Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
– Мяркую, аптымальны час - сённяшняя ноч.
– Манарх глянуў на старадаўні насценны гадзіннік з двума амурамі.
– Скажам, а першай. Аформіш ад'езд уласнаручна.
– Жанчына?
– Каб яму не было сумна...
– А вы дазволіце?..
– Ах ты, стары грахаводнік!
– Ваша вялікасць, хіба не вы казалі, што грахі - гэта ўчынкі, якія прыемна ўспамінаць?
– Яна ж будзе яшчэ цёпленькая ад ягоных абдымкаў...
– У гэтым ёсць свой шарм. За адным разам пакажам пісьменніку цікавае кіно. Так бы мовіць, на дарожку...
Апошнія словы каралю чамусьці не спадабаліся. Ён дэманстрацыйна глянуў на гадзіннік.
Пачуўшы, як ад палаца ад'ехаў «мерседэс» шэфа бяспекі, кароль загадаў неадкладна выклікаць міністра паліцыі.
Галоўны паліцыянт краіны быў поўнаю супрацьлегласцю шэфа бяспекі: высокі, падхорцісты і да бляску выгалены. Кароль сардэчна павітаўся з ім за руку, пасадзіў госця за стол і наліў віна.
– Не, нічога не здарылася, - адказаў манарх на запытальны позірк.
– Проста захацелася пасядзець з чалавекам, якому давяраеш, нібы самому сабе. У краіне такіх двое: ты і начальнік службы бяспекі. Ён толькі што пайшоў. Дзяржаўныя справы... Засталося пару нюансаў, якія мы не паспелі абмеркаваць. Я не затрымаю цябе. Праз гадзіну будзеш абдымаць сваю здобную жоначку або каго захочаш. А пакуль узбадзёрся старым добрым бургундскім. Бараніна, праўда, астыла.
Міністр паліцыі акуратна асушыў келіх, прамакнуў вусны сурвэткаю і агледзеў стол.
– Рэкамендую ласінай каўбаскі, - сказаў кароль.
Галоўны паліцыянт пасунуў да сябе талерку і са смакам узяўся закусваць. Тым часам кароль падсеў да бюро ў стылі ампір і пачаў хутка пісаць. Праз колькі хвілінаў на пакладзеным перад ім аркушы начальнік паліцыі прачытаў: «Сёння табе не давядзецца спаць. Паступілі надзвычай дакладныя звесткі, што блізу гадзіны ночы ў сталіцы будзе здзейсненае дзёрзкае і цынічнае забойства. Пра астатняе пагаворым у палацавым парку. Сцены маюць вушы і ў каралеўскіх рэзідэнцыях».
Міністр наліў сабе келіх бургундскага, засяроджана выпіў і ўстаў. Кароль узяў яго пад руку і ўжо ў дзвярах дадаў да напісанага:
– У адных людзях жыве Бог, у другіх - д'ябал, а ў некаторых - адно глісты і мікробы.
Вярнуўшыся праз чвэрць гадзіны ў залю, кароль наліў сабе віна, але піць не стаў. Ён падышоў да дзвюх прынесеных шэфам бяспекі скураных валізак, паважыў іх у руках і выбраў больш пакоўную. Паклаў яе на камінную дошку, трохі пакруціў колцы замкоў і, упэўніўшыся ў іхняй надзейнасці, дастаў з шуфляды бюро вялікі паляўнічы нож. Праверыўшы ягоную вастрыню, кароль застаўся задаволены і ўвагнаў джала ў валізку. Нож акуратна разрэзаў светла-брунатную скуру па перыметры.
Валізка была наладаваная простымі папяровымі тэчкамі на тасёмках. Кароль пасунуў да каміна сваё цяжкое, абабітае зялёным аксамітам крэсла, паставіў на камінавую дошку келіх з віном і паклаў на калені верхнюю тэчку. Ён не спяшаючыся развязаў белыя тасёмкі, але раптам ускочыў і з лютасцю шпурнуў тэчку ў камін. З наступнай тэчкаю ўсё паўтарылася. Другую валізку ён распаласаваў ножам крыж-накрыж і рвануў скуру рукой. Вынік быў той самы.
У гэтым месцы крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, пачынаюць пярэчыць адна адной, прычым розначытанні набываюць настолькі прынцыповы характар, што змушаюць падаць абодва варыянты.
Паводле першага, у тэчках ляжала некранута-чыстая папера. Паводле другога, папера ў тэчках таксама ўяўляла сабой белую неруш, але пасярод кожнага верхняга аркуша было каліграфічным почыркам выведзена: «А вось табе х...»
Прааналізаваўшы
ўсе дадзеныя, чытач можа самастойна выбраць найбольш верагодны працяг.Маша і мядзведзі
Дзецям да 16 гадоў
прысвячаецца
Не верыць у рэінкарнацыю - дэбільна проста.
А калі яна ўсё ж існуе? А калі ў апошнім з тваіх папярэдніх жыццяў ты сапраўды - як убачыла ў эзатэрычных табліцах адна абазнаная жанчына - дыхаў п'янкім паветрам XVIII стагоддзя, прачынаючыся і засынаючы ў абліччы папулярнай мексіканскай танцоркі, асобы спакуслівай, падступнай і, бясспрэчна, тэмпераментнай не толькі на сцэне?
У якім увасабленні і праз колькі гадоў ці стагоддзяў ты зноў прыйдзеш у гэтую юдоль пасля змушанага або добраахвотнага развітання з сённяшнім целам і сённяшняй свядомасцю?
Ці залежаць хоць нейкім чынам наступныя з'яўленні на свет ад тваіх цяперашніх прынцыпаў і паводзін? (Няўжо меў рацыю Платон, які ў адным са сваіх славутых дыялогаў бязлітасна сцвярджаў, што гулякаў, абжораў і жлукталёў у наступных увасабленнях чакае безальтэрнатыўны лёс асла?)
Ці марыш ты адпачыць ад чалавечае іпастасі і здзейсніць прарыў з інтэлектуальнага холаду ў новы свет, знайшоўшы для душы зусім іншую цялесную абалонку з абсалютна незнаёмым дыяпазонам магчымага і немагчымага?
Ці будзе ўлічанае тваё жаданне ўцялесніцца ў нейкім канкрэтным абліччы або ў пэўным месцы? Можа (у спадзяванні на тое, што дзесьці там, умоўна кажучы, «наверсе», прыслухаюцца), гэтае жаданне сапраўды варта публічна агучыць, як, прыкладам, Іосіф Бродскі, які шмат разоў паўтараў, што ў новым увасабленні хацеў бы жыць у Венецыі - хоць катом, хоць пацуком.
Пра такія рэчы добра бывае паразважаць у звярынцы, асабліва калі сонца паварочвае на вясну, калі зноў верыцца ў лепшае, а ў кішэні ў цябе - зграбная булькатлівая біклажка з нержавейкі.
Вось перад табою, да прыкладу, леў.
Ува ўмовах дзікае прыроды ён, як паведамляе шыльдачка, жыве пятнаццаць гадоў, у няволі - усе трыццаць. Чаму б ты на ягоным месцы аддаў перавагу? Што лепей? Пагойсаць адмеранае табе лёсам па саване, паесці дасхочу свежыны, розных там антылопаў, зебраў ды жырафаў, і ўжо на другім дзесятку заручыцца з зямлёю? Або ўдвая даўжэй на ўсім гатовым займацца філасофскімі назіраннямі за чалавечай пародаю, каб урэшце прыйсці да высновы, што ў звярынцы, як і ў чалавечай турме, самае страшнае, што ты не можаш зачыніцца з сярэдзіны.
Па гамбургскім рахунку, скарачаць сваё жыццё гэтаксама цікава, як і яго расцягваць. А ўсё ж як наконт кампраміснага варыянта? На пятнаццатым годзе волі, пакаштаваўшы ўсяго на свеце (у тым ліку, вядома, і карыснай для львінага арганізма чалавечыны), можна самахоць здацца ў заапарк і, бязгрэшна гледзячы людзям у вочы, атрымаць яшчэ адзін жыццёвы тэрмін з гарантаванаю пайкай. Які з трох шляхоў абяцае найбольш прыстойную рэінкарнацыю?
Побач з ільвом - самец малпы, гібон, які, песцячы позіркам вабных жанчын, натхнёна займаецца мастурбацыяй, што выклікае здаровую цікавасць у юных аматараў прыроды, якіх бацькі мусяць жывасілам цягнуць да іншых клетак. Кім быў у мінулым існаванні ён? Сексуальным маньякам? Хлопчыкам з чарнобыльскай зоны, які ціха сканаў ад лейкеміі, так і не паспеўшы зрабіцца мужчынам?