Афганская шкатулка
Шрифт:
Раздзел II
Ноч. — Прымірэнне. — Цімава тайна. — Загадкавы барадач. — Утульныя агні хат. — Валік не разумее Ціма.
Усё было скончана. Неяк раптоўна апусціліся прыцемкі, нібы таксама толькі і чакалі гэтага гола. І нібы толькі цяпер апамяталіся хлопцы. Успомнілі, як позна ўжо, адчулі якія яны натомленыя і галодныя. А яшчэ ж дадому колькі дабірацца, а яшчэ ж урокі вучыць. Гэта пасля, заўтра, будзе размоваў! І пра «мазілу» Валіка, і пра гэты апошні гол, прапушчаны «дзіркаю» Цімам. Будзе здзеклівая сценгазета. Будуць перажываць
Вось яны, наступствы Цімавай правіннасці, вось які падарунак зрабіў ён свайму Зарэччу.
Дамоў вярталіся праз лес. Ад месяца, зорак і снегу было светла. Сяльчане ішлі наперадзе, вясёлай гаманкой кампаніяй. Панурыя зарэчанцы расцягнуліся па ўсёй дарозе. Валік дагнаў Ціму. Пайшлі побач. У абодвух на плячах былі клюшкі, на якіх — канькі і клункі з хакейнай амуніцыяй; у Цімы акрамя ўсяго яшчэ і грувасткі скрутак паралону. Збоку, перпендыкулярна ім, рухаліся дзве цені, большая і меншая. На гэтых ценях, ды яшчэ са сваімі клункамі за плячыма, хлопцы падобныя былі на колішніх пілігрымаў ці на Дон Кіхота з Санчам Пансам.
— Пакрыўдзіўся? — вінавата спытаў Валік. Маўчанне. Канечне, пакрыўдзіўся. Валіку тым больш прыкра было, што яго, калі ён не забіў гол, сябар суцешыў, падбадзёрыў. А ён? І навошта вырвалася тое дурное слова? Які б ні быў важны гэты паядынак, ён усяго толькі гульня, забаўка, і не такія ўжо праблемы сусветнага маштабу вырашаліся яго вынікам, каб накідвацца на чалавека. Ды яшчэ на такога, як Цім.
— Не ведаеш, што па тэлевізары сёння? Маўчанне.
— Ну хопіць табе… Досыць ужо. Чуеш? Маўчанне. Нічога, хай. Раз маўчыць — ужо добра. Значыць, хутка адыдзе. Валік добра ведаў яго натуру. Цяпер проста трэба самому больш гаварыць, балбатаць абы пра што. І настане момант, калі сябар вымушаны будзе ўклініцца.
— Цім, паслухай… Дык табе што, сонца ў вочы бліснула? Ці ты. з-таго барадача?
Тут Цім рэзка спыніўся, Валік аж наляцеў на яго.
— Ты таксама яго бачыў?
— Бачыў.
— І пазнаў яго?
А што тут пазнаваць? Гэты барадаты мужчына, ці дзядзька, ці хлопец — хто ён там, ужо мо з паўгода жыве адзін у хатцы ў лесе. Купіў яе ў лясніцтва. Зрэдку заходзіць у краму, дзе Валікава маці прадаўшчыцай, купляе мала і самае неабходнае: хлеб, крупы, цыгарэты. Ніколі — віно ці гарэлку. Маўклівы, дзіўны, загадкавы. Не больш таго. Чужы тут — дык у іхняй Вялікай Паляне цяпер паўсяла чужых. То нейкія бежанцы, то з чарнобыльскай зоны перасяленцы, што таксама дзіўна — Чарнобыль нібыта даўно прайшоў, скончыўся, а іх усё не менее. Гарадскія скупляюць кінутыя хаты пад дачы, будуюць новыя — палавіну поплава ўжо занялі, да лесу падбіраюцца. Лішні чужы чалавек сярод іх навіна невялікая.
Так і сказаў Валік сябру, толькі больш лаканічна.
— Ведаю. Ён жыве ў леснічоўцы. Дык і што? Мала ў нас тут чужакоў? Ідзеш па вуліцы, дык кожнага другога не ведаеш, што за ён.
Хлопцы зноў пайшлі памалу. Снег суха парыпваў у іх пад нагамі.
— Дай мне слова, што будзеш маўчаць, — сказаў раптам Цім. У голасе яго была загадкавасць.
— Само сабою!
— Дык вось, я і праўда з-за яго гол прапусціў. Як убачыў, так і забыўся пра ўсё, і пра гульню таксама.
— Але чаму?
— А таму, што ён не такі просты, як нам здаецца. Чаму ён не размаўляе ні з кім у сяле? Нават не вітаецца?
— Ну, хочацца так чалавеку. Прывык адзін…
— Ды ў тым і справа, што не
адзін! — вырвалася ў Цімы, але адразу ж, нібы спалохаўшыся чагосьці, ён прыкусіў язычок. — Не адзін, а з сабакам, — перавёў усё на жарт. — А калі сур'ёзна, няўжо ты не адчуваеш тут тайны? Чаму ён адзін? Чаму усіх староніцца? Адкуль бярэ грошы? Што ён тут, у нас, увогуле робіць?Валік паціснуў плячыма.
— Мне гэта зусім не цікава, калі шчыра, — прызнаўся ён.
— А табе не прыходзіць у галаву, што ён тут проста хаваецца? Ад некага ці ад нечага. У яго ўсе панадкі злачынцы. А лепшага месца, каб схавацца і пераседзець небяспеку, чым нашая глуш, і знайсці цяжка.
Валік, канечне, ведаў і раней, што сябра ў яго — выдумляльшчык хоць куды, і калі не стрымліваць яго, не спускаць час ад часу на зямлю, фантазіі яго могуць завесці далёка. Але цяпер нават ён быў уражаны.
— Гэта і ёсць твой сакрэт? І з-за гэтага… ты прапусціў гол?
— Ды што ты зноў са сваім голам?! — узлаваўся Цім. — Што мы, дзеці малыя?
— Канечне, канечне! Супакойся, гэта я так, проста.
Лес скончыўся і пачалася вясковая вуліца. Свяціліся вокны хат, брахалі сабакі і пахла дымам з комінаў. Цім жыў блізка, адразу ж тут, пад лесам.
— Ну, да заўтра?
— Да заўтра!
Сябры развіталіся. Цім звярнуў на прачышчаную ў снезе сцежку, а Валік бягом кінуўся па доўгай вуліцы. Вунь яго двухпавярховы домік. Якое ўтульнае святло ў вокнах! Бацькі глядзяць тэлевізар. На кухні чакае смачная, цёплая яшчэ вячэра. Невялікі, затое ўласны пакойчык чакае, дзе сцены ў шпалерах з такімі знаёмымі, роднымі ўзорамі, дзе драўляны ложак з чыстай пасцеллю, кніжная шафа з любімымі кнігамі, стол, на якім падручнікі і сшыткі. Усё гэта вечнае, яно было, ёсць і будзе. І якая чароўнасць у гэтым пастаянстве! Не, Валіку ніколі не зразумець сябра. Дужа яны розныя. Адзін любіць простае, будзёнае, другі — толькі штосьці незвычайнае. Цім — гэта неба, а Валік — зямля.
Раздзел III
Урок геаграфіі. — Сценгазета. — Шыфроўка ад Цімы. — Ізноў пра барадача. — Валікаў рэалізм і Цімавы фантазіі. — Сорам. — Згода разам разгадваць таямніцу.
За вокнамі яшчэ як след не развіднела. На двары — проста снежная кругаверць! Гуляе вецер, мяцеліца намятае сумёты ўздоўж вуліц, сыпле жменямі снег ва ўсе куткі, куды можа дапасці. Снег сыплецца нават на падконнікі ад двара — палавіна шыбаў знізу ўжо закрытыя.
А тут, у светлым, прасторным, цёплым ад батарэй класе так здорава. На падлозе каля сцяны, на шафах уверсе і на дзвюх падаконніках стаяць вазоны розных дэкаратыўных раслінаў. Нязвыкла бачыць, што яны такія зялёныя, поўныя жыцця, калі за вакном самы разгул снежня. Цвітуць чырвоныя і белыя герані, кактус, як скручаны ў клубок зялёны вожык, таксама набрыняе зверху тоўстай пупышкаю, з якой з'явіцца адзіная вялікая кветка, фікусы развалілі свае лакіраваныя тоўстыя лісты-лапухі і ані дбаюць пра зіму.
Сеецца са столі дзённае святло. Адна з лямпаў крыху падміргвае і гудзе манатонна, аднастайна, зліваючыся з голасам настаўніцы.
Эла Іванаўна прахаджваецца між радоў і дыктуе:
— Тэрыторыя нашай Беларусі займае плошчу, роўную дзвесце сем і шэсць дзесятых квадратных кіламетраў.
Ад яе роўнага голасу, ад цяпла, святла, ад зеляніны вазонаў пануе ў класе нейкі сонны настрой. Адчуванне такое, што поры года змяшаліся і тут, у класе, заблукала лета… Кавалачак лета, абмежаваны чатырма сценамі І ад гэтага таксама лёгка, радасна на душы — бо і на самай справе будзе ж яно некалі, лета!