ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстэрка

Кристи Агата

Шрифт:

— Ва ўсялякім разе, давайце спачатку разгледзім сітуацыю так, што гэта было забойства, а не самагубства.

— О, калі ласка. Раз вы на сцэне, дык, напэўна, будзе забойства!

Пуаро спачатку ўсміхнуўся, а пасля сказаў:

— Што ж, давайце разгледзім выпадак як забойства. Чуваць стрэл; чатыры чалавекі ў зале: міс Лінгард, Х'юга Трэнт, міс Кардвэл і Снэл. Дзе ўсе астатнія?

Бараўз быў у бібліятэцы, па яго словах. Ніхто не праверыць гэтую заяву. Іншыя былі, мабыць, у сваіх пакоях, але хто ведае, ці сапраўды былі яны там? Кожны нібыта спускаецца ўніз паасобку. Нават лэдзі Шэвені-Гарэ і Бэры сустрэліся толькі ў зале. Лэдзі Шэвені-Гарэ прыйшла са сталовай. Адкуль

прыйшоў Бэры? Хіба не можа быць, што прыйшоў не зверху, а з кабінета? Вось і гэты аловак…

Але, аловак — гэта цікава. Бэры не праявіў ніякіх эмоцый, калі я дастаў яго, але так магло быць таму, што ён не ведаў, дзе я знайшоў аловак, і яму было невядома, што ён згубіў яго. Давайце паглядзім, хто яшчэ гуляў у брыдж, калі аловак быў ва ўжытку? Х'юга Трэнт і міс Кардвэл. Яны выпадаюць. У міс Лінгард і дварэцкага жалезнае алібі. Чацвёртая была лэдзі Шэвені-Гарэ.

— Вы не можаце ўсур'ёз падазраваць яе.

— Чаму не, мой дружа? Паверце, што датычыць мяне — я магу падазраваць кожнага! Дапусцім, што, нягледзячы на яе відавочную адданасць мужу, яна шчыра кахае адданага ёй Бэры?

— Гм, — сказаў Рыдл. — Нейкім чынам у іх было нешта накшталт menege a trois [14] — на працягу многіх гадоў.

— І яшчэ канфлікт праз гэтую кампанію паміж сэрам Гервазы і палкоўнікам Бэры.

— Праўда тое, што сэр Гервазы мог намервацца перайсці да рашучых і небяспечных дзеянняў. Мы ж не ведаем акалічнасцей. Гэта магло з'явіцца прычынай вашага выкліку сюды. Скажам, сэр Гервазы падазрае, што Бэры наўмысна абірае яго, але ён не хоча агалоскі, баючыся, што можа быць замешана і яго жонка. Так магчыма. Гэта дае абаім рэальны матыў. І сапраўды трохі дзіўна, што лэдзі Шэвені-Гарэ ўспрыняла смерць мужа так спакойна. А гэтыя духі могуць быць гульнёй!

14

Сям'я з трох (фр.).

— Потым, ёсць яшчэ адна складанасць, — сказаў Пуаро. — Міс Шэвені-Гарэ і Бараўз. Яны зацікаўлены, каб сэр Гервазы не падпісаў новага завяшчання. Калі гэта так, яна атрымлівае ўсё пры ўмове, што яе муж бярэ прозвішча сям'і…

— Так, і расказ Бараўза пра настрой сэра Гервазы ў гэты вечар трохі насцярожвае. У гуморы, нечым задаволены! Гэта не адпавядае нічыім словам.

— А яшчэ тут ёсць містэр Фобз. Надзвычай карэктны, надзвычай строгі, за ім — старая і агульнапрызнаная фірма. Але юрысты, нават самыя рэспектабельныя, вядомыя тым, што яны прысвойваюць грошы свайго кліента, калі ў саміх нявыкрутка.

— Я думаю, вы робіцеся трохі меладраматычным, Пуаро.

— Вы лічыце, што мае ідэі занадта падобныя на кіно? Але часта жыццё маё, Рыдл, надзіва падобнае на кіно.

— У Вестшыры пакуль што не было такога, — сказаў галоўны канстэбль. — Лепей мы скончым нашы размовы з астатнімі, як вы думаеце? Позна ўжо. Мы не бачылі яшчэ Рут Шэвені-Гарэ, а яна, напэўна, самая важная з усіх.

— Добра. Але ёсць яшчэ міс Кардвэл. Можа, нам сустрэцца спачатку з ёю, бо гэта не зойме многа часу, а з міс Шэвені-Гарэ пагутарым напаследак.

— Слушная прапанова.

9

У той вечар Пуаро толькі зірнуў на Сьюзен Кардвэл. Цяпер ён пільней прыгледзеўся да яе. Разумны твар, падумаў ён, нельга сказаць, што прыгожы ў поўным сэнсе слова, але надзелены прывабнасцю, якой проста мілавідная дзяўчына магла б пазайздросціць. Валасы пышныя, твар з густам дагледжаны.

Назіральныя вочы.

Пасля некалькіх папярэдніх пытанняў маёр Рыдл сказаў:

— Я не ў курсе, як блізка вы знаёмыя з гэтай сям'ёй, міс Кардвэл?

— Я іх зусім не ведаю. Х'юга зрабіў так, каб мяне сюды запрасілі.

— Дык вы сябруеце з Х'юга Трэнтам?

— Такі мой статус у гэтым доме: сяброўка Х'юга Трэнта. — Сьюзен Кардвэл усміхалася, працяжна вымаўляючы словы.

— Вы даўно знаёмы з ім?

— О, не, усяго нейкі месяц. — Яна зрабіла паўзу, а потым дадала: — Я тут у якасці нявесты.

— І ён прывёз вас пазнаёміць са сваімі?

— О, божа, зусім не так! Мы трымалі гэта ў глыбокай тайне. Я проста прыехала на разведку. Х'юга казаў мне, што іх сям'я — як вар'яцкі дом. Я вырашыла: прыеду сама і пагляджу. Небарака Х'юга — мілы пястун, але ў яго не варыць як след галава. Становішча, ведаеце, было досыць крытычнае. Ні ў Х'юга, ні ў мяне — ніякіх грошай, а сэр Гервазы, галоўная надзея Х'юга, гарэў жаданнем ажаніць свайго пляменніка з Рут. Х'юга, ведаеце, трохі слабавольны. Ён мог згадзіцца на гэты шлюб, разлічваючы развесціся потым.

— Такая ідэя не вабіць вас, мадэмуазель? — мякка запытаўся Пуаро.

— Абсалютна. Рут магла б атрымаць усе і адмовіць яму ў разводзе ці яшчэ што. Я цвёрда рашыла: не зраблю і кроку ў Найтбрыдж Святога Поля, пакуль не змагу з'явіцца сюды, дрыжучы, з ахапкам лілеяў у руках.

— Дык, значыць, вы прыехалі вывучыць сітуацыю?

— Але.

— Еh bіеn! — сказаў Пуаро.

— Вядома, Х'юга меў рацыю! Усе ў гэтай сям'і ненармальныя! За выключэннем Рут, тая, як быццам, нармальная. Яна залучыла сабе прыяцеля і ставілася да ідэі шлюбу не з большым энтузіязмам, чым я.

— Вы маеце на ўвазе містэра Бараўза?

— Бараўза? Ды не! Рут не закахалася б у такога няшчырага чалавека.

— Дык хто ж быў прадметам яе захаплення?

Сьюзен Кардвэл памаўчала, працягнула руку па цыгарэту, запаліла і адказала:

— Лепей вы пацікаўцеся пра тое ў яе. Урэшце, што мне да таго.

Маёр Рыдл запытаўся:

— Калі апошні раз вы бачылі сэра Гервазы?

— Надвячоркам, калі была гарбата.

— Вы не заўважылі чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзінах?

Дзяўчына паціснула плячыма.

— Ён быў як заўсёды.

— Што вы рабілі пасля гарбаты?

— Гуляла ў більярд з Х'юга.

— Больш вы не бачылі сэра Гервазы?

— Не.

— А як вы ўспрынялі стрэл?

— З гэтым было трохі дзіўна. Разумееце, мне здалося, што быў першы гонг, таму я хуценька пераапранулася, выскачыла з пакоя, пачула, як я падумала, другі гонг і кінулася ўніз па лесвіцы. У першы вечар я спазнілася на адну хвіліну на абед, і Х'юга сказаў мне, што гэта амаль перакрэсліла нашы надзеі на Старога. Вось я і пабегла ўніз. Х'юга быў якраз перада мною, і тады пачуўся нейкі дзіўны трэск, і Х'юга сказаў: гэта корак ад шампанскага; але Снэл запярэчыў; дарэчы, і я не думала, што той гук даляцеў са сталовай. Міс Лінгард лічыла, што ён пачуўся зверху, але ўрэшце мы сышліся на зваротнай успышцы аўтамабіля, гурмой рушылі ў гасціную і забыліся пра гэта.

— Вам ніколі не прыходзіла, хоць на момант, думка, што сэр Гервазы мог застрэліцца? — запытаўся Пуаро.

— Ну, як такое магло прыйсці мне ў галаву? Стары, здавалася, цешыўся жыццём і сабою. Я не магла і падумаць, што ён зробіць такое. І не магу здагадацца, чаму ён гэта зрабіў. Відаць, толькі таму, што быў ненармальны.

— Нешчаслівая падзея.

— Вельмі, для Х'юга і мяне. Ён, як быццам, нічога не пакінуў Х'юга, ці амаль нічога.

— Хто вам сказаў гэта?

— Х'юга выпытаў у старога Фобза.

Поделиться с друзьями: