Жалезныя жалуды
Шрифт:
За адну-дзве вярсты паперадзе дружыны ішла чата 11 на самых хутканогіх конях. Калі дарога была вольная і нішто не насцярожвала чатнікаў, яны на лясных выспах запальвалі высокае вогнішча з белым дымам, калі ж надаралася нечаканая перашкода або мог пагражаць вораг — з чорным.
На другі дзень паходу пакалечыў нагу халоп Найдзён. Павёў паіць коней да лясной азярыны і трапіў у самалоў, які новагародскія паляўнічыя называюць ступіцай. Самалоў, хітра зацярушаны травой і свежым лісцем, чакаў ваўка або лісіцу, але напароўся на яго няўклюдны халоп і ад страху заенчыў на ўвесь лес. Падбег Далібор з Косткам, спытаў, сціскаючы меч:
11
Чата — разведка, дазор.
— Што з табою?
— Лесавік за нагу ўхапіў,—
— Даруй мне, дурню, княжыч, — паныла прамовіў халоп, — цябе я павінен пільнаваць-даглядаць, а не ехаць на кані, як яловая калода.
— Кінуць бы цябе аднаго ў пушчы, каб камары ўсю кроў выпілі, тады б ты вочы займеў, бачыў бы, куды нагу ставіш, — за Далібора жорстка адказаў Костка. Хлоп пабялеў, са страхам паглядзеў на яго.
На сухім грудзе пасярод густога лесу напаткалі мноства вялікіх і малых камянёў, якія стаялі і ляжалі асобнымі купкамі.
— Баярскія магілы, — праляцела між воямі. Далібор і раней бачыў такія камяні, калі разам з князем Ізяславам ездзіў у Веверэск.
— Які народ тут ляжыць? — спытаў ён у Косткі. Лях толькі паціснуў плячыма. Ніхто не ведаў гэтага.
Ведалі толькі, што самыя вялікія камяні стаяць у галаве і ў нагах у нябожчыкаў.
— За грахі пакараны ўсе гэтыя людзі,— упэўнена сказаў вой па імені Вель. — Гасцяваў я ў вотчыне баярына Яромы. Дык там возера ёсць, глыбокае, дна не ўбачыш. Гаварыў баярын, што раней на месцы возера была дужа багатая весь. Прыйшоў туды бог у вобліку старога жабрака і папрасіў, каб накармілі яго. Але ніхто не злітаваўся над старым, крошкі ніхто не кінуў. Толькі адна жанчына пашкадавала жабрака, дала яму паесці і яшчэ бохан хлеба на дарогу. Разгневаўся бог на ўсіх веснякоў, не шкада яму было іх ні капачкі. Шапнуў ён жанчыне: «Збірайся і хуценька сыходзь з вёскі, але, глядзі, не азірайся». Пайшла жанчына, ды ўжо каля самага лесу ўспомніла, што серп у хаце забылася, не сцярпела, глянула назад цераз плячук. І адразу на месцы весі вада раскінулася, возера забушавала, а сама жанчына валуном зрабілася. Жыхароў жа бог ператварыў у камяні і раскідаў на ўзгорку. І сёння яны там ляжаць, як вось гэтыя.
Вель наском скуранога бота тыцнуў абамшэлы камень.
— Як леў мясаедны карае шакалаў, так і Хрыстос пакараў недавяркаў,— выгукнуў Костка.
Усё глушэў лес. У некаторых месцах даводзілася мячамі і сякерамі прабіваць шчыліну ў непарушнай сцяне дзікага хмызу, каб мог прайсці конь. Воі стаміліся. Коні спуджана храплі. Пот выядаў вочы.
Але і ў гэтым, здавалася б, мёртвым гусцяжы пільны позірк мог заўважыць прысутнасць чалавека, які не аднойчы бываў тут, а можа, і зараз сачыў за новагараджанамі, схаваўшыся зусім побач. Пад рэдкім промнем сонца, што часам прарываўся ў лес, успыхваў, блішчаў дасюль непрыкметны ліст. А можа, гэта цікуе насцярожанае чалавечае вока? Пра тое, што гэты лес абжыты людзьмі, даводзіў і самалоў, на які напароўся Найдзён, і камень над ручайком, з якога Далібор глынуў цурок вады. Ужо нагнуўшыся, княжыч убачыў у траве на самым беразе камень. На камені невядомай рукой былі выбіты след босай чалавечай нагі і конская падкова.
— Вось гэта лес, — здзіўлена-разгублена сказаў Далібору Костка. — І звер не пераскочыць, і птах не пераляціць.
Зусім кепска зрабілася новагародскай дружыне, калі ўсчалася непагадзь. Якая ўжо дарога была ў лесе, але дождж разбіў і яе. Падвязалі коням хвасты, каб меней пэцкаліся ў гразі. Дождж дужэў, ляцеў і ляцеў на лес. Глухі бясконцы шум палохаў людзей і коней.
На начлег ваявода Хвал прыпыніў дружыну ў негустым бярэзніку, які светлым акном пракінуўся між старых змрочных елак. Зашыпелі кволыя вогнішчы. Усё было мокрае, слізкае, як балотны вуж. У змроку ўбачылі, як грузна прайшоў непадалёку велізарнейшы зубр. Тры чалавекі маглі б умясціцца між ягоных рагоў. Ен соп, ламаў галлё, злаваў на людзей, што парушылі адзіноту, але падбегчы да вогнішчаў, раскідаць, растаптаць іх пабаяўся і знік за дрэвамі, як гара.
Найдзён дапамог Далібору распрануцца, пачаў сушыць над агнём адзенне, спачатку княжычава, потым сваё. Напялі пад густой елкай паходны скураны шацёр, заслалі зямлю веццем, лапнікам, а зверху паклалі ваўчыныя і мядзведжыя
шкуры. Далібор, загарнуўшыся ў тоўстую ваўняную коўдру, чакаў, пакуль халоп прынясе смажаную тураву печань з малаком — любімую страву новагародскіх князёў. Потым разам з Косткам пачыталі вячэрнюю малітву, патушылі свечку, што, уторкнутая ў звярыны рог, цьмяна гарэла ля ўвахода ў шацёр. Лях пайшоў спаць у буданок, дзе павінен быў начлежыць і Найдзён. Далібор стомлена расцягнуўся на цёплых шкурах і раптам спіной адчуў нешта цвёрдае, круглае. Уздрыгнула сэрца. Ен хуценька ўсхапіўся, потым апусціўся на калені, пачаў у змроку абедзвюма растапыранымі далонямі асцярожна абмацваць сваё ложа. І адразу ж знайшоў тое, што шукаў. Яшчэ не бачачы рэч, якую трымаў у руцэ, княжыч ужо ведаў, што гэта жолуд. Зноў таемны жалезны жолуд! Спачатку хацеў паклікаць Найдзёна і загадаць, каб той запаліў свечку, але перадумаў. Бясшумна падкраўся да чырвоных вуголляў вогнішча, пачаў разглядваць знаходку. Гэты жолуд быў як брат таго, першага. Такі ж старанна адштукаваны, з прыгожай шапачкай-капялюшыкам. Цьмяна блішчаў ён у паўзмроку і, здавалася, халадзіў далонь. Хто ж падклаў яго? Найдзён? Костка? Навошта падклаў? Ва ўсім павінен быць сэнс. Дзеля чаго ж гэтыя загадкавыя жалуды ідуць следам за ім, Даліборам? Княжыч з раптоўнай яраснай злосцю размахнуўся, хацеў шпурнуць жолуд у цёмны начны лес, але ўжо на самым узлёце рукі нейкая сіла астудзіла, прытрымала. Ен уздыхнуў, пайшоў у роздуме да шатра, лёг. Гэты жолуд, вядома ж, абярог, ахоўнік чалавечы, нехта хоча ўратаваць яго, княжыча, ад злыбяды. На першы жолуд ён не звярнуў увагі, і вось з'явіўся другі. Выкіне гэты — падкладуць трэці… Абярогі трэба насіць на грудзях, ля сэрца, але Далібор не паганец, і на грудзях у яго хрысціянскі крыж. У цемры адшукаў княжыч сваю шырокую паходную дзягу, упрыгожаную наборнымі залатымі і срэбнымі бляшкамі, адшпіліў капшук для трута і крэсіва, запіхнуў жолуд туды.Раніцай зноў рушылі ў дарогу. Праз нейкі час Найдзён паклікаў Далібора:
— Княжыч!
Далібор пад'ехаў на кані, убачыў, што халоп з прасветленым тварам, прыгнуўшыся, стаіць над вялізным мурашнікам.
— Што табе? — строга запытаў Далібор.
— Глядзі сюды, — прыцішыў голас Найдзён і яшчэ ніжэй схіліўся над жоўта-бурай гурбой мурахавіння. Дзіўнае з'явішча ўбачыў княжыч. Дзесяткі, сотні мурашак выпаўзалі з дзірачак-ходзікаў, і ва ўсіх на спіне былі крылы. Вось гэты светлакрылы рой пырхнуў з мурашніка, паляцеў.
— Раз на сонцаварот і мурашка бывае крылатая, — задаволена сказаў халоп, праводзячы позіркам бясшумны рой, потым растлумачыў Далібору: — Гэта мурашыныя князі і княгіні. Апусцяцца дзе-небудзь на зямлю, адгрызуць не патрэбныя болей крылы, выкапаюць ямкі і пакладуць туды першыя яйкі. Глядзіш, новы мурашнік, новы горад вырас. Раз на сонцаварот і мурашка бывае крылатая, — зноў з нейкай радасцю паўтарыў ён.
Далібор пільна паглядзеў на халопа і раптам уявіў, як няўклюдны, але крылаты Найдзён ляціць над лесам, над полем, над морам, ляціць, аддаляючыся ад яго, княжыча. «Паляцеў бы і нават не азірнуўся», — са злосцю падумаў княжыч і загадаў халопу:
— Едзь за мною і нікуды не сунь свой нос.
Скончыліся адгор'і Новагародскага ўзвышша, пайшла лясістая раўніна. Стаялі доўгія спякотныя дні. Прахалодныя ж ночы былі кароткія, на дзве салаўіныя песні. Вось-вось павінна была быць рака Рута. Недзе тут у сваім горадзе сядзеў Міндоўг. Далібору не цярпелася ўбачыць грознага літоўскага кунігаса.
— Хутчэй, — пачаў падганяць ён ваяводу Хвала.
— Не трэба бегчы паперадзе сваіх коней, — строга і цвёрда адказаў ваявода і кусануў жаўтлявы вус, што азначала вялікую незадаволенасць.
— Але Костка кажа, што нам трэба рухацца як мага хутчэй, бо можам не заспець Міндоўга ў Варуце.
— Костка? — перапытаў Хвал і, нядобра ўсміхнуўшыся, выдыхнуў: — Па чым распазнаюць ляха? На чэраве вісіць бляха.
Злы быў ваявода на Костку, бо бачыў, што вялікую ласку і міласць мае той ад князя Ізяслава Новагародскага. Далібор хацеў гнеўным словам асадзіць наравістага ваяводу, але ў гэты самы час некалькі вояў схапілі свае лукі і з крыкам «Зязюля!» навялі іх на густалапую вельмі высокую елку. Далібор яшчэ нічога не паспеў сцяміць, як з елкі, ломячы голле, гоцнуўся на зямлю дужы светлавалосы юнак. Ен адразу ж усхапіўся на ногі, хацеў ірвануць дубіну-мачугу, якая на скураной пятлі вісела за правым плечуком. Але яму заламалі рукі, адабралі мачугу, і ён толькі часта дыхаў. Вядома ж, гэта быў літовец. Мажны, шыракаплечы, з прамым тонкім носам, як амаль ва ўсіх ягоных аднародцаў. На ім была белая льняная кашуля з доўгімі рукавамі, якую літоўцы называюць маршкіняй. Кашулю падпяразваў вузкі скураны рэмень, акаваны бронзавымі бляшкамі. Пэўна, каб лаўчэй залезці на дрэва, літовец быў басанож, скураныя ж боты з высокімі халявамі перакінуў, звязаўшы вяроўчынай, цераз плячо.