Вока тайфуна
Шрифт:
Караблі рыхтаваліся да выхаду ў мора.
Мічман дастаў папяросу, пераканаўся, што ў пачку запалак няма, ляснуў сябе па кішэнях.
— Вазьміце, таварыш мічман.
За ціхім спевам дызеляў, што пачаўся хвіліну назад, Дубавец не пачуў крокаў мінёра Кані. "Карабельны мастак" працягваў яму запалкі.
— Дзякуй.
Пакурваючы, яны глядзелі, як агеньчыкі караблёў цягнуліся да выхаду з гавані.
— Вам, мабыць, яшчэ ў вайну даводзілася сто разоў такое бачыць?
— У вайну пры выхадзе ані агеньчыка. Ані гуку.
Нейкая насцярожанасць заўсёды непакоіла Дубаўца, калі побач быў мінёр Анатоль Каня. Занадта ўжо непадобныя яны былі
Не дужа высокі, але да таго ладны, што глядзець весела. Сядзіць на ім усё зграбна, падагнана. У двухсотрублёвым гарнітуры іншы так не выглядае, як гэты ў звычайнай шапцы, целагрэйцы, ватовых штанах і ботах. Такога хаця ў дзяружку зашый — усё адно фацэт.
Нічога ён супраць яго не меў: служыць, працаўнік, сябра не заложыць, на чужой спіне ў рай не палезе, а ўсё ж… Мо таму, што мінёру ўсё на свеце ўдавалася ў сто разоў лягчэй, чым яму, мо таму, што ён са шчаслівай лёгкасцю, гуляючы, заваёўваў усё, што ён, мічман, браў цяжкай працай. Нават сябрамі людзі яму рабіліся пасля першага слова, а то й пасля першай усмешкі.
Усмешка і праўда добрая. Кепскія людзі такой не выціснуць. І вочы адчайдушна-вясёлыя, цёмныя, злёгку міндалевідныя. І чуб хвалісты. Крыху выліцаваты, але вакол рота ніжэй гэтых скул такая цвёрдая прыгожая гульня мускулаў, што скул гэтых і не заўважаеш.
Адсюль, пэўна, і насцярожанасць. Адчуванне, што каб давялося сядзець за адной партай, танцаваць на адной пляцоўцы і ўсё такое — гэты гуляючы ўзяў бы верх. Ужо не кажучы пра тое ягонае маляванне. Шмат у якіх сяброў, дый у камандзіраў многіх напісаныя ім партрэты. Дужа жывыя, толькі што не гавораць, і — гэта мічману здавалася містыкай — падобныя з арыгіналам, як два кітайцы адзін на аднаго.
— Гляньце, агні цягнуцца да выхаду з бухты, — сказаў Каня.
— Ну.
— Вясёлкавы які арэол вакол кожнага агня! Ле-едзь прыкметны. А колерам… вось зімой такое кола вакол поўні бывае.
Мічману стала ніякавата і нават крыху сорамна.
— Агні як агні, — сказаў ён. Бадай што пад вечар будзе вецер. Са снегам.
Тут жа ён не пахваліў сябе за сухі тон.
— Чаго ж гэта ты, Анатоль, не спіш?
— Не спіцца нешта.
Ён усміхнуўся так прасветлена і шчасліва, што Дубавец зразумеў: бясссонніца тут і не з'яўлялася. Матросу перашкаджала спаць нейкая вялізная радасць, нейкае лікаванне, што аж распірала яго. І радасць гэтая была з тых, якімі абавязкова неабходна падзяліцца, як бывае неабходна падзяліцца горам. Мічман разумеў гэтую патрэбу ў чужой зацікаўленасці, хаця сам ніколі на такое не пайшоў бы.
— Пра дзяўчыну задумаўся? — штучна ўдаўшы гэтую зацікаўленасць, спытаў Сцяпан.
Матрос толькі яшчэ шырэй усміхнуўся, непрыкметна схіліўшы галаву.
"Чаму гэта людзі, калі яны шчаслівыя, усміхаюцца заўсёды дурнавата, — падумаў мічман. — Вось і гэты. Хаця, што з яго ўзяць? Юнак яшчэ. Амаль дзіця. Я ў яго гады ўжо дзевяць год адплаваў"
Ён забыў, што ягонае "плаванне" пачалося, мякка кажучы, супраціўна натуры і здароваму чалавечаму сэнсу.
— І добрая хаця дзяўчына? — ён задаваў пытанні толькі таму, што работы ўсё адно яшчэ не было. — Дзе пазнаёміліся хаця?
— Ды вы ж сведкам былі… Хаця не… Вы тады ў водпуску былі. Гэта падчас таго лістападаўскага выхаду, калі хворых з Рагвольда здымалі.
— Казалі мне нешта такое… Я тады на поўдні ўпершыню быў. У Сачaх… Ну…
Анатоль закурыў.
— Мы ўжо назад тады вярталіся. Радаваліся,
вось-вось база, а там і горад. Драіліся, прасаваліся, усё такое. І раптам загад: ісці на востраў, зняць і даставіць хворых. Ведаеце, як пасыплюцца ўжо няшчасці — падстаўляй торбу. Усе злыя. Камандзір маўчыць. Галоўны мінёр чорта прыпамінае."Ясна чаму, — адзначыў мічман. — Раней ён, бывала, у выпадку чаго і матам мог. Я гэта до-обра памятаю. Завязаў, бо аднойчы ўпрыцемку не разабраў, дый пусціў да мамы не таго, каго трэба. Нічога добрага з гэтага для яго не атрымалася".
А ў голас сказаў:
— То што?
— Лаяўся больш так, прывычка… Таму што справы былі сур'ёзныя. Матарыста аднаго з кавасакі кінула хваляй — клетку грудную памяла. Ну і жанчына: цяжкі выпадак апендыцыту… Добра, пайшлі. А тут не мора — вадзяное пекла: ваду нясе, пену з валоў зрывае. Дыхаць амаль немагчыма, не паветра, а ледзяны перасолены суп.
"Бач ты, паeзію развёў, — з іроніяй падумаў Дубавец, напэўна, цябе, пяюна, бабы слухаць любяць".
— Падыходзіць наш "Тайфун" да месца высадкі, і мы ўсе бачым: не толькі караблю — шлюпцы падысці да берага не ўдасца, такі накат. Валы б'юць, назад са скал сплываюць. Зялёныя, каламутныя, шкляныя. А там чакаюць. Паміраюць, можа. Тады старлей вырашыў: няхай двох са шлюпак дабіраюцца да берага проста так.
— Ножкамі? — спытаў мічман.
— Гэ-э, ножкамі. Дзе ножкамі, а дзе й турманам. Таму што як нападдасць хваля, як адвесіць ляшча ў кармавы абвод, дык пасля хоць месяц задраты бегай. Ад трусоў і то балюча.
У абодвух былі іранічныя твары, ды і ў словах гучала іронія. Гаварыць аб такіх звычайных рэчах, калі небяспека мінула і забылася, было чамусьці сорамна.
— Пакуль да берага ракам далезлі — выгляд у нас быў, нібы нас праз земнаснарад прапусцілі. А назад яшчэ горш. Нясём іх на руках. Ну, ясна, кожны канцом абвязаўся, так што цягнуць. І то, пакуль дабраліся, насёрбаўся я салоных гуркоў па глотку і яшчэ вышэй. І, верыце, таварыш мічман, сіняк ад шыі да кіля цэлы месяц не сходзіў.
— Марна. Гэта ж не кожны дзень такое, — сказаў Сцяпан. — Запомні першы запавет падначаленага: с… на берасцень, не будуць біць кожны дзень.
Каня ўсміхнуўся і раптам сказаў, нібы прызнаваўся:
— Я ж амаль не магу, калі вада ледзяная. Іншы плыве, і нічога, а ў мяне адразу сутаргі. І такія, што ўзвыў бы, як шэры на каляды. І ногі, і рукі, і ўсё…
— А дзяўчына?
— Ну, даставілі мы іх на карабель. Я й не разгледзеў яе амаль. Веі толькі. Цень на палову шчакі. А потым яна мне ліст напісала з падзякай… Я адказаў.
— Сустракаліся?
— Ды разы тры.
— І як, цікава ёй з табою?
— Думаю — так. А пра мяне й казаць няма чаго. Асвета мая крыху падкачала — нічога, дацягну. Мне ж дваццаць два толькі.
"Усё яшчэ наперадзе, — падумаў мічман. — І тут табе, малец, сто ачкоў дадзена перад іншымі. Што ж, памагай бог".
— Харошая жанчынка. Засмяецца, дык і ў мяне ад смеху ўсё нутро хвалюецца. Я, таварыш мічман, каб убачыў што нехта яе пакрыўдзіў, я б таму свінюку за гэта такога чуба даў, што ён бы лысы з бальніцы выйшаў. І то — толькі праз месяц. Дужа добры чалавек. І ведае шмат, хаця тут чаго ж здзіўляцца… Метэаролаг… Станцыя іхняя на Рагвольдзе.
Невядома чаму, але Дубавец раптам адчуў сябе так, нібы нехта выліў яму за шкірку спачатку конаўку гарачай, а пасля конаўку ледзяной вады. Усёй падсвядомасцю ён быў ужо ўпэўнены ў адказе, нейкім невядомым інстынктам ведаў яго і ўсё ж спытаў, не мог не спытаць: