Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрыгва

Колас Якуб

Шрифт:

XXII

Дагаварыцца аб справе з Саўкам Мільгуном узяўся разважлівы Бруй. Ён выбраў зручную часіну і вечарком, на змярканні, накіраваўся ў Саўкаў двор. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас:

— Хто там?

— Гэта ты там, Саўка? — запытаў і Бруй.

— Я! — спакойна азваўся Саўка і не дужа спяшаўся падымацца — проста не хацелася варушыцца: хата халодная,

а печ была цёплая.

— Здароў, Саўка! Што ты парабляеш там?

— А вось ляжу і думаю сабе.

— Ну што ж, і гэта работа, калі няма чаго лепшага… Аб чым жа ты думаеш?

Бруй зайшоў з другога боку печы, бліжай да Саўкі. Саўка памкнуўся быў, каб устаць, але перадумаў і рашыў адказаць госцю лежачы.

— Думаю, чым заняцца. Рабіць жа нешта трэба, а рабіць, дык вось не прыдумаю што.

Пры гэтым Саўка падумаў: "Цікава, чаго ты прыйшоў?"

— Галава ты, галава! Работы сабе не знойдзеш. Ды ты не любіш работы!

— Ну, як то не люблю. Глядзя, якая работа.

— Смешна гаварыць, каб чалавек работы сабе не знайшоў.

"Ці не прыйшоў ты клікаць мяне на якую-небудзь сваю работу? — у мыслях сказаў Саўка. — Не, брат, дудкі, да цябе працаваць не пайду".

— Чалавек шукае работы па сабе, — уголас сказаў Саўка.

— Гультай ты, Саўка, вось я табе што скажу. У такі час, каб ты не знайшоў сабе чым заняцца!

— Ну дык скажы — чым.

Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы.

— Ты вось што мне скажы, — адразу пачулася, што Бруй пераходзіць да справы, — да якой партыі належыш ты?

— Як партыі? — пачухаў патыліцу Саўка.

— А так, за каго ты стаіш?

— Я? Ні за кога. Сам за сябе стаю.

— Вось гэта і нядобра. Калі ты ні за каго не стаіш, то і за сябе не стаіш… Ты паглядзі, як ты жывеш: холадна, цёмна, пуста…

— Ну, гэта не заўсёды так бывае, — запярэчыў Саўка, — калі пуста, а калі і густа.

— Слухай, Саўка: ёсць адна справа — вазьміся за яе. Шкадаваць не будзеш… Якраз будзе густа.

Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць.

— Кажы — што?

— А вось што: зрабіся ты партызанам.

Саўка памаўчаў, а потым адрэзаў:

— Не хачу.

— Ты не ведаеш, у чым тут соль.

— Соль добра, калі ёсць што саліць, — заўважыў Саўка. "Закручваеш, брат, ты нейкую штучку. Чую — сальцам пахне", — сам сабе думае Саўка, але не спяшаецца выказваць рух свае душы.

Разважлівы Бруй пакрыўдзіўся.

— Калі ты не хочаш нават пацікавіцца, у чым тут справа, дык нам і гаварыць няма аб чым.

I ён змоўк. Не падаваў голасу і Саўка. Ён разважаў так: пойдзе за дзверы, тады вярну яго. Але Бруй за дзверы не пайшоў.

— Чаму ў цябе няма агню? — запытаў ён.

— Дзеці ў суседа гуляюць. Жонка да маткі пайшла, а я, покі не надумаў, што рабіць, не маю патрэбы ў агні.

— Цяжка ж ты думаеш.

— Усякія думкі бываюць.

— Дык ты партызанам быць не хочаш?

— Не, не хочу.

Як відаць, яму надакучыла гэта гульня ў хітрыкі, і ён дадаў:

— Кажы проста і не хітруй, пане Бруй.

— Дык вось слухай. Ты — чалавек, на якога крыўды мы не маем. Чым ты займаўся там, мы не ведаем. Дзяліць нас ты не збіраўся. Але

былі таварышы, што на наша дабро, на наш набытак ужо разяўлялі раты і працягвалі рукі. Цяпер яны па лясах туляюцца ды ў шайкі сходзяцца. А з гэтага дабра не будзе. Парадак жа павінен быць, і вуха трымаць трэба востра. Вось бы ты і ўзяўся за імі пасачыць. А для гэтага табе і трэба партызанам прыкінуцца. Табе яны павераць, а ваяваць табе не канечне. Ты толькі праведвай, дзе яны хаваюода і што яны думаюць рабіць, і папярэджвай нас праз войта Васіля Бусыгу. Вось і ўся твая работа. А плата будзе табе някепская: хлеб будзе, да хлеба будзе, капейка будзе і ні ў чым нястачы не будзе.

Саўка акінуў поглядам сваіх мыслей увесь складаны комплекс той ролі, на якую падбіваў яго Бруй, з усімі яе выгодамі і хібнымі бакамі. Ён адразу пачуў цвёрды і прасторны грунт дзеяння. У хаце было цёмна, і Бруй не мог сачыць за выразам Саўкавага твару. Ён цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад'ехаў ён да Саўкі.

"Ці не пагарачыўся я?" — разважаў разважлівы Бруй і з некатораю трывогай чакаў Саўкавага слова. Саўка ж адразу ацаніў стратэгічную важнасць свае пазіцыі і ўзважыў сваю ролю і спосабы яе выпаўнення.

— А што вы дасцё мне за гэта? — нарэшце запытаў ён.

У разважлівага Бруя як бы камень з плеч скаціўся.

— Аб плаце мы дамовімся лёгка, і крыўды мець ты не будзеш.

Усякі такі торг і сканчэнне торгу звычайна адзначаецца барышом. Бруй заклікаў Саўку да рыжабародага Біркі, як гэта было ў іх зараней абмеркавана. Туды ж павінен быў падысці і Васіль Бусыга.

Сышліся ў Біркі.

Пілі самагон, елі скваркі. Тут за гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце, прычым у яе аснову быў паложан прынцып прэміі — болей старання, плата звыш нормы, і чым большы вынік, тым болыная прэмія.

Падазроным, спасцярожлівым вокам акінула Аўгіня Васіля, калі ён выйшаў з хаты і па яго прыслалі ад Біркі. З таго дня, калі Аўгіня так няветла прыняла Васілёва паведамленне аб тым, што ён — войт, яны амаль што не гаварылі. Праўда, Аўгіня гатова была пайсці на згоду. У яе былі на гэта свае меркаванні, яна першая рабіла захады ў гэтым кірунку, але Васіль закуражыўся і астаўся глух. Гаварыў з ёю скупа, і то толькі ў афіцыяльных выпадках, калі справа датыкалася гаспадарскіх інтарэсаў. Зацялася тады і Аўгіня: цяпер яна мела на гэта права як абражаная і пакрыўджаная жанчына. У мыслях яна была нават і рада гэтаму, але ад прыроды яна была трохі артыстка і спрытна праводзіла ролю зняважанай жонкі.

"Куды ж гэта пайшоў ён? Чаго?" — карцела пытанне ў Аўгінінай галаве. Ёй адразу цюкнула, што тут мае месца змова. Яна ўспомніла словы рыжабародага Кандрата Біркі аб партызанах. Усё гэта яе зацікавіла і занепакоіла. Ёй раптам стала страшна, страшна таго прамежнага стану, у які папала яна. Яна ўспомніла бабку Насту, гутарку з ёю. Перад ёю таксама ўсплылі апошнія падзеі ў Вепрах. Жыццё намотвала вакол яе ліпкія ніці, у якіх можна лёгка заблытацца, як муха ў павуціне. Адысціся ўбок ад усяго гэтага яна ўжо не магла. Ёй трэба ведаць, што робіцца вакол яе, і не хадзіць сляпою. Ёй трэба, нарэшце, на нешта наважыцца і пайсці па нейкай пэўнай дарозе.

Поделиться с друзьями: