БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Адначасна пашыралася дэмаралізацыя, правакацыя і дывэрсія. Вастрогі запаўняліся сотнямі, тысячамі і дзесяткамі тысячаў беларусаў, якія трымаліся свайго беларускага перакананьня, свае мовы, свае культуры і не паддаваліся палёнізацыі. Апрача таго, сотні і тысячы беларусаў ссылаліся ў ваддаленыя мясцовасьці ад сваіх родных старонаў, каб такім парадкам яны не маглі праводзіць ніякае беларускае дзейнасьці сярод беларускіх масаў. Беларусы таксама фактычна пазбаўляліся правоў купляць зямлю, быць выбранымі і засядаць у самаўрадавых інстытуцыях, а выбары ў сойм і сэнат адбываліся гэтак, што беларусам было нават цяжка думаць аб тым, каб мець там сваіх прадстаўнікоў. Так, калі ў 1922 годзе беларусы здолелі выбраць у польскі парлямэнт 14 сваіх прадстаўнікоў, а ў 1928 годзе 13 (паслы: Фабіян Ярэміч, д-р Ян Станкевіч, Альбін Стэповіч, Павал Каруза, Канстантын Юхневіч, Флегонт Валынец, Аляксандар Стагановіч, д-р Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Іван Грэцкі, сэнатары
Абмяжоўваньне правоў беларускага народу дайшло ўрэшце да таго, што беларуская моладзь на вёсках ня мела магчымасьцяў сходзіцца на вясковыя таварыскія вечарыны і сьпяваць беларускія песьні. Сярод беларускай інтэлігенцыі, работнікаў і сялян усьцяж пашыралася беспрацоўе, галіта і бяда, бо беларусаў нідзе не хацелі прыймаць на працу, уважаючы іх за нелёяльных. Польскія ўлады не здаволілі ніводнага беларускага дамаганьня, ніводнае беларускае просьбы. Не здавальняліся таксама і мэмарыялы беларускага парлямэнтарнага прадстаўніцтва і беларускіх арганізацыяў да кіраўнікоў польскіх урадаў і ў Лігу Нацыяў, дзе польскія палітыкі таксама праводзілі варожую для беларусаў акцыю.
Не зважаючы на такое цяжкое палажэньне, беларусы ня зыйшлі са шляху апазыцыі. З гэтага шляху ня зьбіў беларусаў і страшны канцэнтрацыйны лягэр Картуская Бяроза, бо гэны тактычны апазыцыйны шлях, можна сказаць, стаўся галоўным прынцыповым беларускім адраджэнскім шляхам. Апазыцыя, апазыцыйныя выступленьні беларускіх арганізацыяў, партыяў, часапісаў, паслоў, дзеячоў у дачыненьні да польскае палітыкі прыцягвалі нават нясьведамых беларускіх сялян да беларускага адраджэнскага руху, бо яны чулі з беларускага боку абарону сваіх інтарэсаў, свайго народу і краю. I наадварот, кажнага палёнафіла сьведамы беларус-селянін байкатаваў.
Апазыцыя ішла ў дружнай пары з культурнай, выдавецкай, асьветнай і ўсьведамленскай беларускай працай і ўзмацоўвала беларускі адраджэнскі рух. Беларуская моладзь рвалася да беларускае працы, да беларускае кніжкі, газэты. У шмат якіх мясьцінах плянава праводзілася акцыя байкоту тытуну і гарэлкі, каб такім парадкам аслабляць прыбыткі польскага скарбу.
Словам, беларускі рух, дарма што цяжкое палажэньнеі розныя перашкоды, разьвіваўся. У гэным цяжкім палажэньні расло і разьвівалася шмат беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, як Аўген Скурка, Натальля Арсеньнева, Сяргей Хмара, Васілёк, Іверс і інш., творчасьць якіх нават польскія літаратураведы ацанялі вельмі высока. Разрасталіся і рады беларускіх культурных працаўнікоў і змагароў.
У сэньсе арганізацыйным і ідэялёгічным беларускі рух у Заходняй Беларусі выглядаў вельмі рознаяка. Беларускае грамадзянства ў Заходняй Беларусі мела розныя ідэялёгічныя пагляды і перакананьні, але, апынуўшыся пад польскай уладай, спачатку трымалася аднаго беларускага фронту. Выдзялілася з яго толькі група Аляксюка, якая выконвала тое, чаго вымагала ад яго польская палітыка, не разважаючы, ці гэта для беларускага народу будзе карысна ці не, і якая ня мела большага значаньня ды хутка зусім збанкрутавала. Цэнтралізаваўся беларускі рух у Вільні, каля Беларускага Нацыянальнага Камітэту. У склад Камітэту ўваходзіла каля 40 прадстаўнікоў ад розных беларускіх арганізацыяў і ўстановаў, сярод якіх галоўную ролю адыгравалі: Б. Тарашкевіч, кс. А. Станкевіч, А. Луцкевіч, Ф. Ярэміч, В. Багдановіч, С. Рак-Міхайлоўскі і інш. Апрача таго, былі Беларускія Нацыянальныя Камітэты ў Варшаве і Горадні. У Варшаве існавала таксама Беларускае Таварыства Помачы Ахвярам Вайны. На чале Таварыства і Беларускага Камітэту ў Варшаве стаяў інжынэр Л. Дубейкоўскі.
Беларускія арганізацыі ў Варшаве і Горадні, аднак, ня доўга працавалі і былі зьліквідаваныя. Цэнтрам беларускага руху сталася тады вылучна Вільня, дзе была найбольшая колькасьць беларускай актыўнай інтэлігенцыі і ўспомнены Беларускі Нацыянальны Камітэт, што зьяўляўся беларускім народным прадстаўніцтвам. Камітэт кіраваў усю беларускую працу, бараніў інтарэсы беларускага народу, а калі ў 1922 годзе былі абвешчаны выбары ў польскі сойм і сэнат, дык вёў перамовы з прадстаўнікамі іншых нацыянальных мяншыняў у Польшчы і стараўся, каб у польскі парлямэнт прайшло як найбольш беларускіх прадстаўнікоў. Пасьля выбараў і стварэньня Беларускага Пасольскага Клюбу — беларускага парлямэнтарнага прадстаўніцтва значэньне Нацыянальнага Камітэту зьменшылася, але і далей яно было паважным, бо ў прынцыпе паслы і сэнатары мусілі падпарадкавацца Камітэту.
Аднак у меру таго як беларускае жыцьцё разьвівалася і спатыкала розныя перашкоды, адзіны фронт беларускага грамадзянства начынаў трашчэць. Гэта адбывалася асабліва таму, што ў гэтым кірунку вялася адпаведная работа як з боку польскіх
палітыкаў, так і з боку бальшавікоў. Як польскім палітыкам, так і бальшавіцкім хацелася разьбіць беларускае адзінства. Палякі, каб дасягнуць свае мэты, перацягвалі на свой бок слабейшых беларускіх дзеячоў, абдароўвалі іх матар'яльнымі сродкамі і пры іхнай дапамозе тварылі розныя арганізацыі, выдавалі газэты і часапісы, служачыя ў бальшыні польскім інтарэсам.Беларускія палёнафілы выступалі пад рознымі шыльдамі. Так, прыкладам, пасьля банкроцтва Аляксюка зьяўляліся: Беларуская Народная Рада, Беларуская Нацыянальная Партыя, Таварыства «Прасьвета», Таварыства «Беларуская Хатка» і Беларускі Камітэт для самаўрадавых справаў у Вільні. На чале іх стаялі д-р А. Паўлюкевіч і Т. Вернікоўскі. Іхнымі ворганамі былі газэты «Беларускае Слова», «Грамадзянін», «Беларускі Радны» і літаратурны часапіс «Досьвіткі», якога выйшаў толькі адзіны нумар. Палёнафільскай арганізацыяй была таксама Радыкальна-Народная Беларуская Партыя на чале з Фр. Умястоўскім. Яна выдавала тыднёвую газэту «Беларускі Дзень». Ейным коштам выйшла таксама два нумары літаратурна-навуковага часапісу п. н. «Беларуская Культура».
Палёнафільскія арганізацыі найбольш шырака разьвівалі сваю дзейнасьць у 1925, 1926 і 1927 г. г., калі беларускі рух у Заходняй Беларусі меў найбольшы размах. Але дарма, палёнафільскія беларускія арганізацыі не здабылі ніякае папулярнасьці і зусім збанкрутавалі.
Іначай было з бальшавіцка-камуністычнай работай. Бальшавікі дзякуючы сваёй спрытнай прапагандзе, дзякуючы непрыхільнай польскай палітыцы ў дачыненьні да беларусаў, цяжкому палажэньню беларускага сялянства і ўрэшце дзякуючы таму, што тады ў Савецкай Беларусі для беларусаў часова былі магчымасьці праводзіць сваю культурную працу і адбудоўваць край, аб чым весткі даходзілі ў Заходнюю Беларусь,— здабывалі сярод беларускага народу пад Польшчай даволі вялікія ўплывы. Праўда, гэта ня былі ўплывы камунізму. Гэта проста было шуканьне выхаду і ратунку з цяжкога палажэньня, якое бальшавікі, ці лепш розныя бальшавіцкія агенты, ды Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі, што існавала нелегальна спрытна выкарыстоўвалі Бальшавікі рабілі спробу выкарыстоўваць для сябе настроі народу і праз легальныя беларускія арганізацыі і праз беларускае парлямэнтарнае прадстаўніцтва. На гэта ўсё ж не згадзіліся ўсе беларускія паслы і сэнатары. У Беларускім Пасольскім Клюбе ў канцы 1925 г паўстаў разлом. Падобны разлом паўстаў таксама і ў Беларускім Нацыянальным Камітэце ў Вільні. Група паслоў на чале з Тарашкевічам, Рак-Міхайлоўскім Ю. Сабалеўскім, Мятлом і Валошынам выступіла з Беларускага Пасольскага Клюбу і на пачатку 1926 г стварыла асобны Пасольскі Клюб і палітычную арганізацыю пад назовам Беларуская Сялянска -Работніцкая Грамада.
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада мела характар радыкальна палітычнае партыі. Галоўны націск у сваёй дзейнасьці. Грамада клала на справы сацыяльна эканамічныя і кідала багата клічоў, як прыкладам вызваленьне з пад польскага панскага панаваньня, стварэньне сялянска-работніцкага ўраду, злучэньне беларускіх земляў у вадну дзяржаву, зямлю сялянам бяз выкупу, а работнікам на фабрыках работніцкія камітэты з правам нагляду над прадукцыяй і г. д.
Беларускі Пасольскі Клюб, запраўдны Беларускі Нацыянальны Камітэт і ягоныя сябры, што пасьля стварэньня Грамады падзяліліся на тры трупы прыхільнікаў Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі і новаствораных партыяў — Беларускага Сялянскага Саюзу ды Беларускага Дэмакратычнага Праваслаўнага Аб'яднаньня, большую ўвагу бралі на нацыянальныя справы і імкнуліся шляхам легальнага змаганьня і канкрэтнае пазытыўнае беларускае працы ісьці да вызваленьня беларускага народу і стварэньня беларускае дзяржаўнасьці. Праграмы беларускіх партыяў былі вельмі падобныя бо ўсе яны жадалі, каб у нашым краю ўладу мелі запраўдныя прадстаўнікі беларускага народу, каб сялянства атрымала зямлю бяз выкупу, моладзь — дармовую навуку ў школах, работнікі — працу належную плату, апеку і падобныя палёгкі. Беларускія нацыянальныя партыі стаялі на грунце акту 25 сакавіка 1918 г. і гуртавалі каля сябе беларускіх актывістаў, сялян, работнікаў, моладзь і інтэлігентаў. На чале Беларускага Пасольскага Клюбу стаяў пасол Ярэміч, за старшыню Беларускага Сялянскага Саюзу быў пасол Рагуля, за старшыню Беларускага Праваслаўнага Дэмакратычнага Аб'яднаньня — сэнатар Вячаслаў Багдановіч, а галоўным правадыром Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі быў кс. Адам Станкевіч Беларускі Пасольскі Клюб у сойме супрацоўнічаў з прадстаўнікамі нямецкага і ўкраінскага народаў.
Беларускі Нацыянальны Камітэт і Беларускі Пасольскі Клюб выступалі ня толькі супроць польскіх парадкаў і панаваньня на Беларусі, але і супроць бальшавікоў Сялянска -Работніцкая ж Грамада супроць бальшавікоў не выступала і супрацавала нават з польскімі левымі пасламі і дзеячамі Пры тым ейныя прадстаўнікі хвалілі савецкія парадкі і заяўлялі, што ў Савецкай Беларусі пад апекай бальшавікоў будуецца беларускі дом Гэткае становішча Грамады было фактычна прычынай разлому і падзелу адзінага беларускага фронту ў Польскай дзяржаве.