Выбраныя творы
Шрифт:
Яна заплакала і папрасіла Марцэлю, каб тая намачыла ў халоднай вадзе шмату і падала ёй, таму што ў яе так забалела галава і зашумела ў вушах, што яна, здаецца, зараз памрэ.
Некалькі тыдняў пасля гэтага Франка хадзіла з мокрай шматай на галаве, і па ёй відаць было, што боль, супраць якога яна карысталася гэтым сродкам, і сапраўды вельмі мучыў яе... Яна высахла і пажаўцела, як трэска, а на васкова-жоўтых бяскроўных яе шчоках успыхваў час ад часу крывавы румянец. Устаючы раніцай з пасцелі, яна дрыжала, як у ліхаманцы, і хісталася, а ў парыве гневу праяўляла незразумелую сілу. Хвароба, якая пачыналася яшчэ ў неспрыяльных умовах яе маленства і беспрытульнай бурнай маладосці, абвостраная ў апошнія гады галечай, ганьбай астрога і трывогай аб заўтрашнім дні, развівалася цяпер вельмі хутка. Гэта была адна з тых дзіўных, таямнічых хвароб, зародкі якой крыюцца ў арганізме некаторых людзей ужо ад самога нараджэння. Ва ўмовах спакойнага і чыстага жыцця яны могуць знікнуць, але трагічныя падзеі і балотныя выпарэнні жыцця
«Можа, утопіцца, дасць бог!» - казалі. Але яна і не думала тапіцца. Ускочыўшы па калені ў ваду, яна пачала сячы Піліпаў паром. Худая, як сцябліна, жоўтая, што васковая свечка, з мокрай шматай на галаве, у злосці яна была настолькі дужая, што не горш за любога мужчыну грукала ў дошкі парома, ажно трэскі ляцелі. На шчасце Піліпа, Павел, які непадалёку лавіў рыбу, убачыў Франку і здагадаўся, што яна робіць, дык, падбегшы, выхапіў у яе з рук сякеру. Пасля, хоць яна крычала і лаялася, ён пацягнуў яе на гару, увапхнуў у хату і зачыніў дзверы звонку. Ён нават акно закрыў саламянай матай і падпёр драўляным калом, каб яна не магла выскачыць з хаты. Калі Павел пайшоў, Піліп па просьбе жонкі падкраўся да акна, адхіліў рог маты і праз зробленую такім чынам адтуліну ўбачыў Франку. Яна сядзела на зямлі ў цёмным куце хаты, трымалася за галаву і, уздрыгваючы ўсім целам, заходзілася ад ціхага плачу.
– Хай плача! Даў бы Бог, каб яна ўся растала ў слязах!
– праклінаў яе Піліп, разгневаны за свой паром. Але Ўльяна, выслухаўшы мужа, задумалася, уздыхнула і моўчкі пакрочыла дадому. Угледзеўшы ля варот спалоханага Актавіяна, якога гадзіну таму, пасварыўшыся з яго маці, прагнала з двара, яна прыязна кіўнула яму галавой і паклікала:
– Хадзі сюды!
Хлопчык адразу падбег да яе, а яна пагладзіла яго па галаве і лагодна сказала, каб ён ішоў да яе дзяцей, якія гуляюць на пяску пад лесам. Пры ўсёй яе пагардзе і нянавісці да Франкі, вобраз жанчыны, якая ў вясёлы, сонечны дзень сядзіць і плача ў цёмным куце хаты, зрабіў на яе цяжкое ўражанне. Ульяна наўрад ці здолела б выказаць свае пачуцці і думкі, але, відаць,
яна цяпер зразумела, хоць і не зусім ясна, што вялікае зло, якое жыве ў душы чалавека, бывае вялікім няшчасцем і для яго самога. Яна адчула літасць да гэтай распусніцы, ведзьмы, вар'яткі і выліла тую літасць на яе дзіця зусім так, як раней вылівала на яго выбухі гневу і нянавісці, прызначаныя яго маці.У гэты самы дзень, надвячоркам, на беразе ракі Павел размаўляў з Аўдоццяй. Выглядаў ён як чалавек хворы або цяжка стомлены. Галава яго панікла, запалыя вочы панура глядзелі ў зямлю. Падпёршы далонню шчаку, ён павольна і ціха казаў:
– Што мне рабіць? Божа мой літасцівы, што мне з ёю рабіць?
Аўдоцця, нізкая, шчуплая, босая, стаяла над поўным вядром, выпрастаўшыся, як свечка, узняўшы на Паўла свой румяны, зморшчаны і засмучаны твар. Рот яе быў напаўадкрыты, але яна маўчала, не ведаючы, што сказаць і чым дапамагчы ў гэтай бядзе, ад якой ужо ўся вёска ўскалыхнулася. І Павел зразумеў, што няма чаго з гэтай бяды рабіць сакрэту, бо ўсе пра яе ведаюць. Так яны стаялі адзін перад адным нерухома і моўчкі: ён - падпіраючы далонню пабляднелую шчаку, яна - склаўшы пад фартухом рукі і пазіраючы на яго знізу ўверх з-пад насунутай на лоб чырвонай хусткі. Апрача іх на пясчаным беразе не было нікога. Заход сонца залоціў праменнямі раку, якая цякла спакойна, аднастайна і безупынна. Над процілеглым борам вісела прадаўгаватае светла-зялёнае воблака. З вёскі даносілася рыканне кароў. Дзень быў ціхі, цёплы, пагодлівы.
Аўдоцця прыклала пальцы рукі да шчакі, хвіліну якую памаўчала, падумала, ажно раптам, з выбухам энергіі, з канчаткова прынятым рашэннем, усклікнула:
– Бі!
І пераступаючы з нагі на нагу, бліскаючы вачыма, казала далей:
– Бі яе, Паўлюк! За ўсё бі! І за распусту, і за злосць, і за гультайства! Не шкадуй яе, а бі! Ласка не дапамагла, малітва святая не дапамагла, работа не дапамагла, можа, яшчэ біццё дапаможа - можа, будзе баяцца, можа, на яе жах патрэбны, можа, ад яго яна апамятаецца? Відаць, іншай рады для яе няма! Бі!
– Відаць, што іншай рады і іншага ратунку для яе няма!
– машынальна паўтарыў Павел.
– Што мне рабіць?
– пачаў ён зноў.
– Каб толькі мне аднаму было з ёю цяжка, я цярпеў бы. Мне сваіх шкада! За што яны павінны цярпець яе лаянку і ўсялякую шкоду? Можа, грошы ёй даць, усё аддаць і з хаты выправіць? Я б, здаецца, цяпер так і зрабіў, здаецца, і не люблю ўжо яе... А ўсё ж шкада мне яе... шкада на верную пагібель выганяць. Грэх на душу вазьму, калі выганю. Я ж перад святым алтаром прысягаў, што не пакіну яе аж да смерці. І так дрэнна, і так яшчэ горш! Што мне рабіць?
– Бі!
– паўтарыла Аўдоцця.
– Ой, калі ж мне гэтае біццё...
– Для яе выратавання бі! Можа, жах яе да розуму давядзе?
– Для яе выратавання... Можа, яшчэ і адумаецца?
– не адрываючы ад зямлі позірку, паўтарыў Павел.
Гадзінай пазней ён увайшоў у сваю хату, вобмацкам знайшоў лямпу, запаліў яе і агледзеўся.
– Франка, давай есці! Чуеш? Хутка! Голас яго гучаў сурова.
Франка выскачыла з кута хаты, злосна замахала рукамі і закрычала:
– А ты на сваёй хамскай мове не смей да мяне звяртацца! Я табе не служка! Хоць я, звар'яцеўшы, і пайшла за цябе, у параўнанні з табой я пані! Княгіня! Каралева! Ты мне павінен служыць, а не я табе.
Яна доўга крычала на Паўла, абураная тым, што ён зачыніў яе ў цёмнай хаце. Павел маўчаў. Ён сядзеў як каменны на лаве, а калі яна, нарэшце, скончыла, паўтарыў:
– Дасі есці?
– Няма ў мяне для цябе ніякай ежы!
– усклікнула яна.
– Звары, і зараз жа!
– павысіўшы голас, загадаў Павел.
Ці таму, што сама яна цэлы дзень нічога не ела і была галодная, ці таму, што, дрыжучы ўсім целам, захацела сагрэцца пры агні, але яна прынесла з сенцаў абярэмак дроў і ў панурым маўчанні, якое зрэдку абрывалася злосным бурчаннем, падпаліла ў печы, наліла ў гаршчок вады і ўсыпала ў яе некалькі жменяк круп.
Нейкі час Павел сачыў за ёю блукаючым позіркам, у якім час ад часу ўспыхвалі гнеўныя агеньчыкі. Пасля ён прысунуўся да стала, разгарнуў малітоўнік, які ляжаў на ім, і прыліп да яго вачыма. Магчыма, ён хацеў прагнаць думкі, якія круціліся ў яго галаве.
– «Хай ап-лак-ваю я грахі мае, хай ганю ад сябе спа-ку-сы...» - пачаў ён паціху мармытаць.
Ад печы, у якой палаў ужо агонь, пачуўся злосны, з'едлівы смех:
– Вось чытанне! Вось цудоўнае чытанне! Вось адразу відаць, што адукаваны! Гной табе вазіць, а не кніжкі чытаць, хамула!
Павел, падпёршы далонямі галаву, чытаў далей:
– «Хай пап-раў-лю злыя звыч-кі, звычкі мае...»
– Перастанеш ты ці не?
– усклікнула Франка.
– Лепш бы я кваканне жаб слухала, чым гэтае хамскае чытанне! Чытаць захацеў! Пан! Граф! Рабін жыдоўскі!
Павел чытаў, а хутчэй мармытаў далей:
– «Хай ім-кну-ся я да да-бра-чын-насці...»
Ратам маленькая дрыжачая рука выхапіла з-пад носа ў Паўла кніжку. Ён ускочыў з лавы, прамы, як струна, і бліснуўшы вачыма, усклікнуў:
– Аддай кніжку!
– Не твая кніжка, а мая! Не маеш права на маю ўласнасць! Калі захачу, дык спалю, і ад'ё! На тым свеце чэрці табе кніжкі будуць даваць!
– Франка, аддай! Чуеш? Біць буду!
– праз зубы прамовіў Павел, і відаць было, што ён надзвычайным намаганнем стрымлівае гнеў, страшны гнеў ціхага і лагоднага і разам з тым страснага чалавека.