Выбраныя творы
Шрифт:
– Не фіксуйся, Пятруся. Запалі святло. Дзеці ўпоцемках плачуць.
Цяжка, са здушаным стогнам, жанчына паднялася з зямлі, а калі распальвала святло і ўстаўляла ў пячную шчыліну запаленую лучыну, рукі яе калаціліся, як у ліхаманцы. Пры дрыготкім бляску агню яе твар са скульптурнай выразнасцю выявіўся на шэрым фоне хаты, белы як палатно, з вялікімі маршчынамі на лбе, з гарачымі, як вуголле, вачыма. Хустка ссунулася з яе галавы, парасплятаныя валасы закрылі шыю і лоб, дзве толькі слязінкі свяціліся на яе вейках, але ад глыбокіх рыданняў уздрыгвалі вусны і грудзі. Запаліўшы святло, абедзвюма рукамі абхапіла галаву і, як звар'яцелая, пачала бегаць па хаце. То з шырока расплюшчанымі вачамі
Яна плакала горкімі слязамі, ламала рукі, было відаць, што страшная трывога замуціла ёй розум і адбірала волю. На печы зашэмраў шэпт старой:
– Парабак Пракопка... Ой, парабак Пракопка... чаму я цяпер сабе зноў расказы і слёзы маткі тваёй Пракопіхі ўспомніла?
Бабуля шырэй раскрыла бельмы вачэй на сваім пажоўклым твары і такім самым, як і раней, загадным голасам прамовіла:
– Укленчы і голасна гавары пацеры...
Загадвала так, нібыта яе ўнучка была яшчэ маленькая дзяўчынка, і Пятруся слухалася яе, як дзіця. Яна адразу ж укленчыла.
– Не так, - прамовіла старая, - не так. Галенку з печы ссадзі, Адамку на рукі вазьмі, старэйшых да сябе пакліч... абдымі дзяцей рукамі і Найвышэйшаму Богу іх паказвай... Ты маці... хай Пан Бог найвышэйшы злітуецца над дзецьмі...
З сонным немаўляткам на адной руцэ, а другой абдымаючы малога хлопца і дзвюх меншых за яго дзяўчынак, маладзіца ўкленчыла пасярод хаты, ды словы малітвы ўцякалі з яе памутнелай памяці і не прыходзілі на дрыготкія вусны. Сляпая бабка сваім хрыплаватым і дрыгатлівым голасам пачала:
– Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая...
Паўтараў гэта за ёю напачатку слабы, а потым усё больш выразны голас маладой жанчыны. Пад канец разам горача вымавілі «Аман», пасля чаго старая сказала:
– Ну, устань! Можа, Пан Бог Найвышэйшы пачуў...
Цішэй дадала:
– І дзяцей убачыў...
Нядоўгая цішыня запанавала ў хаце. Пятруся клала ў калыску немаўля, дзеці збіліся ў куце хаты, прытуліўшыся так шчыльна адно да другога, як перапалоханы авечы статак.
– Дзе Міхалка?
– спыталася Аксеня.
– У кузні.
– Не ведае, што табе прытрапілася...
– А не ведае...
Колькі месяцаў таму са сваім жалем і
страхам, як з радасцю і весялосцю, бегла б проста да мужа, найперш і без роздуму бегла б да яго. Але цяпер! О! З іншым ён ужо сэрцам да яе, чым даўней... Нельга ўжо ёй з усім да яго бегчы. Яе вера ў ягоную любоў знікала, з кожным днём усё больш знікала, а там, дзе была яе слодыч, рабілася так горка, як бы ёй хтосьці насыпаў туды жменю пякучай гарчыцы.– Хадзі да мяне, дзіця, пагаворым...
Пятруся адышла ад калыскі, ускочыла на тапчанік, а адтуль ужо лёгка было ёй усесціся на край печы. Яны сядзелі адна насупраць другой: бельмы сляпой бабкі, здавалася, з напружанасцю ўзіраліся ў сплаканы твар маладой кабеты. Пасля досыць доўгага роздуму Аксеня пачала:
– Пятруся! То ж заўтра вялікае свята.
– Але, бабуля.
– То ж Дабравешчанне Найсвяцейшай Панны Марыі, вялікі фэст у касцёле і вялікі кірмаш у мястэчку.
– Але, бабуля.
– У касцёле адпушчэнне грахоў, а на кірмашы будзе народу цьма. І з Сухой Даліны гаспадары паедуць у касцёл і на кірмаш.
Старая зноў досыць доўга маўчала, нібы перажоўвала нейкія свае думкі і планы жоўтымі сківіцамі.
– Паслухай, - сказала, - ужо табе няма іншага паратунку, як толькі да Пана Бога звярнуцца і ў яго абароны перад людзьмі прасіць. Няхай пра цябе Пан Бог засведчыць, што ты ніякім грэхам смяротным душы не загубіла. Ідзі ў касцёл, ляж перад Панам Богам крыжам, паспавядайся і прымі найсвяцейшую камунію... Чуеш?
– Чую, бабуля. Добра, бабуля, зраблю, як дараджаеце.
– Але. Як паспавядаешся, ад ксяндза найсвятлейшую камунію прымеш, дык і табе лягчэй будзе, і ўсім людзям пакажаш, што ты не Божая непрыяцелька. Няхай убачаць, што молішся Пану Богу, крыжам лежачы, і што табе ксёндз у найсвяцейшай камуніі не адмовіў. Калі гэта ўбачаць, спазнаюць, што ты не такая, як яны выдумалі, і што ані смяротнага граху, ані якога вялікага злачынства на табе перад Панам Богам няма. Пан Бог найвышэйшы сам за цябе добра засведчыць.
– Добра, бабуля, добра, - супакоеная, паўтарыла Пятруся і, схіляючы змучаную галаву на бабуліны калені, пацалавала яе касцістую руку.
Яна гэтай рукою пачала яе гладзіць па валасах. Абедзве маўчалі. Потым маладзіца азвалася зноў:
– Франьку папрашу, каб хату і дзяцей дапільнавала і стравы наварыла, а сама на досвітку ў мястэчка пайду.
– Можа, і Міхалка пойдзе?
– Пэўна, не пойдзе. У той двор яму трэба пайсці, адкуль тую вялікую працу павінен узяць...
– Добра было б, каб пайшоў. Разам бы памаліліся і паспавядаліся, каб ранейшае дабро вярнулася...
Зноў замаўчалі, паглыбленыя ў роздум. Дзеці ў куце пачалі шаптацца паміж сабой і з гучным хрупаннем есці сырую бручку, якую Стасюк знайшоў дзесьці ў сенях. І ніхто не звярнуў увагі на мужчынскія крокі, што пачуліся за дзвярыма. Каваль увайшоў у хату, і толькі тады Пятруся ўзняла галаву з каленяў бабулі. На Міхалкавым твары не было ўжо ранейшай бясхмарнай, бесклапотнай весялосці. Незадавальненне і неспакой прыцьмявалі бляск ягоных чорных вачэй; трохі надзьмутыя вусны пад чорнымі вусамі выяўлялі схільнасць да папрокаў і гневу. Дзяцей, што кінуліся да яго, пагладзіў па галовах і, азірнуўшыся на хату, здзіўленым голасам усклікнуў:
– А што ж гэта? То ж гэта вячэры і заводу няма!
Сапраўды, толькі смаляк кідаў на хату скупое і мігатлівае святло, у чорнай глыбокай сярэдзіне печы агню не было.
– А Езус!
– саскокваючы з печы, крыкнула Пятруся.
– Гэта ж я сёння пра вячэру забылася, усмерць забылася!
І з такой паспешлівасцю, што ажно калаціліся рукі, пачала распальваць агонь і наліваць у катлы ваду. Першы раз у жыцці надарылася ёй забыцца пра хатнія клопаты, а прычыны гэтага мужу сказаць не магла. Ён таксама пра іх не распытваў. Сеў на лаве і толькі сказаў: