Падарожжы Гулівера
Шрифт:
— Глюм глеф Куінбус Флестрын! — закрычаў увесь натоўп.
Па-ліліпуцку гэта азначала: «Няхай жыве Чалавек-Гара!»
А начальнік варты паслаў у палац двух сваіх афіцэраў, каб яны далажылі аб усім, што здарылася, самому імператару.
6
Між тым у палацы Бельфабарак, у самай далёкай зале, імператар сабраў тайную нараду, каб вырашыць, што рабіць з Гуліверам.
Міністры і саветнікі спрачаліся між сабой дзевяць гадзін.
Адны гаварылі, што Гулівера трэба як мага хутчэй забіць. Калі Чалавек-Гара парве свой ланцуг і ўцячэ, ён можа растаптаць усю Ліліпуцію. А калі ён не ўцячэ,
Другія даказвалі, што забіваць Куінбуса Флестрына гэтак жа небяспечна, як і пакінуць яго жывым. Ад разлажэння такога велізарнага трупа можа пачацца чума не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй імперыі.
Дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель папрасіў у імператара слова і сказаў, што Гулівера не трэба забіваць, ва ўсякім выпадку да таго часу, пакуль не будзе пабудавана новая крапасная сцяна вакол Мільдэнда. Чалавек-Гара з'ядае хлеба і мяса больш, чым тысяча семсот дваццаць восем ліліпутаў, але затое ён, відаць, і працаваць будзе за дзве тысячы ліліпутаў. Акрамя таго, у выпадку вайны ён можа абараніць краіну лепш, чым пяць крэпасцей.
Імператар сядзеў на сваім троне пад балдахінам і слухаў, што гавораць міністры.
Калі Рэльдрэсель скончыў, ён кіўнуў галавой. Усе зразумелі, што словы дзяржаўнага сакратара яму спадабаліся.
Але ў гэты час устаў са свайго месца адмірал Скайрэш Балгалам, камандзір усяго флоту Ліліпуціі.
— Чалавек-Гара, — сказаў ён, — самы дужы з усіх людзей на свеце, гэта праўда. Але якраз таму яго і трэба пакараць смерцю як мага хутчэй. Бо калі ў час вайны ён надумае далучыцца да ворагаў Ліліпуціі, то дзесяць палкоў імператарскай гвардыі не змогуць з ім справіцца. Зараз ён яшчэ ў руках ліліпутаў, і трэба дзейнічаць, пакуль не позна.
Казначэй Флімнап, генерал Лімток і суддзя Бельмаф згадзіліся з думкай адмірала.
Імператар усміхнуўся і кіўнуў адміралу галавой — і не адзін раз, як Рэльдрэселю, а два разы. Відаць было, што гэтая прамова спадабалася яму яшчэ больш.
Лёс Гулівера быў вырашаны.
Але ў гэты час дзверы расчыніліся, і ў залу тайнай нарады ўбеглі два афіцэры, якіх прыслаў да імператара начальнік варты. Яны сталі перад імператарам на калені і далажылі аб тым, што здарылася на плошчы.
Калі афіцэры расказалі, як літасціва абышоўся Гулівер са сваімі палоннымі, дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель зноў папрасіў слова.
Ён сказаў яшчэ адну доўгую прамову, у якой даказваў, што баяцца Гулівера не трэба і што жывы ён будзе куды больш карысны імператару, чым мёртвы.
Імператар вырашыў памілаваць Гулівера, але загадаў адабраць у яго велізарны нож, пра які толькі што расказалі афіцэры варты, а разам з тым і іншую зброю, калі яна будзе знойдзена пры вобыску.
7
Абшукаць Гулівера было даручана двум чыноўнікам. Знакамі яны растлумачылі Гуліверу, што патрабуе ад іх імператар.
Гулівер не захацеў з імі спрачацца. Ён узяў абодвух чыноўнікаў у рукі і апусціў спачатку ў адну кішэню кафтана, затым у другую, а потым перанёс іх у кішэні штаноў і камізэлькі.
Толькі ў адну патайную кішэню Гулівер не пусціў чыноўнікаў. Там у яго былі схаваны акуляры, падзорная труба і компас.
Чыноўнікі прынеслі з сабой ліхтар, паперу, пёры і чарніла. Цэлыя тры гадзіны корпаліся яны ў кішэнях Гулівера, разглядаючы рэчы
і складаючы вопіс.Скончыўшы сваю работу, яны папрасілі Чалавека-Гару дастаць іх з апошняй кішэні і спусціць на зямлю.
Пасля гэтага яны пакланіліся Гуліверу і панеслі складзены вопіс у палац.
Вось ён — слова ў слова:
«Вопіс прадметаў, знойдзеных у кішэнях Чалавека-Гары:
1. У правай кішэні кафтана мы знайшлі вялікі кавалак грубага палатна, які па сваёй велічыні мог бы быць дываном для параднай залы палаца Бельфабарак.
2. У левай кішэні знайшлі велізарны срэбны куфэрак з вечкам. Вечка такое цяжкае, што мы самі не маглі падняць яго. Калі па нашаму патрабаванню Куінбус Флестрын прыўзняў вечка свайго куфэрка, адзін з нас залез усярэдзіну і тут жа праваліўся вышэй каленяў у нейкі жоўты пыл. Цэлае воблака гэтага пылу ўзнялося ўгору і прымусіла нас чхаць да слёз.
3. У правай кішэні штаноў знаходзіцца велізарны нож. Калі паставіць яго старчма, ён будзе вышэй чалавечага росту.
4. У левай кішэні штаноў знойдзена нябачаная ў нашых краях машына з жалеза і дрэва. Яна такая вялікая і цяжкая, што, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, нам не ўдалося скрануць яе з месца. Гэта перашкодзіла нам агледзець машыну з усіх бакоў.
5. У правай верхняй кішэні камізэлькі ляжыць цэлы стос прамавугольных, зусім аднолькавых лістоў, зробленых з нейкага невядомага нам белага і гладкага матэрыялу. Увесь гэты стос — вышынёй з палову чалавечага росту і таўшчынёй у тры абхваты — прашыты тоўстымі вяроўкамі. Мы ўважліва агледзелі некалькі верхніх лістоў і заўважылі на іх рады чорных таямнічых знакаў. Мы мяркуем, што гэта літары невядомай нам азбукі. Кожная літара велічынёй з нашу далонь.
6. У левай верхняй кішэні камізэлькі мы знайшлі сетку памерам з рыбалоўную, але зробленую так, што яна можа зачыняцца і адчыняцца накшталт кашалька. У ёй ляжыць некалькі цяжкіх прадметаў з чырвонага, белага і жоўтага металу. Яны рознай велічыні, але аднолькавай формы — круглыя і плоскія. Чырвоныя — відаць, з медзі. Яны такія цяжкія, што мы ўдвух ледзь маглі падняць такі дыск. Белыя — відаць, срэбныя — меншыя. Яны падобныя на шчыты нашых воінаў. Жоўтыя — відаць, залатыя. Яны крыху большыя за нашы талеркі, але вельмі цяжкія. Калі толькі гэта сапраўднае золата, то яны павінны каштаваць вельмі дорага.
7. З правай ніжняй кішэні камізэлькі звешваецца тоўсты металічны ланцуг, відаць, срэбны. Гэты ланцуг прымацаваны да вялікага круглага прадмета, які знаходзіцца ў кішэні і зроблены з таго ж металу. Што гэта за прадмет, невядома. Адна яго сценка празрыстая, як лёд, і праз яе добра відаць дванаццаць чорных знакаў, размешчаных па крузе, і дзве доўгія стралы.
Унутры гэтага круглага прадмета, відаць, сядзіць нейкая таямнічая істота, якая не перастаючы стукае не то зубамі, не то хвастом. Чалавек-Гара растлумачваў нам — часткова словамі, а часткова жэстамі — што без гэтай круглай металічнай скрынкі ён бы не ведаў, калі яму ўставаць раніцой і калі класціся вечарам, калі пачынаць працу і калі яе канчаць.
8. У левай ніжняй кішэні камізэлькі мы бачылі рэч, падобную на рашотку дварцовага саду. Вострымі прутамі гэтай рашоткі Чалавек-Гара расчэсвае сабе валасы.
9. Закончыўшы абследаванне кафтана і камізэлькі, мы агледзелі рэмень Чалавека-Гары. Ён зроблены са скуры нейкай велізарнай жывёліны. З левага боку на ім вісіць меч даўжынёй больш чым у пяць разоў за сярэдні чалавечы рост, а з правага — мяшок, падзелены на два аддзяленні. У кожным з іх могуць лёгка змясціцца тры дарослыя ліліпуты.