Ўкруг месяца туманнае гало. Мароз ступае адубелым садам. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне - маё забытае святло. Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ, Самотай зрынута нечалавечай, Цалую я твой горды лоб і плечы І светаў сотні ў бездані вачэй. Цалую рукі - люльку добрых сноў І да грудзей-сумётаў прыпадаю, І гіну ў полымі. І паміраю, Бо згаснула ў снягах даўно яно. Што мне да тысячы начных свяціл? Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, - Яно - за трыста міль. Яно - ў былым жыцці.
Нямыя дрэвы
Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба, Што яно насядае на дым і гне яго да зямлі. На лютаўскіх вуліцах такія пахмурныя твары, Пахмурныя, як хмары, як ноч у міліцыі, Што не хочацца лезці ў аўтобус, а хочацца ўзяць таксі. На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы, Што вароны і тыя неахвотна сядаюць на іх, Не жадаючы пустую сваю сварлівасць Цяжка саджаць на сусветную дрэў тугу. Ах, нямыя дрэвы, нямыя, як мёртвыя рыбы, Нямыя, як паэты ў ліхалецце, ў гады мярзоты, Нямыя, як я, што бязмэтна іду пад імі, Бо Яна забарону паклала на словы кахання. Аб чым мне яшчэ? Я нямею, нямею, нямею, Але ўсё ж безнадзейныя крокі, адбіваючыся ў завулках, Безнадзейна і нема лямантуюць супраць немага неба, Супраць твараў пахмурых, супраць гэтых дрэваў маўклівых, Маўклівых і голых, як даўні шкілет дыназаўра. Кожны
крок - гэта крык аб высокім і сонечным небе, Што блішчыць, як Элады блакіт між калон Парфенона, Аб усмешках, дзіцячых і шчырых, бліскучых, як лёд агнявы, Аб дубах, што спяваюць зялёную, звонкую песню. Аб дазволеных спевах, што ў неба ўзвіваюцца гімнам, Каб, мінуўшы сусвет, ціха ўпасці каханай да ног.
Калi памiраюць...
Калі паміраюць дрэвы - яны павольна падаюць на зямлю, Больш павольна, чым пушок адуванчыка, - і застаюцца ляжаць. Калі паміраюць жывёлы - яны засынаюць у ветрабоі Або чарнеюць на раллі уздзьмутым жыватом, А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі. Калі паміраюць гарады - па анфіладах крочаць рыжыя львы І слізгоча струменьчыкам ртуці змяя па карцінах, што ўпалі ў музеі. Калі паміраюць планеты - застаюцца свінцовыя воды І свісцячая песня пяскоў у расколінах скал. Калі памірае каханне... Але каханне не памірае. Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў, Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай, Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі. Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю ўсмешкай, Львом куртатым кроч, слізгай самаахвярным змеем Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу - Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І смерці няма ў кахання. Чалавек толькі смертны. Але калі дрэвы не помняць, Гарады не помняць, не помняць нямыя планеты - Сэрца помніць каханне і попелам стаўшы з агню. Аб пушыстым снезе бясконца яно ўспамінае, Аб слядах на снезе, аб любых заснежаных веях, Аб журботнай усмешцы і аб горкіх, апошніх, бязважкіх Пацалунках у вочы, запясці і вуснаў ражкі... Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі: Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых далонях, Аб жаданні пакласці жыццё за яе і з успоратым горлам Прыпаўзці і падохнуць ля ног, уратаваных табой. Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца І кружляе з крыкам перадсмяротнай і ўсё ж бессмяротнай тугі Над магіламі мёртвых багоў, над журботным спакоем зрынутых дрэў. Над жывёламі, кінутымі на раллі, Над планетамі мёртвымі і гарадамі - Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.
Снягір
О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы снягір на сасне, Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай, Што ў душы не хацела і ведаць мяне. Ёй былі непатрэбныя звялыя травы, І, ад вераса горкі, вятрыска павеў, І твая некрыклівая гордая слава, І твая перамога, і мукі твае. Зараз нехта другі перад ёю варожыць, Сыпе золата мар, лье славесаў ваду... Што паробіш? Была яна вельмі прыгожай. За такімі і ў пекла мужчыны ідуць. Я пайшоў бы таксама. Ў пякельным дыме Можна ўскласці на ногі цярпення браню І ўсё роўна спяваць аб азёрах радзімы, Плечы гордыя ўзняўшы над морам агню. І няхай першы камень у вочы мне кіне Той з мужчын, хто не зможа мяне зразумець, Той, хто маці сваёй не змяняў на жанчыну - Залатога пяску на брынклівую медзь. І канец. Сталі толькі маім успамінам: Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь, Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней І рука, што лягла на маю далонь. І для шчасця, для сонечнай вечнай кароны Не хапіла мазка адзінага мне: Не хапіла радзімы, іскры чырвонай, Снегіра на заснежанай сіняй сасне.
Песня колаў
І
Кожны раз, як дамоў ад'язджаю, Еду я міма дома твайго... Ноч, як лёс, дамам пагражае Цёмнай злівай, слатой, тугой. Ў небе іскры ўзлятаюць, як слёзы, І, калі мой цягнік закрычыць, Застаешся ты з ноччу і з лёсам На чужым, непатрэбным плячы.
ІІ
Прасціны твае, бы ў калючай асве, Клубіцца скупы цыгарэтны дым... А я табе прапаноўваў свет, Цэлы свет у сэрцы маім. Вольны вецер і песні палян... палян... Неба ў маю... Неба ў маю... Кахання майго акіян... акіян... Сонца і душу... Душу маю... Мне - як табе, пустэчу хапаць. У начах маіх золь і драма. І ёсць дзесяткі, з кім можна спаць, Прасыпацца - ніводнай няма. І знічкаю падае сэрца ў палі І ў агні згарае на тло: Прынцэсы былі, царыцы былі,- Папялушкі адной не было. Хутары сумней у палях і сумней... Спускаюся ў цемру, нібы вадалаз... Прадала, прадала, прадала ты мяне, Прадала, галавой аддала. На спакой змяняла крылаў страду, Катула - на месікаслоў, На смецце - гордае золата дум, На даброты - музыку слоў.
ІІІ
А ён не даў табе і таго... Лёс аднолькава нас адзначаў, Але Муж - не той, хто не знаў батагоў, А той, хто пад імі маўчаў. Па валах, што туды і сюды бягуць, Ён імя, як ветразь, насіў. Вучыў, перавучваў, як чосу дадуць, Зноў вучыў, даравання прасіў. У Каносу бег за сабачай гайнёй, Без шапкі стаяў ля брам, Каяўся перад кожнай свіннёй, Плакаўся ў корчмах сябрам. Заклаў радзіму, Еўропу, род, Вучняў, шэфаў, Дэга, Курбе, Мастацтва, сяброў, Пікаса, народ І цябе... Ты чуеш? Цябе. Багаццем якім ён цябе напыліў? Што прынёс ён табе у дом? Дзе імя, у якое ніхто на зямлі Не насмеліцца кінуць багном? Душы родныя дзе? Ўцяклі і яны. І адна ты ў зброднай глушы, У мурашніку аднадумцаў дурных, Дзе ніводнай роднай душы. Хто яны, што праспалі жыццё і бой, Людцы гэтыя, гэты гной, Што калісьці табой гандлявалі і мной, А сягоння - адною табой?! Ад шчаўчка пігмея лятуць тарчма, Паўзуны, бяскрылае зло, Накіп людская, свінушнік, карчма, Эстэцкіх гадзін кубло. Што ж цяпер за здраду будзе з табой? Не магу і ўявіць сабе, Як ён хрупне пад Этнай пагарды людской, Твой слабенькі, танюткі хрыбет. І ў імя таго, што на цвердзі зямной Кветкі ёсць, і любоў, і трава, - Вы... даруйце за подласць жанчыне дурной, Даруйце... Як я дараваў.
ІV
Колаў стук. І надзея. І горыч. І ў начы гэтай золкай, глухой Ты не спіш з маім ворагам поруч, Як не сплю я з цемрай сваёй. Ад вачэй тваіх бедных і прагных Да маіх спакойных вачэй Повязь цягнецца, цягнецца, цягнецца Ўсё танчэй, танчэй і танчэй.
Iмпрэсiя
Сніў я сон, быццам нехта пяшчотна мяне крануў. Чуў я словы пяшчоты, прывабныя, як міражы. Сон кагосьці здаўна мне вярнуў, пазабытую, але адну, З цемры згаслыя гукі вярнуў да струны, ўваскрасіўшы струну. І яна зазвінела - у явы і сну на мяжы. І на гэтай мяжы я цябе зберагаў, як агонь трапяткі, Як хвіліну дрымоты апошнюю мы беражэм Ад павеваў і пахаў, ад сонца, ад дотыку грубай рукі, І ад песні дажджу, і ад думкі, што нас сцеражэ. Бо не ведаў - і ведаў, - што дзень узляціць, як ласо, І пацягне бакамі мяне па пяску і траве Да турбот, да жыцця, да шумлівых яго галасоў, Да згрызот, забыцця, да імклівых дарог і лясоў, Да ўсяго, што навекі цябе ад мяне адарве, І ўпадзеш ты у змрок, як сляза, як згасаючы дзень, І навекі ты ў цёмных, бяспамятных згінеш вяках Ў міг апошні дрымоты, як толькі наяве ўпадзе Не на грудзі твае, а на ложа пустое рука.
Таруская вiла
На спакойны і радасны дом над Акою Нахіляюць зялёныя косы бярозы. Ў буйным кветніку - ружы, што снегам бялеюць, Чырванеюць пралітай крывёй і жаўцеюць, як здрада. Ружы маняць, бо ў жніўні не падае снег, А муры, зялёныя ад рэфлексаў Сакавітай і чыстай садовай лістоты, Як сярэдневяковы ізумруд маўрытанскі, Адштурхнуць, абясшкодзяць вераломства і кроў. Я
жыву ў гэтым доме, працягнуўшы да светлага сонца далоні. Мне тут чыста і ціха, вандроўнаму мараку, Нават хмурнаю раніцай, Калі чорны туман, Як татарскія коннікі, Пераплывае пустую Аку. Кот пярэсты, спадчына Казакова (Значна горшая за яго апавяданні), Ноччу звонкай і цёмнай прыходзіць з гулянкі - Нават трохі пазней, чым прыходжу я, - Кабіясам лезе ў акно пакоя І спачатку кладзецца на чамадане, А пасля - якое шчасце! Яго не заўважылі! – Лезе ў ложак, кладзецца на ногі і даўнюю песню заводзіць Пра цудоўныя хаты, дзе мучаюць дзеці яго. О дыханне дзяцей! Спакойнае, мірнае, соннае, Як паўночнага ветру павеў, Да якога цягну я руку... Гэта чорны туман? Або, можа, татарскія коннікі З гор паўзуць І плывуць праз пустую Аку? Тут найлепшая бабця на ўсім белым свеце, З добрым даўнім імем, і бяссонніцай, і дабрынёй, І унучка, найлепшая з добрых капрызніц, А ўладар гэтай вілы - найлепшы з тэатральных тыранаў... Галаву прастралі перад ім - і ён усё роўна заўважыць, Што скразнога дзеяння ў гэтым учынку няма. Ён даводзіць мяне Станіслаўскім і Хемінгуэем, Выклікаючы ціхую ярасць у сэрцы маім, Бо не можа заўважыць, што геній, бязмерна мацнейшы За вышэйпамянёных тытанаў, жыве ў яго доме І стварае трагедыі пышнай сусветны шэдэўр. Ўрэшце, бог з ім. Ён геній таксама. І ў слаўным двухтысячным годзе Восем дзірак нашчадкі ў знадворнай сцяне прасвідруюць І павесяць на вілу з пароскага мармуру дошкі, Каб зявакі глядзелі на іх, як варона на палкае сонца, Тупа дзюбу раскрыўшы... Тут заўтра вялікае свята: Сорак шэсць гадавін гаспадар па зямлі пахадзіў... Па вяршынях і прорвах, на нашых няпэўных дарогах Крочыць столькі гадоў - гэта трэба, як хочаце, ўмець. Мойра, дай яму шчасце і сонца і палкі агонь неспакою, Сотню вёснаў і восьмай карціны маёй ухваленне. Назнарок не кажу я нічога пра пані, Што дала гэтай віле імя і прытульнасць, Што ўзрасціла рабіны і дрэвы і ружы, Што аўсянаю кашаю корміць мяне. Нездарма яе скульптары лепяць... (Мяне яны вылепяць, пэўна. Ў трыста год: без зубоў, Без ідэй, без радкоў, без душы...) Мікельанджэла, Вакары, Глебавы, Бембелі, Краўчанкі, Бандарэнкі, Кановы І Яхмесы свету Плюньце на геніяльна-вакхічную храпу маю, І ваяйце жанчын І яе, Тарускую Неферціці З яснай дзіўнай усмешкай, З доўгай шыяй І сапфірам занадта спакойных вачэй. Я сяджу за сталом, І расчынены шыбы аконныя. Ад Капелы дарожка Лягла на цяжкую раку. З процілеглага берага Пасмы туманаў - Татарскія коннікі - З гор паўзуць на мяне І плывуць праз начную Аку. Гэта ты іх паслала праз вёсны пагоняй за мною, Каб яны узялі мяне зноў у крэпасці белай і чыстай, Каб ізноў маю шыю абвіў смяротны аркан успамінаў, Каб прывёў у хлусню мяне дымчаты хмарны табун. Ты, дурнічна, усё скончана. Тут ад бяроз над парканам Да усмешкі, да спрэчкі - іначай усё і ясней... Ўсё не так, як з табою, забытай даўно, непатрэбнай Ні адценнямі слоў, ні вачыма, ні цеплынёй. Адмаўляюць чырвоныя ружы твой рот, а белыя - зубы твае адмаўляюць, Адмаўляюць пахучыя косы бярозы - твае валасы, Адмаўляе Ака твае вочы. Адмаўляюць лясы тваю слабасць, Ветра шум адмаўляе далёкую музыку слоў. І няхай на хвіліну здаецца мне, Што былога сады расцвітаюць, Што над светам вясна затрубіла на срэбнай трубе, Што мне нельга, што ў гэтым спакоі Былое маё ажывае, Што кахаю, кахаю, Безнадзейна кахаю, Па-вар'яцку, Шалёна Кахаю цябе. Ўсё адно. Я навал не хачу, Каб рамонкі тапталі і золата доннікаў, Толькі праўду люблю й чысціню І адданую сябра руку, І таму хай плывуць праз Аку Туманоў тваіх дзікія коннікі, Хай плывуць! Не прайсці ім Аку. Разам з жартамі, песняй і сонечных зайчыкаў роем, Разам з яснай усмешкай няўхільнага жніўня-касца Мы стаім супраць раці тваёй, Як малая і стойкая раць, Што чакае Ўтрапёнага бою, Знае ўсё і стаіць з найвышэйшым спакоем. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Знае ўсё. Але будзе стаяць. Да канца.
"Зноў над ракою чаплi сiвыя..."
Зноў над ракою чаплі сівыя Ў плаўны палёт, як калісь, паплылі... Шчасце маё і раны былыя Гускай і лотаццю параслі. Рэкі вярнуліся да вытокаў. Тая, што сонцам была ў жыцці, Недзе далёка, далёка, далёка, Так далёка, што лень ісці. Ды і нашто? У задушнай кватэры Кволыя думкі ў сшытак пісаць? Ў бога хлусні і нажывы верыць? Трохсотгадовыя транты збіраць? Нават на самую лепшую ў свеце, Нават на цёплыя вусны яе Я не змяняю вільготны вецер, Што ў сітнягах над Дняпром пяе. Сумны свой век няхай дажывае З іншым, з другім, пакінуўшы мне Рукі сяброў, жураўліныя зграі, Стрэльбу і рэк асенніх свінец.
"О вясна! Таполі! Свеце мілы!.."
О вясна! Таполі! Свеце мілы! Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака! Залатая падаплёка крылаў Маладога звонкага шпака! Вечар зацяпліў бярозак свечы. Я адзін. Ты не памёрла, не. Мой забыты, мой апошні светач, Ты ў чужым акне, а не ў труне. Як магла застацца ты ў кайданах? Як магла адмовіцца пайсці Да палян, дзе месяц закаханы Песні "сноў" блакітныя ўзрасціў? Пэўна, я турму не здолеў тую Гнеўнаю пагардай скалануць, Дзе цябе цалуюць, як катуюць, І ўладарна лашчаць, быццам б'юць. Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых Болей не кране мая рука... Над сусветам залатыя крылы Маладога звонкага шпака. Клічуць лебедзі ў начы вясенняй, Кідаючы поўдзень салаўям, І разліў шырокі, і натхненне, Як любоў забытая мая. І няма ў душы маёй праклёнаў, І няма на веях цяжкіх слёз... Заставайся ў клетцы залачонай - Ты сама абрала гэты лёс. Над кахання нашага магілай, Што загубіцца ў былых вяках, Залатая падаплёка крылаў Маладога звонкага шпака.
IV. Інга і Марыя
Жанчыне з бэзам
І я прайшоў калісьці паўз цябе. Паўз вусны смелыя і рук прынаднасць, І змрок вачэй, глыбокіх, як сусвет. На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры, Далёка так, што цэлага жыцця Мне не хапіла б даляцець да іх... Не паляцеў... І гэта так было, Як быццам качаня не захацела Агіднае да лебедзя ляцець. О лебедзь мой, які я быў дурны! Якой дарогай сноўдаўся па свеце, Каму сябе аддаў і раздарыў?! Начамі сон бяжыць вачэй халодных. Начамі змрок. Халодны вецер свішча, Каб разбудзіць змярцвелыя дубы. Крывавыя пупышкі вінаграда Прыціхлі і чакаюць цёплых дзён. А ты ляжыш, і трапятанне вей Бяссоннае, як трапятанне крыл... ...І сёння я ўначы цябе успомніў: Ты крочыла па вуліцы вясенняй, Трымаючы ў руках шалёны бэз, Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў, І сонца ў люстрах дажджавых ляжала Пад кожным крокам дарагім тваім. А вочы - два глыбокія сусветы - Паўзверх вільготных і пахучых гронаў З пяшчотаю глядзелі на мяне. Я зразумеў. Яны ж мяне вучылі Калісьці нездрадліваму каханню, Каханню маладому, на якое Не зменіш вопыт схаладнелых год. Ім нельга здрадзіць, і забыць іх нельга, Як нельга з сэрца выкінуць пяшчоту І подла здрадзіць бэзу і сабе... ...Якая раніца ляжыць над светам! Які разліў! Да гарызонта сінь! І ветразі зялёных вербалозаў На сініх водах - зараз страпянуцца, Напоўняцца і ў грэкі паплывуць. Ты, што мяне чакаць даўно забыла, Дапамагла мне, ўспомніла, прыйшла... ...Будзь блаславёна, доўгае жыццё, Яшчэ не скончанае ў добрым свеце. Ўсё будзе. Толькі гронаў тых не будзе, Цябе не будзе і тваіх вачэй. А можа? Глянь, як свет вакол чакае Святла і цеплыні, даўно забытых. Чакае дуб скарэлы на пагорку, Чакаюць хаты сонечных праменняў, Чакаюць вішні белых пакрывалаў. Душа чакае крыл. І на адхонах Вось-вось, здаецца, расквітнее бэз.