Дом без гаспадара
Шрифт:
Словы настаўніка ў школе і словы святара супадалі з тым, што гаварыў Карл «новае жыццё»: прыгожыя словы, з імі ў Генрыха звязана нават пэўнае ўяўленне, якое — ён гэта ведаў — ніколі нельга ажыццявіць. Твар маці пакруглеў і адначасова стаў больш жорсткім, яна ўсё далей адыходзіла ад бацькі, рабілася старэйшай за бацьку, а сам ён паступова даганяў бацьку. Маці была цяпер старой, бясконца старой здавалася яна яму, а зусім жа нядаўна, калі яна ўпершыню танцавала з Лea, калі ў бальніцы вызвалілася ад «яго», маці здавалася яму зусім маладой. I рука яе стала цяжэйшай, рука, якой яна вечарамі таропка гладзіла ягоны лоб, перш чым перайсці ў пакой да Лea, каб сужыцельстваваць з ім.
А ў яго на руках дзіця, ад якога маці не пазбавілася. Вільме хутка ўжо два гады, і яна чамусьці заўсёды мурзатая. Лea ненавідзіць бруд; Леа такі чысцёха, яго за вярсту можна пазнаць па паху туалетнай вады і памады. Рукі ў яго да чырвані нацёртыя шчоткай, пазногці адпаліраваныя, і разам з кандуктарскім кампосцерам ён у якасці зброі выкарыстоўваў
Калі Леа працаваў у начную змену, малая ўдзень на гадзіну заставалася пад яго наглядам, таму што маці ішла цяпер у пякарню да паловы першай, і з таго часу, як Вільма ўпершыню засталася адна з Леа, яна, як толькі яго ўбачыць, пачынала раўці. Варта было Леа пагражальна падняць свае нікеліраваныя кампосцерныя шчыпцы, каб прыстрашыць дзяўчынку, як яна заходзілася ў плачы, з ровам кідалася да Генрыха, чаплялася за яго і не супакойвалася, пакуль Лea не пойдзе, дый то яшчэ Генрых павінен быў некалькі разоў паўтарыць ёй: «Леа няма, Леа няма, Леа няма». Але слёзы ўсё цяклі па яе твары і залівалі рукі Генрыха. Па абедзе часцей за ўсё ён заставаўся з ёю адзін, і дзяўчынка паводзіла сябе спакойна, зусім не плакала, а яшчэ лепш было вечарамі, калі Леа з маці ішлі на танцы. Генрых тады апавяшчаў Марціна, які згаджаўся бываць у іх толькі ў адсутнасць Леа, — ён баяўся Леа не менш, чым Вільма, — і яны разам купалі дзяўчынку, кармілі яе і гулялі з ёю. Або проста пакідалі Вільму ў садзе ў Марціна, а самі гулялі ў футбол. Такімі вечарамі Генрых з Вільмай адны ўкладваліся спаць, і ён у думках шаптаў вячэрнія малітвы і думаў пра ўсялякага роду дзядзькаў. Вільма, засунуўшы палец у рот, чыстая, вымытая, засынала каля яго. Калі ў яго самога пачыналі зліпацца вочы, ён пераносіў Вільму ў яе ложачак. А ў суседнім пакоі маці сужыцельствавала з Леа — ён нічога не чуў, але ведаў усё, што там адбываецца.
Калі Генрых пачынаў думаць, які з дзядзькаў падабаўся яму больш, ён заўсёды вагаўся паміж Карлам і Гертам. Карл быў ветлівы і акуратны. Карл — «новае жыццё», Карл — «дадатковы паёк». Карл, ад якога пахла супам са сталоўкі магістратуры, Карл, які пакінуў у іх брызентавую сумку для алюмініевых абедзенных судкоў, у якую Вільма складвала цяпер свае цацкі. Да таго ж Карл умеў рабіць падарункі, як і Герт, — той прыходзіў увечары з вядзёркам з-пад павідла і вывальваў на стол увесь свой інструмент — кельню, шпатэль, фуганак, ватэрпас — і свой дзённы заробак, які яму заўсёды плацілі натурай: маргарын, хлеб, табаку, мяса, муку і нават часам яйкі — рэч надзвычайнага смаку, надзвычай рэдкую і дарагую па тым часе. I маці смяялася больш за ўсё ў часы Герта. Герт быў малады, цемнавалосы і быў не супраць згуляць з ім у лато і ў фішкі. Калі тушылі святло, Генрых часта чуў, як маці і Герт смяюцца, лежачы ў ложку, і гэты смех не здаваўся яму непрыемным, у адрозненне ад дурнаватага хіхікання маці пры Карле. Пра Герта захаваліся такія добрыя ўспаміны, што нават думка пра яго сужыцельства з маці не азмрочвала іх. У Герта заставалася цёмна-зялёная пляма на рукаве мундзіра, там, дзе раней былі яфрэйтарскія нашыўкі, а вечарамі Герт гандляваў алебастрам і цэментам — ён прадаваў іх на фунты; разважваючы, ён набіраў алебастр і цэмент кельняй з папяровых мяшкоў — як муку.
Карл быў зусім іншы, але таксама слаўны. З усіх дзядзькаў ён адзіны хадзіў у царкву. Карл і яго браў з сабою, тлумачыў яму ўсю царкоўную службу і малітвы, а ўвечары пасля вячэры надзяваў акуляры, і пачыналіся разважанні пра «новае жыццё». Спавядацца, праўда, ён не хадзіў і да прычасця — таксама, але ў царкве ён бываў, і на ўсё ўмеў даць адказ. Карл быў сур’ёзны, уніклівы, але прыветлівы і дарыў цукеркі, цацкі, і, калі Карл гаварыў: «Мы пачнём новае жыццё», ён пасля гэтага дадаваў: «Ведаеш, Вільма, я хачу неяк уладкаваць нашае жыццё, разумееш, упарадкаваць», да ўладкавання адносілася і тое, што Генрых павінен быў называць яго татам, а не дзядзькам. Або ўзяць Эрыха — настоі з дзіўным пахам, воцатныя кампрэсы, запальнічка, якая да гэтага часу не паламалася. Эрых застаўся ў Саксоніі. А Герт у адзін цудоўны дзень проста не вярнуўся, і яны доўга нічога пра яго не ведалі, пакуль праз некалькі месяцаў не атрымалі ліст з Мюнхена: «Давялося пайсці, я не вярнуся. Мне было добра з табой, пакідаю табе на памяць свой гадзіннік». У памяці захаваўся пах вільготнага алебастру, а ў лексіконе маці слова «дзярмо», што засталося ад Герта. I Карл таксама пайшоў, таму што маці пазбавілася ад «яго». Ніякага «новага жыцця» так і не атрымалася, ён да гэтай пары часам сустракаў Карла ў царкве. У Карла цяпер былі новая жонка і дзіця такога ж узросту, як Вільма, у нядзелю ён гуляў, ведучы малога за руку. Але Карл, здавалася, зусім забыўся і пра Генрыха, і пра маці, ён з імі не вітаўся. Цяпер Карл хадзіў да прычасця, і нават з нейкага часу ён першым запяваў у царкве малітвы, і калі з хораў даносіўся голас, які гаварыў раней пра «новае жыццё», пра «дадатковы паёк», пра «парадак», Генрых не мог зразумець, чаму маці пазбавілася ад «яго», Карл быў бы цяпер ягоным бацькам.
Нехта
з жыльцоў дома кожны дзень унізе, у пад'ездзе, пісаў на сцяне алоўкам слова, што маці сказала кандытару. Невядома было, хто гэтым займаецца. Часам слова гэтае заставалася на сцяне цэлы дзень, але к вечару яно знікала, таму што прыходзіў сталяр, у якога пад лесвіцай была маленькая майстэрня, саскрэбваў гэтае месца цвіком, і на каменных плітах падлогі заставаўся белы след ад паабсыпанай тынкоўкі, а на сцяне — глыбокія драпіны. Але невядомы зноў пісаў гэтае слова, а сталяр зноў саскрэбваў яго. Сцяна пад’езда была ўжо пашкрабаная ў дваццаці месцах. Гэта была нямая барацьба, і абодва бакі вялі яе з аднолькавай упартасцю — зноў і зноў з’яўлялася на сцяне гэтае слова, і сталяр, ад якога пахла камфарай, як некалі ад Эрыха, выходзіў з майстэрні з саракадзюймовым цвіком і саскрэбваў яго. Сталяр быў цудоўным чалавекам. Асабліва добра ён адносіўся да Вільмы: у суботу, калі вучань падмятаў у майстэрні, сталяр загадваў яму выбіраць са смецця ўсе драўляныя цуркі, адмываць іх і адносіць Вільме, і асабліва доўгія і кучаравыя стружкі таксама аддаваць ёй, а сам сталяр, калі збіраў грошы за кватэру, прыносіў Вільме цукеркі.Калі сталяр заставаў дома Леа, ён казаў яму: «Я вам яшчэ пакажу», на што Леа адказваў: «I я вам таксама». Больш яны адзін з адным не размаўлялі.
Толькі пасля Генрых скеміў і здзіўляўся, як гэта ён раней не здагадаўся, што слова на сцяне піша Леа; толькі ён і мог гэта рабіць, дый слова тое было з яго лексікону. Генрых пачаў сачыць за Леа, калі той ішоў на працу або вяртаўся з працы дамоў. Леа нічога не пісаў. Але затое і слова ў тыя дні, калі ён сачыў за Леа, на сцяне не з’яўлялася. Слова з’яўлялася толькі тады, калі ён не мог прасачыць за Леа. Гісторыя гэта цягнулася даволі доўга, ужо паўсцяны было ў шкрабінах і драпінах. Аднойчы, вярнуўшыся са школы і зноў убачыўшы ў пад’ездзе надпіс, ён зірнуў падчас абеду на аловак Леа — аловак тырчаў у Леа за вухам, грыфель быў увесь сцёрты і вакол грыфеля было маленькае белае кольца: так выглядае аловак, калі ім пішуць па сцяне. Значыцца, Леа быў тым невідзімкам, хто пісаў на сцяне.
Маці таксама сварылася на таго, хто піша на сцяне, і казала: «Дзеці не павінны чытаць такое», і звычайна дадавала, крыху прыцішыўшы голас: «Яны і так занадта рана спазнаюць увесь гэты бруд».
Але ж маці сама сказала кандытару гэтае слова ў цёмным, цёплым, прапахлым здобным цестам падвале пякарні.
А Леа працягваў пісаць на сцяне, і сталяр працягваў саскрэбваць яго надпісы, а Генрых усё ніяк не мог набрацца мужнасці паведаміць сталяру пра сваё адкрыццё.
Пасля, калі яны будуць размаўляць з дзядзькам Альбертам пра ўсякае-ўсялякае, ён раскажа і пра гэта.
Увечары, лежачы ў ложку, ён разглядваў фотаздымак бацькі, які быў асветлены вулічным ліхтаром, ціха, ледзь прыкметна дрыжачую фотакартку, яна разгойдвалася, калі міма праязджалі аўтамабілі, і асабліва моцна, калі праязджаў грузавік або трыццаць чацвёрты аўтобус.
Нямнога засталося ад бацькі: фотакартка на стале ды кніжка, якую маці ўпарта захоўвала, заклаўшы паміж дэтэктыўнымі раманамі і ілюстраванымі часопісамі,— завэдзганая, тонкая, жаўтавая брашурка: «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Паміж лісткамі брашуркі ляжала складзеная ў чатыры столкі, пашкамутаная, але яшчэ даволі яркая літаграфія з выявай «Тайнай вячэры», — гэтакая ж літаграфія ёсць і ў яго самога з гэтакім жа подпісам: «Генрых Брылах прыняў канфірмацыю ў прыходскай царкве святой Ганны ў нядзелю, на Фаміным тыдні 1930 года». А ў яго была прыходская царква святога Паўла ў нядзелю на Фаміным тыдні 1952 года.
Дзядуля, бацька мамы, застаўся ў Саксоніі. Ён скардзіўся на мізэрную пенсію і кожную паштоўку заканчваў словамі: «Няўжо ў вас не знойдзецца пакойчыка для мяне, каб мне вярнуцца на радзіму?» А маці пасылала яму табаку і маргарын і пісала: «З жытлом тут вельмі кепска: усё вельмі дорага». Маці мамы памерла ў Саксоніі, а бацька бацькі ляжыць на тутэйшых могілках — пакошаны драўляны крыж, да падножжа якога яны прыносілі кветкі ў Дзень памінання і запальвалі яркую свечку. Маці бацькі — бабуля не ладзіла з мамай, яна прыязджала толькі на другі дзень Каляд, прывозіла яму падарункі, а Вільме дэманстратыўна нічога не прывозіла і гаварыла гэтак жа, як і Карл: «парадак», «новае жыццё», «гэта дабром не скончыцца». Адзін з яе выразаў гучаў так: «Бачыў бы гэта мой бедны хлопчык».
Але яна аб’яўлялася рэдка і не падабалася яму, таму што нават не глядзела ў бок Вільмы і ніколі не прынесла ёй гасцінца. А яму яна заўсёды гаварыла. «Ты хоць бы калі зайшоў да мяне». Але ён наведаў яе ўсяго толькі адзін-адзіны раз. У яе была чысціня, такая ж чысціня, як у Леа: пахла масцікай, яго частавалі пірожнымі і какавай, далі грошай на трамвай. Але затым бабуля стала яго дапытваць, а ён ёй нічога не сказаў і больш ніколі да яе не ездзіў, таму што яна гаварыла тое ж, што ён ужо чуў ад іншых, ад тых, якія былі пад ледзяным покрывам, — «цнатлівая душа, чыстае сэрца», і, між іншым, дапытвалася пра Леа, пра Карла, пра Герта і ўсё прыгаворвала, ківаючы галавой: «Няма тут парадку, калі б мой бедны сын, а твой бацька, убачыў усё гэта», і паказвала яму здымкі, на якіх бацька быў адных гадоў з ім, здымак бацькі ў дзень канфірмацыі, а затым яго здымак у камбінезоне слесара, але да бабулі Генрых больш не ездзіў, таму што не мог браць з сабой Вільму.