Ведзьміна тоня
Шрифт:
І яшчэ… Яшчэ ён помніў словы сваёй маладой выхавацелькі: “Яны там у вёсцы лічаць цябе дрэнным, бо ты крадзеш. Вось паспрабуй не ўкрасці. Змяніся сам – і паглядзі, ці зменіцца свет…”
Свет пакуль не мяняецца. Сяргей застаецца амаль ізгоем…
…Добра, што была такая праграма – лягчэй з ёй перанесці ўсё, але так слаба верыцца вось цяпер у тыя словы, што сам паўтарае Нэле: “Усё ў нас атрымаецца”. Як тут атрымаецца, калі ён адзін з Нэлай, а супраць яго ўсе: і п’яная маці, і гэты зэк, і вясковыя бабулькі, і нават хлопцы-аднагодкі… Чаму так? Чаму некаму сёння лёгка і проста жыць, чаму ў некага многа
Слёзы каціліся з вачэй, Сяргей літаральна навобмацак мыў слоік, цёр і цёр слізкае шкло…
– Вось мой сыночак чым заняты, – пачулася ад веснічак.
Сяргей імкліва адным і другім рукавом выцер вочы, паморшчыўся ад болю, адчуўшы адначасова, наколькі распух ужо твар, асабліва з левага боку. З вядра плюхнуў на твар халоднай вадой, яшчэ і яшчэ раз…
Маці злёгку вагалася ўзад-уперад, твар яе быў расцягнуты ў непрыемнай дурнаватай усмешцы. Вочы чырвоныя.
– Гаспадарыш, гаспадарыш... от, я паесці вам прынесла, – працягнула яна руку наперад.
У руцэ яе была бляшанка кансерваў, ужо адкрытая, з кансервы цягнуліся жоўта-чырвоныя тлустыя пісягі, і рука маці была ў гэтым чырвоным тлушчы.
– А хлеба няма! З’елі ўвесь хлеб, – маці раптам загаварыла са злой крыўдай: – Сволачы, я хавала дзецям хлеба, а яны з’елі!
Яна павярнулася назад, прыгразіла некаму кулаком.
– На, Сярожка, на, хто ж вас, сіротаў, акрамя мяне накорміць, – п’яна і няшчыра загаварыла яна, цягнучы руку наперад.
– У нас ёсць хлеб, – сказаў Сяргей, узяў бляшанку і хутка пайшоў у садок.
Там Сяргей адкрыў бляшанку – у ёй было крыху больш за палову кашы з кілек і таматнай пасты, працягнуў Нэле.
– Трымай.
Сам палез у будан, адшукаў свой рукзак, дастаў хлеб, адламаў добры кавалак. І гэты кавалак паламаў на некалькі, паклаў перад Нэлай.
– Мачай хлеб, чапляй рыбу і еш.
Маці падышла, нязграбна апусцілася ля Нэлы, паглядзела на будан.
– От, якую будку займелі! А я думаю, дзе коўдра дзелася? Гіцлю таму морду падрапала, думала – прапіў сволач, без мяне прапіў...
Нэла ела, насцярожана сочачы за маці, ела хутка, ледзь не давячыся, амаль не жуючы.
– Еш.., – хацеў было прыкрыкнуць Сяргей, дадаўшы “спакойна”, як адразу ўспомніў дзеда Васіля і яго пытанне: “А Нэле ці не ўсё адно, хто загадвае?”. Пракаўтнуў словы, асцярожна пагладзіў дзяўчынку па галаве, лагодна прагаварыў: – Не спяшайся, не трэба. Ніхто ў цябе не адбярэ, я не дам нікому.
Нэла пачала есці павольней, з насцярогай сочачы за маці.
– Ага, ніхто не адбярэ, – прамармытала маці. – У цябе абаронца ёсць, сам у каго хочаш адбярэ. Ага, адбярэ і Нэле прынясе... Еш, еш... – яна раптам зашмыгала носам, дзве слязіны выкацілася з чырвоных вачэй. – А дзетачкі мае, а сіротачкі мае! – загаласіла працяжна, з падвываннем, як па нябожчыку. – А ці ж я ведала, ці ж я хацела...
Яна ўзнялася, упіраючыся рукамі ў зямлю, і пайшла з садка. У хату заходзіць не стала – адразу з надворка павярнула на вуліцу, п’яна хістаючыся, нешта плаксіва мармычучы сама сабе.
Сяргей
правёў яе позіркам.І пайшоў дамываць слоік.
Яго апанавала незразумелая злосць, рукі неспадзявана адчулі незвычайную моц, якая ірвалася на волю. Трэба нешта рабіць! Трэба нешта рабіць! Але што рабіць – Сяргей не ведаў. Адно вось пакуль было ў галаве: адмыць гэты слоік, прадаць ля магазіна рыбу, купіць хлеба… І ўся моц ягоных рук ішла на гэтае мыццё, так сціскаў слоік, так цёр яго, быццам было ў яго руках нешта страшэнна бруднае і жывое, якое адмыць толькі трэба – і тады ўсё зменіцца… Плёхаўся больш за паўгадзіны, пакуль шкло не стала рыпучым пад пальцамі і празрыстым.
Наліў чыстай вады і ў ночвы, і ў слоік. У ночвы выпусціў з мяшэчка рыбу. Тут карасі здаваліся намнога меншымі, чым там, на возеры. Нэла паела ўжо і цяпер лавіла рыбу рукамі, смешна жмурылася, калі які карась моцна плёскаў у яе руках і пырскі вады ляцелі на яе твар.
Сяргей і сам лавіў карасёў і апускаў іх у слоік. За шклом яны глядзеліся цяпер ужо ўвогуле вялікімі, запоўнілі сабой увесь слоік. “Вось гэта і трэба!” – радасна падумаў Сяргей, калі Нэла апусціла апошняга злоўленага ёй самой карася ў слоік.
– Ну, Нэла, як наш улоў? Купяць яго ў нас за добрыя грошы? Зараз пойдзем да магазіна...
Нэла ўзняла рукі і паказала некуды ў Сяргееў твар.
– Што, сіняк пад вокам і нос распух? Ну і што? – бадзёра, як і раней, адказаў Сяргей.
Але ў хату ён усё ж схадзіў. Вялікае люстра ў старой шафе насуперак усім п’яным бойкам засталося цэлым.
Адтуль, з люстра, на Сяргея глянуў худы падлетак у лінялых джынсах, басаногі. Сіняя майка з аднаго боку была запэцкана, на грудзях – дзве невялікія рудыя плямы. То кроў з носа трапіла.
Нос распух не вельмі. Затое адно вока амаль заплыло, сіняк быў вялікі, жоўта-сіні.
“Абы бачыла,” – адмахнуўся ад свайго адлюстравання Сяргей. З “ліхтарамі” хадзіць яму было не прывыкаць.
Людзей каля магазіна было шмат – чакалі машыну з хлебам. У бок Сяргея і Нэлы павярнуліся колькі старых жанчын, ціха шапталіся, ківалі галовамі. Хлопцы і дзяўчаты асаблівай увагі на яго не звярнулі, пакуль не дастаў з торбачкі свой слоік. Торбачку разаслаў на зямлі, недалёка ад увахода ў магазін, на торбачку паставіў слоік.
Некалькі малых адразу ж прыселі каля яго.
– Ух ты, я вось такога ў мінулым годзе злавіў, – казаў адзін, тыцкаючы пальцам у шкло слоіка.
– Твой меншы быў.
– Ага, большы! Хіба што мой быў белы, а гэты жоўты. Жоўтыя таўсцейшыя толькі.
У гэты час падышла машына з хлебам. Бабулькі падаліся шумна ў магазін – займаць чаргу.
Вадзіцель, малады хлопец, скочыў з падножкі, нешта весела мармычучы пад нос.
– Так, бабачкі-цётачкі-дзевачкі, праход мне вызвалілі, хлеб едзе!
Грымнуў дзвярыма будкі, доўгім прутком з загнутым канцом зачапіў латок з хлебам, і той паслухмяна выехаў з цёплага нутра будкі.
І цяпер вадзіцель зірнуў на Сяргея.
Сяргей не адвёў вачэй убок, хоць непрыемны халадок сціснуў жывот. Вадзіцель кінуў сваю жалезную палку, скочыў з ганку і, відаць, знарок гледзячы ўважліва на слоік з рыбай, стаў падыходзіць да Сяргея. Глядзеў на рыбу, а хапіўся, моцна сціснуў плячо Сяргея. І потым ужо ўзняў на яго вочы.
– Ну што, хлопец, помніш мяне?