Подых навальніцы
Шрифт:
— Можна сказаць, што i на заработкі,— паддаючыся тону яго гаворкі, адказаў Апейка. — На першы калгасны заработак.
— Рашылі з сягонняшняга дня рабіць па-калекціўнаму, — сур’ёзна, як i належыць кіраўніку, старшыні калгаса, растлумачыў Міканор. — На старых покуль надзелах, але па-калекціўнаму. Разам скасіць i прыбраць кожны надзел. Параіліся з Іванам Анісімавічам, — кіўнуў Міканор на Апейку, — i рашылі пачаць з Зайчыка. І от з-за етаго зайшлі к табе. Штоб падтрымаў першы, — кончыў прыяцельскім ужо тонам Міканор, як бы намякаючы, што Хоня таксама на асобым становішчы, Хоню — асобае давер’е.
— Да я чаго ж, — зухавата прамовіў Хоня. — Я не ўломак! Я хоць зараз!
Нібы паказваючы, што ён слоў на вецер не кідае, Хоня тут
— Mo касу каму адбіць трэба? Дык я ўмент!
— Трэба будзе, прынясем! — паабяцаў Хоня.
Зайчык ужо махаў касою. Калі падышлі, кінуў касіць, здзіўлена павёў вочкамі, але клопатнасць схаваў гарэзлівай мітуснёй:
— Чаго ето так рано? Шчэ ж, братачкі, жонка не напякла нічого!
— А мы найперш зарабіць хочам, — зарагатаў Хоня.
— Да от рашылі,— у сваёй старшынскай ролі выступіў Міканор, — работаць калякціўно з сягонняшняга дня. Па чарзе рабіць калякціўно. І рашылі пачаць з цябе.
— Я тут падумаю… — узрушана i вінавата загаварыла Зайчыха, што адразу падышла да гурту. — Я падумаю, — зірнула на Зайчыка, супакойваючы, — звару чаго-небудзь!.. Пакуль тое!..
— Да не трэба! — заявіў Хоня. — Перакусілі ўжэ!
— Паснедалі,— супакоіла жанчыну Вольга.
— Не, патом усе-такі трэба! — прамовіла Зайчыха.
— Трэба, — смяяўся i не смяяўся Зайчык. — Дзень такі!.. — Жартам, але не жартаўліва загадаў жонцы: — Разарвіся, але штоб як… Штоб як у людзей!
Хвіліну яшчэ ўгаворвалі Зайчыкавых, што нічога не трэба. Потым спрачаліся, каму першаму ісці, каму весці; гэта было вельмі важна не толькі таму, што весці павінен лепшы касец, але i таму, што гэтым вызначалася i агульнае прызнанне перавагі аднаго перад іншымі i разам як бы аддаваўся яму знак асобай пашаны. Апейка заспяшаўся, параіў першаму пайсці гаспадару, самаму сталаму сярод усіх, самаму, значыць, i заслужанаму. Але Зайчык першы ж запярэчыў: жартуючы, дурэючы, сказаў, што ён i касец не асаблівы i, галоўнае, зусім не сталы: ні ў каго ў Куранях няма ў галаве столькі ветру, як у яго. Ён першы ж i сказаў, каб наперадзе пайшоў Апейка. Зайчыка ўсе падтрымалі, i Апейку асталося толькі падзякаваць за гонар i давер’е. Адтаго, што рад быў пракошаны ўжо далека ад краю, вярнуліся к пачатку надзелу; Апейка пракасіў першы трохі, тады побач, ззаду пайшоў Міканор, потым Хоня…
— Ну, благаславі, старая! — засмяяўся Зайчык, становячыся, каб ісці за Хонем…
Так яно весела i проста пачалося, на мокрым, нібы дымным, балоце, у ранак, ва ўсім, здавалася, падобны на ўсе іншыя. Балота жыло звычайным сваім клопатам, i ў клопаце гэтым мала хто разумеў, што з гэтага пачынаецца новае, не знанае яшчэ ў Куранях…
Пад вечар таго ж дня бачылі, як Апейка зноў праехаў паўз балота, знік разам з таратайкаю ў зарасніку, што абчэгіліваў дарогу.
Раздзел пяты
1
Не
трэба думаць, што Глушаку не было шкада малой. Не чужая ж кроў, свая, Глушаковае насенне — i адзін дзень, i другі поўз у неспакойныя клопаты ціхі жаль аб нябожчыцы. Да жалю заўсёды прымешвалася злосць на нявестку, асабліва — на дурны выбрык на могілках. Як ні лаяў яе, чуў сябе — i гэта дадавала злосці — нібы вінаваты. Хоць супакойваў сябе: Бог даў— Бог узяў; хоць разважаў цвяроза: не ведаў жа, што так кончыцца, — калі маліўся аб малой, быццам прасіў ва Усявышняга літасці i даравання.Жаль аб малой, вінаватасць за яе вярэдзілі душу старога Глушака ўсё ж менш, як калі б іншым часам. Хмару прыгнала не на яснае — на хмарнае, чорнае неба. Не да таго, не да малой было — нюхам старога, бітага воўка чуў неадступна Глушак: ішло на страту большае. Хоць не хацелася верыць, усё магло неўзабаве загінуць.
Багата што перамянілася ў Глушаковым жыцці за нейкія два гады. Далёкім, нікчэмна-дурным здаваўся яму цяпер той час, калі ён кіпеў люта, што абрэзалі трохі зямлі. То быў толькі пачатак: з таго часу жыццё не раз i не два пляскапа ў гразь яшчэ ці даўно самага паважанага, самага моцнага — можна сказаць, самага магутнага ў Куранях — гаспадара. І каб пляскала ў фазь адно, то яшчэ нічога: гразь — не кароста, сорам — не дым; а то ж падразала над корань, скручвала вяроўкамі ногі, заціскала вузел на шыі…
Леташняй восенню вымелі ўсё дачыста. Думаў прыхаваць трохі, закапаў сем мяшкоў у дрывотні, дроў налажыў наверх да страхі, дык i тыя вывернулі. Гумно, хлявы перакапалі, a дакапаліся, выцягнулі. Толькі i ўхаваў, што пяць мяшкоў на картаплянішчы за грушай. Ашалелыя ад капання, ад яго ўпартага "не", "няма", ад няўдачы, што не маглі дапасці да астатняга, — ледзь у міліцыю не пагналі зразу ж. Судзіць гразіліся, у турму ўпякаць збіраліся. Перадумалі яны там, ці што, a толькі абышлося неяк без міліцыі, без турмы; наказалі наастатак адно — на другі раз дабра каб не чакаў, калi не кіне злоснае сваё супраціўленне. Божкаў, кляўся, што забралі ўсё, бедаваў ca слязамі: як цяпер жыць будзе? — бедаваў не вельмі, каб не раз’ятрыць ненарокам горш; але калі ўспамінаў, думаў потым, нязменна паліла лютасць: зацягваюць на шыі пятлю, а ты i не выпручвайся! Не супраціўляйся, не будзь злосны! Сам памажы! Дзякуй, што не пасадзілі! Нібы тут рай, а не тая ж турма!..
Голас нават адабралі, лішэнцам зрабілі; як бы яму i рота разявіць няможна. Урэшце, праўду кажучы, не так яму i маркотна без таго голасу, пляваў бы ён на той голас, калі б той голас быў толькі голас; вялікі то гонар — мець голас разам з якім галадранцам, які ўчора жмені тваёй мукі быў рад! Голас важны не сам сабою; голас — то, напраўду, палёгка з падаткам; не маеш голасу — гніся, выжыльвайся пад цвёрдым заданнем! Выжыльвайся ды яшчэ маўчы — бо не маеш права голасу, бо — лішэнец! Каб яму на тым свеце на чырвонай скаварадзе, на агні вужакай круціцца — таму, хто выдумаў гэту пагібель! Тым, хто гнёў гэтым цвёрдым заданнем; асабліва ж — Дамецікаваму прыблуду, за якім i іншыя ў сяле бы ашалелі! Самаабкладанне, страхоўкі, нарыхтоўкі, падаткі, якім канца-краю няма, — чаго толькі ні начаплялі на гаспадара, каб выпіць з яго, як кроў, сілу, каб не даць яму падняцца!..
Яшчэ пазалетась падзяліў гаспадарку з Яўхімам. Падзяліў нават з ахвотаю: думаў, адрэзаўшы добрую долю Яўхіму, не такім багацеем будзе ўжо лезці ў зайздрослівыя людскія вочы. Думаў — галоўнае — падаткі зрэжуць, палёгку нейкую дадуць. Дык чорта лысага далі: упякалі столькі падатку, што аж заскрыгатаў зубамі. Ды не адзін падатак, а два — i яму, Халімону, i Яўхіму!..
Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт; толькі бляск у тхарыных вачах, як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Трудна было, а глядзеў наперад. Трудна было, a чуў — ад гэтага начамі, калі абдумваў усё, аж ныла ў грудзях — чуў, што гэта не ўсё яшчэ, што вузел толькі пачынае як мае быць сціскацца.