Планета людзей
Шрифт:
— Выскоквайце! Хутчэй!
— Згарым! — усклiкнуў ён.
I мы кульнулiся праз вырванае акно. Спынiлiся толькi метраў за дваццаць.
— Вы цэлы? — пытаюся ў Прэво.
— Цэлы! — адказвае ён.
Але чамусьцi трэ калена.
— Паскачыце, пабегайце, прысягнiце, што ў вас нiчога не зламана! — прашу я.
А ён у адказ:
— Нiчога, гэта аварыйная помпа…
Мне мроiлася, што ён вось-вось рассыплецца, развалiцца напалам, а ён, утаропiўшыся ў адну кропку, усё паўтараў:
— Гэта аварыйная помпа!..
"Ён звар'яцеў, — падумаў я, — зараз пусцiцца ў скокi…"
Але, адарваўшы вочы ад самалёта, якi нарэшце перастаў гарэць, ён паглядзеў на мяне i паўтарыў:
— Нiчога, гэта аварыйная помпа ўдарыла мяне па калене.
3
Проста
Прэво адключае акумулятары, каб часам не ўзнiк пажар ад кароткага замыкання. Я прыпiраюся да матора i прыкiдваю: усе чатыры гадзiны пятнаццаць хвiлiн лёту на мяне дзейнiчала сiла ветру з хуткасцю ў пяцьдесят кiламетраў у гадзiну, мяне сапраўды ўвесь час пагойдвала. Але, можа, ён дзьмуў не так, як нам прадказвалi, а мяняўся — а хто ведае, у якiм кiрунку. Значыць, вызначыць, дзе мы знаходзiмся, можна з дакладнасцю кiламетраў у чатырыста…
Прэво сядае побач i кажа:
— Проста неверагодна, што мы жывыя…
Я маўчу i не адчуваю нiякай радасцi. Мяне працяла адна подумка i ўжо не дае спакою.
Прашу Прэво запалiць свой лiхтарык, каб ён служыў мне маяком, а сам са сваiм лiхтарыкам у руцэ адыходжу. Iду напрамкi ўперад, уважлiва гляджу пад ногi. Крочу нетаропка, раблю шырокi паўкруг, зноў i зноў мяняю кiрунак. Я пiльна ўзiраюся долу — гэтак шукаюць згублены пярсцёнак. Зусiм нядаўна я вось гэтак шукаў на зямлi жывую iскрынку. Я iду ўсё далей i далей у цемрадзь, схiлiўшыся над белым колам, якое вяду з сабою. Значыць, сапраўды… Значыць, сапраўды… Павольна вяртаюся да самалёта. У роздуме сядаю ля кабiны. Я шукаў хоць якую-кольвечы зачэпку для надзеi. I не знайшоў яе. Я шукаў хоць якую-кольвечы адмету жыцця, але жыццё не падало мне анiякага знаку.
— Прэво, я не бачыў нi калiўца травы…
Прэво маўчыць, i я не ведаю, цi зразумеў ён мяне. Мы яшчэ пагаворым пра гэта, калi заслона будзе паднята, калi настане дзень. Нiчога не адчуваю, адну толькi страшэнную стому, i думаю: "Апынуцца пасярод пустынi, калi арыентуешся з дакладнасцю да чатырохсот кiламетраў…" Я рыўком ускокваю на ногi:
— Вада!
Бакi з гаручым, бакi з маслам прабiты. Нашы запасы вады таксама выцеклi. Пясок выпiў усё. Знаходзiм прадзiраўлены тэрмас, у iм уцалела з паўлiтра кавы, на дне другога — з чвэрць лiтра белага вiна. Працэджваем гэтае пiтво i злiваем у адзiн посуд. Яшчэ знайшлiся некалькi гронак вiнаграду i адным-адзiны апельсiн. I я прыкiдваю: "Гэтага недстаткова i на пяць гадзiн шляху па спякотнай пустынi…"
Мы ўладкоўваемся ў кабiне, будзем чакаць дня. Я кладуся спаць. Ужо засынаючы, падводжу вынiкi нашай прыгоды: мы абсалютна не ведаем, дзе знаходзiмся. У нас няма i лiтра вадкасцi. Калi мы не дужа адхiлiлiся ад трасы, нас адшукаюць у лепшым выпадку праз тыдзень, а гэта будзе занадта позна. А калi нас занесла далёка ўбок, то знойдуць праз паўгода. Няма чаго разлiчваць на самалёты: нас будуць шукаць у прасторы ў тры тысячы квадратных кiламетраў.
— Ах, шкода… — прамаўляе Прэво.
— Што?
— Усё ж магло скончыцца адразу!..
Але не варта так хутка адмаўляцца ад жыцця. Мы з Прэво бяром сябе ў рукi. Нельга трацiць надзеi, хай сабе цень надзеi — i, можа, адбудзецца цуд i выратаванне ўсё-такi прыйдзе
з неба. Тым больш нельга сядзець на месцы, — а раптам паблiзу маецца якi-небудзь аазiс? Будзем хадзiць i шукаць цэлы дзень. А вечарам вернемся да самалёта. А перад адыходам вялiкiмi лiтарамi занатуем на пяску, дзе мы i што мяркуем рабiць.Скручваюся ў клубок i засынаю аж да дня. Якое шчасце заснуць! Стома агортвае мяне безлiччу зданяў. Я не самотны ў пустынi, мая дрымота напоўнена галасамi, успамiнамi, пошапам прызнанняў. Мне яшчэ не хочацца пiць, я добра адчуваю сябе, я аддаюся сну, як прыгодзе. I ява адступае…
О, усё зусiм перайначылася, калi настаў дзень!
4
Я вельмi любiў Сахару. Я шмат начэй правёў у краi няскораных плямёнаў. Не раз прачынаўся сярод бязмежных бялёсых пяскоў, хвалiстых, як мора ад ветру. I засынаў пад крылом самалёта i чакаў дапамогi, — але цяпер гэта не iшло нi ў якое параўнанне.
Мы караскаемся па схiлах гарбатых узгоркаў. Дол — пясок, цалкам укрыты тонкiм слоем блiскучых чорных каменьчыкаў. Нагадваючы металiчную луску, купалы ўзгоркаў блiшчаць, як кальчуга. Мы трапiлi ў свет мiнералаў. Усё вакол закута ў браню.
Адолееш адзiн высокi пагорак, а воддаль узнiмаецца другi, гэткi ж блiскучы i чорны. Iдзём, шкрабаючы дол нагамi, каб пакiнуць па сабе пуцяводную нiць i потым вярнуцца па ёй назад, да самалёта. Крочым тварам да сонца. Насуперак усякай логiцы я вырашыў узяць курс на ўсход, хоць усё, i метэастанцыi, i час, праведзены ў палёце, прымушалi меркаваць, што я пераляцеў Нiл. Але калi я наважыўся трошкi прайсцi ў кiрунку на захад, мне богведама чаму стала нейк зусiм не па сабе. Не, на захад пойдзем заўтра. I ад поўначы пакуль адмовiмся, хоць гэтая дарога i вядзе да мора. Праз тры днi, калi мы ў паўтрызненнi вырашылi канчаткова пакiнуць разбiты самалёт i iсцi, iсцi, пакуль не пападаем, мы зноў-такi рушылi на ўсход. Дакладней, на ост-норд-ост. I гэта зноў-такi насуперак усякай логiцы, як, зрэшты, i насуперак усялякай надзеi. I потым, калi ўжо будзем уратаваны, мы выявiм, што нiякi iншы кiрунак не прынёс бы нам збавення, бо калi б мы пайшлi на поўнач, нам, надта ўжо знямоглым, усё роўна не ўдалося б дабрацца да мора.
Якой бы недарэчнасцю нi выглядала гэта, сёння мне здаецца, што пазбаўлены люб-якой падказкi, якая магла б прадвызначыць наш выбар, я абраў гэты напрамак толькi таму, што ён выратаваў у Андах майго сябра Гiёмэ, якога я так доўга шукаў. Ён падсвядома стаў для мяне напрамкам да жыцця.
Пасля пяцi гадзiн шляху краявiд мяняецца. Адзiнокая рака пяску нiбыта сцякае ў нейкую лагчынку, i мы пускаемся па ёй. Iдзём хутка, нам трэба прайсцi як мага болей i да ночы вярнуцца назад, калi нiчога не нагабаем. Раптоўна я спыняюся як укопаны:
— Прэво!
— Што?
— Сляды…
Калi ж гэта мы забылiся пакiдаць за сабой баразну? Калi мы не адшукаем яе — канец.
Вяртаемся назад, але бяром трошкi правей. Адыдзем як мага далей, павернем яшчэ раз пад прамым вуглом i тады напэўна перасячом стары след.
Звязаўшы гэтую нiтку, прастуем далей. Спёка ўзмацняецца, а з ёю нараджаюцца i мiражы. Але гэта пакуль сама элементарныя мiражы. На даляглядзе вялiкае возера, а падыдзеш блiжэй — i няма яго. Вырашаем перайсцi пясчаную лагчыну, падняцца на сама высокi ўзгорак i агледзець наваколле. Iдзём ужо шэсць гадзiн. Адмахалi, вiдаць, добрых трыццаць пяць кiламетраў. Узбiраемся на вяршыню намечанага чорнага купала i моўчкi сядаем. Унiзе пясчаная рака, па якой мы iшлi, упадае ў пясчанае мора, без адзiнага каменьчыка — зiхоткая белата слепiць, рэжа вочы. Пустыня, як вокам ахапiць — пустыня. Але ўдалечынi пералiвы святла ствараюць новыя мiражы, куды болей хвалявальныя. Там узнiмаюцца крэпасцi i мiнарэты, высозныя будынiны з. выразнымi абрысамi. Яшчэ прыкмячаю вялiкую цёмную пляму, якая здаецца зялёным гаем, але яна аказваецца воблакам — апошнiм з тых, што ўдзень рассейваюцца i зноў уваскрасаюць пад вечар. Той гай — усяго толькi цень кучавога воблака.