Калядная рапсодыя
Шрифт:
І вось ён і яна кідаюць у мяшок каляднікам сала. Яе рукі, такія белыя, так плаўна і мякка загнутыя на локціках, з ямачкамі ля гэтых локцікаў, кладуць у мех каўбасу.
Ён скрыгнуў зубамі ад пакутлівай рэўнасці.
Не,
…Але ж, магчыма, нічога гэтага няма, няма.
Ёсць! Ёсць! Яны топчуць снег, і яе рука ў ягонай руцэ, моцная, цёплая, рука каханай болей за ўсіх, а болей няма і не будзе. І весела, радасна скачуць вакол воўк, мядзведзь і каза.
…А Марына ляжыць на тахце, утаропіўшыся ў цемру пустымі вачамі, з якіх знік назаўсёды ён, з якіх знікла назаўсёды ўсё.
Цягнік запавольваў хаду. Радзей і радзей стукалі колы. Праплыў адзін агеньчык… другі.
Мікола схапіў чамадан і кінуўся ў тамбур.
Паўстанак. Будыначак, што дзівам збярогся ў вайну. Слабае святло з акон. Таўшчэзныя таполі ў кветніку.
"Як я мог без гэтага?"
Пазелянелы звон. За будынкам, пад скупым ліхтаром, сялянскія сані. Рыпіць пад нагамі ў людзей снег! І яна! Яна!
Брэнкнуў звон. Цягнік паволі рушыў у ноч.
Кінуць чамадан, каб усё, каб так ці інакш скочыць…
"Так… так… так…", — адбівалі колы.
Ён прымерыўся.
"Не
так… не так… не так…", — змяніў рытм цягнік.Праплыло дзесяць агнёў… два… адзін… Потым цемра. І толькі дужа-дужа слабыя агні хутароў рэдка-рэдка міргаюць у снягах.
…Ён стаяў у тамбуры, прыціснуўшы лоб да ледзянога шкла, і даўкі яблык паступова таяў, таяў, таяў.
"Я ўсё ж страшэнна шкадую, вельмі кахаю яе".
Ён курыў, а ў вушах чамусьці стаялі радкі з нейкага польскага верша. Чые, ён забыў:
Отвужце, отвужце окна в гломб кшычонцэго огроду, Топельцем в песнь поплынэн, кіпелён похлоненты Лець, укоханы доме, зэрвій сен з земі окрентем! О, жоно! О, пшыяцеле! Доправды: нема повроту.Цягнік набіраў хаду, вырываючыся ў палі, у якіх рэдка-рэдка трапляліся агні і па якіх слаба гуляла дуйка. Пасля зноў пагружаўся ў лес, у нетры, і тады квадраты акон імкліва вырывалі з цемры заснежаныя яліны, каб разбудзіць іх на хвіліну, а пасля зноў пакінуць зімовым снам.
Чалавек стаяў, курыў і глядзеў у начныя снягі.