Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Падрэ Тарквемада паглядзеў на прысутных.
— Чуеце, шаноўныя браты? Чуеце голас хрысціянскага народа? Гэта вам навука! Адзеньце тысячу скрушных грэшнікаў у санбеніта і прыганіце іх босых сюды, да калегіяты, на пакутнае аўтадафэ, аддайце свецкаму суду сто, дзвесце, трыста, калі зойдзе патрэба, зацятых і закаранелых ератыкоў, каб знішчыць іх у полымі, як нішчыцца шкоднае пустазелле або ссохлая вінаградная лаза, а люд, які сёння ў гэтым горадзе замкнуўся ў сваіх дамах, убачце на вуліцах. Больш таго: кіньце яго да ног сваіх.
Пасля павярнуўся да ўкленчанага ганца:
— Мір з табой, мой сыне. Ты прынёс нам вестку смутную і радасную. Мы смуткуем, што вялебнага дона
Змяркалася. На плошчы запалілі паходні. Голас Тарквемады гучаў у цішыні ўсё больш грозна.
— Няма на свеце такой сілы, ані такога зла і падступнасці, якія маглі б супрацьпаставіцца нашай справе. Будземце ж, браты, чуйныя і не спема ў час, калі не спіць вораг сярод нас.
— Vіvа еl nоmbrе dе Jesus! — моцным голасам сказаў падрэ дэ ла Куэста. — Vіvа lа Virgen Santissima!
Ганец з Сарагосы падхапіўся з каленяў і, павярнуўшыся тварам да плошчы, крыкнуў хрыпла з усёй сілы ў змрок, запоўнены ўзброенымі людзьмі і бляскам дымных паходняў.
— Vіvа lа Santissima!
— Vіvа lа Santissima!
— адказаў адным магутным голасам натоўп.
У гэты час Тарквемада падняў сухую старэчую далоню і з-пад партала калегіяты, высокі і ўзнесены сярод мігатлівых агеньчыкаў свечак, пачаў крэсліць у паветры знак крыжа.
Быў позні начны час. Нешпар дамініканцаў даўно ўжо закончыўся. Пасля працяглай нарады з інквізітарамі і дарадцамі падрэ дэ ла Куэста правёў вялебнага айца да келлі, у якой той меўся жыць пад час гасцявання ў Віла-Рэал. Змрок нізкіх кляштарных калідораў рассейвалі паходні ў руках двух рыцараў з Хрыстовай міліцыі.
У канцы доўгага калідора падрэ дэ ла Куэста спыніўся і адчыніў дзверы ў келлю.
— Належыць табе, вялебны ойча, заслужаны адпачынак пасля клопатаў сённяшняга дня. Спадзяюся, Бог спашле табе добры сон. У гэтай вось келлі, як сведчаць старыя запісы нашага кляштара, акурат сто гадоў назад жыў пэўны час наш святы брат Вінсэнт Фэр'ер.
Падрэ Тарквемада, схіліўшы ў дзвярах галаву, увайшоў усярэдзіну. Келля была цесная і голая. У адным куце гарэў каганец. Ніжэй было месца для кленчання. У другім куце — вузкая пасцель. Над ёю — разьблёны з дрэва распяты Хрыстос. Холад ішоў ад каменнай падлогі і муроў. За акном распасціралася цёмнае начное неба, усыпанае зоркамі.
Вялебны айцец падышоў да акна.
— Наш брат Вінсэнта несумненна быў святы. Ці не думаеш, вялебны ойча, што пры ўсіх сваіх хрысціянскіх цнотах ён быў чалавек, які вельмі лічыўся з важнасцю слоў.
Падрэ дэ ла Куэста ціха прычыніў дзверы.
— Святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік нашага закону.
Тарквемада, заклаўшы далоні ў рукавы сутаны, глядзеў на далёкае неба.
— Словы! Што ж словы, мой ойча? Тысячай слоў можна вярнуць тысячу ератыкоў. Кажаш, святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік. Гэта праўда. Далучыў да нашай веры шмат тысяч жыдоў, якія ў свой час уніклі пагромаў. І што з таго? Яны, учора далучаныя, сёння ў асобах сваіх сыноў і ўнукаў таемна мардуюць абаронцу веры. Чаму так робяць? Бо ненавідзяць Святую інквізіцыю, змяніўшы толькі формы, не мяняючы ні на шэлег сваёй ератыцкай натуры. Аказваецца, словы бываюць не вушкам ігольным, а брамай, шырока адчыненай усім. І праз яе праходзяць так латва, як з цемры да святла дзённага. Сапраўды, мой ойча, бяда тым, хто змагаецца, калі занадта спадзяецца на ачышчальную сілу слова!
— Думаеш, слова не мае ніякай дзейснай сілы? — пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.
— Чаму ж, мае, але толькі тады,
калі яно — дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэнні царквы, і яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але ці ж не на тым грунтуюцца нашы заклікі, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькі тады нешта азначаюць, калі не далей чым за крок ад іх стаіць меч дзеяння.— Калі я правільна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнанні асоб перад Святым трыбуналам, якія сведчаць за тое, што шмат хто са свецкіх паноў і ўпраўцаў горада Віла-Рэал пагарджае асновамі рэлігіі і не баіцца ўзносіцца з пыхаю там, дзе павінна быць толькі паслушэнства і пакора, — то гэта ці не словы, за якімі стаіць меч дзеяння?
Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позірку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.
— Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваімі вуснамі. Здаецца мне, ты зразумеў асабліва важны прынцып.
— Ці маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, які сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна ні была, схаваныя пахібнасці веры?
Тарквемада прыплюшчыў вочы і нічога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзіраўся ў яго з напружанай увагай.
— Калі б мы хацелі і маглі глыбей і праніклівей глядзець на людскія памылкі, — азваўся праз хвіліну, — тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.
Тарквемада ўзвёў павекі.
— Ойча Бласка, — сказаў задумліва, — я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, які шчыра любіць…
— Слухаю цябе, ойча.
— Сапраўдны хрысціянін не можа мець ніякіх асабістых мэт, якія б пярэчылі мэтам царквы.
— Так, ойча, гэта праўда.
— Усе нашы дзеянні, думкі і жаданні належаць царкве. Лічу таксама, што менавіта таму хрысціянін не толькі можа, але і павінен песціць у сабе жаданні, хай вельмі асабістыя, але каб яны адпавядалі мэтам царквы. Скажы яшчэ, ці маеш асабістае пажаданне, асабліва табе дарагое, адно замілаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваіх зямных імкненняў?
Падрэ дэ ла Куэста хвіліну маўчаў.
— Калі быць шчырым, ойча, як на споведзі…
— Будзь!
— Прызнаюся, ужо колькі гадоў горача і нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, і хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калі-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасці кардынала дэ Мендоза, сесці на трон арцыбіскупаў Таледа.
У цэлі стала ціха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схіленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялікі інквізітар маўчаў.
Якраз выходзіў месяц, і бляск яго прабіваўся ў келлю імглістай яснотаю.
— Ойча вялебны, — ціха азваўся прыёр, — магчыма, маё прызнанне ўразіла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваімі марамі. Аднак мне хацелася б…
— Ідзі спаць, ойча, — суха сказаў Тарквемада. — Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.
Падрэ дэ ла Куэста збялеў.
— Божа літасцівы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калі лічыш, што я не годны такога вялікага гонару…
— Маўчы! Няўжо ты сапраўды такі сляпы і глухі, калі не разумееш, што адкідаеш, выбіраючы славу і бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбіскупскую інфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамініканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабіў з сабою, у якія сеткі ўблытаўся? Хвіліну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлівасці, што залічу цябе да найвышэйшай годнасці змагара царквы, назначыўшы адным з інквізітараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбіскупам Таледа!