Гронкі гневу
Шрифт:
У мяне тут вось запісана — трыста дванаццаць фунтаў.
Усё правільна.
Глянь, ён мне і слова не сказаў! Няйначай, вага ў яго фальшывая. Што ж, дзянёк выдаўся ўдачны.
Кажуць, сюды едзе яшчэ тысяча чалавек. Заўтра за кожны рад будуць біцца. Выхопліваць каробачкі адзін у аднаго з-пад рук.
Патрабуюцца зборшчыкі. Чым больш зборшчыкаў, тым хутчэй у бавоўнаачышчальную машыну.
А зараз дамоў, у палявы лагер.
Божа мой, на вячэру ў нас сёння будзе бакавіна! Мы зарабілі на бакавіну! Вазьмі малога за руку, бачыш, як ён знясіліўся? Бяжы ў краму, вазьмі чатыры фунты
Раздзел дваццаць восьмы
Таварныя вагоны, іх было дванаццаць, стаялі без колаў на невялікай паляне каля рэчкі, выстраіўшыся ў два рады, па шэсць у кожным, тарцамі адзін да аднаго. Ад вялікіх рассоўных дзвярэй ішлі ўніз сходкі — шчыты, збітыя з дошак. Нядрэннае жыллё — дахі не працякаюць, скразнякоў няма, і размясціліся тут дваццаць чатыры сям'і — па адной у кожнай палове вагона. Вокнаў не было, але шырокія дзверы стаялі расчыненыя. У некаторых вагонах паловы аддзяляліся адна ад адной брызентавым полагам, у астатніх мяжу адзначала лінія дзвярэй.
Джоўдаў пасялілі ў палове аднаго з крайніх вагонаў. Нехта з ранейшых жыхароў прыладзіў тут да газавага бітона пячную трубу і вывеў яе вонкі праз дзірку ў сценцы. У канцах вагона было цёмна нават пры адчыненых дзвярах, хоць яны і былі шырокія. Маці павесіла брызент пасярэдзіне вагона.
— Тут добра, — сказала яна. — Лепш нідзе не было, калі не лічыць урадавага лагера.
Кожны вечар яна раскладала на падлозе матрацы і кожную раніцу згортвала іх зноў. Кожны дзень яны ішлі на поле збіраць бавоўну, і кожны вечар у іх было мяса на вячэру. Аднае суботы яны з'ездзілі ў Туларэ і купілі там жалезную печку, новыя кабінезоны Элу, бацьку, Уінфілду і дзядзьку Джону і сукенку мацеры, а яе святочную сукенку аддалі Ружы Сарона.
— Яна так распаўнела, — сказала маці. — Купіць ёй новае — дарэмна грошы траціць.
Джоўдам пашчасціла. Яны прыехалі сюды ў час і паспелі заняць месца ў вагоне. Уся паляна была цяпер застаўлена палаткамі тых, хто прыехаў пазней, а тыя, хто жыў у вагонах, лічыліся старажыламі і ў нейкай ступені мясцовай арыстакратыяй.
Міма паляны цякла вузкая рэчка, то вынікаючы з вербняку, то зноў хаваючыся ў ім. Ад кожнага вагона да яе збягала добра ўтаптаная дарожка. Між вагонаў былі працягнуты вяроўкі, і кожны дзень на іх сушылася бялізна.
Аднойчы вечарам Джоўды вярталіся з поля, несучы пад пахай складзеныя баваўняныя мяшкі. Па дарозе зайшлі ў краму каля скрыжавання дарог. У краме было шмат пакупнікоў.
— Ну, колькі сёння?
— Зарабілі някепска. Тры даляры з паловай. Даўжэй бы тут затрымацца. З малых добрыя зборшчыкі выйдуць. Маці сшыла ім кожнаму па мяшэчку. Вялікія ім цягаць не пад сілу. Набяруць у свае і высыпаюць у нашы. Са старых кашуль сшыла. Добра працуюць — стараюцца.
Маці падышла да мяснога прылаўка, паднесла палец да губ, падзьмула на яго, засяроджана разважаючы.
— Я ўзяла б свіных адбіўных, — сказала яна. — Па чым яны?
— Трыццаць цэнтаў фунт, мэм.
— Дайце тры фунты. І яшчэ супавага мяса які-небудзь добры кавалак. Заўтра дачка мая зварыць. І
бутэльку малака ёй. Яна страшэнна яго любіць. Чакае дзіцяці. Медсястра сказала ёй больш малака піць. Так, што яшчэ?.. Не, бульба ў нас ёсць.З бляшанкай сіропу ў руцэ да яе падышоў бацька.
— Возьмем гэта, — сказаў ён. — Да аладак.
Маці нахмурылася:
— Ага, так, што ж… бяры. Вось яшчэ гэта палічыце. Так… лярду ў нас хопіць.
Падышла Руці з двума вялікімі пачкамі сухога таннага печыва — у запытальным позірку туга, і ад таго, ці кіўне маці галавой, ці адмоўна пакруціць ёю, туга гэтая магла перарасці ў роспач ці змяніцца радасным узрушэннем.
— Ма? — Руці падняла абодва пачкі, паказваючы іх і зверху і знізу, каб яны і маці спадабаліся.
— Пакладзі на месца…
У вачах у Руці затрымцела роспач. Бацька сказаў:
— Яны ўсяго па пяць цэнтаў. Малыя сёння добра папрацавалі.
— Што ж, — сказала маці, і ў вачах у Руці засвяцілася радасць, — добра.
Руці павярнулася і кінулася да выхаду. Па дарозе яна схапіла Ўінфілда і пацягнула яго на двор, у вячэрняе сутонне.
Дзядзька Джон памацаў пальцамі парусінавыя пальчаткі з нашыўкамі з жоўтай скуры на далонях, прымерыў іх, зняў і паклаў на месца. Потым спакваля наблізіўся да паліц са спіртным і паглыбіўся ў вывучэнне этыкетак на бутэльках. Маці заўважыла гэта.
— Бацька, — сказала яна і крутнула галавой у бок дзядзькі Джона.
Бацька няспешна падышоў да яго.
— Што, Джон, у горле перасохла?
— Ды не.
— Пацярпі да канца збору. Тады хоць бочкамі пі.
— А мне не к спеху, — сказаў дзядзька Джон. — Працую старанна, сплю добра. Сны мяне не мучаюць.
— Я бачу, ты вачэй не можаш адвесці ад бутэлек.
— Я іх амаль не заўважаю. Дзіўная рэч — хочацца ўсё ўсялякае купіць. Нават такое, што мне і не трэба. Вось, напрыклад, бяспечную брытву. Ці вунь тыя пальчаткі. Усё вельмі таннае.
— Бавоўну ж у пальчатках не збіраюць.
— Ведаю. Бяспечная брытва мне таксама без патрэбы. Але тут усё так выстаўлена, што, трэба табе ці не трэба, а так і падмывае купіць.
Маці крыкнула ім:
— Пайшлі. Цяпер у нас усё ёсць. — У руках у яе была сумка. Дзядзька Джон і бацька ўзялі кожны па пакунку. За дзвярамі іх чакалі Руці і Ўінфілд — вочы выпучаныя, твары ўспухлі ад набітага за абедзве шчакі печыва.
— Ну вось, цяпер вячэраць не будуць, — сказала маці.
Да лагера сыходзіўся народ. У палатках загарэліся ліхтары. З пячных труб валіў дым. Джоўды падняліся па сходках у вагон і прайшлі ў сваю палову. Каля печкі, у якой ужо гарэў агонь, сядзела на скрынцы Ружа Сарона. Жалезныя сценкі печкі распаліліся дачырвана.
— Малака купілі? — патрабавальна запыталася Ружа Сарона.
— Купілі. Вось.
— Дай мне. З самага поўдня не піла.
— Яна думае, што гэта як лекі.
— Мне нянечка так гаварыла.
— Бульбы нарыхтавала?
— Ага, аблупіла.
— Дык падсмаж яе, — сказала маці. — Я свіных адбіўных купіла. Нарэж скрылікамі на новую патэльню. І цыбулі туды. А вы, мужчыны, ідзіце памыйцеся і вядро вады прынясіце. Дзе Руці з Уінфілдам? Няхай і яны памыюцца. Мы ім купілі печыва, — сказала маці Ружы Сарона. — Кожнаму цэлы пачак.