Чорная страла
Шрифт:
Здзіўленыя нечакана змененым напрамкам атрада Гластэра і збітыя з панталыку рашучасцю яго ар'ергарда, ланкастэрцы, параіўшыся, павярнулі коней і паскакалі да цэнтра горада па падмацаванне.
Тая частка горада, якую па парадзе Дзіка заняў Рычард Гластэр, складалася з пяці маленькіх вулічак з убогімі хацінкамі, дзе тулілася бедната, і ляжала на невялікім узвышшы, а за ім пачыналася адкрытае поле.
Кожную з гэтых пяці вулічак даручылі ахоўваць моцным каравулам; рэзерв, гатовы падаспець на дапамогу, калі спатрэбіцца, умацаваўся ў цэнтры, воддаль ад выстралаў.
Гэтая частка горада была
У цэнтры, дзе сыходзіліся ўсе пяць вуліц, стаяла мізэрная харчэўня з шыльдай у выглядзе шахматнай дошкі. Гэтую харчэўню герцаг Гластэр выбраў сваёй галоўнай кватэрай.
Дзіку ён даручыў ахову адной з пяці вуліц.
— Ідзіце, — сказаў ён, — заслужыце сабе рыцарскае званне. Заслужыце мне славу — Рычард за Рычарда! Калі я ўзвышуся, вы ўзвысіцеся разам са мною. Ідзіце! — дадаў ён, паціскаючы яму руку.
Як толькі Дзік пайшоў, герцаг павярнуўся да маленькага абарванага стралка.
— Ідзі, Дэтан, і хутчэй, — сказаў ён. — Ідзі за ім. Калі ты пераканаешся ў яго адданасці, ты галавой адказваеш за яго жыццё. І гора табе, калі ты вернешся без яго! Але калі ён акажацца здраднікам або калі ты хоць на адно імгненне ўсумнішся ў ім, — закалі яго ўдарам у спіну.
Між тым Дзік спяшаўся ўмацаваць свае пазіцыі. Вуліца, якую ён павінен быў ахоўваць, была вельмі вузкая і цесна забудаваная з двух бакоў дамамі, верхнія паверхі якіх, выступаючы ўперад, павісалі над маставой. Але яна выходзіла на рыначны пляц, і зыход бітвы, па ўсёй верагоднасці, павінен быў вырашыцца тут.
Увесь рыначны пляц запоўніў натоўп гараджан, якія бязладна мітусіліся, але праціўніка, гатовага рынуцца ў атаку, яшчэ не было відаць, і Дзік вырашыў, што ў яго ёсць нейкі час, каб падрыхтавацца да абароны.
У канцы вуліцы стаялі два пустыя дамы, дзверы якіх пасля ўцёкаў жыхароў так і засталіся расчыненымі. Дзік паспешліва выцягнуў адтуль усю мэблю і пабудаваў з яе барыкаду каля ўвахода ў вуліцу. У яго распараджэнні было сто чалавек, і большую частку іх ён размясціў у дамах: лежачы там пад прыкрыццём, яны маглі страляць з акон. Разам з астатнімі ён засеў за барыкадай.
Між тым у горадзе працягвалася вялізнейшая сумятня. Званілі званы, трубілі трубы, імчаліся конныя атрады, крычалі камандзіры, лямантавалі жанчыны, і ўсё гэта злівалася ў агульны нясцерпны шум. Але нарэшце шум гэты пачаў пакрысе сціхаць, і неўзабаве воіны і стралкі пачалі збірацца і строіцца ў баявым парадку на рыначным пляцы.
Вельмі многія з гэтых воінаў былі апрануты ў сіняе і цёмна-чырвонае адзенне, а ў конным рыцары, які строіў іх у рады, Дзік адразу пазнаў сэра Дэніэла.
Потым наступіла зацішша, і раптам у чатырох канцах горада адначасова затрубілі чатыры трубы. Пятая труба адказала ім з рыначнага пляцу, і адразу ж шэрагі войск прыйшлі ў рух. Град стрэл пераляцеў праз барыкаду і пасыпаўся на сцены абодвух умацаваных дамоў.
Па агульным сігнале воіны сэра Дэніэла абрынуліся на ўсе пяць вуліц. Гластэр быў акружаны з усіх бакоў, і Дзік зразумеў, што яму трэба разлічваць толькі на свае сто чалавек.
Сем залпаў стрэл адзін за адным сыпнуліся на барыкаду.
У самы разгар стральбы хтосьці крануў Дзіка за руку. Ён убачыў пажа, які працягваў яму скураную куртку, не прабіваемую стрэламі, таму што яе пакрывалі металічныя пласцінкі.— Гэта ад мілорда Гластэра, — сказаў паж. — Ён заўважыў, сэр Рычард, што ў вас няма латаў.
Дзік, усцешаны тым, што яго назвалі «сэрам Рычардам», з дапамогай пажа апрануў куртку. Толькі паспеў ён надзець яе, як дзве стралы гучна стукнуліся аб пласцінкі, не прычыніўшы яму шкоды, а трэцяя трапіла ў пажа; смяротна паранены, ён упаў да ног Дзіка.
Між тым непрыяцель упарта ішоў у наступ; ворагі былі ўжо так блізка, што Дзік загадаў адказваць на выстралы. Зараз жа з-за барыкады і з акон дамоў на ворага паляцеў у адказ град смертаносных стрэл.
Але ланкастэрцы, як па сігнале, дружна закрычалі, і іх пяхота рушыла ў наступ. Кавалерыя ішла за ёй з апушчанымі забраламі.
Пачаўся ўпарты рукапашны бой, не на жыццё, а на смерць. Тыя, што нападалі, трымаючы меч у адной руцэ, другой расцягвалі барыкаду. Тыя, хто абараняў барыкаду, у сваю чаргу, вольнай ад зброі рукою з адчайнай упартасцю яе ўзнаўлялі. Нейкі час барацьба ішла амаль у поўным маўчанні; целы воінаў падалі адзін на аднаго. Але разбураць заўсёды лягчэй, чым абараняць, і калі гук трубы падаў нападаючым знак да адступлення, барыкада была ўжо амаль развалена, стала ўдвая ніжэй і пагражала зусім абваліцца.
Пяхота ланкастэрцаў расступілася, каб даць дарогу коннікам. Коннікі, пастроеныя ў дзве шарэнгі, раптоўна павярнуліся, ператварыўшы свой фланг у авангард. І доўгай, закаванай у сталь калонай, імклівай, як змяя, яны кінуліся на паўразбураную барыкаду.
Адзін з першых двух вершнікаў упаў разам з канём, і яго таварышы праскакалі па ім. Другі ўскочыў прама на верх умацавання, пранізаўшы варожага стралка дзідай. Амаль у тое ж імгненне яго самога сцягнулі з сядла, а каня яго забілі.
Шалёны, імклівы націск адкінуў абаронцаў. Ланкастэрцы, карабкаючыся па целах сваіх мёртвых таварышаў, лавінай рынуліся ўперад, прарвалі лінію абаронцаў, адцяснілі іх убок і з грукатам хлынулі ў завулак, накшталт плыні, што прарвала плаціну.
Але бітва яшчэ не скончылася. У вузкім праходзе Дзік і некалькі яго воінаў, што засталіся жывымі, працавалі сваімі алебардамі, як дрывасекі, і неўзабаве на ўсю шырыню завулка ўтварылася новая, больш высокая і надзейная загарода з мёртвых байцоў і іх коней з разварочанымі чэравамі, якія біліся ў перадсмяротнай агоніі.
Збіты з толку гэтай новай перашкодай, ар'ергард ланкастэрскай кавалерыі не вытрымаў і адступіў; і тут жа на іх паляцеў з акон такі ўраган стрэл, што іх адступленне больш было падобнае на ўцёкі.
А коннікі, якія паскакалі наперад і якім удалося перасекчы барыкаду і ўварвацца ў завулак, дамчаліся да дзвярэй харчэўні з шахматнай шыльдай; сустрэўшы тут грознага гарбуна і ўсё рэзервовае войска йоркістаў, яны бязладна кінуліся назад.
Дзік і яго воіны наваліліся на іх. Выскачыўшы з дамоў, на ланкастэрцаў са свежымі сіламі напалі воіны, якія яшчэ не ўдзельнічалі ў рукапашным баі; жорсткі град стрэл паляцеў на ўцекачоў, а Гластэр ужо даганяў іх з тылу. Праз хвіліну на вуліцы не засталося ніводнага жывога ланкастэрца.