Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
А калі зьвярнуліся мы з Гарачым у Шапялёўку, мне сказалі, што за гэты час Лін некалькі разоў прыходзіў да Крэйны і наладжваў пасяджэньні зь ёю, зрабіў зь ёю 5 экскурсіяў на Лютнянскае поле і лес, зь невядомымі мэтамі (нібы на кірмаш?!) правёў экспэдыцыю на канёх у в. Пільну. Мала гэтага, вечарам у сваім пакоі ў РВК зачыніўся зь ёю і правёў вечар самадзейнасьці, пры чым на брудэршафцік была высмактана адна бутэлька чырвонага і зьедзена два кілё лахардзікаў.
Гэтыя сумныя весткі, як варам, абварылі мяне. Вечарам маё пякельнае пачуцьцё зайздрасьці павялічылася
Мне цяжка было стрымаць свой шалёны тэмпэрамэнт. Хацелася ўварвацца ў іх мяшчанскае адзіноцтва агнёвым клубком і ўсё перавярнуць дагары нагамі. Я нагою моцна пагрукаў у іх сьцену і даў сыгнал маўчаць і ня перашкаджаць мне займацца дзяржаўнымі справамі.
Лін на гэту прапанову справіў іго-го, а Крэйна пырснула. Праз хвіліну яны вышлі на вуліцу, а я, каб пазбыць дрэнны настрой, пачаў галіць вусы, бараду і нават усю галаву. Гэтая працэдура з прычыны майго тэмпарамэнту не прашла бязбольна: я параніў сябе і вельмі моцна за вухамі, на самай макушцы і, як касой, зрэзаў барадаўку, якая мела рэзыдэнцыю на патыліцы.
Шмат крыві страціў і на хвіліну выгнаў з галавы Крэйну, сьцішаючы кроў, што цурком бегла з маей поўнакроўнай асобы.
Працы і ў мястэчку шмат было. За тыдзень я пабываў на пасяджэньні крамнай камісіі, мэтадычнай камісіі, склікаў сход інтэлігэнцыі мястэчка і местачковага актыву, схадзіў на гурток па вывучэньні пастаноў ХV зьезду, зрабіў пасяджэньне ў лесе па агляду нявывезеных дроў, схадзіў ажывіў працу сельскагаспадарчага гуртка, правёў урачысты сход ячэйкі Мопру і наладзіў вечар спайкі з вайскоўцамі ў фізкультуры. Гэта праца троху затрымлівала бунт у крыві.
Прыехаўшы, мне прышлося вельмі няпэўную справу вясьці і нават выклікаць абурэньне цёмных сялянскіх мас.
Прыходзіць да мяне настаўнік Мамон і, як старшыня нейкага т-ва, просіць даць загад аб канфіскацыі наступных рэчаў: у гр. Сандрыгайліхі старасьвецкага пісталета вагою да 3 пудоў, у гр. Андрэя Выбейдуха старалатынскай кнігі, па якой ён займаецца чорнай магіяй і наводзіць цень на ўсіх добрых людзей, у гр. Багдана Злыбядухі рукапіснай кнігі, па якой ён лечыць жывёлу і людзей ад мэханічнай хваробы трасцы...
Мамон з сабою прывёў яшчэ нейкага маскоўскага мастака, які дамагаўся, каб я даў загад нацыяналізацыі некаторых абразоў у мясцовай царкве, бо яны павінны быць вывезены ў Маскву, як маючыя ўсесаюзнае значэньне.
Гэта: абраз Хрыста з трыма насамі, абраз сьвятога Лынды, вельмі падобнага на зялёную рапуху, абраз «Вочы мае выну ка Госпаду», на якім нейкі хударлявы, хворы, відаць на лейкэмію, сьвятоша трымае на руках вочы свае і кажа прывітальную прамову Богу, урэшце, вельмі каштоўны абраз «Узыграўся малойчык у чэраве маім», на якім анатамічна разрэзана чэрава цяжарнай жанчыны, і ў гэтым орыёле сядзіць эмбрыён і на скрыпачцы рэжа.
Ой, колькі няпрыемнасьцяў прынесьлі мне ўсе гэтыя вымудры Мамона! Праўду кажучы, я і здружыўся зь ім за гэты час і знайшоў свой двойнік, але колькі перашкод! У далейшым мяне чакае яшчэ больш перашкод, але я сьмела пазіраю ўперад. Пералез пярэднімі нагамі, пералезу і заднімі! — як кажа Торба.
Шмат энэргіі і дыплёматычнай лоўкасьці прышлося мне ўжыць,
каб пераканаць тав. Сома ў неабходнасьці даць загад аб канфіскацыі ўсіх гэтых рэчаў. Я паказваў дэкрэты, статуты, абежнікі. Урэшце даручылі міліцыі зрабіць канфіскацыю.У гр. Сандрыгайліхі ніякага старасьвецкага пісталета не знайшлі, затое адшукалі каля гумна нейкую дзіўную прыладу, прызначэньня якой ніхто ня ведае. Ня то бамбамёт, ня то агнямёт, ня то мінамёт. А нейкі вэтэран імпэрыялістычнай бойні сказаў нават, што гэта сьвечка генэрала Махныткі, ракета такая. Сама Сандрыгайліха, гаварыла:
— Няхай мае і ногі адсохнуць, і рукі адломяцца, і валосьсе павылезе, калі я ведаю што-небудзь!
Андрэй Выбейдух у пратаколе падпісаў:
— Апрача саманавейшых кніг, ніякіх старалатынскіх ня маю і, як радзіўся, ня меў.
А Злыбядуха Багдан даў паказаньне:
— Я загаварваю людзей і жывёлу бязь ніякіх кніг і за ўсё сваё жыцьцё ў мяне ня знойдзена ніякіх кніг. Я і ня ведаю, што яны такое.
Мамон упарта даводзіў, што грамадзяне хаваюць гэтыя каштоўныя рэчы ў суседзяў.
Прышлося павальна ператрусіць усіх грамадзян. Гэта выклікала нябывалае і нячуванае ажыўленьне ўва ўсім грамадзкім жыцьці вёскі. А калі да гэтага далучылі яшчэ канфіскацыю славутых абразоў, дык грамадзяне зусім ашалелі. Фанатычна настроеныя жанчыны ледзьве не пабілі мяне, калі я ішоў па вуліцы.
Тав. Сом, як толькі дайшлі да яго чуткі аб гэтым, паклікаў мяне ў габінет і насеў:
— Што ты робіш? На якога д'ябла патрэбна табе барахло гэта?
— Гэта пытаньне вельмі важнае! — з гонарам адказаў я. — Гэтыя рэчы маюць усесаюзнае значэньне!
— Дурыла ты ўва ўсесаюзным маштабе! Паглядзіш на цябе, здаецца, нічым прырода не пакрыўдзіла. А толькі розум нейкі дзівацкі.
І загадаў зараз-жа спыніць кампанію.
А далей падзеі разгарнуліся шалёным тэмпам. Мы склікалі нараду па культпрацы ў раёне. Былі прадстаўнікі ад мясцкомаў, школ, жанаддзелу, райкому, камсамолу. На тэму аб спосабах ажыўленьня культпрацы даклад зрабіў я. Удзельнікам нарады я прапанаваў:
— Неабходна ў нардоме правесьці шэраг лекцыяў на жыватрапетныя тэмы!
— Заснаваць гурткі пры клюбах, асабліва рэкамандаваць два гурткі: упартай самаадукацыі і гурток па вывучэньні пэрспэктываў!
— Увесьці ў практыку культпрацы індывідуальныя даклады паасобных сяброў прафаб'яднаньняў. Сутнасьць іх: таму ці іншаму сябру ў вабавязкавым парадку прапануецца зрабіць даклад агульнаму сходу аб сваёй грамадзкай, савецкай і сямейнай чыннасьці за вядомы пэрыяд.
— У плянавым парадку правесьці па вёсках абгаварэньне двох дакладаў: аб Сун-Ят-Сэне і аб юрыдычным ці фактычным шлюбе.
Прапановы былі прыняты. Спрачаліся толькі аб індывідуальных дакладах і даручылі, як першую спробу, на бліжэйшым агульным сходзе заслухаць такі індывідуальны даклад. Нарада вызначыла тэмы папулярных лекцыяў і вылучыла лектараў. Мамону даручылі лекцыю «Аб стварэньні сьвету», мне — «Аб гангрэнах нашага часу», тав. Домне — «Аб ролі жанчыны наогул і ў прыватнасьці», настаўніку Гылі — «Аб рэлігіі, як стадыі масавага шалёнства».