Зорны спеў
Шрифт:
— А як ты лічыш,— нібыта пытае, нібыта прапануе разважыць яго сумненні і прыжмурвае вока (мне відаць яго лоб і вока ў люстэрку аўтамашыны),— ці не здаецца табе, што хваля гістарычных аповесцей, апавяданняў, вершаў, што зараз набірае сілу ў нас, таксама нечым нагадвае тую старамодную рамантычнасць, якая была ў Марыі Родзевіч? Таксама гэта як бы запозненая з'ява. Чытаеш іншы раз і шкадуеш, чаму не з'явіліся такія рэчы ў XIX ці хоць бы ў пачатку XX стагоддзя. Цяпер гістарычная літаратура такога тыпу мае меншыя шансы. Як да яе студэнты ставяцца? Не дужа, відаць, захапляюцца?
— Наадварот. Гісторыкі ў нас не любяць пісаць папулярна, а цікава пісаць мала хто ўмее. Таму ў моладзі, асабліва ў «філалагічнай» моладзі, моцны голад на даўніну.
— Дык там жа ідэалізавана, прыхарошана...— Яўген Іванавіч паблажліва ўсміхаецца,— ды часта не тое, што варта ідэалізаваць. Вось апісвае, напрыклад, адзін малады аўтар князя і захоплена ўскліквае: «Як ён прыгожа еў!» Хіба князь умее прыгожа есці? Арыстакратычная манернасць у застоллі прыгожая? Мужык, селянін есць прыгожа, са здаровым апетытам есць і крошкі акуратна сабярэ. Вось гэта прыгожа! А то — князь... Я рукапіс таго аўтара, хоць ён мо і пакрыўдзіцца, многа дзе скараціць прапанаваў, калі для «Полымя» вычытваў.
Мне здаецца, што недахопы літаратуры на гістарычную тэму — гэта адно, а пытанне пра яе запозненасць — другая справа, таму я перадаю Яўгену Іванавічу словы студэнтаў, ацэнкі канкрэтных твораў, гавару пра тое, як цікава і хвалююча праходзілі ў нас, у Брэсцкім педінстытуце, сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Мне здаецца, што ў яго рамантычных творах пэўная ідэалізацыя свету якраз і падабаецца моладзі. Канешне, важна, каб рамантызавалася вартаснае, гуманістычнае. Мне вядома, што студэнты і асабліва студэнткі захапляюцца ў рамантычных творах высакароднасцю герояў, адухоўленасцю штодзённых адносін паміж імі. Гістарызм тут — сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых. Не падабаецца дзяўчатам залішняя спрошчанасць асабістых адносін, развязнасць, якую пад выглядам дэмакратызацыі таварыскіх зносін практыкуюць некаторыя сучасныя маладзёны. Дэвальвацыя рыцарскай паставы ў нейкай часткі нашых маладых мужчын засмучае інтэлігентных дзяўчат.
Нешта падобнае, што ў вашым вершы «Сучасная дуэль»,— пераходжу я на канкрэтнасць і нават спасылаюся на афарызм Канта, які назваў мастацтва гульнёй, у часе якой высакародныя думкі становяцца звычкамі ды змякчаюць дзікасць нораваў.
Яўген Іванавіч, відаць, палічыў, што пазіцыі высветлены, пераводзіць размову на іншую тэму:
— Тут жа недзе павінен быць Дзівін?
Я здагадваюся, што гэты гарадок зацікавіў Максіма Танка ў сувязі з сялянскім паўстаннем 1933 года. Расказваю паважанаму госцю, як я першы раз трапіў у гэтыя мясціны ў маі 1950 года, цікавячыся вытокамі паэмы Таўлая «Кобрыншчына».
Пра Кобрынскае паўстанне Яўгену Іванавічу расказваў па свежых уражаннях Мікалай Дворнікаў, які арганізаваў тады дэманстрацыю сялян супраць голаду і кіраваў паходам на маёнтак Булькова. А ўзброены напад на пастарунак паліцыі ў Навасёлках і намер заняць Дзівін — гэта ўжо рэвалюцыйная ініцыятыва сялян, стыхійны парыў. Валянціну Таўлаю расказаў пра тую баявую ноч Канстанцін Грабайла, паўстанец, які сядзеў з ім у адной камеры на Лукішках.
Гаворка наша трапляе то ў давераснёўскія, то ў ваенныя часы, але па сутнасці яна пра адно — пра чалавека, пра яго здольнасць на гераічнае, высакароднае дзеянне, пра знаходлівасць, уменне знайсці выйсце і з кур'ёзных абставін.
Да сакратара Навагрудскага акругкома камсамола, у якога летам 1932 года спыняўся Максім Танк, тады інструктар ЦК КПЗБ, прывезлі з Вільні падпольную літаратуру. Дзяўчына-кур'ер у той жа вечар, выканаўшы даручэнне, стала маткаю. Аказалася, дзяўчына была служанкаю ў горадзе, і гаспадары прадбачліва звольнілі цяжарную з работы. Да бацькоў у вёску ехаць баялася. Падрадзілася перавезці літаратуру падпольшчыкам. Ці не разабраліся, што жанчына ў крытычным стане, ці, можа, думалі — менш падазрэнняў будзе выклікаць у паліцыі... Давялося маладым
сябрам узяць не малы па тых умовах клопат на сябе.Прыгадваецца Танку Нарачанскае паўстанне рыбакоў. ЦК КПЗБ даручыў яму выратаваць інструктара ЦК Аляксандра Багданчука, параненага паліцыяй. I ён уладзіў пераправу важака паўстання за граніцу — у СССР. Паэт дзівіцца сёння, але не са сваёй смеласці падпольшчыка, а з літаратурнай дзёрзкасці, з якою ён анісаў тыя падзеі ў паэме «Нарач».
— Калі б паліцыя была хітрэйшая, дык для яе лепшага матэрыялу і не трэба было б шукаць. Але мастацкіх твораў яны не разглядалі ў такім аспекце. Маё шчасце!.. А то маглі б цераз маю паэзію папасціся ўдзельнікі... Вось было б!..
Максім Танк задумаўся, маўчыць. Пад уражаннем пачутага я пачынаю неяк больш выразна адчуваць сакрэт мастацкасці. Часта, не толькі ў адказах школьнікаў ці студэнтаў, даводзіцца чуць выказванне, быццам мастак адлюстроўвае рэчаіснасць адною галавой — думкі, ідэі, доказы... або толькі адным сэрцам — пачуцці, любоў і нянавісць, захапленне і пагарда — у лепшых выпадках рацыянальнае прыплюсоўваецца да эмацыянальнага. А на самай справе мастак адлюстроўвае рэчаіснасць усёй асобай, жыццём сваім, сваёю рызыкай, сваімі чалавечымі поспехамі і няўдачамі, шчасцем і горам — сваім лёсам. Тут увесь сакрэт. Тут таямніца мастацкага ўздзеяння — чалавека на чалавека, лёсу на лёс.
Цяпер, рыхтуючы гэтыя нататкі да друку, мне хочацца ўвесці факты, якія тады, у 1965 годзе, я толькі пачынаў збіраць — факты архіўныя. Надта ўжо яны пасуюць сюды.
Інфармацыйны камунікат польскай паліцыі № 142: «Скурко Яўген, псеўданім «Сівер», сын Івана і Дамінікі з дому Хвалько, народжаны ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскай воласці Пастаўскага павета, вучань, праваслаўны, кавалер, рост 172 см., светлы бландзін, вочы блакітныя, апошні час пражываў у Вільні, вул. Букавая, 14, кв. 1, дня ІІ.ІУ.1932 г. зволены з-пад арышту, з турмы на Лукішках акруговым следчым панам Булгакам, абвінавачаны па артыкуле 102 крымінальнага кодэкса. Уцёк у невядомым кірунку, відавочна, у СССР»2.
Згубленую нітку гэтай падзеі мне давялося знайсці ў «Кантрольнай кнізе арыштаваных дзісненскаю павятоваю паліцыяй у горадзе Глыбокім за 1931-1934 гг.». Супроць парадкавага нумара 131 там запісана:
«24 мая Скурко Яўген, сын Івана і Дамінікі... арыштаваны як суб'ект, на якога вёўся розыск. 26 мая 1933 г. а шостай гадзіне адпраўлен па этапу ў распараджэнне акруговага следчага суддзі ў Вільні, пана Булгака»3.
Суд ішоў два дні — 6 і 7 лістапада 1933 года, кастрычніцкімі святамі. Следчыя, як гаворыць сам Яўген Іванавіч, фабрыкавалі гэты працэс паспешліва, бо звялі ў адну кучу людзей, якія да суда, на волі, нават не бачылі адзін аднаго ў вочы. Злосная фантазія пракурора стварыла на паперы з гэтых людзей групу змоўшчыкаў, якія намерваліся адарваць ад польскай дзяржавы ўсходнія землі. Так была заведзена «Справа Серафіма Лавора і іншых». Лавор — гімназіст, абвінавачваўся за тое, што вёў камуністычную агітацыю ў часе перадвыбарчай кампаніі, а іншыя — хто ў чым. Пад націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго.
Але пракуратура і следства не збіраліся дараваць гэтую сваю няўдачу. Яны ведалі, каго трымалі ў руках. Пракурор патрабаваў кары, падаў на апеляцыю. Апеляцыйны суд сабраўся на пасяджэнне ізноў у знамянальную камуністычную дату — 1 мая 1934 года. Справу Танка тут абараняў стары віленскі адвакат, былы ўдзельнік I з'езда РСДРП Казімір Петрусевіч. У свой час ён быў абаронцам Якуба Коласа. Адвакату ўдалося адстаяць Максіма Танка. Апеляцыйны суд даў маладому паэту два гады турмы ўмоўна. Рашэнне матывавана «тым пераконаннем, што кара такога роду будзе для яго дастатковай перасцярогай»4.