Подых навальніцы
Шрифт:
Ішла пара, якая заўсёды асабліва хвалявала яго, — восень. Ён заўважыў яе подступ здаля, са жніўня, — калі сонца падымалася яшчэ высока i ад гарачыні іншымі днямі аж млелі дрэвы, бабкі, недажатыя палосы, агароды за платамі.
Подступ яе радаваў добрым надворьем: палі дружна галелі, зелянелі адно палосы з картопляю. Дарогі былі поўныя працоўнага руху: дзе б ні быў, рыпелі вазы, сунуліся да сяла, па загуменных дарогах, уціскаліся ў расчыненыя гуменныя вароты. He толькі ў халаднаватых гумнах, a i на гарачых прыгуменнях пахла жытам, ячменем, аўсом; там i тут рады снапоў пры сценах аздаблялі чорныя гумны, як паясы: снапы сушылі. Дзенідзе цупалі ўжо цапы.
Восень далічвала летні плен. Што ж, Апейку не было чаго быць недавольным гэтым плёнам. Яно было не пустое, не гультайскае — можна ужо сказаць — мінулае лета. Як i ў тыя гады, нязбытным, вялікім клопатам лета был i дарогі; трэба было, як i ў тыя л еты, карыстаючыся тым, што балоты падсыхаюць, што сярод лета ёсць трохі вольнага часу, ладзіць грэблі, правіць, лажыць маеты. Дарогі былі вечнай бядою:
Першага верасня школьны званок паклікаў малых у тры новыя школы; Апейка ў той вераснёвы дзень дапаў да адной з ix, у Мокуці: сам бачыў, колькі радасці-ўцехі было ў бацькоў i дзяцей. Усё сяло, старыя i малыя, сышліся як на свята; заняткі доўга нельга было пачаць адтаго, што кожнай матцы, кожнаму бацьку хацелася паглядзець, як будуць іхні — ці іхнія — вучыцца. Потым разышліся, праўда, па палосах, па гумнах, але вечарам, каб не было Апейкі, спаілі б з радасці далікатнага настаўніка, адзінага пакуль на ўсю школу. Свята праўдзівае было, i Апейка не дзівіўся: раней трэба было перціся ў школу за цэлых сем кіламетраў, ды ледзь не ўсё лесам, па незлічоных лужынах, якія i летам не высыхал i; цераз балота за Куранямі. І лес там быў найбольш чорны, непралазны, поўны ўсякага звяр’я ды гадаўя… У саміх Юравічах — тут былі i Апейкава задума i яго кіраванне — зрабілі інтэрнат для дзяцей з далейшых сёл: школ другой ступені ў раёне нягуста: пакуль што — поўная — толькі адна; дык от i няхай будзе сталы прытулак усім, хто хоча ісці з балот да святла. Няхай будзе цёплы куток i страха перад вучобай, пасля вучобы; не ўсякаму бацьку ёсць на што наняць ix у мястэчку. Сам-насам Апейка радаваўся — ганарыўся нават, як асобым дасягненнем, — што ў гэтым годзе школы будуць не толькі з апалам: дрывамі ўдалося забяспечыць школы непагана, дзецям не давядзецца мерзнуць у халодных класах; у гэтым годзе ва ўсіх школах будуць для дзяцей гарачыя снеданні — хлеб i чай з цукрам! Ba ўсіх школах цяпер ёсць тытаны ці бачкі гатаваць чай! Есць хлеб i ёсць цукар!.. Гэта ўжо нешта ад будучыні, гэта ўжо, можна сказаць, — з’ява сацыялізму!..
Цяпер, калі восень відна не па нейкіх асобных прыкметах, a ўладарыць усюды, беспадзельна, можна ўжо скінуць з душы трывогу пра ўраджай. І налілося ўсё, i выспела, i прыбралі з поля, — за ўсе зернавыя можна быць спакойным: i за жыта, i за ячмень, i за авёс. Тoe — леташняе — лета было няўдалае: зернавыя ўрадзілі слаба; што вымакла з вясны, а што пагарэла; i людзям было мала, i перад дзяржавай у даўгу асталіся: не выканалі нарыхтовак. Была цяжкая восень: у трывозе аб людзях, з усякімі непрыемнасцямі зверху за нявыкананы план; i яшчэ больш цяжкая зіма i вясна. Людзі ў некаторых сёлах дамешвалі ў муку жолуд, пяклі з жалудовага цеста; не адной сям’і, некалькім сёлам гразіўся голад; трэба было памагаць, ратаваць колькі змогі. Памагалі i выратавалі: узялі з багацейшых сёл, выціснулі з кулакоў. Тым-сім, дзякаваць ёй, падсабіла акруга. Пасля ўсяго асабліва неспакойныя былі i вясна i лета; таму i асаблівая радасць, што не падвялі: ураджай сёлета — непаганы, калі раўняць нават з тым, што збіралі ў добрыя гады. Жыццё павінна выправіцца. Цяпер неспакой толькі пра картоплю; каб з ёй добра было ўсё…
Восень пакуль — не прыдумаеш лепшай. Золата — не восень. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк надзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Усё агорнута млявым, велічным спакоем: белаватае неба, далёкія i блізкія лясы, трава пры дарогах; усім гэтым, небам i зямлёю, прырода нібы кажа: я папрацавала нямала, нашчыравалася за вясну ды лета i от хачу пакволіцца ў спакоі. Яна, можа, i мае права на спакой, а людзям не да яго, не да спачыну. Людзі поўныя клопату, адвечнага асенняга імкнення. І таксама повен клопату Апейка; толькі ў клопаце яго не адна сям’я, не адна гаспадарка. Тысячы сем’яў, дзесяткі вёсак i вёсачак, раён…
Цупаюць цапы ў тысячах гумнаў — за палямі, за барамі i зараснікамі, за абшарамі бапотных чаратоў i асакі. Цупаюць у дзённай яснасці i ў чорныя, з першым подыхам холаду, ночы — пры святле "лятучых мышаў". Звіняць i ўдзень i ўночы яшчэ не частыя калгасныя малатарні: удзень — танчэй, як бы празрысцей, уночы — басавіцей. Гул ix яшчэ не ўсюды звычны i таму вяселіць асабліва: ён — як нейкая новая, i вельмі звонкая, мелодыя ў даўняй песні восені.
Людзі начамі пры святле ліхтароў i на сваіх гумнах i каля малатарань выглядаюць трохі незвычайнымі. На стрэхі, на сцірты, на поле ліхтары кідаюць вялізныя цені, ад ценяў гэтых людскія рукі з бічамі цапоў, з віламі — нібы рукі асілкаў, самі людзі выдаюцца асілкамі. Можа быць, яны i ёсць асілкі: з ночы ў ноч, да світання цупаюць цапы, гамоняць малатарні; людзі робяць, не шкадуючы сілы, да знямогі. Цяпер самае галоўнае — хлеб. Хлеб трэба ім, трэба гарадам, трэба арміі; у хлебе — жыццё народа i магутнасць краіны, якія будуюць пяцігодку. Хлеб гэты, якога раён дасць небагата, — толькі некалькі кропель у хлебным моры краіны, але i яны не лішнія. Краіна жыве не легка, не рас кош на — кожная кропля на ўліку.
Першымі
ў акрузе былі чырвоныя абозы з ix, з Юравіцкага, раёна. Адзін абоз павёў у Калінкавічы на станцыю новы сакратар райкома Башлыкоў, з другім у няблізкую дарогу, у Хвойнікі, выправіўся Апейка. Апейка вёз абоз з сёл, якія былі бліжэй да Хвойнікаў. Збіраліся на шляху: вазы з сёл ішлі к шляху цераз грэблі, цераз маеты, па польных дарогах; з жалезных абадоў цёк то руды, тарфяны, то белы, як мука, дарожны пыл. Па шляху рушылі разам: вазы з мяхамі збожжа паўзлі па белых, пясчаных каляінах, між старых i шумных бяроз, праз сёлы i міма сёл, міма хат наводдаль i ветракоў, што паважна круцілі крыламі. Ехалі пад вясёлыя марты i полечкі куранёўскага гарманіста Алёшы, пад песні возчыкаў, між якіх асабліва стараўся Міканор; калі ж гарманіст i ахрыплыя возчыкі сціхалі — пад доўгі, задуменны гоман тэлефонных правадоў. Толькі сцяг на пярэднім возе ўвесь час весела, агніста хадзіў пад лагодным, цёплым ветрам.З полечкамі ды кадрылямі прагрымелі коламі па бруку галоўнай вуліцы мястэчка, паўз балота выбраліся ў строгі сасоннік далёкай станцыі. Абпыленыя, прытомленыя, з прытомленымі коньмі — але гаманлівыя, галасістыя…
Пра гэтыя абозы пісалі потым газеты; гэта была падзея не толькі для раёна, але i для акругі i, можна сказаць, для рэспублікі. Башлыкоў чуу сябе тады героем: абозы гэтыя як бы прагрымелі аб тым, які кіраўнік, якога палёту, прыехаў у раён. І трэба сказаць, што для абозаў гэтых ён нямала пастараўся, так што иачатковы гэты яго трыўмф быў зусім заслужаны. Але, як i здаралася не раз мінулымі гадамі, пачаўшы першымі, набыўшы шумную славу рэспубліканскага маштабу, усю гэту славу неўзабаве ж страцілі, ганебна адсталі — не зважаючы на ўсе старанні сакратара райкома i на яго вялікае шкадаванне. Апейка, вядома, таксама шкадаваў, што нарыхтоўкі зацягваюцца, але ён перажываў спакайней: быў i характарам больш стрыманы, i аб славе не так бедаваў, i, галоўнае, браў тое, што здарылася, як пакуль няўхільную бяду. Яна не першы раз абыходзілася з ім так. Усё ж бяда гэта i яго тачыла: дарогі рэзалі, прымушалі траціць попусту столькі часу i сілы! Каб мог палічыць хто-небудзь, колькі патрачана ix за ўсе гады; колькі паламана адных калёс, ператомлена коней! Ва ўсім раёне ні адной вярсты чыгункі, ні адной станцыі. Палавіна вёсак кіруе на станцыю ў адзін суседні раён, другая — у другі. І як ні выгадвай: i ў адзін i ў другі бок менш як па трыццаць — сорак, а каму-нікаму i па пяцьдзесят кіламетраў не выходзіць. Тут як ні старайся, хоць абозы будуць рыпець не толькі ўдзень, a i ўночы да ранку — усё адно не ўправішся добра. Усё роўна раён спозніцца…
У такія дні Апейка нецяргіліва думаў пра той блізкі i далёкі час, калі i па ix лясных ды польных дарогах запыляць аўтамашыны. Гэта была яму адна з самых дарагіх мар: з добрымі дарогамі ды машынамі, быў ён упэўнены, глухая старана ix вельмі хутка зменіць сваё аблічча, стане краем багацця i культуры. Машыны, лічыў ён, борзда разгоняць застаялую, дзікую цішыню, радасна панясуць у знябытыя вёскі шчырыя i шчодрыя дарункі гарадоў. Пакуль жа, ужо не першы год, ён недавольна паглядваў на раку: усцяж раёна больш за паўдзесятка прыстаней — чаму б не арганізаваць хоць бы вывазку паставак па рацэ, на баржах. Ужо не раз гаварыў, дабіваўся ў акрузе, у Мазыры; адтуль пісалі, званілі ў Мінск, у Кіеў — ва ўпраўленне параходства; нічога не дабіліся — не было барж i буксіраў.
He ўправіліся вывезці i палавіны збожжа — падаспела бульба. Усе рынуліся на поле — капаць картоплю. Абапал усіх дарог, на ўсіх палосах — даўно ўжо не зялёных, рудых: зеляніна бульбоўніку пасохла, парудзела даўно, — заклапочаныя постаці: i старыя, i малыя, усе, хто можа рабіць. Падкопваюць, выбіраюць картоп’ лю, зносяць у кучкі ці ў кашы на вазах. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць. Дні пагодныя, як на заказ. Чыстыя i вельмі ціхія: галасы як бы звіняць, але ціха. Усюды плавае "бабіна лета". "Бабіным летам" абчапляны рудыя кусты бульбоўніку, трава пры дарозе, чапляецца яно за ногі, за крылы таратайкі. У конскай грыве таксама "бабіна лета". І спакойная, мудрая журлівасць над усім. І пахне дымам: там i тут на полі белыя дымы — паляць сухое бацвінне. Пякуць бульбу — радасць малым, i грэюцца старэйшыя: зямля ўжо не летняя, стынуць рукі. Днём яшчэ цёпла, а ночы — волкія, важкія, i ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею.
Паўзуць i паўзуць полем вазы з лазовымі кашамі. Вазы з кашамі на полі, на дарогах, на прыгуменнях. Пры гумнах ледзь не ў кожным двары ладзяць капцы — картоплю ўкрываюць ад зімніх халадоў. Вялікія, доўпя, як аборы, капцы ссыпаюць пры калгасных дварах; доўпя капцы гэтыя яшчэ ў навіну, як i самі калгасныя аборы.
Ідуць вазы з кашамі к вялікім раённым дарогам, па шляхах з бярозамі i вербамі, з тэлефоннымі слупамі. Палавіна вазоў у адзін раён, палавіна — у другі. На станцыях зноў людна i тлумна: сыходзяцца, ціснуцца дзесяткі, сотні вазоў. Храпуць, іржуць коні, раз-пораз ускідваецца лаянка, гатова загарэцца бойка: кожнаму хочацца прабіцца да вагаў раней. Зноў Апейку бярэ трывога аб вывазцы: марудна ідзе яна. З акругі ж — што ні дзень — званкі, запытанні: як з нарыхтоўкамі, як — план? Напамінкі, што бульба — Ленінграду i Маскве, накачкі: падводзіце акругу! Нібы ён вінаваты, нібы ўсё таму, што ён — не хоча ці мала хоча, каб было лепш! І от жа: хоць не вінаваты, хоць ведаеш — няма на табе віны, a ездзіш ужо як вінаваты; гаворыш ужо ў сельсаветах, у калгасах, у вёсках неспакойна. Сам падганяеш ужо, i сам накачваеш, хоць часта бачыш, што ўсё гэта i не трэба. Неспакой, гарачка — нервы не вытрымліваюць. Спакой, дзелавітая разважнасць не ўдаюцца.