Гісторыя і міфы
Шрифт:
Што канкрэтна паўплывала на намер беларускага і ўкраінскага епіскапату пайсці на вунію? Здаецца, што найперш крызіс у беларускім і ўкраінскім грамадстве. Ідэя задзіночання ўсяго хрысціянства мела сваіх прыхільнікаў сярод праваслаўнага магнацтва — у прыватнасці ў асобе Канстанціна Астрожскага, які, аднак, у манархісцка-клерыкальнай расейскай гістарыяграфіі вядомы як абаронца праваслаўя. Ён шукаў шляхі да задзіночання праваслаўнай царквы з каталіцкай, каб адзіным фронтам выступіць супраць рэфармацыйнага руху, які ахапіў усю Эўропу, улучаючы і Беларусь з Украінаю. У чэрвені 1593 года ён пісаў аднаму епіскапу:
«Маючы намер… адправіцца ў тыя краіны, недалёка ад якіх жыве папа рымскі, прапаную парупіцца пра злучэнне цэркваў».
Дарэчы, шчырым «змагаром за праваслаўе» князь стаў пасля таго, як ягоныя ўмовы задзіночання цэркваў не былі цалкам прынятыя вярхамі рымска-каталіцкае царквы.
Для асвечаных і рэлігійных людзей задзіночанне царквы было зразумелай справай. Свядомыя адзінкі з ліку беларускага і ўкраінскага асяроддзя балюча адчувалі заняпад праваслаўнай царквы, анархію брацтваў (дарэчы, у савецкай гістарычнай навуцы брацтвы звыкла разглядаюць толькі са станоўчага боку, згодна са старой праваслаўнай клерыкальнай традыцыяй), нястачу асветы, рост недаверу да ўсходніх патрыярхаў, чые патрыярхіі трапілі пад уладу іншаверных туркаў-асманаў.
Усходняя канстантынопальская царква, якой тады падпарадкавалася праваслаўная царква Вялікага Княства Літоўскага, паступова страчвала свой колішні маральны аўтарытэт. Яе каноны і догмы ўсё болей касцянелі, а багаслоўская навука перастала развівацца ў адрозненне ад заходняга каталіцкага веравучэння, якое ў Сярэднявеччы прайшло прагрэсіўны шлях развіцця, узняўшыся на ровень знакамітых хрысціянскіх багаслоўскіх школ (аўгусцінізм, тамізм). Калі ў сістэме каталіцкае царквы паспяхова функцыянавалі ўніверсітэты і акадэміі, у Грэцыі багаслоўе засталося на роўні тэорыі і практыкі першых айцоў і настаўнікаў царквы. Менавіта гэта меў на ўвазе епіскап уладзімірскі Іпат Пацей, калі пісаў К. Астрожскаму:
«Царква грэцкая… чым далей, тым горш даходзіць да боства і да вялікай няўмеласці і грубіянства прыходзіць: дзе між старшымі і дазорцамі царквы нічога іншага, адно п'янства, прагнасць, святакупства, няпраўда, нянавісць, паклёпы, упартасць, пыхлівасць, надзьмутасць і іншае ліха пануе, так вельмі, што там ані работаю горкаю залішыць і смірыцца не хочуць. Аб навуцы ў Пісьме Святым і ў іншых свецкіх пісьмах да аздобы і практыкавання людскога, дзе раней самы цвет быў, таго ўжо ані пытайся: настаўнікаў, прапаведнікаў добрых між іх і са свечкаю не знойдзеш, і, наадварот, казані за ерась папскую сабе лічаць, пакрываючы сваю няўмеласць і грубіянства» [93].
Усходнія патрыярхі ўсё больш умешваліся ў справы беларускай і ўкраінскай царквы. Іяакім, патрыярх антыёхійскі, у 1596 годзе зацвердзіў статут Львоўскага брацтва. Ён дазволіў брацтву кантраляваць царкоўную дзейнасць. Канстантынопальскі патрыярх Ерамія II пацвердзіў гэта. Патрыярхі прымалі такія рашэнні, якія разбуралі ўсе традыцыйныя апостальскія асновы царквы і яўна супярэчылі праваслаўнаму царкоўнаму правапарадку.
Барацьба Львоўскага царкоўнага праваслаўнага брацтва з праваслаўным епіскапам Гедэонам Балабанам пацвердзіла паслабленне царквы [94]. А гэта спрыяла палітыцы і Турэччыны, з якой прыязджалі патрыярхі, падначаленыя султану як свайму сюзерэну, і Маскоўшчыны, якая вяла барацьбу супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы (у складзе якой тады ўжо знаходзілася Ўкраіна).
Усходнія патрыярхі прыслужнічалі маскоўскім царам. Адзін з іх — Іяасаф II абвясціў Івана Жахлівага ў 1563 годзе — у год крывавай расправы з жыхарамі Полацка і паняволення адзінаццаці тысяч палачанаў — пераемнікам візантыйскіх манархаў ва Ўсходняй Эўропе, а Ерамія II у 1589 годзе згадзіўся на самастойнасць Маскоўскай патрыярхіі.
Іпат Пацей у адным з сваіх лістоў пісаў, што ў Маскве «тым цяпер выхваляюцца, што ў іх уласны патрыярх канстантынопальскі мае быць». Справа йшла аб пераносе ўсяго канстантынопальскага
патрыярхату ў Маскву адпаведна з ідэяй «Масква — трэці Рым».Гэтую ідэю вылучыў у сваіх пасланнях 20-х гадоў XVI стагоддзя да пскоўскага дзяка Місюра Мунехіна і вялікага князя Васіля III старац Ялізарава Трохсвяціцельскага манастыра на беразе рэчкі Толвы ля Пскова Філафей. Гэтая асоба, прыбядняючыся, пісала пра сябе: «Я человек сельский, учился буквам, а еллинских борзостей не текох, а риторских астрономий не читал, ни с мудрыми философами в беседе не бывал…» Ён сцвярджаў, што першы Рым паў ад ерасяў, другі Рым — Канстантынопаль — праз сувязь з лацінянамі-каталікамі таксама загінуў, а цэнтр усяго хрысціянскага жыцця выратаваўся ад няверы ў Маскве. Расейскі цар правіць Царквою Хрыстоваю. Масква стала прытулкам святасці. І гэтым зараз вызначаецца яе роля: «Усе царствы праваслаўныя хрысціянскай веры сышліся ў тваё адзінае царства». Ідэю Філафея прасякаў цэзарапапізм, падпарадкаванне духоўнай улады ўладзе свецкай.
Пры пагрозе страты самастойнасці праваслаўных частак Рэчы Паспалітай у Берасці было вырашана павярнуцца да Захаду, абнавіць кананічнае адзінства з цэнтрам Сусветнае царквы ў Рыме. Гэта сведчыць, што кіраўнікі нашай праваслаўнай царквы хацелі быць паслядоўнымі выразнікамі ўкраінскіх і беларускіх інтарэсаў, якім пагражалі з аднаго боку Польшча, а з другога Масква.
Гэтыя епіскапы хацелі пазбавіцца патранату і караля і вяльможаў ды падпарадкавацца Апостальскаму пасаду ў Рыме наўпрост, абмінаючы польскую каталіцкую царкву. Гэта мела важныя гістарычныя вынікі.
Колькі словаў наконт абвінавачвання епіскапаў-«рэнегатаў» у здрадзе. Каму ж яны здрадзілі, творачы Берасцейскую вунію? Свайму народу, перайшоўшы ў іншую веру? Не. Епіскапы як былі хрысціянамі, так імі і засталіся. Яны не падаліся ў іншую царкву, а, наадварот, стварылі новую царкву ў адрозненне ад папярэдніх — Сусветную паводле сутнасці і нацыянальную паводле формы, са спецыфічнай асаблівасцю — дагматычна-абрадавым сінкрэтызмам.
Яны інтэгравалі царкву ва ўлонне Сусветнай Апостальскай царквы. Гэтым епіскапы ўзапраўды, а не толькі пры малітве споўнілі дзевяты сімвал веры: «Веру ў Адзіную, Святую, Саборную і Апостальскую царкву».
Ці, можа, здрадзілі народу тым, што прынялі вучэнне пра чысцец? А можа, яны здрадзілі праваслаўю? І тут, калі прааналізаваць, высвятляецца, што ніякай здрады ў сапраўднасці не было.
Усе трыццаць тры артыкулы дамовы пра вунію, якую падпісалі ў снежні 1595 года ў Рыме епіскапы Іпат Пацей і Кірыла Цярлецкі з папам Кліментам VIII, сведчаць, што яны прагнулі зберагчы «ўсю красу і веліч усходняга абраду». Была захаваная ўся літургія, пра што гаворыць наступны артыкул дамовы:
«Богашанаванні і ўсе малітвы, раннія, вячэрнія і начныя, каб нам засталіся нязменныя па звычаі і абычаі, прынятым ва Ўсходняй царкве, а самыя пры Літургіі — Васіля Залатавуснага і Епіфанія, якая бывае ў часы Вялікага Посту з папярэдне асвечанымі дарамі, а таксама ўсе іншыя абрады і цырымоніі нашае Царквы, што імі дасюль карысталіся, падобна як і ў Рыме пад паслушэнствам найвышэйшага Архірэя: тое зберагаецца, каб тое ўсё мы выконвалі ў нашай мове» [95] (вылучанамною. — В. Г.).
Для казанняў прадугледжвалася народная гутарковая мова. Быў захаваны стары юльянскі каляндар (гэтак званы стары стыль). Святарам не навязвалася забарона ўваходзіць у шлюб. Царкоўная архітэктура магла развівацца ў традыцыйных формах.
Беларуская і ўкраінская царква, прыняўшы вонкавую залежнасць ад Апостальскага пасаду, зберагла нутраную свабоду. Яе гіерархі хацелі захаваць за Царквою тое, чым яна была пры першахрышчэнні нашых земляў — арганічнасць у Сусветнай царкве. Яны прынялі частку догматаў Заходняй царквы — пра зверхнасць папы ва ўсім хрысціянскім свеце, пра чысцец, а крыху пазней пра сыходжанне Святога Духа і ад Бога-Сына.