Афганская шкатулка
Шрифт:
У той дзень «афганец» быў зусім маўклівы, разгублены. Як заўсёды, увечары прыйшоў зямляк, падзяліўся радасцю: заўтра яго выпісваюць. У палаце былі толькі яны ўдвух. Зямляк хацеў уключыць магнітафон, «афганец» папрасіў:
— Не трэба. Я хачу табе нешта сказаць. Я ведаю, што не выжыву. Не суцяшай! — павысіў ён голас, угадаўшы, які рух зрабіў і якія словы збіраецца зараз сказаць зямляк. — Неяк у рэанімацыі, яшчэ ў Ташкенце, я падслухаў, урачы сказалі — гэты доўга не працягне. Дык вось, будзь уважлівы! І запамінай. Калі мяне не стане, толькі ты адзін будзеш аб гэтым ведаць. Нагніся.
І ён зашаптаў, ды так ціха, нібы баяўся, каб нават сцены не падслухалі ягонай тайны. Зямляк слухаў моўчкі. Падчас усяго расказу ён нават не зварухнуўся.
Вось
Аднак не будзем забягаць наперад!
Раздзел I
Лёдавае пабоішча. — Галоўны недахоп сяла Вялікая Паляна. — Цім і Валік. — Овер-тайм. — Не забіваеш ты — забіваюць табе. — Варатар Дзірка з каманды «Рэшата». — Барадач з сабакам.
Бітва сяльчан з зарэчанцамі вялася ўжо трэцюю гадзіну, а ўсё не відаць было канца ёй.
Мужна сыходзіліся між сабою байцы. Грудзьмі адзін на аднаго наляталі, касцьмі клаліся, сцяна на сцяну пёрлі — аж патрэскваў пад іх цяжарам тонкі лёд. Штораз выбухала наваколле то крыкамі радасці, то енкамі адчаю. Але ніхто не хацеў здавацца. Пералому ў бойцы ўсё не наступала. Да канца намерыліся стаяць воіны, — дарма што самаму малодшаму з іх было ўсяго дзесяць гадоў, а самаму старэйшаму — пятнаццаць, і што бітва паміж імі ішла бяскроўная, бяскрыўдная, тая, што завецца замежным, але на дзіва лёгкім для беларускага вуха і языка словам — хакей.
Канаў пакрысе кароткі зімовы дзень. Палавіна сляпучага чырвонага сонца ўжо схавалася ў цёмным бары, які шчыльнай сцяною з усіх чатырох бакоў акружаў пляцоўку. Апошнія промні яго яшчэ прабіваліся праз зубчатыя вершаліны хвояў і залатымі палосамі клаліся на лёд, зіхацілі яго і расквечвалі ўзорамі.
Малады месяц не стаў чакаць, пакуль сонца схаваецца ўсё. Выскачыў раней часу, застыў на другім баку неба. Так яны і віселі: палова чырвонага сонца на захадзе і бледны, ад уласнай смеласці разгублены кружок месяца на ўсходзе. Дзівіліся то адзін з аднога, то пазіралі ўніз, на гэтых няўрымслівых, зусім маленькіх, калі глядзець на іх зверху, людзей, якія невядома чаму сабраліся сярод глухога лесу, расчысцілі ад снегу пляцоўку, паздзяліліся на дзве каманды і вось носяцца адзін за адным, мітусяцца без толку без ладу, не баючыся ні марозу, ні ветру, забыўшыся на дзень і на хуткую ноч.
Вось аб усім гэтым і будзе напісана заўтра ў школьнай сценгазеце. Ды яшчэ не прозай напісана, а вершамі! Сценгазету вывесяць з самай раніцы, перад урокамі. Відаць, ноч не спаў, шчыруючы, невядомы аўтар. Пачнецца «паэма» так:
Знайшлі яны між лесу поле — Ёсць разгуляцца дзе на волі!І далей, па традыцыі ўдзяліўшы крыху месца апісанням прыроды, ананім ваўсю пачне здзеквацца з пераможаных — зарэчанцаў, і спяваць падхалімскія гімны пераможцам — сяльчанам.
Зарэчанцы, канечне, вершык гэты ў пух і пер'е раскрытыкуюць — за здзеклівасць, за пафасныя нацяжкі ды і проста за няпраўду, якая адшукалася ўжо ў першым радку. Так вось лёгка яны прыйшлі і «знайшлі між лесу поле»!.. Гэта толькі ў паэтаў усё гладка. А ў рэальнасці адшукаць гэтую пляцоўку было справай самай цяжкай. Па-першае, амаль увесь снежань стаяла адліга. Калі ж нарэшце прыціснуў марозік, дастатковы, каб скаваць лёд, аказалася, што вялікага, прыдатнага для такой баталіі поля і няма. І шукалі яго ніяк не менш за тыдзень.
А баталія паміж імі
даўно чакалася! З самай восені прагнулі памерацца сіламі гарачыя хлопцы і з таго, і з другога канца Вялікай Паляны. Сяло было «разрэзана» папалам маленькай безыменнай рачулкаю. З давён-даўна яна з'яўлялася для людзей мяжою, дзелячы Вялікую Паляну на Сяло і Зарэчча. І колькі стаяла вёска, столькі ж жыла ў людзях гэтая дурная варажнеча паміж двума канцамі, у спадчыну перадавалася з пакалення ў пакаленне. І далёкія прадзеды цяперашніх супернікаў, і дзяды, і нават бацькі іхнія як мінімум раз на год збіраліся ў загадзя прызначаным месцы, каб даказаць сваю правату. Прычым спосабам самым прымітыўным — кулакамі. Але ўжо старэйшыя браты, а цяпер вось і яны, падлеткі, вучні чацвёртых — шостых класаў ганебны звычай гэты перапынілі, разумна разважыўшы, што існуюць куды больш сімпатычныя, куды цікавейшыя разборкі, раз ужо без іх зусім нельга. Футбол і валейбол улетку, шахматы і хакей — зімою.Дык вось. Што да лета, тут асаблівых праблемаў ніколі не ўзнікала. Улетку што трэба? Тугі, звонкі мяч, добры настрой ды каб з неба не капала. Зусім не тое зімою. Сапраўднай бядой іхняга сяла былі бязводныя ваколіцы. Усяго хапала: лесу, палёў, ўрадлівай зямлі, садоў, а вось на ваду паскупілася прырода. Ды і людзі прыклалі рукі. Балоты даўно паасушвалі, а разам з балотамі пазнікалі і азярыны, якіх раней было процьма. Гэтай зімой высветлілася, што і на іхняй адзінай рачулцы, дзе паядынкі адбываліся раней, больш не пагуляеш. І без таго маленькая, вузкая — у сухое лета яе можна было пераскочыць з месца — з кожным годам яна усё больш мялела, а гэтай восенню не разлілася зусім, хоць дажджы лілі ўвесь кастрычнік.
Можна ўявіць хлопцаў адчай. Усё было да гэтай сустрэчы падрыхтавана. Пашыты накаленнікі і шчыткі, навостраны былі напільнікамі канькі — так, каб «іскры з лёду выбіваць!». Накуплена ў горадзе запасных шайбаў. У кожнага па дзве-тры безадказныя, адданыя, у баях правераныя клюшкі — зручныя, гладкія, лёгенькія, з перамотанымі сіняй ізаляцыйнай стужкай кручкамі; здаецца, самі прырастаюць да рук. На ўтаптаным да цвёрдага насту снезе праведзены трэніроўкі — праўда, без канькоў і замест шайбы — мячык. Вымуштраваныя варатары-брамнікі кідаюцца на мячык, як коршакі на вераб'я, целам закрываць кожны сантыметр варот, бяруць нават «мёртвыя», стопрацэнтовыя галы. Усё гатова да змаганння! Зіма прыйшла — снег, мароз! І такая крыўдная, банальная прычына — лёду няма.
Так што мелі рацыю зарэчанцы, крытыкуючы паэму. Зусім не проста было «знайсці між лесу поле».
Памог, як звычайна, выпадак. Бацька зарэчанскага варатара Цімоха — Ціма, ляснік па прафесіі, блукаючы па сваіх лясных справах, натыкнуўся на стары закінуты кар'ер, кіламетры за чатыры ад вёскі, і сказаў сыну, што там ёсць вада, а значыцца, і лёд. Пра кар'ер ведалі ўсе. Толькі ён заўсёды быў сухі. А гэтым годам, відаць, восеньскімі дажджамі намыла яму на дно гліны і вада затрымалася. Глыбіня была невялікая, але так нават лепш: значыць, нават у слабы мароз схопіцца лёд, дастатковы, каб трымаць людзей. А калі і правалішся — «шухнеш», як у іх казалі, — не бяда, вады менш чым па калена. Затое шырыня, прастор, раздолле!
Грэх было губляць час. У той жа дзень, як пачулі, зляцеліся пасля ўрокаў на кар'ер. Такія адзін з адным ветлівыя, такія на дзіва дружныя — і зарэчанцы, і сяльчане. Размецілі пляц, расчысцілі ад снегу. Збілі з дошак «борцікі», увагналі ў лёд калы — вароты, абцягнулі іх нават старымі, ўдвая складзенымі валейбольнымі сеткамі. Словам, усё падрыхтавалі для заўтрашняй гульні.
І назаўтра зноў ажыў кар'ер. Глухі, сіратлівы да гэтага лес напоўніўся вясёлым галёканнем. Гарэлі здаровай чырванню маладыя шчокі. Шоргалі аб лёд канькі. Стукалася аб клюшкі і аб борцікі шайба. Музыка зімы, візітная картка зімы — гэты пошчак! І падабрэлі, пахарашэлі суровыя дасюль хвоі, яшчэ цясней стоўпіліся па краях кар'ера, як якія спартыўныя заўзятары; вось толькі не зразумець было, каторая за якую каманду перажывае.