Подых навальніцы
Шрифт:
Калі Міканор, Гайліс i каморнік пачалі адзін за адным уцісквацца ў хату, гул стаў адразу аціхаць. Усе адно глядзелі на ix. У хаце запанавала напружаная, насцярожаная ўвага. Там i тут перасталі дыміць папяросамі i люлькамі, некаторыя ўздымаліся, каб лепш разглядзець нярослага, загадкавага каморніка. Шчуплы, нявідны, ён дзівіў маладосцю: амаль хлапчук, дзівіў i насцярожваў тым, як спакойна, цвёрда ішоў. Кінулася ўсім: трапіўшы ў такую грамаду, на пільную ўвагу столькіх — чужых зусім — людзей, ні трохі не збянтэжыўся ідучы, не зірнуў ні на каго, як бы ніхто яго не толькі не трывожыў, a i не цікавіў. Ішоў, спакойна адціскаў тых, якія заміналі, не гаворачы ні слова, не здымаючы шапкі.
Міканор
— Народу сабралася!.. — Усе зразумелі i усмешку, i гэтае нядобрае "сабралася", у якім чуўся помслівы папрок за іншыя сходы, папрок, які не зычыў лагоднасці. Адны няёмка, вінавата засмяяліся, друпя мацней задымілі. Усе чакалі далейшага. Нядобрая усмешка усё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. — Дружно — не сакрэт — сабраліся! — прамовіў ён зноў помсліва.
— Дзісцінліна! — зарагатаў Хоня.
— Заскачаш, як у кадрылі, калі баішся, штоб чаго не намудрылі! — асцярожна, як бы просячы літасці, адгукнулася з жаночай купкі Сарока.
Міканор прапусціў міма ўвагі, што загаварьші за Сарокай жанкі i той-сёй з мужчын, перачакаў ix, сказаў ужо дзелавіта, без усмешкі:
— Дак, мабуць, можно ўжэ пачынаць?.. — Ён перачакаў гоман згоды. — Е адно пытанне ў сягонняшні сход. Аб землеўпарадкаванні ў вёсцы Курані ў сучасны момант. — Ён для прыліку запытаў: — Другіх пытанняў няма?
— Е адно. Нашто ето ўпарадкаванне! — крыкнуў Нібыта-Ігаат.
— Aгe! — падтрымала яго адразу некалькі галасоў, найбольш жаночых. — Упарадковано ўжэ!.. Даўно!..
— Падзелено i перадзелено!..
— Надзяліліся ўжэ!
— Падзелено — не сакрэт — па-старому, — перачакаў гоман Міканор. — Некаторым цяпер паложано ўдзяліць лепей!.. — Ён хацеў даць слова Гайлісу, але яго перабілі, горача, нецярпліва:
— Каму ето?!
Па хаце зноў загуло.
— Е такая лічнасць, — Міканор памаўчаў хвіліну, дадаў пераможна: — Калгас!
Па хаце пайшло: "Е ўжэ — нібыто — у ix!", "У кажнаго зямля була!", "З зямлёй ішлі!", "Абагульнілі!..".
Міканор заўважыў: Гайліс павярнуў галаву к яму, строга i патрабавальна чакае, — у гомане, што не хацеў ападаць, аб’явіў:
— Слова па данаму пытанню мае старшыня сельсавета таварыш Гайліс.
Гайліс як па камандзе ўстаў, зграбны, акуратны, у туга перапаясаным, зашпіленым шынялі, з ясным, ад крытым позіркам блакітных вачэй. Стаяў, чакаў, пакуль не сціхлі ўсе. Толькі калі запанавала непарушная цішыня, са звычайнай сваёй акуратнасцю i дакладнасщо ўзяўся тлумачыць:
— Землеўпарадкаванне, который праводзіцца цяпер, не есць прастой фокус, як думаюць некаторый людзі’ Землеўпарадкаванне праводзіцца не потому, што камуто няма чаго рабіць i он выдумал зноў пераразаць зямлю. Нет, землеўпарадкаванне есць сер’ёзный i неабходный кампанія, які мает важное палітычное значэнне. Землеўпарадкаванне праводзіцца потому, што цяперашняе палажэнне з зямлёй не одповедает новаму становішчу ў сяле. Старый палажэнне з зямлёй был установлен пры старым становішчы, который цяпер змяніўся. Новое становішча трэбует i нового землеўпарадкавання. Цяпер на змену аднаасобніцкім гаспадаркам прышол калектыўная гаспадарка — калгас. На змену мужыцкім палоскам павінна прыйсці шырокае калгаснае поле. Калгас будзе работаць на трактарах, сеялках, жнейках, — яму необходно шырокае поле! На вузкіх палосках калгас работаць не
можэт! Это землеўпарадкаванне i павінно даць калгасам шырокае поле, прастор для тэхнікі, для шчаслівай i культурнай жызні! Это мае важнае значэнне для ўсяго сяла i для ўсяго народа, потому што ў этом адзіная дарога мужыка к культурной жызні. Потому што калгас павінен паказаць усім, як трэба ісці па этой дарозе!..Адразу за гэтым Гайліс павёў гаворку ў практычным кірунку, сказаў, што для землеўпарадкавання сельсавет i партячейка стварылі камісію, што камісія i будзе ўсім кіраваць. Ён апярэдзіў гоман, расшпіліў шынель на фудзях, дастаў акуратна складзеную паперку, пачаў чытаць, з каго складаецца камісія. Людзі пільна слухалі: ён чытаў выразна, стараючыся вымаўляць як найлепш, прыпыняючыся пасля кожнага прозвішча; былі ў камісіі Гайліс, Міканор, Хоня, Чарнушка, Грыбок. Калі ён згарнуў лісток, па хаце пайшоў гоман нездавальнення, галасы ўхвалы. "Ето — камісія: адны калгасаўскія!.." "А калгасаўскія што — не людзі?.." "Аднаго Чарнушку— ад усяго сяла!.." "Правільная камісія!.." "Хітро складзено!.." "Такая надзеліць, чорта!.."
Гайліс спакойна перачакаў гоман, сказаў, што камісія будзе працаваць разам з землеўпарадчыкам, які спецыяльна прысланы з раёна; ён паказаў на каморніка, што сядзеў так, нібы гаворка ішла пра кагосьці іншага.
Камісія, аб’явіў Гайліс, пачне працаваць заўтра i будзе старацца зрабіць усё хутка i добра. Усе матэрыялы падрыхтаваны, неабходны інструмент прывезены, усё гатова, каб пачынаць.
— А якое поле пад калгас? — не вытрываў, крыкнуу ад печы Яўхім.
Яўхіма падтрымаў дружны, нецярплівы гоман: чулася, што гэта найбольш хвалюе многіх у хаце.
— Зараз скажу. — Гайліс мімаволі зірнуў у той бок, адкуль крыкнулі, папракнуў нецярплівага — Не надо спешыць паперад бацько. Усяму свой чарга. — Гледзячы ўжо на іншых, сказаў з сяброўскай адкрытасцю: — Мы это пытанне думалі. Для калгас будзе адведзена поле, каторае называецца Піліпаў рог.
— Aгe! — вырвалася адразу ў кагосьці з жанчын. Едкае, нястрымнае.
Умомант хата загула, завіравала бязладнымі, гарачымі галасамі: усе ў сяле па чутках ведалі ўжо пра гэта; многія прыйшлі на сход з цвёрдым намерам — перашкодзіць, зберагчы сваё; увесь час чакалі гэтага моманту. Гаварылі, крычалі так, што спачатку ўсё танула ў адным імпэтным гуле. Вырываліся толькі асобныя воклічы: "Выбралі!..", "Знайшлі!..", "А другім — што?!", "Рашылі!..", "Другіх — на пясок!..", "Правільно!..", "Дулю!..", "Не дадзім!..".
Гразіўся, гатовы рынуцца ў бойку, Яўхім. Гарланіў, памагаў Яўхіму, нібы хвалячыся дужасцю голасу, Бугай. Кіпеў злосцю, аж ускокваў з лаўкі нецярпліва Нібыта-Ігнат. Важка, як у бочку, бухаў Пракоп Лясун, чыста, спрытна сыпала нядобрымі прымаўкамі Сарока. Чарнушчыха махала рукамі, круціла галавою да жанок: крычала таму, здавалася, што крычалі Сарока i іншыя. З сяброўскага абавязку. Стары Глушак, хваравіта трасучы галавою, сіпеў ціха, стрымана, — помніў сябе i тут, пабойваўся; але аж пырскаў слінаю: злосць брала такая, што, каб мог, разарваў бы латыша, рабога.
У галасы нязгоды, абурэння ўрываліся крыкі, якія ўхвалялі перадзел зямлі,— крыкі калгаснікаў: Хоні, Хведара крывога, Зайчыка, Зайчыхі. Ix распальвала шаленства тых, хто абураўся: яны, як тыя байцы, што трапілі ў бойку, біліся ўсё больш зацята, чым больш на ix навальваліся. Можа быць, крычалі гэтыя яшчэ гарачэй, галасней: ix было ўсё ж менш, а перакрычаць — перамагчы — яны павінны былі!..
Крычаў i Васіль: гарачы гул, вір крыкаў узняў, вырваў з грудзей трывогу i злосць, што даўно мучылі яго. Не адступіўся рабы — лепшы Васілёў кавалак, забраць хоча! Адзіны людскі кавалачак, які так трудна дастаўся! На які ўся надзея! З якога толькі i жывеш!