Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Як палажыць — падняць галаву ці не трэба, гаварыце ж, каб д'ябал вас узяў… хутка!

— Няхай ляжыць… ён зараз прыйдзе.

Я паклаў кавалак лёду на грудзі Пат, апрытомнеўшы, ведаючы, што нешта магу рабіць. Я пабіў лёд для кампрэсу і паклаў яго і ўсё ўзіраўся на гэтыя салодкія, каханыя, спакутаваныя вусны, адзіныя, скрываўленыя…

Чуваць было, што нехта прыехаў на ровары. Я ўскочыў на ногі. Лекар.

— Патрэбна мая дапамога? — спытаў я.

Ён пахітаў галавой і адкрыў сумку. Я стаяў зусім побач з ім перад ложкам, ухапіўшыся за спінку. Ён зірнуў на мяне. Адступіўшы на крок, я не адрываў ад яго вачэй. Ён глядзеў на скабы Пат. Яна стагнала.

— Гэта

небяспечна? — спытаў я.

— Дзе лячылася ваша жонка? — спытаў ён у адказ.

— Што? Лячылася? — прамармытаў я.

— У якога лекара? — спытаў ён нецярпліва.

— Я не ведаю… — адказаў я. — Не, я нічога не ведаю… я не думаю…

Ён зірнуў на мяне.

— Вы гэта павінны ведаць…

— Але я не ведаю. Яна мне ніколі нічога не казала.

Ён нахіліўся над Пат і спытаў. Яна намагалася адказаць. Але закашлялася, пацякла кроў. Лекар падхапіў яе пад плечы.

Яна хапала паветра, дыхала з прысвістам.

— Жафэ, — з булькатаннем прамовіла яна.

— Фелікс Жафэ? Прафесар Фелікс Жафэ? — спытаў лекар.

Яна пацвердзіла вачыма. Ён павярнуўся да мяне.

— Вы можаце патэлефанаваць яму? Лепш спытаць яго.

— Так, так, — адказаў я. — Зараз. Я потым паклічу вас. Жафэ?

— Фелікс Жафэ, — сказаў лекар. — Спытайце нумар тэлефона ў бюро даведак.

— Яна будзе жыць? — спытаў я.

— Трэба, каб спынілася кравацеча, — сказаў лекар.

Я паклікаў служанку, і мы пабеглі. Яна паказала мне дом, дзе быў тэлефон. Я пазваніў у дзверы. Невялікая кампанія сядзела за сталом. Яны пілі хто каву, хто піва. Я акінуў іх позіркам і не мог зразумець: людзі пілі піва ў той час, калі Пат сцякала крывёй. Я сказаў, што мне тэрмінова трэба пагаварыць, і пачаў чакаць. Услухоўваючыся ў гулкі змрок, я праз занавескі бачыў частку пакоя і постаці, нібы ў тумане. Я бачыў, як туды-сюды матлялася лысіна, яна ў святле здавалася жоўтай; я бачыў брошку на жоўтай тафце зашнураванай сукенкі, падвойны падбародак, пенснэ і высокую прычоску… кастлявую старую руку з прыпухлымі венамі, якая барабаніла па стале… мне не хацелася нічога гэтага бачыць, але я быў безабаронны: усё гэта лезла мне ў вочы, як зыркае святло.

Нарэшце тэлефон адказаў. Я папрасіў паклікаць прафесара.

— На жаль, — адказала сястра, — прафесар выйшаў.

Сэрца ў мяне спачатку спынілася, а потым загрукатала, як кавальскі молат.

— А дзе ён? Мне трэба пагаварыць з ім неадкладна.

— Не ведаю. Магчыма, пайшоў яшчэ раз у клініку.

— Калі ласка, патэлефануйце ў клініку. Я пачакаю. У вас жа ёсць яшчэ адзін апарат.

— Хвілінку. — Зноў пачалося гудзенне, бяздонная цемра, над якой цягнуўся толькі тоненькі металёвы дроцік. Я ўздрыгнуў. Побач са мной у завешанай клетцы пачала спяваць канарэйка. Зноў пачуўся голас сястры:

— Прафесар Жафэ ўжо пайшоў з клінікі.

— Куды?

— Я гэтага сапраўды не магу вам сказаць, пан. Пайшоў.

Я прыхіліўся да сцяны.

— Ало! — сказала сястра. — Вы яшчэ слухаеце?

— Так… паслухайце, сястра, вы не ведаеце, калі ён вернецца…

— Гэта невядома.

— Няўжо ён вам не кажа? Ён жа павінен казаць. Калі што здарыцца, неяк жа трэба яго знайсці.

— Ёсць лекар у клініцы.

— Не маглі б вы яго… не, не, не мае сэнсу, ён жа нічога не ведае… добра, сястра, — сказаў я знясілена, — калі прыйдзе прафесар Жафэ, папрасіце яго неадкладна патэлефанаваць сюды. — Я назваў нумар. — Але, калі ласка, неадкладна.

— Можаце паверыць мне, пан. — Яна паўтарыла нумар і павесіла слухаўку.

Я застаўся адзін. Галовы, што матляліся,

лысіна, брошка, другі пакой былі далёка, бліскучая гума, якая хісталася. Я азіраўся вакол сябе. Больш мне тут не было чаго рабіць. Трэба было толькі сказаць людзям, каб яны паклікалі мяне, калі будзе званок. Але я не мог адарвацца ад тэлефона. Здавалася, што гэта выратавальны канат, які я выпускаю з рук. І раптам я здагадаўся, што рабіць. Я зноў узяў слухаўку і назваў Кёстэраў нумар тэлефона. Ён павінен быць на месцы. Інакш і не магло быць.

І вось з гаму і шуму ночы пачуўся спакойны голас Кёстэра. Я адразу ж таксама супакоіўся і расказаў яму пра ўсё. Я адчуваў, што ён запісвае.

— Добра, — сказаў ён. — Я адразу выязджаю на пошукі прафесара. Я патэлефаную. Супакойся. Я яго знайду.

Канец. Канец? Свет заціх. Прывід знік. Я пабег назад. — Ну? — спытаў лекар. — Вы знайшлі яго?

— Не, — сказаў я. — Але я знайшоў Кёстэра.

— Кёстэра? Не ведаю. Што ён сказаў? Як ён лячыў яе?

— Лячыў? Ён не лячыў яе. Кёстэр знойдзе яго.

— Каго?

— Жафэ.

— Божа мой, хто ён, гэты Кёстэр?

— Ах… прабачце. Кёстэр — мой сябра. Ён знойдзе прафесара Жафэ. Я яго не застаў на месцы.

— Шкада, — сказаў лекар і зноў павярнуўся да Пат.

— Ён яго знойдзе, — сказаў я. — Калі той жывы, то ён адшукае яго.

Лекар паглядзеў на мяне як на вар'ята. Потым ён паціснуў плячыма. У пакоі свяціла цьмяная лямпачка. Я спытаў, ці патрэбна мая дапамога. Лекар пахітаў галавой. Я ўзіраўся ў акно. Пат хрыпела. Я зачыніў акно і стаў у дзвярах. Я назіраў за дарогай.

Раптам мяне паклікалі:

— Тэлефон!

Я павярнуўся.

— Тэлефон. Я пайду.

Лекар падскочыў.

— Не, я. Я лепш распытаю яго. Заставайцеся тут. Нічога не прадпрымайце. Я зараз жа вярнуся.

Я сеў каля пасцелі Пат.

— Пат, — ціха прамовіў я, — мы ўсе тут. Мы зробім усё. З табой нічога не здарыцца. З табой не павінна нічога здарыцца. Ужо прафесар размаўляе з доктарам. Ён нам усё раскажа. Заўтра, напэўна, ён прыедзе сам. Ён дапаможа табе. Ты выздаравееш. Чаму ты мне ніколі ні слова не казала, што ты хворая? Не страшна, што ты крыху страціла крыві, Пат. Мы вернем яе табе, Пат. Кёстэр знайшоў прафесара. Цяпер усё добра, Пат.

Лекар вярнуўся.

— Гэта быў не прафесар.

Я ўстаў.

— Гэта быў ваш сябар Ленц.

— Кёстэр не знайшоў яго?

— Знайшоў. І той сказаў, што рабіць. Ваш сябар Ленц перадаў мне ўсё па тэлефоне. Усё ясна і нават правільна. Ваш сябар Ленц — лекар?

— Не. Ён хацеў стаць ім. А Кёстэр?

Лекар глянуў на мяне.

— Ленц сказаў, што Кёстэр паехаў некалькі хвілін назад. З прафесарам.

Мне трэба было да нечага прыхінуцца.

— Ота, — сказаў я.

— Так, — дадаў лекар. — Толькі адно ён пераблытаў. Ён думае, што яны праз пару гадзін дабяруцца сюды. Я ведаю гэтую дарогу. Нават пры хуткай яздзе — не менш трох гадзін. Ва ўсякім разе…

— Доктар, — сказаў я, — вы можаце паверыць. Калі ён гаворыць: дзве гадзіны, то праз дзве гадзіны будзе тут.

— Гэта немагчыма. Шмат паваротаў, ноч.

— Паглядзім, — сказаў я.

— Ва ўсякім разе… добра, што ён прыедзе.

Я не мог больш трываць. Я выйшаў на вуліцу. Наваколле зацягнулася туманам. Удалечыні шумела мора. З дрэваў капала. Я азірнуўся. Я ўжо быў не адзінокі. За гарызонтам на поўдзень роў матор. За туманамі па бліскучых дарогах імчала дапамога, фары плявалі святлом, шыны свісталі, дзве рукі сталёва трымалі руль, пара вачэй свідравала змрок, холадна, упэўнена: вочы майго сябра…

Поделиться с друзьями: