— Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, — ціха сказала Джанет Пардаў.
Іх
рукі выпадкова сустрэліся на стале і так і засталіся побач. Праекцыйныя ліхтарыкі, якія віселі ў кустах, адбіваліся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, які прабіраўся паміж столікамі з люлькай у руцэ. Гэта была масіраваная атака. Яму трэба было б толькі нахіліцца да яе і зрабіць ёй прапанову, і тады будзе ўладкавана не толькі яго сямейнае жыццё, але і нешта большае: ён купіць фірму Стэйна за прапанаваную ім цану, і той будзе цалкам задаволены, — бо яго пляменніца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў бліжэй і памахаў яму люлькай: яму давялося абысці п'яніцу, які валяўся на зямлі, і ў час гэтай перадышкі ў Майета не ўзнікла ніякай іншай думкі, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал і іх нечаканую дзівосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён
памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягніку было амаль цёмна. Яна была бландзінка, яна была тоненькая, але ён не мог успомніць рысаў яе твару. «Я зрабіў для яе ўсё, што змог, — запэўніваў ён сябе, — і, прынамсі, мы ўсё адно рассталіся б праз некалькі тыдняў. А мне ўжо час заводзіць сям'ю».
Стэйн ізноў памахаў люлькай, а «Дзяўчаты Дана» тупнулі ножкамі і засвісталі ў свісткі.
Памятаю, на вакзалеМы нашу цётку сустракалі.Фью, фью, фью.
— Не вяртайся да яе. Застанься са мной, — сказаў Майет.