Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ciвая легенда

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

Распасцёрты на іх, велічэзны, з закінутым падбароддзем і раскіданымі валасамі, ён павольна плыў нагамі ўперад. Латаў на ім не было. Чорна-зялёны плашч прыкрываў калені, што тырчалі ўгару.

Знялі шапкі. Раман прыдушаным голасам спытаў:

– Панцыр дзе?

– Знялі, бацька.

– Правільна. Жывому жывое. У нас мала.

Пад’ехаў да насіл, схіліўся:

– Прабач, брат. Не ўбярог я цябе. А ты – спі. Усім спаць… Многім – скора.

І, падняўшы галаву, абвёў шляхту вачыма, пасвятлелымі і жорсткімі. Потым слізгануў позіркам па шасцёх чалавеках у шэрых расах, што смірна стаялі

каля сцяны, узняўшы вочы ўгору. Поруч з імі стаяў служка з біклагай ля пояса.

– І вы тут? Прыпаўзлі, г'aды. Доўга ж вам дазваляе бог сваім імем празывацца.

Калі ён пацалаваў нябожчыка ў лоб, я ўбачыў, як дрыжалі яго вусны.

– Падлу цалуе, – выразна даляцеў голас з натоўпу дваран. – Сам скора падлай будзеш.

Ракутовіч узняў галаву, агледзеў стракаты ад парчы натоўп.

– Плахі сюды, – свісцячым шэптам сказў ён і раптам выбухнуў: – Плахі!!! Спявай памінальную, поп! І вы, шэрыя расы, спявайце. На сваёй д’ябальскай гаворцы.

Іякінф заспяваў. Да неба панесліся гукі памінальнай абедні. А ад сцяны ціхмана і здаўлена загучалі іншыя гукі, нязладжаныя басы:

Dies irae, dies illa, dies magna et amara valde [12] .

Мужыкі прыцягнулі ўжо тры сасновыя калоды і кінулі іх перад капытамі белага каня. Але Ракутовіч раптам апусціў галаву.

– Добра, – сказаў ён, – не трэба плах. Не нам пэцкаць сякераю рукі. Гэтая сволач не храбрэйшая за жанчын… Вазьміце іх, мужыкі.

Дваран пацягнулі далей пад арку. Большасць маўчала, разумеючы, што пажынае свой пасеў.

– А гэтага куды? – спытаў пастух у ваўчынай шапцы, паказваючы на Кізгайлу, якога ўжо звялі з балюстрады.

12

Дзень гневу, дзень слёз, дзень велічы і горычы

– Гэтага не чапай.

– Дай мне яго забіць, – сказаў пастух, – з-за яго ў мяне брата павесілі.

– Ведай сваё месца, Іван, – суха сказаў Ракутовіч, – гэта мой вораг, не твой.

Два ворагі глядзелі адзін на аднаго. І ў аднаго не было ў вачах боязі, а ў другога – злосці. Кізгайла стаяў, прыняўшы самавітую паставу, разумеючы, што яго ўжо нішто не ўратуе.

– Ну вось, – сказаў Раман, – ты думаў, я не дабяруся да цябе, Кізгайла? А я тут, і я разграміў тваё гняздо.

Адзін вецер бязважна гуляў каштанавымі валасамі Кізгайлы і грывай Ракутовіча, Кізгайла дыхаў гэтым ветрам і адказаў не адразу:

– Чаму ты не выклікаў і не забіў мяне тады?

– Вас усіх трэба пад корань – вось што я падумаў тады... Дзе Ірына?

– Ты не знойдзеш яе, Раман. Яна цябе ніколі, ніколі на пабачыць. Родам панскім на зямлі клянуся. Я адправіў яе далёка, куды ты не дастанеш.

– Я дастану... Як да цябе дастаў.

– Ты і без гэтага пакараў мяне, – на твары Кізгайлы я ўбачыў тую самую маску, што ўначы, калі Ірына кідала яму праклёны. – Дык забівай ужо да канца. – Усміхнуўся: – Толькі для мяне трох плах зашмат, Рамане. Усіх трох крывёю аднаго не напоіш.

– Я не буду сячы табе галавы. Я проста зраблю тое, чаго не зрабіў тады. Прымай выклік. Лаўр, дай яму каня.

Вочы Кізгайлы загарэліся:

– А калі я цябе

звалю?

– Тады ты будзеш вольны. З жонкаю. Чуеце, мужыкі?! Я слова даю.

Кізгайла кінуўся да гнядога каня, якога падвёў яму Лаўр, коршакам узляцеў у сядло.

– Ну, тады трымайся, Ракутовіч! Я табе за дваранскую ганьбу адплачу. Шаблю мне!

– І мне шаблю. Горшую. Каб не выхваляўся потым.

– Мужыкі, – загарланіў Лаўр, трасучы хваляй валасоў, – а ну, лезь куды вышай. Ачышчай месца.

Народ з гаманой і смехам палез на балюстраду, на лесвіцы, на забрала. Адусюль глядзелі зверавата-лагодныя вусатыя морды.

Коней развялі па кутах двара. Кізгайла, прыгнуўшы галаву, шнарыў вачыма па постаці ворага. Ракутовіч спакойна чакаў.

– Давай, – махнуў рукою Лаўр.

Цішу раздзёр звонкі пошчак капытоў. Ворагі рынуліся адзін на аднаго, сутыкнуліся, скрыжавалі сталь.

Дзве блакітныя палосы затрапяталі ў паветры.

Секлі, выварочваліся з-пад удараў, з запалам хакалі пры кожным удары.

– Трымайся, Рамане, – з экстазам выў Кізгайла, выскаляючы зубы.

– І ты трымайся, – з прытоенай нянавісцю адказаў Раман.

– Блакітную кроў спахабіў.

– Людажэр. Напіўся дзявочых слёз. Вось табе...

Звон зброі аддаваўся ў мурах і запаўняў увесь двор, як на бяседзе ў таго грэцкага прахвоста, калі даводзілася ганяць птушак.

Раман ужо два разы зачапіў Кізгайлу. Абодва разы мы выразна пачулі трэск лат. Нарэшце Кізгайла злаўчыўся і рассек на Ракутовічу шалом. Рана была, напэўна, неглыбокая, але струменьчык крыві прасачыўся праз падшаломнік і павольна папоўз цераз правае брыво Рамана, закапаў на жалеза нагрудніка.

– Вось табе першая метка, – зарагатаў Кізгайла, – выкласці б цябе, сукінага сына.

І тут Раман, сціснуўшы зубы, кароткім і моцным ударам адбіў правую руку Кізгайлы ўбок.

Яго шабля занеслася і бліскавічна слізганула ўніз.

Мы пачулі Раманаў крык:

– За Ірыну табе, ваўкарэз.

Раздаўся глухі ўдар. Цела Кізгайлы хіснулася ўбок, потым павольна перавярнулася ў паветры і ўдарылася спіной аб пліты.

Шабля вылецела з непаслухмянай рукі і, звонячы, заскакала на каменнях.

Чырвоны, разгарачаны, з валасамі, якія зліпліся на лбе, высіўся над забітым Раман. І я не заўважыў на яго твары радасці, звычайнай для пераможцы. Ён працягнуў руку і здзічэлым хрыплым голасам кінуў адно слова:

– Піць.

Служка, што стаяў побач з шэрымі манахамі, спешна сарваў з пояса біклагу і, усміхаючыся ліслівай і жалкай усмешкай, стаў наліваць з яе віно ў вялікую срэбную чару, якую дастаў з-за пазухі. Потым трушком падбег да Ракутовіча.

Рука Рамана імпэтна схапіла чару.

І тут Лаўр зноў здзівіў мяне. Яго скуласты прыгожы твар стаў раптам грубаваты і халодны. Ён паклаў руку на локаць Ракутовіча:

– Не пі, гаспадар.

– Гэта чаму? – Раман здзіўлена глядзеў у шэрыя доўгія вочы хлопца.

А ён ужо перавёў упарты позірк на аднаго з манахаў. У таго былі таксама шэрыя халодныя вочы, толькі пад вялікімі верхнімі павекамі, і ён спакойна вытрымаў позірк Лаўра.

– Хлопчык непакоіцца, – з халоднай кплівай усмешкай сказаў езуіт. – Ну што, дайце віно мне. Вып’ю я. Яно такое ж чыстае, як кроў Хрыстова.

Поделиться с друзьями: