, узгорка, крыжа. Але столькі ва ўсім самоты і гора, І, ў спакоі забытых, боляў і скрух, Нібы ў дворыках гэтых, малельнях, пячорах Ўсё канае і ўмерці не можа дух. А за мурам шляхі ў безнадзейнасць, ў даліну І даўно струхлелых павозак сляды... І ідзе, ўсё ідзе па плато Магдаліна. Невядома куды. Ў нікуды. Ў нікуды. 

Маўзалей Джанiке-ханум 

Маці хана і жонка хана, Кветка шчасця, пагоншчыца зла, Я была бязмерна каханай І бязмерна грознай была. Паўтаралі імя маё крыкам Нават кінутыя са скал. Я жаданай была і вялікай, Як вада Алаха ў пясках. Я рабыняй была і законам, І абраным дарыў зару Невымоўны рай майго ўлоння І пяшчота вуснаў і рук. І анёл мне ў дзверы пастукаў. І спакой. Да сканчэння год. Дзе яны, мае цёплыя рукі? Дзе падданыя? Племя? Род? Белы камень мёртвых кварталаў, Раз на месяц - казіны крок, Сон муроў, кенасы і скалы, Раніц сінь, барва дня, ночы змрок. Над бяздоннем пячоры-магілы Сотні вокнаў глядзяць у прастор, І ламае час свае крылы Ля магільні на мёртвым плато. Мела час падумаць пра гэта... Што такое багацця гной, Ўлада ўся, ўсё золата свету Перад простай людской цеплынёй. Што такое нянавісць у сэрцы, Кроў, падкопы, людзі-багі Перад простай ісцінай смерці, Перад вечнай спякотай магіл?! Непатрэбная чэрапу ўлада, Непатрэбнае золата тло. І ніхто не скажа: "Ты - радасць". І не крыкне ў адчаі: "ты - зло!" Толькі зрэдку, ў начную спякоту, У асенні чарнільны сум Чую з прорвы словы пяшчоты: "Джаніке! Джаніке-Ханум!" Ціхі кліч у мёртвых кварталах, Цень імя, што ў далёкіх вяках Трапятанне і страсць выклікала. Больш нічога... Як мала... Алах... 

Нараканнi Насрэдзiна Ахмет-Аха эфендзi 

Чым дапікнуў табе стары мула? За што, алах, караеш і караеш? У Бухары і ў Басры мора зла, І пекла ў Мерве і ў Бахчысараі. Ніхто прыўзняць не хоча галавы, Ў былых садах пануе запусценне. Па ўсёй зямлі - ад Хіны да Хівы Пануе зло без літасці й сумлення. Нашто мне вочы есць айчыны дым? Чаму да скону суджана нябогу Не студню бачыць, што патрэбна ўсім, А мінарэт, нацэлены у бога?!. Вакол мяне душыцеляў гайня. Каранам б'юць па чалавечых марах, А ў кожнай суры - нізкая хлусня... І нізасць рабская у кожным твары. Цалуюць ногі, хоць ты іх пілуй, Гнілым мулам і хцівым царадворцам, Ліслівяць, хлусяць, льюць аслам хвалу, Гной ішака ўсхваляюць светлым сонцам. А, што ўжо там: на ўсіх вісіць ярмо. Па ўсёй зямлі адна і тая ж пошасць. Зусім аднолькава смярдзіць дзярмо Ў раба й султана, ў гяўра і святошы. Каго мне джаліць і каго караць? Каго ўратуе шлях пакутны ў Мекку, Калі на ўвесь народ, на ўвесь мой край Ці два, ці тры з найменнем чалавека? Што горды здзек, што вольнай песні ўзлёт Для чарады, чый лёс - бізун агідны. Як мне далей любіць такі народ?.. Няшчасны мой... Ўлюбёны... Ненавідны... 
Поделиться с друзьями: