Берагі Сакрамэнто
Шрифт:
Праз хвілін пятнацаць яму ўдалося толькі ўмацаваць ваганэтку. Загваздка, якая трымала кола на восі, была ржавая і сагнутая, Джэры біў па ёй адной рукою, а другою з усяе сілы трымаўся, каб ня ўпасьці.
Праз паўгадзіны Джэры крыху зварушыў загваздку, але ніяк ня мог выцягнуць яе. Часамі здавалася, што ён адмозіцца ад гэтай безнадзейнай работы і ўсе пакуты, якія яму прышлося перажыць, будуць дарэмнымі. Раптам у яго засьвяцілася думка: ён борзьдзенька агледзеў свае кішэні і знайшоў тое, чаго шукаў—вялікі цьвік.
Каб ня было гэтага цьвіка, які невядома калі і чаму трапіў у яго кішэню, яму прышлося-б вярнуцца на бераг і паўзьці зноў назад. Прасунуўшы цьвік у дзірку загваздкі, ён лёгка выцягнуў яе з восі. Потым з дапамогаю жалезнага бруска ён пачаў узьнімаць ваганэтку, каб вызваліць кола, прыціснутае кабелем да блоку. Пасьля гэтага Джэры зноў паставіў кола на месца і пры
дапамозе вяроўкі пачаў узьнімаць ваганэтку, пакуль кола зноў ня стала як сьлед на кабель.Усё гэта заняло многа часу. І толькі цяпер ён мог пакінуць сваё сядло і перасесьці ў ваганэтку. Джэры зьняў вяроўкі, які трымалі ваганэтку і яна павольна пакацілася. Ваганэтка бегла па кабелі, і ён ведаў, што недзе блізка, але ў другі бок, бегла так-жа сама ваганэтка Сьпіленаў.
Цяпер непатрэбен быў тормаз, бо вага Джэры даволі ўроўнаважвала груз другой ваганэткі, і праз некалькі хвілін перад ім праясьніўся бераг і стары знаёмы калаўрот.
Джэры выскачыў з ваганэткі і прымацаваў яе. Ён зрабіў гэта ўважліва і не сьпяшаючыся, а потым, зусім не па-геройску, асунуўся каля калаўрота і, не зважаючы на вялікі дождж, моцна расплакаўся. Прычын для гэтага было шмат: істрашэнная боль пакалечаных аб дрот рук, і перажытыя страх і пакуты, і, больш за ўсё, радасьць, што мужчына і жанчына былі выратаваны.
Іх ня было тут, каб падзякаваць яму, але ён ведаў, што недзе там, за гэтым дзікім бяздоньнем, яны сьпяшаліся сьцежкаю да Клувэр-Ліфу.