Подых навальніцы
Шрифт:
"А зямля — болей бы такой зямлі! Усю такую б зямлю! Не дарэмно стары Лясун жыліўся так: було чаго шкадаваць! A ўсё ж такі не ўбярог! Аж плакаў, як аддаваў, a ўсё ж такі аддаў!.. Добрая, ды адно — мало! Кеб шчэ хоць столькі!.. — Прыйшоў на памяць той незабыты перамер, калі біўся з Яўхімам. — Адрэзалі б тады тут, ля цагельні! — ажыла даўняя бяда. — Дак — удзялілі кавалак!.. Скруціў Корч хітры; улез, казалі, у душу самога ўпаўнаважанага! Улез-такі, пэўне, бо вельмі ж ужо "абрэзалі" выгадно! І Міканор — "справядлівы" такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічого, шчэ, можа, справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун, лістам сцелецца! Толькі цяпер — не выкруціцца! Не выкруціцца!" — падумаў з уцехай.
"От бы тады —
"Аддай поле, абагуль! Аддай поле — ето ўсё адно што — аддай душу! Папробуй, адарві душу!" — як бы казаў ён Міканору. Потым кінуў гаварыць яму; абабегшы позіркам паласу, падумаў ужо сам сабе: "Уся сіла чалавека — у зямлі. І сіла ўся, i радасць! Няма зямлі — няма, лічы, i чалавека!"
"Ганна!" — зноў уварвалася ў яго думкі. Ён мімаволі стаў. Нібы зачапіўся за штосьці. "Ну, от зноў!.. — ажыло знаёмае, нязбытнае. — Зноў — як спутаны. Дакуль жа ето будзе?!" З вінаватасцю перад Ганнай узяла злосць: "Не хацела тады, як можно було. За Карчом пагналася. Цяпер — думай тут!.. А што я ўдумаю, што?! Калі нічога прыдумаць не можно! Не можно ўжэ!" Ён растрывожана павёў вачыма па полі. Яно, здавалася, глядзела, чакала, спадзявалася; тысячамі сваіх сцяблінак, што варушыліся, хваляваліся, як жывыя. І раптам ён адчуў, як нязбытны цяжар спадае. Як вяртаюцца даўно не знаныя дужасць i яснасць. Поле, бяда яго i радасць! Яго сіла i надзея яго! Быў ён з імі i астанецца з імі! З імі толькі i жыць яму.
Не кіне ён ніколі поле гэтае, якім не нацешыўся, хату, у якой не жыў яшчэ; не кіне — каб i хацеў! Не можа кінуць; як не можа сам сябе загубіць!
"Ганна", — згадалася зноў, але так, як бы разышліся ўжо. Разышліся, ведаючы, што сустрэцца ўжо не давядзецца. Узяла маркота, жаль аб страчаным назаўсёды. "Не суджано, — нібы сказаў ён сабе, суцяшаючы. — Не судзілася тады, дак цяпер няма чаго думаць. Кончылася! Пра дзело трэба думаць, пра гаспадарку!.."
Ідучы зноў мяжою, чапляючыся лапцямі за чэзлае бадылле, тлумачыў сабе: "Мабуць, так ужэ век: што не можно, штоб усе было аднаму. Што трэба нечым паступацца… Дак i трэба паступіцца!.. Не малы! Не стрыкун! Хваціць ужэ балувацца!.. Мало, што даўпадобы! Прайшла пара!.. Пра дзело думаць трэба!.."
Цераз палосы з пожняю, цераз узаранае, цераз межы ён падаўся к узлессю, бліжэй да сяла. Зрэзаў вялікі кут, той жа хуткай, дужай хадою ўзболаткам, поплавам амаль напрасткі пайшоў к загуменню; абмінуўшы сяло, выйшаў к свайму гумну. Да самых поцемкаў, не аддыхваючыся, цупаў i цупаў цэпам. Ужо ў цемры зачыніў вароты гумна, але не пайшоў вячэраць: доўга гаспадарыў у хляве, цешыўся канём.
Усхапіўся зноў на золаку. Яшчэ i не ўднела добра, з сякерай кінуўся к новай хаце. Легка адкінуў ад другіх адну калоду, уладзіў, каб не круцілася, замахаў сякерай. Матка ледзь адарвала, каб паснедаў. Да паўдня часаў, дрэва аж звінела пад сякерай; а пасля полудня ўхапіўся зноў за цэп. І цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся.
Як перамяніўся чалавек.
3
Ганне ніяк не ўдавалася пабачыцца з Васілём. Некалькі разоў праходзіла яна па загуменні паўз яго селішча, чакала, але яго не было. Не было Васіля i на тых вячорках, куды хадзіла яна з кудзеляю.
Як надзеі на радасць, узрадавалася Ганна чутцы, што прыехала кіно.
Кіно было ўжо ў Куранях два разы, але першы раз Ганна даношвала дзіця перад родамі, a
другі — малое было на руках; толькі з людскіх гаворак ведала яна, якое гэта дзіва — кіно. Вельмі вялікая ахвота была некалі, пасля тых людскіх гаворак, пабачыць кіно, але цяпер кіно прывабіла Ганну не так само сабою, як тым, што на яго сыдзецца многа людзей; ажыла, нецярпліва забруілася надзея — будзе, мабыць, i Васіль!.. Хоць бы здалёк пабачыць, вачыма перамовіцца…Яўхім яшчэ пад вечар падаўся кудысьці: можна не баяцца, што прычэпіцца, затрымаць захоча. Ледзь накарміла жывёлу, хапаючыся — каб хоць не вярнуўся не ў час! — апранула каптан i стрыманай хадою ступіла на ганак. Выткнуўся, бы знарок, стары, прасіпеў нядобра:
— Куды ето?..
— От, пайду, пагляджу… — як адмахнулася ад яго.
Чула спіною, што глядзіць услед, але не азірнулася.
Ішла цвёрда, упэўнена.
Кіно павінны былі паказваць у Пракопавай хаце, адной з большых куранёўекіх хат. На гразкай вуліцы каля хаты, на двары, у поцемках i ў белым, аж рэзала вочы, святле, што ішло з вокан, тоўпіліся, варушыліся, здалося, усе Курані. Амаль адразу яе ўзрадавана гукнул! i яна азірнулася — ёй усміхаўся Сцяпан.
— Хадзем разам! — сказаў ён весела.
— Можно — разам, — не ўзрадавалася яна.
— За мной ідзі…
Было многа не толькі моладзі, але i старых, асабліва мужчын, — у двары прыйшлося проста прабірацца між чародак людзей. Сярод дарослых усюды шнырылі малыя. Гула гамонка, ускідваўся смех, вясёлыя воклічы.
"Як на вяселлі якім. Ці ў царкве, на вялікі дзень…" — падумала Ганна, таксама поўнячыся весялосцю.
— О тут е такая машынка, якая ток электрычны дае, — цешыўся, казаў Сцяпан. — Круціць яе трэба, штоб электрычнасць дала!.. — Ён засмяяўся: — Глядзі, сколькі ахвотнікаў пакруціць! Папасці ў кіно бясплатно!..
Калі Сцяпан i Ганна ўціснуліся ў сенцы, яна аж радасна прыжмурылася: да таго ж светла, такой яснасці i ўдзень у сенцах не бывае. Зірнула з павагай на лямпачку, што зырчала над расчыненымі дзвярыма ў хату. Ужо затым заўважыла яна поблізу ў сенцах дзіўную машыну з кругамі ўгары, пра якую Сцяпан сказаў, што гэта i ёсць — кінаапарат.
— Галоўны апарат, які паказуе ўсё… Усё ідзе адсюль, ад етаго апарата…
Яго дасведчанасць давала цяпер як бы перавагу, i ён трымаўся з Ганнай вальней i смялей, чым заўсёды. І не таіў шчасця. Яна ўпершыню бачыла яго вясёлым з тых дзён, як ён вярнуўся з няўдалых уцёкаў у камуну. Ганна ведала, што ён цяжка перажываў сваё выключэнне з камуны: кулацкі сын! — ведала, што толькі слёзы яго маткі прымусілі яго зноў вярнуцца з няпэўнага прыпынку — ужо ў Юравічах — дадому. Яна здзівілася, калі ўбачыла ўпершыню, як ён пасталеў за які-небудзь месяц. Век маўклівы, унураны, нейкі нязнана важкі, павольны. Штосьці ў ім нібы раптам згарэла, патухла. І вось — дзіва — зноў запалілася… Ён, аказваецца, мог быць i цяпер вясёлы, давольны…
Каля апарата корпаўся, штосьці папраўляючы, гладкі і, здалося, вясёлы незнаемы хлопец з русявымі, зачэсанымі назад валасамі. Тут жа быў i Андрэй Руды, важна заглядваў туды, што i хлопец, пытаўся ў яго.
Каб увайсці ў хату, трэба было купіць білет, якія прадавалі на століку перад дзвярыма. Сцяпан толькі ўзяў квіткі i пазваў Ганну ў хату, калі побач раптам выпнуўся расчырванелы, з вачмі, што прасілі i малілі, Хведзька:
— І я! І — мяне!..
Яго прапусцілі з імі. Хведзька ішоў, туліўся да Ганны, анямелы ад шчасця, ад белага святла. Але праз хвіліну пасля таго, як Ганна i Сцяпан умасціліся на ўслоне, рудаватага Хведзькавага чубка як i не было побач — знік недзе сярод сваіх равеснікаў, што круціліся, дурэлі на падпозе наперадзе, каля самага белага палатна.
Ганна агледзелася: у хаце было ужо багата людзей. Трохі ix сядзела на ўслонах, на ложку, друпя — большасць — уладзіліся проста на падлозе. Блізка, трохі ззаду, гаманілі Грыбкі i Сарока, далей, каля акна, у купцы дзяўчат тулілася Хадоська. Пракоп-лясун, як гаспадар, уладзіўся з выгодамі, на прыпеку, — з жонкаю, са старэйшымі сынам i дачкою. Малодшыя дурэлі, пішчалі на печы.
— Курыць не можно! — сказаў Міканор як загад.
— Чаму ето? — недавольна прамовіў ляснік Міця.