Людзі на балоце
Шрифт:
— Што ты? Што з табой? — трывожна запытала мачыха.
— Н-нічога. Сон п-прысніўся…
— А-а. Перахрысціся. Спі…
За акном церусіў дождж, было чорна і ціха, як у магіле. Лежачы, спакваля спакайнеючы, яна паспрабавала было ўспомніць, што снілася, але не змагла: згадваліся толькі абрыўкі. Луг, заліты сонцам. Васіль косіць. Капа сена. І неспадзеўкі — абруч гадзюкі на назе!..
Дурман ад гэтага сну не выходзіў увесь ранак. Жыў і цяпер. Што ён значыць, гэты сон? Аб чым кажа, што прадвяшчае?
Яна чула ўтому ва ўсім целе, як пасля цяжкой працы. Балела галава, і, як шчасця, хацелася
"Набраліся ўжэ і сягоння, апахмяліліся…" — прайшло ў Ганнінай галаве.
— Памагай Бог у хату! — голасна сказаў Яўхім, зірнуў вясёлымі масляністымі вочкамі на Ганну.
— Дзякуем… Дзякуем на добрым слове! — выбегла наперад яму мачыха. Ганна ўбачыла — яна, як дзіця, прыціскала да грудзей новыя боты — напэўна, Яўхімаў падарунак. — Азалаціў ты мяне! — аж заспявала яна. — Век — пакуль буду — Бога маліцьму… за тваю ласку!..
Усе навокал шумелі, зайздросцілі мачысе: гэта дык падарунак — багацце цэлае! Вось жа шчасце ўвалілася ў рукі Цімашысе!
— Ето — кеб не гразко і не холадно хадзіць було к свайму зяцю! — Яўхім так гаварыў, так глядзеў на ўсіх, што Ганне падумалася: лічыць — ён тут самы жаданы, самы важны, гаспадар і бог!
— От, няхай табе, Яўхімко… — не магла супакоіцца мачыха, — што ты хочаш — няхай усё будзе. За тваю такую дабрату… — Яна паглядзела на боты, жаласна скрывілася, засмаркалася і раптам палезла к Яўхіму цалавацца. — Кеб табе ўсяго було добрага — вазамі. Кеб удача вялася, не пераводзілася…
Калі Яўхіма павялі да покуту, яна бегла побач.
— От тут… От тут, Яўхімко, зяцёк ты мой залаты!.. Тут тваё мясцечко!.. А тут — буяры твае!..
Яўхім сеў за стол, скамандаваў:
— Буяры-гусары! Наша пазіцыя, кажуць, тут! Садзіся!
Ганну з дружкамі пасадзілі за другі стол. Як толькі паселі, барадаты Пракоп наліў чарку гарэлкі, і за сталамі, і не толькі за сталамі — у парозе, каля печы, дзе тоўпіліся цікаўныя, нават за шыбамі, да якіх плюшчыліся твары, ураз прыціхлі: усе ведалі — зараз будзе не абы-якое відовішча!
— На талерку, на талерку пастаў!.. — пачулі ўсе ў хаце Сарочын шэпт. Сарока шмарганула свата за рукаў.
— Не трашчы! Сам знаю! — вырваў ад яе рукаў, аб'явіў уголас Пракоп.
Сарока закапыліла губы, пакрыўджаная, злосная. Пракоп жа паставіў чарку на талерку і няўклюдна, з важным выглядам паднёс да Ганны. Чуючы на сабе позіркі многіх людзей, Ганна, як у даўно завучанай ролі, паклала на чарку хустачку. Усе, хто сядзеў за сталамі, стаяў у парозе і за вокнамі, добра ведалі, што і як павінна быць далей, але сачылі з пільнай увагай. Жыццё ў людзей было
не надта багатае на падзеі, на ўцехі — усе нязводна глядзелі, як Яўхім узяў хустачку, як выняў з пінжака, паклаў на талерку грошы. "Цэлыя тры рублі!" — заварушыліся, зашапталіся многія.Ледзь не ўсіх здзівіла, што Ганна ўзяла такія грошы абыякава, быццам гэта былі не тры рублі, а нішто. "Бач ты, ганарыстая качка, шчэ й не пажаніліся, а ўжэ — як багачка!" — асудзіла маладую Сарока.
Сарока сачыла за ўсім не так, як іншыя, яна цікавала, нецярпліва прагнула: вось-вось прыйдзе момант, калі яна пакажа сябе! Але і недарэка Пракоп і Ганна, быццам назло ёй, рабілі ўсё як трэба: узяўшы грошы, маладая ўзяла потым і чарку і выпіла.
Як толькі выпіла чарку гарэлкі Ганніна дружка Маруся, мачыха выштурхнула наперад к сталам разгубленага, напалоханага Хведзьку, які, апынуўшыся перад людскімі позіркамі, стаў дзікавата азірацца — яўна хацеў шмыгануць у сенцы. Столькі казала, вучыла маці, што трэба рабіць, як прыйдзе яго пара, а выйшаў — ураз забыў усё.
— Хадзі ка мне! — пазвала яго Ганна. — Вазьмі за руку.
— Ідзі, ідзі! Не бойся, браток! — падскочыла да Хведзькі Сарока. — Вядзі к сталу маладога, кеб — даў залатога!
Хведзька азірнуўся на сенцы, падумаў трохі, неахвотна паслухаўся, узяў руку, якую падала Ганна. Глянуў, куды ж весці?
— Туды, да сватоў! — шапнула браціку Ганна, пайшла к Пракопу і Сароцы, якая ўжо важна сядзела за сталом.
— Скажы, кеб заплацілі за маладую! — не ўтрывала, памагла маці.
Хведзька выціснуў:
— Заплаціце… за маладую…
Страшны, як лясун, Пракоп паклаў яму ў далоньку вялікі важкі кружок: гэта быў пятак. Хведзька зацікавіўся, паднёс далоньку з кружком да твару, не адразу і заўважыў, што на яго забыліся. А калі заўважыў — як птушка, перад якой адчынілі дзверы, нырнуў у сенцы…
Пасля таго як бацька і мачыха блаславілі маладых на вянчанне, пад віск дудкі, плач гармоніка і буханне бубна Ганна і Яўхім выйшлі на двор. Ганне кінуліся ў вочы музыкі ў лапцях, аблепленыя гразёю да кален…
Было, як і раней, ветрана, хмарна, нібы збіраўся дождж.
— Трэба ж — столькі гразі нарабіло! — сказаў бацька і заспяшаўся к коням. — Бліжэй падгані! К самаму ганку! — крыкнуў ён хлопцу, які трымаў лейцы.
Ладаваліся ў царкву трыма вазамі: на першым Ганна з дружкамі, на другім Яўхім з братам Сцяпанам і дружынай, на апошнім — Пракоп і Сарока. Трэба было выпраўляцца ўжо, а працэсія не краналася: музыкі, якім трэба было ісці за сяло пешкі і перад вазамі, азіраліся на вазы, тапталіся. Цераз некалькі крокаў холадна паблісквала лужына — па калена, не менш…
— Чаго сталі?! — весела крыкнуў Яўхім. — Не бойцеся! Не патонеце!..
Ён зарагатаў. Пад гэты рогат музыкі асмялелі, зайгралі марш і, хоць без ахвоты, але і без скаргі, пацягнуліся к лужыне. Абавязак ёсць абавязак…
Добра, што хата была край сяла: вуліца, дзякуй Богу, нарэшце скончылася. За сялом неўзабаве дарога пайшла не такая гразкая, цвярдзейшая, і да таго ж тут музыкам — па закону — можна было ўжо сесці на воз. Яны з радасцю і палезлі да сватоў.
Цяпер, як і трэба, паехалі наўскач, з галёканнем, са звонам, аж гразь ляцела з-пад капытоў, з-пад калёс.