Пошукi будучынi
Шрифт:
Раптам чалавек заўважыў у Акаловiча на грудзях штосьцi падазронае для сябе. Штосьцi вытыркала з-за лiштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:
– А з якое ты аперацыi iдзеш?
– Ну з аперацыi.
– Адкуль?
– З Лядскага маёнтка.
– А што там рабiў?
– Як што рабiў?
– Дай сюды, - унь у цябе нешта тырчыць з кашулi.
Акаловiч хапiўся за лiштву, i ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вiнтоўку.
– З якое аперацыi?
– Я забiў Палiводскага.
– Гэта ты?
– Я.
– Хто табе даваў заданне? Чаму ты так здалёку iшоў на гэта, i так далёка назад?! Тут зусiм iншая акруга!
Тут чалавек, усё сочачы за Акаловiчам, убачыў, што ён тое, што тырчэла ў яго з лiштвы, ужо скамячыў у пальцах, змяў у жмуток, быццам бы выцiраючы пальцамi нос, паклаў у рот i ўжо клычыць зубамi i языком. Зараз глыне.
– Выплюнь!
– закрычаў чалавек i зварухнуў пальцамi на вiнтоўцы. Акаловiч плюнуў. Чалавек хапiў мокры ад слiны жмуток i, расцягнуўшы яго ў пальцах, убачыў, што гэта кавалачак паркалю, на якiм штосьцi дробна надрукавана па-нямецку.
– Я забiў Палiводскага, - голасам як з-пад зямлi абазваўся Акаловiч, падаючыся задам да першых зараснiкаў на самым узлессi.
– Я ведаю i без цябе, што Палiводскага сёння ўночы забiлi, - прахрыпеў чалавек i стрэлiў. Акаловiч упаў i больш ужо не паварушыўся.
З таго дня i гэты куток, дзе сярод кустоў ляжаў нежывы Акаловiч, i той маёнтак, адкуль на трэцi дзень пасля першых допытаў i доследаў вывезлi на блiжэйшы могiльнiк Палiводскага, i ўсе тутэйшыя дарогi пачалi часта агалашацца стукатам нямецкiх матацыклаў i грузавiкоў i скогатным бразгатам танкаў i танкетак. Кожную легкавую машыну ахоўвала танкетка, а калi ехаў якi-небудзь санавiты немец, то за iм iшоў
Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збiраецца вялiкая сiла, мноства людзей i ўсё пры зброi, i многа там чырвонаармейцаў i камандзiраў, i што нешта вялiкае неўзабаве можа адбыцца. Што ж да справаў на фронце, то прайшла чутка, што падышлi вялiкiя папаўненнi i Чырвоная Армiя хутка пачне наступаць. Тым часам вельмi шырока стала вядома, што каля Сумлiч на Вялiкiм скрыжаваннi адбыўся напад на нямецкую аўтакалону: звыш як семдзесят нежывых немцаў ляжаць на самым скрыжаваннi пад недаломкамi васьмi машын. А ў суседняй з Сумлiчамi воласцi ўночы раптоўна невядомыя перастралялi ўсю палiцыю i схапiлi i забралi жывога з сабою каменданта. Хоць нiхто цяпер нiкуды ад свайго дома далёка не ад'язджаў i не адыходзiў, але ўсюды, на шырокую навакольнасць, ведалi, дзе ляжыць вытрушчаны i выгнуты на кучу ламачча нямецкi поезд. З-пад скалечанага паравоза i разбiтых вагонаў тырчаць акрываўленыя нямецкiя косцi. Ведалi яшчэ i гаварылi пра тое, што на грунтавым шляху ў лесе непадалёку, нават зусiм блiзка ад малога скрыжавання, стаiць адным бокам, з паднятым на паветра другiм бокам i з пагнутым i парваным сподам нямецкi танк. Дакладна называлi месца: калi прайсцi ад малога скрыжавання колькi кiламетраў шляху ў бок да таго месца, дзе ён каля Сумлiч крыжуецца з шашою, то, мiнуўшы вялiкую бярозу, будзе зараз жа i той танк. I па глухiх кутках, i па дарогах нават усё часцей льга стала напаткаць узброенага чалавека або некалькi iх. I ўсё гэта была праўда. Каму з якой-небудзь добрай цi злой прыгоды здаралася трапiць у тыя месцы, той сапраўды бачыў i поезд пад адкосам, i падарваны танк на шляху ў лесе. Казалi, што ад споду быў вельмi заквэцан у гразь, а з яго люка вытыркала i матлялася на ветры сiняя кашуля з вышыўкамi на рукавах.
Танк гэты стаяў узняты левым бокам у паветра, аднак жа не так блiзка ад вялiкай бярозы, не блiжэй як за паўкiламетра. Пад узнятым угару левым бокам была яма ад гранатнага ўзрыву. Абгарэлым i абкуродымленым задам ён сядзеў нiзка ў зямлi. Што здарылася з гэтым танкам, ведала толькi адна Ракуцькава Лiзавета. Самi ж танкiсты ўжо нiчога не маглi расказаць, бо яны былi мёртвыя. Канчаўся ўжо трэцi тыдзень вайны, калi Лiзавета падышла да бацькавай хаты. Выкiравалася яна сюды не ад шляху, а ўжо з супрацьлеглага боку. Яна дала вялiкага круга, каб не iсцi шляхам. Яе ўразiла пустэча i цiшыня ў пасёлку. Дзверы ў хатах усюды былi паадчынены, i хоць бы дзе жывая душа. З дрыжаннем сэрца яна ўвайшла ў бацькаў двор. Яе хустка, у краткi i з фрэнзлямi, валялася пасярод двара. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. Шырока раскiнуты дзвюма палавiнамi чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. У iм, напханыя туга, былi чаравiкi, кашулi, боты, нагавiцы, сукенкi. Гэта яе i Тамашова, тое самае, што бацька збiраў праз доўгiя гады. Камень з жорнаў у засохлай крывi ляжаў пасярод сянец. З-пад яго вытыркаў пляскаты кавалак чарапной касцi з скурай i пукам рыжых валасоў. Яна скалынулася i шпарка зазiрнула ў хату. Валачашчая сука прыбiлася сюды i паспела ўжо тут ашчанiцца. Вялiкая, худая, выцягнутая, доўгая i тонкая, яна ляжала на падлозе, i шасцёра сляпых шчанят смакталi яе. Яна вышчарыла зубы i забурчала, пачуўшы чалавека. Лiзавета выбегла з хаты, абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нiдзе нi душы i пакiнула гэтае сумнае месца. Вось i ўсё. I няма ўжо больш нi там нi тут нi прытулку, нi прыпынку. I можа бацькi i мацi ўжо няма. Вось i прыйшла самая спелая пара яе юнацтва!
Яна пераначавала ў блiзкай вёсцы пры шляху i вярнулася назад. У яе з'явiлася патрэба яшчэ раз зiрнуць на бацькаву хату. Дзесьцi ў глыбiнi душы ажыла ў яе надзея, слабая i няпэўная: а можа праз якi-небудзь цуд яна там нападзе на бацькаў след. Менш як праз гадзiну яна зноў зазiрнула ў бацькавы сенцы. Адзежы i чамадана ўжо не было. У хаце не было ўжо i сукi, адны толькi шчаняты спалi ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Раптам ускочыла ў хату сука i брэхам выгнала Лiзавету на вулiцу. Лiзавета пайшла ўнурыўшыся, а сука рвала яе ззаду за адзенне. Лiзавета азiрнулася. Сука адбеглася i зноў пачала нападаць. Лiзавета падняла пошвырак. Сука ўскочыла ў двор, у сенцы, у хату, дзе раптам залямантавалi шчаняты. Лiзавета зашчапiла дзверы i зноў пайшла, чуючы ўвесь час брэх зачыненай у хаце сукi. Тут яна ўбачыла, як з'явiлася на вулiцы фурманка i трое нейкiх невядомых мужчын, аброслых, у рубашках без падпяразкi, пачалi цягаць з хат усё, што толькi маглi i што было там. Воз напаўняўся адзеннем, посудам, усялякiм прыладдзем i рыштункам. Лiзавета скрылася ў першы двор i агародамi i садамi выйшла на доўгую сцежку праз поплаў да тарфянога балота i ўзгорыстага поля. Яна ўжо мiнула i тую вёску, у якой начавала, i палявою дарогаю iшла туды, дзе праходзiў вялiкi шлях. Дарога паднялася на крутое ўзвышша. Лiзавета азiрнулася з гэтага высокага месца i з вострай трывогай убачыла, як над пасёлкам, дзе стаяла бацькава хата, выбухнуў высока агонь з дымам i шпарка пачаў распоўзвацца ўшыркi. Лiзавета пайшла далей i праз сотню крокаў азiрнулася. Агонь бушаваў, як навальнiчныя перуны. Тут, на дарозе, пахла ўжо дымам i гарэлым дрэвам i чуўся дзiкi лямант. Проста на Лiзавету з усiх сiл iмчалася сука. Лiзавета пазнала яе не з масцi, а з усяго выгляду. Сука была ўжо без шэрсцi, уся абсмаленая i абсквараная. Яе адцягненыя шчанятамi цыцкi былi абвугленыя, i ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны i ад бягi патрэскаўся i змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лiзавету, сука ўпала на зямлю, i, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны i зноў заенчыла i заскуголiла. Вялiкiя вочы яна ўставiла ў Лiзавецiн твар, i здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лiзавета пабегла. Адбегшыся, яна азiрнулася i ўбачыла, што сука ляжыць i дзярэ лапамi зямлю, а агонь i дым удалечынi пачалi ападаць. Подбегам Лiзавета дайшла да вялiкага шляху, спынiлася апанованая одумам, паглядзела ў залiтую сонцам прастору i зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, i ўсю ноч, i палову наступнага дня яна iшла i выйшла на большы шлях i ўсё iшла. I ўвесь час душу яе цiснула гора i смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання i ўвайшла ў лес. Яе дагнала i пачала мiнаць невялiкая калона нямецкiх танкаў. Танкi iшлi адзiн за адным на вялiкай разлегласцi. Яна перастаяла iх усе, стулiўшыся за дрэвам. Ужо i гул iх знiкаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкi вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, i там шукаць бацькi. Пачаткi нейкай надзеi нараджалiся ў яе. Яна iшла, i ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азiрнулася. Танк стаяў пасярод дарогi. З яго выйшаў немец i махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усмiхнуўшыся,
ён узяў яе за локаць i тузануў iсцi з iм. Ён падвёў яе да самага танка i паказаў рукой, каб яна ўлазiла ў сярэдзiну. Яна стаяла моўчкi. Ён прыўзняў яе пад пахi i ўсадзiў у танк. Там быў яшчэ адзiн немец. I той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы i яна цесна сядзелi адзiн пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем i абуткам. Раптам танк спынiўся. Немцы пачалi штосьцi шпарка гаварыць памiж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзiн немец вылез з танка, а другi пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьцi прыслухоўваўся. I пацягнуў Лiзавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, i кадык выпiраў з расшпiленага мундзiрнага каўняра. Яна тузанулася i дакранулася зубамi да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамi. Ёй здавалася, што рот увесь напоўнiўся. Як мага, яна цiснула зубы, усё больш i больш. Не могучы апамятацца ад вялiкай трывогi, яна змагалася яшчэ i з немцавымi рукамi, якiя адпiхалi яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць i задушыць яе, яна ўсё больш сцiскала зубы, чула, як немец захроп i як ёй пырснула ў твар.– Э, э, Генрых!
– пачаў абзывацца той другi дзесьцi за танкам. Яна шатнулася ад немца i з нейкага iнстынкту хапiла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкi i два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымi i аслабелымi рукамi куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якiя добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.
– Генрых!
– моцна сказаў за танкам немец i нешта засвiстаў. Свiст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай i ачышчаў рукаў ад засохлай гразi. Ён убачыў яе, штосьцi сказаў i паказаў пальцамi сабе на грудзi. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў iх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка i зазiрнуў у сярэдзiну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калi яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, i цераз дарогу, памiж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча i мундзiрным каўняром у крывi i зямлi. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другiм асеў у зямлю. Зад яго палаў i пасля атух. Так ён i астаўся стаяць адным бокам. Лiзавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мiнула яна вялiкую бярозу з першымi жоўтымi лiсткамi на ёй i iшла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгi час зноў аставалася цiхiм i пустым. Толькi пасля таго як у суседняй акрузе Акаловiч забiў Палiводскага, гэтым месцам зноў пачалi праходзiць нямецкiя танкi. Бяроза тады стаяла зусiм ужо голая, i зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з'явiўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такiм жа дзiўным, як i страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося i скончылася вось як.
Перабродскi лагер апусцеў бадай што больш як на палавiну да тых дзён, калi Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора i калi Лукашэвiчава Лiза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкi i сядзела дзень i ноч на зямлi каля слупа з позiркам, якi мог скалынуць душу кожнага.
Многа людзей з лагера немцы адправiлi на работу. Ночы былi ўжо доўгiя i халодныя, але днём яшчэ грэла сонца, i пад iм вяў i запыльваўся трыпутнiк i спарыш на сцежцы, па якой уваходзiлi ў лагерную загарадзь. Тая ноч, якую Лiза ўсю праседзела з накiраваным у прастору позiркам, была нешта вельмi халодная. Перад самым рассвiтаннем Лiза прыпала шчакой да слупа. Можа гэта было самаашуканства, але ёй здалося, што так цяплей. Узбуджанне нерваў у яе павялiчвалася. Позiрк стаў вастрэйшы i стаяў на мяжы з адчаем. Яна не заўважала, як зашарэла ноч i неба на ўсходзе пабялела. Не вывелi яе з забыцця i частыя выстралы. Немцы для смеласцi часта тут стралялi. Пасля пачаў гарэць знадворку ад агароджы, у полi, салдацкi барак. Агонь выбухнуў так высока, што тут, на зямлi, стала вiдно, як у сонечны дзень. Лiза ўсё сядзела i раптам убачыла: сюды пабеглi людзi. Па той бок агароджы немец упаў. Яна ўсё глядзела туды i не магла здагадацца. Позiрк яе аставаўся яшчэ ранейшы. Праз разгароджанае месца сюды ўбег Ракуцька з аўтаматам. Твар яго быў чырвоны, i вочы свяцiлiся белым полымем. Перад iм неяк дзiўна, то задам, то бокам бег немец з паднятымi рукамi i нешта лапатаў. Ракуцька не бег, а iмчаўся, неяк калоцячыся, iрвучыся. I раптам яму дарогу загарадзiў Лiзiн позiрк. Ён быццам даўся ў сцяну i на момант застыў аслупянелы. Трэба думаць, што Лiзiн позiрк уразiў яго з найвялiкшай сiлай. Можа, i гэта напэўна так, тут было закранута балючае месца яго душы. Можа няўяўны прывiд Лiзаветы паўстаў перад iм. Ён увесь як бы закалацiўся перад Лiзiным позiркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:
– Стой! Падай!
Немец угнуў галаву i рынуўся яму ў ногi. Можа ён хацеў збiць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапiў яго за плечы, i можа нават тады, калi апошнi раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальнiцай, у яго не было такога вялiкага ўтрапення. Душа яго калацiлася, i думка ўзнiмала пакутныя вобразы мiнуўшчыны. Уся iстота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамi. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар i адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у iм нарадзiўся той чалавек, што блiзкiм часам узвысiў сваё iмя, пасля чаго Лiзавета пачула пра яго i прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лiзы. Яе позiрк з'iначыўся ў гэты момант. Тонкая i хiсткая, як травiна ў суш, яна разам з iм пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласiла Ракуцькава жонка i закрычаў Тамаш:
– Хто можа бiцца?! Хто хоча зброю?!
А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лiзе людзям:
– Кiруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забiрайце ўсе конi i вазы i назад сюды! Тут многа хворых.
У гэты момант толькi яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калi ж узышло сонца i паднялося так, што цень ад хвоi быў толькi напалову даўжэйшы за яе, людзi цiха пачалi выходзiць адусюль з поля i збiрацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкi салдат ляжаў там у дрэвах з прабiтымi штыхом грудзьмi. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзiў навокал дома. Калi грунуў першы залп з вiнтовак i закрычаў каманду сваiм падначаленым старшы палiцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома i ўбачыў многа людзей памiж стайнямi i свiрнам. Душа яго заныла, i ён пачаў беспарадна азiрацца. Як i кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравiках яна хадзiла па пакоi i падлiчвала, праз колькi гадзiн можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзi. Залп з вiнтовак яе ўстрывожыў не больш як i заўсёды: салдаты i палiцаi тут часта практыкавалiся ў стральбе. Яна зазiрнула ў памежны пакой, дзе павiнна была быць служанка, тутэйшая жанчына, цiхая i працавiтая, якая ўсё тужыла аб сваiм мужу, якi мабiлiзаваўся ў армiю ў першыя днi вайны. Яна збiралася прасаваць i ладзiла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула i, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскiя словы, папрасiла жанчыну пайсцi даведацца, чаго па двары ходзяць людзi. Жанчына нiчога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоi. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьцi падобнае да ўсмешкi.
– Партызаны!
– крыкнула жанчына, iдучы далей у пакой.
Гертруда закруцiлася па пакоi, не могучы нават падаць голасу. Жанчына хапiла прасавальную дошку i дала ею Гертрудзе ў плечы. Гертруда пабегла ў дзверы, чуючы за сабою рогат жанчыны. Збягаючы з ганка, яна пагубiла з ног незашнураваныя чаравiкi i босая, колючы з непрывычкi ногi i абдзiраючы iх, выбегла за дом i ўбачыла там салдата на зямлi з доўгiм i тонкiм нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.
– Густаў!
– закрычала Гертруда i адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзi запрагалi ў вазы конi. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полi, у вельмi нiзкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннiк, зрэдку было яшчэ на iм жоўтае лiсце. Гертруда плакала i малiлася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступенi яе ног былi ўжо спрэс у крывi. Доўга ўзыходзiлi яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для iх месца на заваяванай зямлi. Так дайшлi яны да вузкай грады лазы i ядлоўцу. Да гэтага моманту ў iх ужо i заваду не было пачуцця страху. Iх толькi прыгнечвала адчуванне гiбелi. Была прага, каб адбыўся цуд i каб перад iмi з'явiўся iх сын, у якога яны верылi. Яны не ведалi i не хацелi ведаць, што ў гэты дзень рабiлася ў маёнтку, уладанне якiм ператварылася так хутка ў горкi здзек над iх марай пакiнуць быць арандатарамi. У гэты дзень людзi выгналi з маёнтка жывёлу i вывезлi запас хлеба i садавiны. Вялiкi абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калi Гертруда i яе Густаў сядзелi ў лазе i аддыхвалiся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера i там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калi на фурманкi паклалi i пасадзiлi хворых, абоз рушыў на вялiкi шлях, i ўсе, хто быў тут, пайшлi следам. Нават хто i жыў паблiзу Перабродскага лагера, пакiдалi свае хаты i таксама пайшлi следам за тымi i разам з iмi, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскi рух прайшоў скрозь па вялiкiм грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне i далей паўз скалечаны танк, дзе людзi закрывалi далонямi раты i насы: там патыхала трупным духам. Людскi рух мiнуў вялiкую бярозу i кiраваўся далей у бок Вялiкага скрыжавання.