Грот афаліны
Шрифт:
Радж бачыў, што ад усіх гэтых павучанняў і інструкцый Пуол не супакойваўся, а рабіўся больш усхваляваным і нервовым. Неспакойна пераступаў з нагі на нагу, а потым адставіў правую, а каленка дрыжыць, дрыжыць… У роце, мабыць, перасохла, бо Пуол пакручваў галавою і аблізваў губы. Радж, хоць і адчуваў, што бязбожна зацягвае інструктаж, рабіў гэта свядома: хацелася, каб землячка прабрала да пячонак.
— Пры пагружэнні могуць забалець перапонкі — ад перападу ціску. Выдыхніце паветра праз нос у маску, зрабіце некалькі глытальных рухаў, у вушах нібы нешта пстрыкне, ціск выраўняецца… Хто лятаў на самалёце, таму гэта павінна быць знаёма. Кажуць, адчуванне амаль аднолькавае… Далей… Хоць у вас і паясы з грузіламі, спачатку заглыбляцца будзе цяжка. Аднак гэта трэба пераадолець,
Пуол і незнаёмы Грэхем ступілі глыбей у ваду, косячы вокам на Раджа — як ён робіць? — змачылі шкельцы.
— Звярніце ўвагу на загубнік… Ён хоць і называецца загубнік, але вось гэтыя штучкі трэба каб трапілі за зубы… Не бойцеся браць у рот, усё прадэзінфіцыравана. Калі заціснеш вось так, то трымаецца добра… — Радж закапыліў верхнюю губу, паказаўшы ледзь не ўсе зубы, уставіў загубнік, стуліў губы, зрабіў глыбокі ўдых і выдых і выняў.— Ну, асвоілі? Яшчэ раз устаўце і выміце… Атрымліваецца? Ну вось, вы і гатовы да пагружэння… Забыў сказаць: гідракасцюмы ў нас «мокрага» тыпу. Гэта значыць, вада будзе прасочвацца сям-там, але яна нагрэецца ад цела, а новая ўжо не паступіць… Пытанні ёсць? Пад вадою можа з'явіцца многа іх, ды, на жаль, я не змагу там адказаць. Гэта не прагулка па садзе са «спікерам» у руках… Шкада, што ніхто з вас папярэдне не зрабіў прагулкі на «Нептуне» — лодцы з празрыстым дном. З яе добра ўсё відаць, і я змог бы адказаць на многія пытанні. Звычайна перад падводнай прагулкай у мяне пытаюць, ці ёсць тут акулы. Адказваю: ёсць, асабліва за рыфамі, але пакуль што нападу на людзей не было. Аднак будзем пільнымі, будзем глядзець у тры пары вачэй — сцеражонага і бог сцеражэ. Так?
«Падводнікі» ў адказ на гэта толькі выціралі лбы, пасмыквалі плячыма (сонца пякло яшчэ моцна, а касцюмы чорныя), тапталіся на месцы, нібы млелі ў іх ногі.
— Паўтараю, далей двух метраў ад мяне не адплываць… Вазьміце ў рукі вось гэтыя пікі…— паказаў Радж на штокі, што тырчалі каля іх з пяску. — Калі нападуць акулы, станем спінамі адзін да аднаго… Адаб'ёмся, не бойцеся! Ну — нагружаемся, спачатку да шыі.
Радж вырваў з пяску свой шток, уклаў загубнік у рот, нацягнуў маску, пачаў адступаць задам у ваду. Пуол і Грэхем таксама прарабілі гэтыя маніпуляцыі і павярнуліся тварам да сушы, пайшлі, няўклюдна перастаўляючы ногі. Янг паспеў адзначыць, як пабялеў Пуолаў твар.
Радж апошні раз выняў загубнік з рота, хоць вада даставала ўжо да шыі і пры накатах накрывала пырскамі з галавою.
— Абціскайцеся… Абціснуліся? Нагамі пад вадою перабірайце, як пры плаванні кролем. А можаце і абедзвюма разам, па-дэльфінячы. Рукі лепш трымаць уперад або назад уздоўж тулава… — Радж зноў узяў загубнік у рот і першы пагрузіўся з галавою.
Над ім забурлілі, вырываючыся, паветраныя пухіры — раз, другі, трэці… Раўнамерна, як трэба, дыхае Радж. Янг і Абдула падбеглі да прыбою, потым зайшлі ў ваду да каленяў, глядзелі, забыўшыся на ўсё. Вывяржэнні пухіроў рабіліся і там, дзе пагрузіліся пад ваду Грэхем з Пуолам. Белыя грабяні на хвалях накату імкнуліся сцерці іх, атушыць, а яны вывяргаліся зноў і зноў, нібы невялічкія падводныя вулканы.
Неўсвядомленая яшчэ да канца трывога ціснула Янгава сэрца.
— Абдула… Нідзе не дзенецца мадам Ой… Будзем чакаць Раджа. — Янг загарадзіў нагою шлях адступлення крабу-сігналыпчыку, схапіў яго за панцыр і вынес на сухое, сеў у пясок. Абдула сумна апусціўся побач. Янгава трывога пачала перадавацца і яму.
Забаўляліся з крабам без асаблівай цікавасці, думкі іх былі там, пад вадою. Крыху развесяліў быў Тота: хацеў абнюхаць краба, а той імгненна выставіў і тут жа схаваў вочкі-тэлескопікі, цапнуў клюшняю сабачку за нос. Тою, што вялізная і фіялетавая, якою ён любіць ківаць, нібы падманьваць каго да сябе.
3
Уперад, уперад… Вось тут яшчэ раз азірнуцца на аднаго і на другога: як дыхаюць, як плывуць? Грэхем амаль нармальна, мабыць, мае вопыт. А Пуол адстае, нязграбна перагрэбвае нагамі — у ластах не плаваў, выдыхае часцей, чым
магло быць… Пастаяў перад імі амаль вертыкальна, перабіраючы ластамі,— і галавою ўглыб, нагамі ўгору. Трэба спачатку ўразіць падводных падарожнікаў глыбінёй, паказаць прорву-цясніну, змрочную і жудасную. Яна злева ад прыстані. Вада ў ёй туманна сінее, а потым чарнее. Хай заглянуць туды, адчуюць, чым дыхае бездань… Маршрут так і разлічаны, каб уражанні напластоўваліся па кантрасту.Цела ўраўнаважылася ўжо, нібы зусім страціла вагу, кожная клетачка адчувае асалоду… Колькі разоў такое было, і ўсё да драбніц знаёма на маршруце, а раўнадушна-абыякавым не ўдаецца быць. Радж нібы птушка-велікан над лесам, а пад ім безліч рознакаляровых дробных птушак, нават стракоз і матылькоў, і гэтыя птушкі-рыбкі, стракозы і матылькі амаль не зважаюць на людзей, займаюцца сваімі справамі. Праўда, калі цень ад чалавека падступае да рыб, тыя рэзка адварочваюць убок. І рук баяцца: здаецца, вельмі проста пагладзіць каторую, узяць за хвост. Дзіва што! За кожным тваім рухам падводныя насельнікі сочаць пільна.
Пра зарасці таксама не заўсёды скажаш, расліна гэта ці жывёла. Кусты, дрэўцы, букеты, нарасці… Сцерліся ўсе пераходныя прыкметы, абрысы і формы вычварна-фантастычныя, у глыбіні — расплываюцца ў мяккім зеленавата-сінім святле. Аранжавыя ліліі плаўна варушаць карункавымі пёрцамі-шчупальцамі то кожнай паасобку, то выгінаюцца ўсе разам, нібы паддаючыся падводнаму цячэнню. А вунь рытмічна дыхае-пульсуе штосьці блакітнае, падобнае на грыб з венчыкам шчупальцаў. Актынія… Каля яе раскінулася нібы ўсохлае дрэва з тонкімі галінкамі — чорны карал… Дарагая штука…
Кожны выступчык, кожная ямка, камень-рыф чымсьці ці кімсьці заняты, заселены, і кожную асобіну можна разглядаць бясконца. Выбірае Радж раўнейшую пляцоўку, апускаецца на дно, прымае вертыкальнае становішча. Хай і спадарожнікі спусцяцца, палюбуюцца ўдосталь… На краі гэтай пляцовачкі паміж двух выступаў скалы ракавіна трыдакны — уся ў каралавых наростах, нейкіх раслінах, зморшчаная і непрыгожая. Берагі ракавіны ў брыжах-складках, малюск увесь час то сціскае створкі, то адпускае, і тады паміж іх высоўваецца штосьці студзяністае, ружова-сіняе… Ганяюцца за такімі ракавінамі турысты, гэта трыдакна амаль адзіная, што засталася ў ваколіцы, і яе Радж ахоўвае. Ёй яшчэ расці ды расці, зараз яна, як невялічкія начоўкі-апалушкі, а можа вырасці да двух-трох метраў.
Палюбаваліся? Заклік-узмах рукою, і Радж кіруе да скалы-рыфа. Па дарозе завісае яшчэ над «усходнім базарам». Тут нібы выстаўка рознакаляровых бочак, мяшкоў з копрай, торбачак і кішэнек, глякоў, гладышоў, кубкаў, груш, свечак… У кожнага «вырабу» рознай таўшчыні сценкі, розныя памеры адтулін зверху. Усё гэта — губкі. Паміж «гандлёвымі радамі» губак марудна, выпучваючыся і падцягваючы калюча-кастравыя шчупальцы, паўзуць зоркі.
Рыф заўсёды агіналі з боку пляжа. Правільней, групку рыфаў, бо вакол таго, што тырчаў над вадою, прыляпілася яшчэ некалькі недаросткаў. Пад вадою яны падобныя на кітайскія ці японскія пагады-храмы са шматпавярховымі стрэхамі і пляцовачкамі пад імі, нішамі, запоўненымі ўсялякай жыўнасцю.
На зваротным шляху, зрабіўшы поўную пятлю вакол аблюбаванага рыфа, яшчэ раз спыняюцца каля «ўсходняга базару», нават апускаюцца на дно палюбавацца. Адтуль апошні паўкруг па мелкаводдзю — і на бераг. Усё падарожжа зойме каля гадзіны, гадзіны і пятнаццаці мінут.
Радж агінае рыфы паволі. Хай глядзяць, хай любуюцца. Паварочвае галаву сюды-туды ўвесь час, сочыць, каб турысты не расплываліся, не лезлі ў шчыліны паміж рыфаў. Можна засесці, учапіцца аквалангам, што-небудзь парваць-пашкодзіць ці самому параніцца, ушчаміць нагу з ластам. Ласт не здзярэцца, не згубіцца, ласты прышпілены раменьчыкамі. Але… чаго ні бывае! Яшчэ раз прытармазіў, азірнуўся… Вось Грэхем, а дзе Пуол? Грэхем падплывае да Раджа, таксама азіраецца. Радж робіць яму знак рукою: «Пачакай мяне на месцы!», а сам вяртаецца за рыф, нібы адкручвае віток назад. Так і ёсць, ушчаміў ласт у расколіне… Патузвае, потым згінаецца і нешта робіць, мо хоча адшпіліць. Ну, гэта дарэмна, не так лёгка потым яго пад вадою абуць. Выдыхі ў Пуола кароткія, частыя…