Тры таварышы
Шрифт:
Булачнік кіўнуў. Потым ён сеў у «форд» і даў газу.
— Ты зусім з глузду з'ехаў, — узарваўся Ленц, калі той выехаў. — Спачатку я з усіх сіл утрымліваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нічога ніякага…
— Логіка і псіхалогія, мой мілы Готфрыд! — адказаў я і паляпаў яго па плячы. — Ты ў гэтым яшчэ не разбіраешся так…
Ён адкінуў маю руку.
— Псіхалогія… — прамовіў ён з пагардай. — Найлепшая псіхалогія — удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!
— У чатыры ён будзе тут.
Готфрыд зірнуў на мяне з жалем.
— На заклад? —
— З радасцю, — згадзіўся я. — Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас саміх яшчэ няма…
— Ах ты, божа мой, калі толькі ў гэтым справа, — сказаў Готфрыд, трасучы галавою, — тады з цябе не будзе толку, дзіця! Толькі так справы і робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткі курс па сучаснай камерцыі…
Удзень я пайшоў да Блюменталя. Па дарозе я адчуваў сябе маладзенькім козлікам, які ідзе да старога ваўка. Сонца распаліла асфальт, і з кожным крокам мне ўсё менш хацелася, каб Блюменталь смажыў мяне, як шашлык. Трэба было правесці аперацыю хутка.
— Пан Блюменталь, — паспешліва сказаў я, як толькі ўвайшоў у кабінет, перахопліваючы ў яго ініцыятыву, — такая прапанова… барыш сам у руку лезе. Вы заплацілі за «кадзілак» 5 500 марак — я забіраю яго за шэсць, каб зноў збыць… Гэта павінна вырашыцца да вечара…
Блюменталь сядзеў за пісьмовым сталом, як на троне, і еў яблык. Ён перастаў есці і кінуў на мяне беглы позірк.
— Добра, — прасоп ён і зноў пачаў есці.
Я пачакаў, пакуль ён выкіне агрызак у кош для папер.
— Дык вы згодныя? — спытаў я.
— Хвілінку! — Ён дастаў з шуфляды стала яшчэ адзін яблык.
— Хочаце?
— Дзякую, але цяпер — не…
Ён упіўся зубамі ў яго.
— Трэба есці яблыкі, пан Локамп! Шмат! Яблыкі падоўжваюць жыццё. Кожны дзень па некалькі яблыкаў — і не патрэбны ніякія дактары!
— А калі зламаю руку?
Ён ухмыльнуўся, выкінуў другі агрызак і ўстаў.
— Вось менавіта тады вы і не зламаеце рукі.
— Гэта — практычна, — сказаў я і пачакаў, што будзе далей.
Размова наконт яблыкаў здалася мне падазронай.
Блюменталь дастаў з шафы карабок з цыгарамі, прапанаваў запаліць. Гэта была знаёмая ўжо «Карона».
— І яны падаўжаюць жыццё? — спытаў я.
— Не, гэтыя скарачаюць. Выходзіць тое на тое.
Ён выпусціў воблака дыму і, нахіліўшы галаву, паглядаў на мяне знізу ўверх, як задумлівая птушка.
— Тое на тое, пан Локамп. Заўсёды павінна выходзіць тое на тое — вось вам таямніца жыцця.
— Як атрымліваецца…
Ён падміргнуў.
— Так, уменне — таксама сакрэт. Мы ведаем шмат, а ўмеем — мала. Бо занадта шмат ведаем.
Ён засмяяўся.
— Прабачце… пасля яды я люблю пафіласофнічаць.
— Самы час на філасофію, — сказаў я. — Дык з «кадзілакам»… выходзіць у нас тое на тое… праўда?
Ён падняў руку.
— Секунду…
Я апусціў галаву, падпарадкоўваючыся. Блюменталь убачыў маю пакорлівасць і засмяяўся.
— Не тое, што вы думаеце. Я хацеў вам спачатку зрабіць камплімент. Атака
з ходу, з адкрытымі картамі! Гэта было выдатна разлічана, з веданнем старога Блюменталя. Ведаеце, чаго я чакаў?— Што я пачну таргавацца з чатырох тысяч пяцісот…
— Менавіта! Але тады вам дрэнна прыйшлося б. Вы хочаце прадаць за сем?
Я асцярожна паціснуў плячыма.
— Чаму менавіта за сем?
— Бо гэта ж была ваша першая цана ў нас.
— У вас бліскучая памяць, — сказаў я.
— На лічбы. Толькі на лічбы. На жаль. Але закончым: можаце забраць машыну за цану, якую вы назвалі.
Мы ўдарылі па руках.
— Дзякуй богу, — сказаў я з палёгкай. — Першая здзелка за даволі працяглы час. «Кадзілак» прынёс нам удачу.
— І мне таксама, — сказаў Блюменталь. — Я ж таксама зарабіў на ім пяцьсот марак.
— І праўда. Але чаму, прызнайцеся, вы прадаяце яго так хутка? Не спадабаўся?
— Проста забабоны, — растлумачыў Блюменталь. — Я іду на любую здзелку, на якой магу зарабіць.
— Выдатныя забабоны, — адгукнуўся я.
Ён пахітаў бліскучым чэрапам.
— Вы не паверыце, але так і ёсць. Каб не ведаць няўдач у іншых справах. Не пайсці сёння на здзелку — гэта выклік лёсу. А на такое ніхто не адважыцца.
А палове пятай вечара Готфрыд Ленц, скроіўшы шматзначную міну, паставіў перада мной на стол пустую бутэльку з-пад джыну.
— Хачу, каб ты яе напоўніў, хлопчык! За свой кошт! Помніш наш заклад?
— Помню, — сказаў я. — Але ты занадта спяшаешся.
Готфрыд моўчкі паднёс мне пад нос гадзіннік.
— Палова пятай, — сказаў я. — Нават сонца ўзыходзіць не ў адзін і той самы час. Любы можа спазніцца. Між іншым, я змяняю ўмовы закладу — стаўлю два супроць аднаго.
— Прымаецца, — урачыста заявіў Готфрыд. — Чатыры бутэлькі джыну ў маю карысць. Гэта называецца: праявіць гераізм на страчаных пазіцыях. Ганарова, дзіця, але неразумна…
— Пачакаем…
Хоць я і харахорыўся, але былой упэўненасці ўжо не было. Наадварот, я ўжо амаль прымірыўся з тым, што булачнік не паявіцца. Трэба было ўтрымліваць яго раніцай. Ён быў занадта ненадзейная асоба.
Калі ў пяць гадзін на фабрыцы пярын насупроць нашай майстэрні прагучаў гудок, Готфрыд моўчкі выставіў на стол яшчэ тры пустыя бутэлькі. Потым ён адлёгся да акна і ўтаропіўся на мяне.
— Піць хачу, — сказаў ён праз хвіліну са значэннем.
У гэты момант я пазнаў характэрны шум фордаўскага матора на вуліцы, і адразу ж машына булачніка завярнула ў наш двор.
— Калі ты хочаш піць, дарагі Готфрыд, — прамовіў я з вялікай годнасцю, — то бяжы хутчэй ды купі дзве бутэлькі рому, якія ты прайграў мне. Глыток дастанецца і табе — я частую. Бачыш за акном булачніка? Псіхалогія, мой хлопчык! А цяпер прыбяры пустыя бутэлькі! А потым можаш выязджаць у рэйс на таксі. На больш тонкія справы ты замалады. Прывітанне, сын мой!
Я выйшаў і сказаў булачніку, што машыну, відаць, можна будзе набыць. Той, хто прадае, патрабуе сем тысяч пяцьсот марак, але калі ўбачыць жывыя грошы, аддасць, напэўна, і за сем.