Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрыгва

Колас Якуб

Шрифт:

Дзед Талаш, Мартын Рыль і Цімох Будзік пераглянуліся. У іх вачах заіскрыліся ўсмешкі.

— Саўка застаўся Саўкам, — смяяліся яны потым.

А Саўка, выходзячы з лесу ад іх, вышэй трымаў галаву, адчуваючы, што ён зрабіў вялікі крок наперад для таго, каб "стаць чалавекам".

XXXIII

Раз адвячоркам ішла Аўгіня з лесу. Яна несла за плячамі даволі ёмкі мех першай маладой травы. У Аўгінінай маткі, дзе жыла яна цяпер з дзецьмі, была цялушачка. Для яе і несла Аўгіня траву. Ішла яна побач дарогі так, каб не кідацца людзям у вочы і асабліва польскім салдатам, якіх нядаўна прыгналі ў Вепры і якіх яна

баялася: ад іх можна ўсяго спадзявацца. Ішла Аўгіня, а разам з ёю ішлі і яе думкі.

З таго часу як пакінула яна дом свайго мужа, яна з ім і не бачылася. Хоць у маткі і жылося ёй нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Ды і як ёй, так ганебна, з такой зняславаю выгнанай, было варочацца, кланяцца яму, раняць перад ім свой жаночы гонар? Калі б так была яна патрэбна яму, то ці не знайшоў бы ён да яе дарогі? Аўгіня спадзявалася, што Васіль прыйдзе, калі не па яе, дык да хлапчукоў. З аднаго боку, яна не хацела ні ісці да Васіля, ні аддаваць яму меншых дзяцей. З другога ж боку, яна адчувала прыкрасць, што Васіль не паказваецца і не просіць яе вярнуцца. Разумеецца, яна і не вярнулася б, яна нагаварыла б кучу непрыемных для яго слоў, абразіла б і зняславіла б яго яшчэ горай, як абразіў і зняславіў ён яе тады. Потайкам, калі Васіля не было дома, яна забягала яшчэ раз да дзеда Купрыяна, каб разжыцца чым-небудзь з харчоў. Хіба не павінен быў Васіль плаціць ёй на ўтрыманне дзяцей? Але Васіль строга-настрога прыказаў старому бацьку не даваць ёй нічога. Дзед Купрыян бачыў, што пагадзіць іх трудна, і ўжо не рабіў з свайго боку ніякіх захадаў памірыць іх. Хто цяпер паслухае старога? Дзед трос сам сабе галавою і не ўмешваўся ў іх справы, але потайкам і ён перасылаў сяды-тады сёе-тое для ўнучкаў.

Васіль жа чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлебаі самапрыйдзе да яго, паклоніцца яму і будзе ўніжацца перад ім. З таго моманту, як у яго сэрца запала падазронасць на Аўгіню, што гэта яна папярэдзіла старую Талашыху, выдала ёй патаемную змову яго з Саўкам Мільгуном, ён зацяўся на яе і чакаў толькі, каб яна вярнулася, — не для таго, каб жыць разам, а для таго, каб пагаварыць з ёю як следуе, а потым прагнаць яе раз назаўсёды. Войт ужо прыглядаўся, каб узяць сабе другую жонку. Ён яшчэ не стары. Хай толькі акажацца, — за яго пойдзе любая. Яго становішча, як войта і прыхільніка польскай акупацыі, умацоўвалася: белапалякі націскалі, а фронт чырвонага войска падаваўся назад. Палякі занялі ўжо к гэтаму часу Мазыр і Рэчыцу. Правае крыло іх войска шпарка пасоўвалася на Украіне і пагражала ўжо Кіеву. Партызанскі рух, здавалася, заціхаў. Сюды падагналі палякі войска. Яго заклятыя ворагі, Талаш і Мартын Рыль, напэўна, пайшлі разам з чырвонымі і сюды наўрад ці вернуцца, а калі і вернуцца, то Васілю цяпер яны не так і страшны.

Вось якія думкі хадзілі ў войтавай галаве.

Чырвоны кружок сонца ўрэзаўся ўжо ў верхавіны лесу і смутнаю ўсмешкаю развітання рассыпаў агністыя косы ў глыбіні веба, пакідаючы там ружовыя дарожкі, па паверхні зямлі, дзе яшчэ не злёг і не насунуўся цень ад лесу, па стрэхах будынкаў, па верхавінах кучаравых дрэваў і па знямелых у вячэрняй цішыні вепраўскіх ветраках.

Ад балота патыхала прохаладдзю і сырасцю, і дзесь далёка-далёка вохкала зямля, і боязна ўздрыгвалі балоты ад глухіх гарматных выстралаў. Гэта бухканне гармат напамінала Аўгіні аб вайне, і яна адчувала няясны смутак і страх перад невядомаю будучыняю. Адступленне Чырвонай Арміі адбівалася на ёй якводгаласнейкіх утрачаных надзей, як напамінак аб тым, што і яе асабістае становішча ў сувязі з гэтым пагаршаецца. Але звароту назад ёй не было і адкрытымі вачыма ёй трэба глядзець у твар гэтай будучыні.

Аўгіня прыпынілася. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле, і самі Вепры выступалі даволі ясна з лёгкага вячэрняга суцення. Яна ўжо хацела рушыць далей, але асцярожнае, глухое шорханне галін і лёгкі хруст гнілога ламачча пад чыімісь нагамі ў гушчары хмызу змусілі яе азірнуцца ў той бок. Яна павярнула

туды галаву і задрыжала: з ляснога змроку выступіў цёмны высокі сілуэт чалавечай постаці. Постаць гэта таксама запынілася. Аўгіня хацела ўжо кінуцца ўцякаць, каб выскачыць на поле, яно тут зусім блізка, і там, здавалася ёй, не так страшна, бо бліжэй да вёскі.

— Аўгіня! — пазваў яе прыязны, нізкі, ціхі голас, і штось блізкае, даўно знаёмае пачулася ёй у гэтым голасе. Яна апусціла на зямлю мяшок і дапытлівымі, яшчэ ўсё ж захаваўшымі сваю прывабнасць вачыма зірнула на высокага чалавека і пазнала яго.

— Мартын! — вырвалася ў яе.

— Я, я! — ціха азваўся ён і падышоў усутыч. Аўгіня боязна азірнулася навокал. Каго баялася яна ў гэты момант, яна не ведала і сама. Можа, гэта была несвядомая боязнь, навеяная Васілём, а можа, гэта проста была звычайная засцярожлівасць маладой жанчыны. Мартын таксама азірнуўся, але страх яго быў іншага парадку. Ён доўга трымаў Аўгініну жорсткую і цвёрдую ад работы руку і пазіраў ёй у вочы.

— Здарова, Аўгінька! Як жа даўно не бачыў я цябе, а думаў аб табе шмат усе гэтыя дні.

— Не варта я таго, каб думаць аба мне, — адказала Аўгіня. Яна проста хацела выпрабаваць і праверыць перад самой сабою, ці варта яна таго, каб аб ёй думаў Мартын…

— А я от думаў і… буду думаць.

Аўгіня ўтуліла вочы. Ёй прыемна, што Мартын думае пра яе і будзе думаць.

— А што думаў ты пра мяне, добрае ці благое?

— Ды гэта і расказаць трудна. ПІмат чаго думаў. Думаў, як бы пабачыцца з табою, пагутарыць… паглядзець на цябе… і даўнейшае так от на думкі ўсплыве.

Гэта "даўнейшае" Мартын гаворыць з асаблівым націскам і яшчэ бліжэй горнецца да Аўгіні. Ёй трохі няёмка і сорамна, і яна чутачку падаецца ад яго. А Мартын гаворыць далей, як бы нічога не зважаючы.

— Не-не ды і ўспомніцца, як мы з табою на чаўнах гналіся. Даўно ўжо гэта было, а вось не забываецца. I ведаеш — ты і тая качка, што схаліў сом, злучаюцца неяк у маёй галаве, робяцца адною толькі Аўгіняю, а сом абарочваецца ў Васіля.

— I гэты сом, — горка пасміхнулася Аўгіня, — узяў цяпер і выкінуў з свайго прожара гэту качку.

— Лепей было б, каб ён падавіўся ёю адразу. Але тут, калі гаварыць праўду, не так быў вінаваты сом, як сама качка.

Аўгіня апусціла галаву. Гутарка іх абарвалася.

— А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? — ціха пытае Аўгіня і кажа: — Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе. Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Радасць не ў дастатку, і шчасце не ў багацці. Я была чужая для яго, а ён быў чужы для мяне. Аб адным я шкадую, мне трэба было самой кінуць яго, а не чакаць, пакуль ён мянс выжане

— А чаму ж ты не зрабіла гэта?

— З-за дзяцей, Мартын. Чым жа дзеці вінаваты?

— Значыць, калі б ён не выгнаў цябе, дык ты дагэтуль жыла б там?

— Не ведаю… напэўна б кінула, бо я думала аб гэтым і толькі чакала зручнай часіны: жыццё для мяне было там не такое салодкае, як ты думаеш. I ты ведаеш чаму… павінен ведаць.

— Не, я гэтага не ведаю, — суха адказаў Мартын.

Аўгіня маўчала. На яе твары адбівалася крыўда і засмучэнне. Мартыну стала шкада яе.

— А чаму табе нясоладка жылося? Ты ж знайшла тое, што шукала. I што я павінен ведаць?

Аўгіня з дакорам паглядзела Мартыну ў вочы. Няўжо ён нічога не разумее?

— Я адна, Мартын, адна вінавата, і я адна павінна несці кару.

— Чым жа ты вінавата?

— Тым, што пайшла за яго замуж, любячы не яго самога, а яго дабро.

Аўгіня прымоўкла і ціха дадала:

— I пайшла не дзяўчынаю. Ты ж гэта павінен ведаць.

Цяпер і Мартын сарамяжліва апусціў вочы. А потым абурыўся на Васіля.

— Сволач ён! Панскі падліза! Даносчык! Шпіён! Гэта ён удаў мяне польскай паліцыі. Праз яго цягалі мяне па астрогах, спалілі маю хату. I не адну маю, і не аднаго мяне цягалі. Ах ты, сабачая морда! Смярдзюх! Пачакай жа ты, панскі выжал! Я яшчэ не такую свінню падлажу табе!

Поделиться с друзьями: