Quo Vadis
Шрифт:
— Гэта хрысціянін, — тлумачыць Вініць.
Пятроні глянуў на яго, зрабіў плячыма рух здзіўлення ды пачаў гутарыць быццам сам да сябе: — На Палукса! Як гэта, аднак, шырыцца! І як прыліпае да людскіх душ!.. Пад гэтакай пагрозай людзі адразу выракліся б усіх багоў рымскіх, грэцкіх і егіпскіх. Гэта ўсё ж такі дзіва!.. На Палукса!.. Каб я верыў, што нашы багі маюць на свеце яшчэ нейкі ўплыў, абяцаў бы цяпер кожнаму па шэсць белых быкоў, а Капіталінскаму Ёвішу дванаццаць… Але і ты не шкадуй дэкларункаў свайму Хрысту… — Я аддаў Яму сваю душу, — адказаў Вініць.
І разыйшліся. Пятроні вярнуўся ў кубікулюм, а Вініць пайшоў цікаваць здалёк
— Быў я на Палатыне, — кажа. — Паказаўся там знарок і пагуляў нат крыху ў косці. У Аніцыя вечарам банкет; я запавясціў, што прыйдзем, але аж пасля поўначы, бо мусім добра выспацца. Вось жа, я пайду, а добра было б, каб і ты быў.
— Ці не было якіх вестак ад Нігера або ад Назаркі? — спытаў Вініць.
— Не. Будзем бачыцца з імі аж пасля поўначы. Звярнуў ты ўвагу? Будзе, здэцца, навальніца.
— Але. Узаўтра маецца быць відовішча з укрыжаваных хрысціян, можа, вось аднак дождж перашкодзіць.
Гэта вымавіўшы, падыйшоў і, узяўшы Вініція за плячо, сказаў: — Але яе не аглядацімеш на крыжы, толькі ў Карыёлі. На Кастара! Не аддаў бы я тае хвіліны, у якой вызвалім яе, за ўсе рымскія гэммы! Вечар ужо недалёка… І сапраўды, вечар быў ужо блізка, а цямнець пачало раней, чым абыдна, ад хмараў, закрыўшых далягляд. Хутка прайшоў даволі вялікі дождж, які, паруючы на распаленых дзённаю гарачынёю каменнях, напоўніў імглою горад. Пасля то пераставаў дождж, то зноў прасцёбаў кароткі лівень.
— Спяшаймася, — адазваўся ўрэшце Вініць. — З прычыны дажджу магчымуць раней вынесці трупы з вязніцы.
— Пара! — адказаў Пятроні.
І, апрануўшы галійскія накідкі з каптурамі, выйшлі праз агароднія веснічкі на вуліцу. Пятроні ўзброіўся, як заўсёды, беручы з сабою кароткі рымскі нож, называны сіка.
Горад з нагоды дажджу быў пусты. Час ад часу раздзірала хмары маланка, азараючы вострым бляскам сцены новазбудаваных, яшчэ не скончаных дамоў ды мокрыя каменныя пліты вуліцы. Пры такім святле ўгледзелі ўрэшце капец, на якім стаяла маленькая святынька Лібітыны, а пад капцом — гурток коней і мулаў.
— Нігер! — гукнуў прыцішна Вініць.
— Я, спадару! — адазваўся голас праз шум дажджу.
— Усё гатова?
— Так, саrissimе. Чакаем тутака ад змяркання. Але збочцеся пад застрэшанне, бо наскрозь прамокнеце. Што за навальніца! Няўжо гэта будзе град?
Здагадка Нігера спраўдзілася, бо пачаў сыпаць град, спачатку дробны, пасля штораз буйнейшы і гусцейшы. Паветра хутка ахаладзілася. Стоячы пад страхою, закрытыя ад ветру й ледзяных шрапнэляў, прыцішна гутарылі.
— Хоць бы нас хто і ўбачыў, не падазраваціме, — кажа Нігер, — бо выглядаем на людзей, якія схаваліся ад навальніцы. Але баюся, каб не адлажылі вынасу трупаў да заўтра.
— Град не будзе йсці доўга, —
пацяшаў Пятроні. — Мусім чакаць хоць бы й да світу.І чакалі, наслухоўваючы, ці не даходзіць які шорах нясучых ношы. Град перастаў, праўда, але зараз зашумеў лівень. Часамі зрываўся вецер і нёс ад боку Гнілых Ямаў страшэнны смурод буцьвеючых трупаў, якія былі пахаваны даволі плытка, нядбайліва. Нараз адзываецца Нігер: — Бачу, праз імглу мігае святло… адно, другое, трэцяе… Гэта светачы!
І звярнуўся да людзей: — Пільнуйце, каб не пырхалі мулы!..
— Ідуць! — кажа Пятроні.
Праўда, светачы рабіліся штораз выразнейшыя. Праз момант відаць было нат ужо й полымя. Нігер пачаў жагнацца й маліцца. Прымеж таго, пасумны карагод прысунуўся бліжэй і ўрэшце, зраўняўшыся з святыняй Лібітыны, затрымаўся. Пятроні, Вініць і Нігер прылеглі маўкліва да капца, не цямячы, што гэта абазначае. Але тамтыя спыніліся толькі дзеля таго, каб паабвязваць сабе твар і вусны ды забяспечыцца гэтак ад смуроду, які пры самых путыкулах быў невыносны, пасля паднялі ношы й пайшлі далей. Адна толькі труна затрымалася насупраць святынькі. Вініць прыскочыў да яе, а за ім Пятроні, Нігер і двух брытанскіх нявольнікаў з лектыкай. Але не паспелі дабегчы, як з цемры даляцеў да іх балючы голас Назара: — Спадару! Перанеслі яе разам з Урсусам у Эсквілінскую вязніцу… Мы нясем нябожчыка! А яе схапілі перад поўначай!
Пятроні, вярнуўшыся дамоў, быў захмураны, моў бура, і не спрабаваў нат пацяшаць Вініція. Бо разумеў, што пра выбаўленне Лігіі з Эсквілінскага падзямелля няма чаго й лятуцець. Здагадваўся, што праўдападобна дзеля таго перанеслі яе, каб не памерла ад эпідэміі, ды каб не размінулася з прызначаным ёй амфітэатрам. Але гэта якраз быў доказ, што пільнуюць яе больш рупна, чым іншых. Пятронію шкада было да глыбіні душы і яе, і Вініція, але апрача таго маркоціла яго і тая думка, што ўрэшце ў жыцці спаткала яго няўдача, што першы раз быў пераможаны ў барацьбе.
— Фартуна быццам кпіць з мяне, — гадаў сабе, — але багі памыляюцца, калі думаюць, што я згаджуся на такое, напрыклад, жыццё, як ягонае.
І ўставіў вочы ў Вініція, які таксама глядзеў на яго, вытрашчыўшыся.
— Што з табою? Ты маеш гарачку? — пытае Пятроні.
А той адказвае нейкім дзіўным, прыгнобленым і павольным, голасам, бы хворае дзіця: — А я веру, што Ён можа мне яе вярнуць.
Над горадам каналі апошнія раскаты грому.
LVIII
Трохдзённы дождж — выключная з’ява ў Рыме падчас лета, ды яшчэ часта перападаючы, насуперак прыроднаму парадку, не толькі днём і вечарам, але і ўначы, град… Усё гэта змусіла перарваць відовішчы.
Прадвяшчалі няўраджай на вінаград, а калі аднаго папаўдня пярун растапіў на Капітолі бронзавую статую Цэрэры, загадана ахвяры ў святыні Ёвіша Сальватора [81] . Святары Цэрэры распусцілі весткі, быццам гнеў багоў абрушыўся на горад з прычыны нядбайлівага выканання караў на хрысціян, дык натоўпы пачалі дамагацца, каб хутчэй выкарыстана пагоду ды прыспешана ігрышчы, і радасць агарнула ўвесь Рым, калі ўрэшце абвешчана, што пасля трохдзённае пярэрвы ludus зноў распачнецца.
81
Ёвіша (Юпітэра) Збаўцы (лац.).