Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Мы зрабілі ў сене норы, зарыліся з галавою, затаіўшыся. Калі б цяпер мыш залезла пад маю кашулю, то цярпеў бы, маўчаў. Лепей выцерпець, чым лезці праз трубу ў прафілакторый.
Рыпнулі дзверы. Хтосьці прамовіў:
— І тут няма.
— А ты наверх залезь, правер, — пачуўся голас Сіняга Носа.
Няўжо правераць? Што, калі заўважаць? Тады трэба кулём ім на галаву. Пакуль ачомаюцца, будзем далёка. Каб толькі ўсім разам скаціцца, па камандзе.
— Лезь. Чаго топчашся?
— Няма іх там.
— Лезь, пакуль у прафілакторый не адправіў.
Сена зашалясцела. Лезе стражнік, баіцца Сіняга Носа. Сіні Нос нядаўна ў турме сядзеў, а цяпер камандуе.
— Няма. Казаў вам.
Вось табе і маеш! На «вы» Сіняга Носа называе. Хутка перад ім будуць шапкі знімаць.
— Злажу-у…
Пранесла. Не ўмееце шукаць. З носам засталіся. Што ж, папабегайце. Вам карысна. Прывыклі сіднем сядзець.
— Каля гумна пабудзьце, — загадаў Сіні Нос. — Далёка не адыходзьцеся. Яны недзе тут. Людзі бачылі, што ў гэты бок пабеглі. Я сабаку прывяду. Па слядах знойдзе.
Стражнікі, гамонячы, выйшлі з гумна. Ды што з гэтага? Праз паўгадзіны знойдуць нас. Сабака пачуе, дзе сядзім.
Я высунуўся з нары.
— Ігнат, — паклікаў Пятрусь.
Ужо на сене мой сябар сядзіць, у шчыліну пазірае.
— Ігнат, стражнікі карты дастаюць. Будуць гуляць. А Сіні Нос ужо на агародзе.
— Спускайцеся за мною, — прашаптаў Саўка і, ступіўшы на край сена, слізгануў на жываце.
Мы з Петрусём перапаўзлі на край і таксама з'ехалі з сена.
— Да лесу бяжыце, — сказаў Саўка. — Там схаваецеся.
— А ты? — запытаў я.
— Я як-небудзь…
— Чаму?
Саўка, не адказаўшы, выбег з гумна і што ёсць сілы прыпусціўся па лузе. Туды, да агародаў.
Што ж ён робіць? Думае ў горадзе схавацца? Вось-вось убачаць яго стражнікі. Чаму нас пакінуў?
Саўка адбегся і гукнуў:
— Ого-го-о!.. Стражнікі ў крык:
— Уцякае!
— Лаві!
Выскачылі з-за гумна і стрымгалоў за Саўкам. А ён пабег, кульгаючы.
— Хоча нас выратаваць, за сабою стражнікаў павёў,— сказаў Пятрусь.
— Давай за ім, — праз слёзы прагаварыў я.
— Стражнікі і нас скруцяць.
Канешне, скруцяць. Але ж зараз на Саўку наваляцца…
— Пятрусь…
Пятрусь не даў мне скончыць.
— Ігнат, трэба ўцякаць. Ілбом сцяну не праб'еш. Мы яшчэ вернемся. Мы яго выратуем.
— Выратуем? Абяцаеш?
— Слова даю. Трэба ў лесе схавацца. Няхай супакояцца.
Мы рванулі да лесу. Калі падбягалі да ўскрайку, я азірнуўся і ўбачыў, што стражнікі вядуць Саўку ў горад.
Зноў з ведзьмаком
Мы дабеглі да лесу і пайшлі па лясной дарозе. Я зусім не цяміў, дзе мы, куды ідзём.
— Ці знойдзем зноў гэты горад? — кажу Петрусю.
— Абавязкова знойдзем. Вызвалім Саўку.
Проста сказаць. Мабыць, у прафілакторыі Саўка сядзіць. Як туды прабрацца, каб не заўважылі? А калі нават і ўдасца вызваліць, то што далей? Да ведзьмака Саўку весці? Папрасіць, каб і яго, і нас свайму вядзьмарству навучыў?
Добры Саўка будзе ведзьмаком, будзе людзей страшыць…Я зірнуў на Петруся. Твар хмурны. Напэўна, кошкі скрабуць на душы. Ці не таму, што Саўку пакінулі, не ратавалі?
Я, каб перапыніць благія думкі, сказаў:
— А пан Бадзей за локаць сябе ўкусіць.
— Дасць Іванка прачуханца, — азваўся Пятрусь.
— Паэт Карней пра гэта верш напіша, — дадаў я.
— Пра каго напіша? — пачулася, як з грому. З-за кашлатай яліны выйшлі… Казімір Міронавіч і Палын. У мяне і рукі апусціліся.
— Дык пра каго напіша? — усміхнуўся Казімір Міронавіч.
Мы з Петрусём маўчалі. Пра што з ім гаварыць? У яго, як вядома, адно ў галаве: нас вядзьмарству навучыць.
— Не чакалі вы гэткай сустрэчы, — прамовіў вядзьмак.
— Яны ў тым горадзе свой гонар страцілі,— хіхікнуў Палын.
— Не, не страцілі. Але ж страху там набраліся. Ну, што? І цяпер шкадуеце людзей?
— Не прыставайце да нас, — сказаў Пятрусь.
— Вы цвёрдыя арэшкі. Ды ўсё роўна раскушу. Зараз у свой палац завяду. Буду трымаць датуль, пакуль не паразумнееце.
— А калі не пойдзем? — з выклікам прамовіў я.
— Пойдзеце. Жывучы, усяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш. — Казімір Міронавіч, не спускаючы з нас вачэй, нешта хутка-хутка зашаптаў.
У мяне заплюшчыліся вочы. Я анічога не адчуваў. Толькі пачуў, як паціху сказаў вядзьмак: «Ідзіце за мною».
Мне здалося, што іду па балоце. Пад нагамі хлюпае гразь, ногі правальваюцца. Я ледзь выцягваю іх і іду, пакідаючы чорныя адбіткі-сляды. Нарэшце балота скончылася. Перада мною — вялізны парк, а ў парку дзівосны палац. Дах зіхаціць золатам. У вокнах рознакаляровае шкло: чырвонае, жоўтае, сіняе…
— Што? Вочы разбегліся? Гэта мой палац. Прачніцеся! — пачуўся ведзьмакоў голас.
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў яго, Палына, Петруся.
— Ужо прыйшлі. Вы мае госцейкі,— прамовіў вядзьмак.
Прывёў. Пусціў тлумачы ў вочы. Прымусіў. Выходзіць, гэты дзівосны палац, у якім рознакаляровае шкло, ягоны.
— Даспадобы вам мая хатка?
Хаткай палац называе. Мусіць, не адзін год нявольнікі яго будавалі. І ім пусціў тлумачы ў вочы. Цягнулі жылы, лілі пот. А што, калі і нас прымусіць будаваць? Будзем. Да скону. Няўжо не ўбачу свайго возера, татаў голас не пачую, маму не абніму? Не, не, не… Вырвемся з кіпцюроў. І беднага Саўку выратуем. Ён чакае нас. І мама чакае. І тата чакае. І возера…
— Вось дзе жыву. Ёсць дзе прытуліцца. Было б чаго хваліцца. Жыве, як адзінокі воўк у лесе. Толькі гэты прыпылены Палын за ім, што хвост, цягаецца. Мусіць, грызе нуда ў адзіноце. Ці не таму такі незычлівец?
— І мы будзем тут жыць? — запытаў Пятрусь.
— Будзеце. І вам месца хопіць. А зараз павячэраеце.
Лепей не ўспамінаў бы вядзьмак пра вячэру. У мяне, як пачуў, аж слінкі пацяклі. Ведаў я, што ён на стол не паставіць баланду, у якой хвост ад селядца.
— І па парку дазволіце пагуляць? — усё дапытваўся Пятрусь.